№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Албрэхт Радэнбах

Песняру радасці

Вершы



Мір

(Vrede)

Зімовай ноччу да царквы наблізіўся манах,
перад дзвярыма стаў, ліхтар трымаючы ў руках.
Ад тысячы дарог душой і целам быў стамлёны...
Чыясьці постаць — хісткі цень — узнікла ля калоны...
Звінелі доўга ля замка ў руках яго ключы,
глядзеў няўцямна ён вакол, ад сцюжы дрыжучы,
да мёртвага ці прывіда падобны. Ён трывожна
перахрысціўся тры разы, святой вадой пабожна
змачыў руку і да дзвярэй пайшоў назад. Ліхтар
густую цемру разагнаў — і ён убачыў твар,
худы, як Голад, змораны, як Гора, сіл згасаннем —
і ўсё ж сівыя валасы сляпілі дзіўным ззяннем,
гарэла веліч у вачах, натхнёнай веды знак —
ў лампадзе алебастравай агонь палае так, —
і прамяніўся слуп святла, сягаючы эфіру.
“Брат мой, чаго шукаеш ты?” — манах спытаўся. — “Міру”, —
прамовіў ціха дзіўны госць і адышоў далей;
манах малітву зашаптаў спалохана, але
спыніўся раптам і застыў, вачам не даўшы веры,
бо той, хто міру тут шукаў, быў Дантэ Аліг’еры.

 

пераклад з нідэрландскай — Кацярына Маціеўская

Дажджлівы дзень

(Regendag)

Ох, які маркотны дзень! У жалі
неба ад дажджлівых шэрых хмар.
Заімжэла, дрэвы задрыжалі
ад чужых пакут і відмаў-мар,
шапаценне іх — як спевы-плачы,
і скавыча вецер у хмызах —
так дзіця галосіць у ламаччы,
заблукаўшы, румзае ў лясах.
Неба ў сэрцы ад дажджу цяжкое,
як туман, ахутаў сонца боль.
Што ж, трывай, юнак, жыццё такое:
у душы — то сонечна, то золь.

 

пераклад з нідэрландскай — Ганна Янкута

Песняру радасці

(Enen vroliken sangher)

Калі ты любіш, брат, марское чайкі крыкі,
калі ты любіш спеў над бурнай Шэльдай дзікі,
калі тваю душу той спеў агнём паліў,
калі ты вецер кляў, што Фландрыю паіў
атрутаю —
прыйдзі, сваёй не грэбуй чашай,
каб горды спеў з’яднаць з узнёслай песняй нашай.
Нашчадкі скальда мы, які трыюмф баёў
з мелодыяй зямлі паўночнай моцна сплёў.
Ідзем мы праз палі, праз паплавы і дзюны,
а хрысціянскі дух палоняць сагі, руны
і даўні спеў — у ім жыцця палае жар,
са спевам гэтым бард вайне глядзеў у твар.
Хадзем. Педанты нам зацята шлюць праклёны,
ды радасцю жыцця гарыць наш зрок натхнёны.
Па краі нам блукаць, па ўзгорках і лясах,
да зброі ўзяўшы спеў, з вятрамі ў валасах.

 

пераклад з нідэрландскай — Кацярына Маціеўская

Арол

(De arend)

Нібы на троне, годны птах
на стромкіх скалах марыў,
і сонца клікала яго
ўзляцець вышэй ад хмараў.

Але атрутная змяя
ахвяру адсачыла,
калі хацеў узняцца ён
і ўжо раскінуў крылы,

каб межы аглядаць наўсцяж
у сонечным праменні,
ды кольцы здрадлівай змяі
мацнеюць штоімгненне.

Ён, цар свабоднай вышыні,
ляціць, нічым не скуты,
ды па грудзях цячэ струмень
пякучае атруты.

Ляці, узнёслы славалюб,
да вышыні гарачай,
і боль прымай, бо ў ім твой лёс:
не можа быць іначай.

 

пераклад з нідэрландскай — Ганна Янкута

Лебедзь

(De zwane)

Глядзіцца вечар спадцішка
у хвалі чыстых плёсаў.
Цнатлівы і прыўкрасны стаў
люструе гладзь нябёсаў.

І поўня поглядам сваім
праводзіць дзень мінулы,
і лебедзь у яе святле
плыве, амаль заснулы.

Ён закаханы з даўніх пор
у воды люстраныя,
ён ловіць плёскат, як паэт,
і сэрца ў жарсці ные.

І ўпадабала яго гладзь,
вада цурчыць і кліча,
і лашчаць хвалі, і ў вадзе
люструецца аблічча.

І, поўны жарсці да вады
і чыстае пяшчоты,
ніколі закаханы птах
яе не зганьбіць цноты.

 

пераклад з нідэрландскай — Ганна Янкута

Мары

(Fantasiën)

У небе воблакі плывуць —
па сінім палатне.
Глядзіць на воблакі юнак,
бы ў сне.
І воблакі, забыўшы жаль,
плывуць у мару, нібы ў даль,
над лабірынтамі алей
далей, далей,
далей.

У моры ветразі плывуць,
палотны вецер мне.
Глядзіць на ветразі юнак,
бы ў сне.
І караблі, забыўшы жаль,
плывуць у мару, нібы ў даль,
плывуць усё хутчэй, смялей,
далей, далей,
далей.

У цемры міражы плывуць,
як мары аб вясне.
Глядзіць на міражы юнак,
бы ў сне.
І міражы плывуць праз жаль
за новай марай, нібы ў даль,
да Леты, да начных алей,
далей, далей,
далей.

 

пераклад з нідэрландскай — Ганна Янкута

Eene Fransche zonde

(Eene Fransche zonde)

 

Жоржу Радэнбаху, аўтару кнігі “Агмень і поле”

Кузэн мой, ці жыве ў вас памяць краявідаў,
сярод якіх наш дух у спрэчках акрыяў?
Мы ў тых турнірах шмат пераламалі дзідаў:
валонец юны — вы, фламандзец юны — я.

Я радасці душы ў агонь юнацтва кідаў:
жыве ўва мне цяпер да Францыі агіда —
і Фландрыю кляну, боль множачы ўдвая,
калі ўскіпае кроў нямецкая мая.

Ды вашыя радкі так дзіўна сэрца раняць,
што гальскім полымем запальваецца памяць —
я музы Францыі скараюся красе.

Скажу я, хоць няма маім пакутам меры —
бо скальда Радэнбах адрынуў праз трувэра, —
што гэта, мой кузэн, прыўкрасна, як Мюсэ.

 

пераклад з французскай — Кацярына Маціеўская



Каментары:

Верш “Мары”, перакладзены на рускую мову Я. Віткоўскім, вядомы перадусім як песня з фільма “Востраў скарбаў” (“Плывут седые облака в лазури высоты...”).


“Eene Fransche zonde” — “Французская памылка” (нід.). Верш прысвечаны кузэну Албрэхта Радэнбаха Жоржу, аднаму з найвыбітнейшых франкамоўных сімвалістаў. Продкі Радэнбахаў па бацькоўскай лініі былі немцамі. Радэнбах, лідэр студэнцкага руху за адраджэнне ў Фландрыі нідэрландскай мовы, свой адзіны верш, напісаны па-французску, іранічна ахрысціў “памылкаю”.



Чытайце таксама

Амаліе Касін Лерстанг

Амаліе Касін Лерстанг

Нарвежская пісьменніца і рэдактарка культурніцкага часопіса Fanfare.

Кен Кізі

Кен Кізі

Амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік Біт-пакалення, паўплываў на фармаванне руху хіпі

Марэк Вадас

Марэк Вадас

Сучасны славацкі пісьменнік. У 2006 годзе атрымаў прэстыжную прэмію Anasoft Litera

Адольф Мешэндзёрфер

Адольф Мешэндзёрфер

Трансільванска-саксонскі пісьменнік і буйны прадстаўнік нямецкамоўнай румынскай літаратуры

683