№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Богдан Задура

Труны з Ікеа

Вершы

Пераклад з польскай Андрэй Хадановіч

Забойны аддзел не падмочыць рэпутацыі
(з постмандэльштамаўскіх вершаў)

(Sekcja zabojstw pracuje bez chwili wytchnienia)
(z wierszy postmandelsztamowskich)

Мочым панка, мочым эма, мочым готку
За радзіму, за народ, за гонар продкаў
Мочым левых прэзідэнтаў, камунякаў
І паскуду, што ў пад’ездзе нам накакаў

Мочым дзеда (бо мы самі – дзедаўшчына)
Мочым духа – у імя айца і сына
Лесбіянак, трансвестытак і педрылаў
Бо педрылаў не мачыць не маем сілаў

Мочым суддзяў (і футбольнага – на мыла
Будзе ведаць: піва – сіла, спорт – магіла)
Мочым рускіх, немцаў – чыста і канкрэтна
Мочым афрамонтэнеграў – так карэктна?

Мочым яблычкі для вегетарыянцаў
Тыдні тры на іх працягнуць і – без шанцаў
Мочым клоўнаў, бо не трэба нам сатыры
Хто адмочыць жарт – замочым у сарціры

Мочым кілера, што паліць на балконе:
Кропля яду – здохне конь, а мы за коней
Цягне дзеўка збан малінаў? Мочым дзеўку
Каб не выскачыла замуж неўспадзеўку

Мочым пшэкаў, бульбашоў, арабаў, хачыкаў
І Задуру, і ягоных перакладчыкаў
Мочым курву – можа, зробіцца святая
А пра Рушдзі ўжо ніхто не памятае

Труны з Ikea

(Trumny z ikei)

Ford transit gloria mundi, але з “Фордам К” такое ўжо
не пройдзе і з транзітам нам не абломіцца, таму гэтай шыкоўнай
рэкламай мы не заробім нават на гэтую машынку
найлепей кармінавую, як цацачка

як касмічная капсула, чырвоны лак
плюс чорныя валасы; толькі дзе сутана
і Жэрар Філіп? каб ён быў тут
мы мелі б Стэндаля, але калі ён памёр

Госпадзе Ісусе, я тады, мабыць, яшчэ здаваў выпускныя
у школе і “Форд К” нават не сніўся
стылісту, а можа візажысту
а можа крэатыўнаму дырэктару фірмы “Форд”

я навучыўся катацца на каньках
у дваццаць восем гадоў, а калі мне споўнілася трыццаць
навучыўся плаваць, мне працягваць?
тады вернемся да канькоў

некалі ўзімку быў снег, і былі канькі-снягуркі
ні футра ні фігуркі, два тупыя палазы з дзюр-
алюмінію для тупых дзетак з дзюрамі ў выхаванні
бо канёк гэта канёк, а ў гэтых нават назвы чалавечай няма

і як на іх пакоўзаеш? хіба што папоўзаеш
па пояс у сумётах, бо ў малым мястэчку
які можа быць каток? залаты лабок?
тут бы прабіцца да крыніцы ды адкапаць фортку

калі яе не спёрлі разам з леташнім снегам
а там глядзіш настане вясна і ўсё само растане
гэта ўсё мусіла прыкручвацца да ботаў
бо канькі і боты не былі адзіным цэлым

дык вось дваццаць восем, канькабежны спорт
крутыя віражы, але ніякіх трайных тулупаў
а ў трыццаць плаванне, а потым доўга-доўга нічога
і толькі месяц таму Ikea

цёмны лес светлага дрэва і ты ўчапіўся
ў нітку Арыядны, бо калі адпусціш
назад ужо не выйдзеш, хіба што праз дах
і вочы разбягаюцца ў розныя бакі, як ногі на лёдзе

і дурэеш ад гэтых фіраначак жалюзі
кратак паскаў падушак падушачак спінак
коўдраў чахлоў шафаў шафак і шафачак
кубкаў кубачкаў імбрычкаў

званкоў званочкаў сталоў зэдлікаў
шрубак ручак шарнірчыкаў набалдашнічкаў
гадзіннікаў лямпаў свечак рамаў антырамаў рамачак
фатэляў крэслаў і планачак планачак планачак

што хістаюцца ў цябе перад вачыма як вершаліны высокіх соснаў
у савецкіх фільмах, калі герой памірае забіты
нямецка-фашысцкай куляй
або/і перажывае любоўныя экстазы з санітаркай І раптам
я падумаў
што чагосьці тут усё-ткі бракуе І што калі б ёй

давялося мяне хаваць і яны б тут былі
яна знайшла б у гэтым няшчасці трохі прыемнасці

Дзюймовачка

(Odrobinka)

маё дзіця
вельмі ўсхваляванае
запаўняе літаратурны дзённік

настаўніца казала
што трэба ўпісаць
назву аўтара
і пару сказаў

ну й напішы

але што мне напісаць

ну напішы
кніжка мне спадабалася
таму што

я напішу што
не спадабалася
бо Дзюймовачка не выйшла замуж за сына
Жабы а выйшла за Прынца Эльфаў бо гэта
глупая кніжка бо ў ёй перамагло дабро
а не зло

майму дзіцяці
праз тры месяцы спаўняецца дзевяць гадоў
а яно ўжо ведае што хоча напісаць
і я не ведаю што сказаць на гэта

Спатканне ўсляпую

(Randka w ciemno)

Сарціры паабкладалі мармурам
і сувора забаранілі там паліць
у крыштальныя люстры глядзеліся
тэлевізійныя камеры

Лярвы паводзіліся як зоркі
зоркі вызначалі жыццё
жыццё ванітавала як падсвечаны фантан

Аўтаадказнікі нікому не адказвалі
а пляткарылі як апошнія сакратаркі
електроніка залазіла ўсюды
нават у цнатлівыя вагіны

Рады ў справах мовы змянялі нормы правапісу
“не” губляла сваю асобнасць
пісанае разам выходзіла на спатканне “так”

Фанетычныя змены выкліканыя развіццём радыёвяшчання
прывялі да таго што тыя хто яшчэ маліўся
маліліся: І не ўводзь нас у спакусу
але збаў нас ад слова

Навука перамагла ў няроўнай бітве з перхаццю
але медыкі вынаходзілі ўсё новыя хваробы
прапагандуючы здаровы лад жыцця за здаровыя грошы

СНІД усё яшчэ трымаўся на вяршыні
тузіну хітоў але яму ўжо дыхалі ў патыліцу
Альцгаймер і Кройцфельд з Якабам

Найлепшыя фатографы рабілі макіяж
гародніне Цэлыя сесіі прысвячалі зграбным ножкам
крэслаў

Інтэлектуальная прэса адрознівалася ад бульварнай
толькі якасцю паперы Элегантныя дамы
хутчэй нюхалі і мацалі

Інтэрнэт прапаноўваў паслугу споведзі
Абаронцы раслінаў пратэставалі супраць
расліннай парнаграфіі й сэксуальнага
выкарыстання саджанцаў

Старых людзей усё яшчэ ўзбуджалі
запасы маргарыну і масла

(Хоць ніхто не быў упэўнены ў тым
што масла яшчэ існуе)

Праз дзве тысычы гадоў пасля разьні немаўлятаў
настала разня цялятаў
Шаленцы выразалі сябе самі

І ўсё ператваралася ў гаўно
І якасць пераходзіла ў колькасць
І толькі гаўно яшчэ было сапраўдным

***

(podejrzewam...)

падазраю
што звычайныя простыя
ці як іх назваць
людзі
сраць хацелі
на мае вершы
але пакуль
не будзе наадварот
усё ў парадку

 

пераклад з польскай – Андрэй Хадановіч

 

© Богдан Задура, 2009

Пераклад з польскай – Андрэй Хадановіч © 2009

Чытайце таксама

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Паўднёваафрыканскі пісьменнік, адзін з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс

Паўль Цэлан

Паўль Цэлан

Нямецкамоўны паэт і перакладчык, адзін з найлепшых еўрапейскіх лірычных паэтаў

Карл Увэ Кнаўсгар

Карл Увэ Кнаўсгар

Нарвежскі пісьменнік.

2532