№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Фэрнанду Пэсоа

Пераклады пераможцаў конкурсу другога нумару часопіса "ПрайдзіСвет"

Эмі Лоўэл

(Amy Lowell)

Дама

(A Lady)

Ты прыўкрасная і звялая,
Як стары оперны матыў,
Найграны на клавесіне,
Ці як заліты сонцам ядваб
Будуару васемнаццатага стагоддзя.
У вачах тваіх
Тлеюць памерлыя ружы перажытых імгненняў,
А водар твае душы
Няўлоўны, напоўнены
Рэзкасцю спецыяў у запячатаных скрынках.
Мяне чаруюць твае паўтоны,
І я вар’яцею ў сузіранні
Гармоніі тваіх адценняў.

Мая сіла – гэта толькі што адчаканены цэнт,
Які я кідаю табе пад ногі.
Падымі яго з пылу –
Яго бляск развесяліць цябе.

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Стэфановіч

Дама

(A Lady)

Ты павабная і цьмяная,
Як даўняй оперы напеў,
Ажыўлены клавесінам,
Ці заліты сонцам ядваб
Будуараў васемнаццатага стагоддзя.
У тваіх вачах
Тлеюць ружы апалыя пражытых хвілінаў,
І водар тваёй душы
Няўлоўна ліецца,
Гаркавасцю спецый напоўнены.
Твае паўтоны дораць мне асалоду,
А сузіранне тваіх колераў бляклых
З розуму зводзіць.

Сваю жыццёвую сілу, манету новую,
Я кідаю табе пад ногі.
Падбяры яе з пылу і бруду,
Яе бляск можа забавіць цябе.

 

пераклад з ангельскай – Zeugma

Дама

(A Lady)

Ты прывабная і збляклая,
Як стары оперны матыў,
Найграны на клавесіне;
Ці як хвалі ядвабу, залітыя сонцам,
У будуары васемнаццатага стагоддзя.
Ў тваіх вачах
Цьмеюць звялыя ружы пражытых хвілін,
І водар тваёй душы,
Няўлоўны, поўніць прастору
Пякуча, бы спецыі ў запячатаных скрынках.
Паўтоны твае захапляюць мяне,
Я гляджу й страчваю розум
Ад ўсіх тваіх колераў.

Мая сіла – як новы бліскучы мядзяк,
Што кідаю табе пад ногі.
Падбяры яго з пылу,
Можа, тое зіхценне ўсцешыць цябе.

 

пераклад з ангельскай – Ганна Ражанцова

Фэрнанду Пэсоа

(Fernando Pessoa)

 

З кнігі “35 санэтаў”

(35 sonnets)


Як думаць я магу – бо ад пачатку
Штодзённага жыцця скупы наказ
Змушае жыць у цесным беспарадку
Мой дух у свеце, што марнуе час?

Як засяродзіцца на ўласнай мэце,
Якую мне абраў, здаецца, лёс,
Калі чакаюць зноў у гэтым свеце,
Каб штосьці я зрабіў альбо прынёс?

І грошы для вяселля з Музай, тыя,
Што пазычаў “на заўтра” напавер,
Растраціў я на клопаты пустыя –
Я спусташальнік вечнасці цяпер,

Як шчыры грэшнік, што свае заганы
Штодня за рай выменьвае жаданы.

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Стэфановіч

Канстанцінас Кавафіс

(Κωνσταντίνος Καβάφης)

Аднастайнасць

(Μονοτονια)


За днямі дні праходзяць аднастайна,
Аднолькавасць мінае шматразова,
І кожнае імгненне, як звычайна,
Без змен увасабляецца нанова.

І з году ў год – гісторыя старая.
Прадказваць прышласць лёгка да блазенства,
Бо “заўтра” зноў “учора” паўтарае
І з будучыняй траціць падабенства.

 

пераклад з навагрэцкай – К. Коракс

Георг Гайм

(Georg Heym)

Kατá


Чырвоны гром. Пунсова тлее змрок.
Шалее сонца. Хвост зубчасты б’е
Угору бляск нябёс, аж растае
На даляглядзе ў барвах дрэваў цмок.

І мармур Вавілона, цвердзь муроў,
І бляск ягоных пагадаў святых
Растурзвае жах промняў залатых
Ад жару звонкагучных тапароў.

Харал нябесны, боскі спеўны гімн,
У зеўры сонца зладжаны пэан,
І рэхам грае зала неба ў ім.

І кліча цемрадзі начной тыран
Тэтрархаў, Месяц, – ён з пустых далін
Кіруе чацвярык свой праз туман.

 

пераклад з нямецкай – Hrebla


Заўвагі перакладчыка:

Κ α τ ά. Грэцкае прыслоўе kατά – уніз – указвае на апусканне ў апраметную; “катабазіс” у Гамэравай “Адысеі” – сыход у апраметную. У вершы падкрэслены апакаліптычны матыў.

Ч ы р в а н ь, п у н с о в а с ц ь, ц м о к – можна дапусціць, што Гайм указвае на вогненнага, чырвонага цмока з “Адкрыцця Яна Багаслова”, 12:3 (“... вось вялікі чырвоны цмок з сямю галовамі і дзесяццю рагамі, і на галовах у яго сем дыядэм...”), які сваім хвастом змятае з неба траціну зорак.

М а р м у р В а в і л о н а – пагібель Вавілона (“Адкрыццё...”, 18).

П а г а д ы – усходнеазіяцкія храмавыя пабудовы.

Т э т р а р х – у старажытнай Грэцыі чацвертая частка вобласці кіравалася тэтрархам; у Рымскай імперыі – падзел улады паміж чатырма валадарамі розных абласцей, правінцый, ваенных і адміністрацыйных адзінак.

Ч а ц в я р ы к (калясніца, запрэжка ў чатыры кані) – паводле антычных міфаў, чацверыком кіруе бог сонца Геліяс, багіня М е с я ц а Селена – параконнай калясніцай.

Ян Лехань

(Jan Lechoń)

Дон Жуан

(Don Juan)


Загулі званы ў сутонні
Глуха меч заскрыгатаў.
Занядбаны Калеоні
Ў ззянні месяца паўстаў.

Ноччу, стоячы пры браме,
Аплятаю лаўрам скронь.
Уцякайце! Цень за вамі
Распасцёр сваю далонь!

Хтосьці крыкнуў “Надыходзіць!”
Свечка згасла, чутны крок.
Камандора дух нязломны,
Узыдзі на мой парог!

Прэч віно, далоў гітары!
Плашч адкінь, паўночны госць!
Я тваёй чакаю кары
Толькі б ведаць, што ты ёсць.

 

пераклад з польскай – Ігар Жалткоў

Мілан Ракіч

(Милан Ракић)

З цыклу “Санэты”

(Сонети)


І

Сурова мусіць час усё калісьці сцерці –
Што створана пяром і што ўзялі мячы, –
Марудна, спадцішка скрышыць і растаўчы
На жорнах жудасных заўжды няўмольнай смерці.

Няхай знікае ўсё! Няхай нясуць наўскач
Да вусцішных хартоў бяздушныя гадзіны
Вас, светлыя мае і кволыя ўспаміны,
І вынішчаюць вас ушчэнт – о сэрца, плач!

Браханне, крык і шум! Збірайцеся на ловы,
Імчыце праз палі, праз горы і дубровы,
Пакінуўшы наўсцяж адно абшар пусты!

Калі ж не стане сіл, калі ўпадзе ахвяра
І будзе ад крыві чырвонаю імшара,
Знішчаць і разбураць памчаць далей харты.

 

пераклад з сербскай – Андрэй Стэфановіч

Гіём Апалінэр

(Guillaume Appollinaire)

Ларэлея

(La Loreley)


У Бахараху смерць мужчынаў напаткала
Прынесла згубу ім красы вядзьмарскай джала

Да біскупа вядуць шукаюць страшных кар
Ды ўбачыўшы яе пра ўсё забыў святар

О Ларэлея як гараць сапфірам вочы
Хто змог зачараваць прыўкрасны стан дзявочы

Стамілася я жыць на мне праклён стары
Хто ў вочы мне зірне той тоне ў іх віры

Бо полымем гараць а не сапфірам вочы
Хай знішчыць вогнішча вядзьмарскі стан дзявочы

Гару ў агні вачэй і не пазбыцца пут
О Ларэлея хай хтось іншы правіць суд

Які жахлівы жарт Малітвы ўзносьце Панне
Наблізьце смерць маю наблізьце ратаванне

Каханы з’ехаў след ягоны растае
Наблізьце смерць хутчэй няма душы мае

А сэрца ліхадзей і лепей мне памерці
Зірнуць бы на сябе і ўбачыць прывід смерці

А сэрца ліхадзей з тых дзён як з’ехаў ён
А сэрца вораг мой пякучы боль здавён

Трох рыцараў тады трох вояў для апекі
Адправіў біскуп з той чые трымцяць павекі

Вяр’ятка ў манастыр цябе хай адвядуць
Свой новы строй надзень пакорнай мнішкай будзь

Ідуць учатырох і плача Ларэлея
І ад яе вачэй наўкола дзень святлее

О дайце мне ўзысці на строму над ракой
На замак паглядзець махнуць яму рукой

Пасля ў раку зірнуць а там без лішніх словаў
Я ў манастыр сыду да дзеваў і да ўдоваў

А ў валасах вятры гуляюць з пекнатой
І рыцары крычаць О Ларэлея стой

Вунь лодку Рэйн нясе сягнуць яе здалею
Каханы ў ёй плыве ён кліча Ларэлею

Каханы зноў са мной мне больш не ўсё адно
І кінуўшыся ў Рэйн яна ідзе на дно

На Ларэлею ёй глядзець у люстры плёсаў
На Рэйн яе вачэй і сонца светлых косаў

 

пераклад з французскай – Андрэй Стэфановіч

Дан Андэрсан

(Dan Andersson)

Песня

(Visa)


Любоў мая родам са шчодрай вясны,
з мясцін, дзе вада пры беразе танчыць, –
на мокрых лугох ад рос начных
я піў дзікі мёд у век юначы.

Дзе ў хвалях ласось і шчупак ля дна –
пры Пайсу радзіма маёй любові.
Яна там выспела ў шал дзікуна,
у спеў самаспеўны, музыкі сповед.

Любоў мне штовесну распальвала кроў,
і зноў мяне ў сетку лавіла,
і несла паміж агнявых віроў
свой спеў да небасхілу.

Ніколі больш не кахаць мне так,
як у ружаў век, як ля Пайсу водаў:
на скронях любові маёй павута,
і ўжо не адчуць мёду дзікага водар.

 

пераклад са шведскай – Алеся Башарымава

Чытайце таксама

Даніэль Клугер

Даніэль Клугер

Рускамоўны ізраільскі пісьменнік, піша ў жанры дэтэктыву і фантастыкі на гістарычныя тэмы

Арнэ Лігрэ

Арнэ Лігрэ

Нарвежскі драматург і празаік.

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

342