№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Багдан-Ігар Антоныч

І неба падае на хаты...

Вершы

Пераклад з украінскай Алена Пятровіч

Зіма

(Зима)

Краўцы лісіцам шыюць футры,
вятры на буру трубяць грозна.
О Божа, сцеражы, будзь мудры,
птушыныя й людскія гнёзды.

У ста млынах зіма пшаніцу
перамалола ў снег пухнаты.
Насустрач буры ноч іскрыцца,
і неба падае на хаты.

Першы снег

(Перший сніг)

Восень пераехала па полі возам залатым.
Над сумётамі вісіць туман курчавы – срэбны дым.

Сонца – з промнем-пугай вознік вогненнае конкі.
Нацянькі па небе хмара з хмарай наўздагонкі.

На кудзелі верхавінаў – сінь ад павучыння.
На гару абапіраюцца далоні далячыні.

Вецер жоўты ліст змятае з дрэваў памялом,
і грукоча медным голлем у гаі псалом.

Запавет наступных снежняў – кветкі звялі й кленчаць;
упершыню тады зіму пацалавала вечнасць.

“І”

(“І”)

І вецер, што імкне па рунным полі,
і дождж, што гоніць руны хмар з раллі,
і ўсмешка зорак залатых зямлі,
і жытняй долі спеў плыве паволі.

І вінаграду, і віна даволі,
і сад, і звонка звоняць салаўі,
і песні іх, нібы фанема “і”,
і гай, і агняграй, і край на волі.

І лесу сіні цень, і сон у стыні,
і пыл святыні, й галасы ў пустыні,
і коні ў стэпе, і ў краіне казкі.

І ўгрунь, і ў рунь, і з карнавалу маскі,
і свет цудоўны – ноччу, днём, навекі,
і нават лепшы – як апусціш вейкі.

Урывак

(Уривок)

Не затушу ад страху лямпы –
бо зробіцца, напэўна, горш,
і ноч раскладзена на ямбы,
у сэрца ўбілася, бы нож.

Гадзіннік б’е, і месяц льецца,
мне не заснуць ад песні дзіўнай.
Мой сон і голас майго сэрца –
па-над трагічнаю Айчынай.

Клёны

(Клени)

Схіліліся самотна клёны –
вясны гартаюць лемантар,
малюся зноў зямлі зялёнай,
зялёны сам, нібы трава.

Аброслы мохам ліс вучоны
паэтыку для клёнаў склаў.
Спявае дзень, спяваюць клёны,
шапоча сонцава страла.

Казань да рыбаў

(Проповідь до риб)

Да карасёў, да акунёў і да дэльфінаў,
да ўсіх братоў з салодкіх і салёных вод:
– Вы не давайце нам ікры, ані фішбінаў,
мы прагнем вашых далячыняў, волі і прыгод.

Вада цяжкая, неба – яшчэ больш цяжкое,
Таму нас вабіць глыбіня адна,
чаруе, кліча нас спакусліва рукою
ваш бог каралавы з марскога дна.

 

 

пераклад з украінскай – Алена Пятровіч

 

 

Пераклад з украінскай – Алена Пятровіч © 2009

Чытайце таксама

Імануэль Вайсглас

Імануэль Вайсглас

Нямецкамоўны пісьменнік і перакладчык габрэйскага паходжання

Тадэвуш Бароўскі

Тадэвуш Бароўскі

Польскі паэт, адзін з самых уплывовых празаікаў паваеннага часу

Марыю ды Са-Карнэйру

Марыю ды Са-Карнэйру

Партугальскі паэт і празаік, адзін з заснавальнікаў новай, мадэрнісцкай, літаратуры ў Партугаліі, яскравы прадстаўнік пакалення “Арфея”

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

2465