№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сэсар Вальеха

Чорныя геральды

Вершы

Пераклад з гішпанскай Рыгор Барадулін

У 1993 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў зборнік выбранага перуанскага паэта Сэсара Вальехі “Чорныя геральды”, падрыхтаваны Рыгорам Барадуліным (пераклад) і Карласам Шэрманам (укладанне і каментары). З ласкавай згоды Р. Барадуліна і спадкаемцаў К. Шэрмана прапануем вашай увазе электронны варыянт гэтага выдання, спампаваць які цалкам можна па спасылцы ніжэй.

Чорныя геральды

(Los heraldos negros)


Жыццё нас б’е, ды так... Аж я не разумею!
Б’е, як у злосці Бог, нібы ад тых удараў
пакутаў хвалі ўюць сабе гняздо надзеі
на беразе душы... Ці я не разумею!

Іх шал, удараў тых... ратаяў злых барознаў
на тварах з лютасці, на карках, што не ўдзерці.
Ці гэта жарабкі атылаў дубалобых,
Геральды чорныя, ганцы ад пані Смерці.

Як ад Хрыста ў душы зрываюцца ў прадонні
ад веры найсвятой – ёй Лёс жадае кары.
Трэск бохана, які згарае дымна ў печы,
пакуль выцягваем, нагадваюць удары.

А чалавек... Жабрак! Адводзіць моўчкі вочы,
бы на плячы руку адчуўшы перад сконам;
адводзіць, як вар’ят, і ўсё, што нёс пакутна,
мялее лужынай у позірку ягоным.

Жыццё нас б’е, ды так... Ажно не разумею!

Цесная ложа

(El palco estrecho)


Бліжэй, бліжэй. Мне гэтак добра як ніколі.
Вось дождж, ён абмяжоўвае бязмежжа.
Пасунь жа ножку, ну пасунь паволі.

Дакуль заслону не падымуць рукі,
падобныя на парасткі ажыны?
Бач, іншым зручна, як іконы, селі.
Бліжэй, бліжэй! Няхай далей чужыя!

Дождж. Карабель другі ўжо з грузам крэпу
сягоння пройдзе, развярэдзіць рану,
а чорны будзе, як дэфармаваны
сасок, што вырваў нехта ў сфінкса зману.

Бліжэй, бліжэй. Ты ўся каля адхону,
і мора цягне карабель зацята.
Як сімвал, нерухомая заслона...
Сядай замест мяне! I гнеўна выкінь
мяне, нібыта ў чорных ружах свята.

I шум маёй адмовы ўзрушыць грудзі,
і нітка вечнасці крывяніць будзе.

А мне і гэтак добра як ніколі, –
пасунь жа ножку, ну пасунь паволі!

Голас люстэрка

(La voz del especho)


Жыццё цячэ, як зман адлюстраваны.
Дзядоўнік з сіняй ружы вырастае!
Сафізм Дабра і Розуму ступае
упоплеч з догмай, грузам ашуканы!

Бярэцца тое, да чаго ў знямозе
рука даткнецца ў пустцы непамернай,
на яблыні Ілюзіі памерлай
адчуеш мох сухі на паўдарозе.

Вось так праходзячы, жыццё гібее
з псалмамі здрады змораных вакханак.
А я іду збянтэжаны, як ранак,
і пахавальны марш шапчу сабе я.

Суладна з брахманіцкімі сланамі
з глухім гудзеннем ртуці, што ўскіпела,
ўздымаюць пары тост наскальны смела,
заход забыты на губах з крыжамі.

Аркестр са Сфінксаў так праходзіць снамі,
пустэча ад жалобы анямела.

Паганскае

(Pagana)


I спяваць перад сконам. I жагнаць цень жадана
вавілонскай крывёю з гладыятарскіх жылаў,
клінапіс падпісаўшы залатога дывана
тым пяром салаўіным, сінім болем чарніла.

А Жыццё? Здрада самкі. Напалоханым крокам
уцякае, спусціўшы вэлюм ілжэ-Юдзіфі,
ўбачыць здраду праз рану і схапіць яе зрокам
і васковым капрызам на рубінавым міфе.

Алафэрнам без войска і віном Вавілона
я гняздо звіў на дрэве хрысціянскім нясмела,
ды лаза ратавання адвярнулася сонна,
і Юдзіф сцяла жорстка небалюбае цела.

Як на свеце паганскім. Смерць жыццё пакахала,
засяваючы жылы чырванню зла і жалю,
пылам стаць гэтак, быццам заваёўнік няўдалы,
пакідаючы вочы на крывавым кінжале.

Даведка

(Espergesia)


Нарадзіўся я ў гуморы,
Бог якраз тады быў хворы.

Лёс мяне не выцяў пасам.
Ды тады скрануўся лежань –
перайшоў у студзень снежань.
Нарадзіўся самапасам,
Бог якраз хварэў тым часам.

У метафізічным штосьці
подыху маім пустое,
аніхто не ўчуе тое,
гэта келля немай госці,
што агонь узнесла ў тосце.

Слухай жа, паслухай, браце...

Не падамся на ўгаворы,
снежні не знясу з сабою,
ўбраўшы студзені журбою.
Нарадзіўся ж я ў гуморы,
Бог якраз тады быў хворы.

Ведаюць, што я не ў горы
ўсе... Ды мой не чуюць смутак,
у радках рыпяць чаму так
горкім змрокам дамавіны
пругкія вятры з даліны,
што чамукала пустэльні
развінае Сфінкс пякельны.

I не ведаюць ляныя,
што святло сухоты ўела,
а Цямрэча растаўсцела,
што Містэрыя не ные...
што яна – той горб, якому
ад мяжы да Межаў стому
крокі аддаюць зямныя.
Нарадзіўся ўдзень без зморы,
Бог якраз тады быў хворы,
і цяжка.



пераклад з гішпанскай – Рыгор Барадулін


Усе вершы можна спампаваць тут:

Пераклад з гішпанскай – Рыгор Барадулін © 2013

Чытайце таксама

Ян Лехань

Ян Лехань

Ппольскі паэт, літаратурны і тэатральны крытык

Юрый Вінічук

Юрый Вінічук

Украінскі пісьменнік, журналіст, містыфікатар, укладальнік анталогіі гатычнай літаратуры

Аляксандр Чак

Аляксандр Чак

Аляксандр Чак (сапраўднае імя – Аляксандр Чадарайніс) – латышскі паэт і празаік, якога лічаць пачынальнікам урбаністычнай паэзіі ў Латвіі

Хорас Ўолпал

Хорас Ўолпал

1914