№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Стывен Крэйн

“Таму што горкае і таму што гэта маё сэрца…”

Вершы

Пераклад Юля Цімафеева


У пустэльні

(In the desert)

У пустэльні
Я ўбачыў істоту. Голы і дзікі,
Ён, прыпаўшы да зямлі,
Трымаў сваё сэрца ў руках
І еў яго.
Я спытаў: “Смачнае, дружа?”
“Горкае, горкае, – быў адказ, –
Але я люблю яго,
Таму што горкае
І таму што гэта маё сэрца”.

Так, у мяне тысяча языко

(Yes, I have a thousand tongues)

Так, у мяне тысяча языкоў,
Дзевяцьсот дзевяноста дзевяць хлусяць.
І хоць імкнуся казаць тым адзіным,
Ён не вымавіць ні гуку па маёй волі,
Ён мёртвы.

Я бачыў чалавека, што гнаўся за небакраем

(I saw a man pursuing the horizon)

Я бачыў чалавека, што гнаўся за небакраем.
Па коле, па коле беглі яны.
Збянтэжаны,
Я звярнуўся да яго.
“Усё марна, – сказаў я, –
Ты ніколі...”

“Хлус!” – крыкнуў ён,
І збег.

Я шукаў тут

(I looked here)

Я шукаў тут,
І шукаў там,
Нідзе не было маёй мілай.
Цяпер жа
Яна ў маім сэрцы.
Але я ўжо не скарджуся,
Няхай хоць сто разоў верная,
Няма вярнейшай мне за тую,
Што ў сэрцы.

У раі

(In heaven)

У раі
Некалькі травінак
Паўсталі перад Богам:
“Што вы рабілі?”
Усе, акрамя адной,
Пачалі ўсцешана апісваць
Свае добрыя справы.
А тая адна стаяла наводдаль
Сарамліва.
Неўзабаве Бог спытаўся:
“А што ты рабіла?”
Травінка адказала: “Мой Божа,
Успамінаць мне горка,
Бо калі я рабіла дабро,
Я пра яго не ведаю”.
Тады Бог, ва ўсёй раскошы,
Узняўся са Свайго Трона.
“Найлепшая з травінак!” – усклікнуў ён.

Чалавек пабачыў у небе залаты шар

(A man saw a ball of gold in the sky)

Чалавек пабачыў у небе залаты шар.
Ён палез за ім
І ўрэшце да яго дацягнуўся–
А той – з гліны.

І дзіўна вось што:
Калі чалавек спусціўся
І глянуў зноў,
Там вісеў залаты шар.
Дзіўна вось што:
Шар быў з золата.
Далібог, гэта быў залаты шар.

Я сустрэў прарока

(I met a seer)

Я сустрэў прарока.
Ён трымаў у руках
Кнігу мудрасці.
“Шаноўны, – сказаў я, –
Дазвольце пачытаць”.
“Дзіця...” – пачаў ён.
“Паслухайце”, – я запярэчыў, –
“Лічыць мяне дзіцем не варта,
Бо многае я ўжо зведаў
З гэтай кнігі,
Вельмі многае!”

Ён усміхнуўся.
Пасля раскрыў кнігу
І працягнуў мне –
Дзіўным чынам я нечакана
аслеп.

Я ішоў па пустыні

(I walked in a desert)

Я ішоў па пустыні
І крычаў:
“Божа, забяры мяне адсюль!”
Голас прамовіў: “Гэта не пустыня”.
Я запярэчыў: “Але ж
Гэты пясок, гэта спёка і пусты далягляд...”
Голас прамовіў: “Гэта не пустыня”.

Многія йшлі бязладным натоўпам

(There were many who went in huddled procession)

Многія йшлі бязладным натоўпам
І не ведалі куды.
Верачы: шчасце й бяда ўсіх
Напаткаюць пароўну.

Самотны ж шукаў новага шляху
Праз злавесны гушчар.
І ўрэшце памёр у адзіноце,
Але яны сказалі, ён быў смельчаком.

Чалавек прыйшоў да чужога Бога

(A man went before a strange God)

Чалавек прыйшоў да чужога Бога,
Бога многіх людзей, жорсткага й мудрага.
І боства загрымела
Раз’юшана і пыхліва:
“На калені, смяротныя!
Паўзіце і кланяйцеся
Маёй Найвышэйшай Вялікасці!”

Чалавек збег.

Пасля ён пайшоў да іншага Бога,
Бога сваіх думак.
І гэты бог паглядзеў на яго
Добразычліва
І спагадна
І сказаў: “Беднае маё дзіця!”

Мудрэц выдатна вучыў

(The sage lectured brilliantly)

Мудрэц выдатна вучыў.
Перад ім былі дзве выявы:
“Так, вось гэта д’ябал,
А вось гэта – я”.
Ён адвярнуўся.
Кемлівы вучань
Памяняў іх месцамі.

Мудрэц павярнуўся:
“Так, вось гэта д’ябал,
А вось гэта – я”.
Вучні заўсміхаліся,
Упадабаўшы гульню.
Мудрэц жа быў мудрацом.

Ты кажаш, ты святы

(You say you are holy)

Ты кажаш, ты святы.
І гэта
Таму, што я не бачыў твой грэх.
Але ёсць тыя,
Хто бачыў, мой дружа.

Два ці тры анёлы

(Two or three angels)

Два ці тры анёлы
Падляцелі да зямлі
І ўбачылі царкву таўстую.
І чорныя плыні людскія,
Што цяклі і цяклі ў яе.
І стала анёлам цікава,
Чаму людзі імкнулі туды
І што там рабілі так доўга.

У павевах ветру чуўся шэпт

(There came whisperings in the winds)

У павевах ветру чуўся шэпт:
“Бывай! Бывай!”
Гучалі ў цемры галасочкі:
“Бывай! Бывай!”
Я рукі працягнуў:
“Не... Не...”
У павевах ветру чуўся шэпт:
“Бывай! Бывай!”
Гучалі ў цемры галасочкі:
“Бывай! Бывай!”

Пераклад – Юля Цімафеева © 2010

Чытайце таксама

Клаўс Элсбергс

Клаўс Элсбергс

Латышскі паэт і перакладчык

Вальжына Морт

Вальжына Морт

Беларуская паэтка і перакладчыца. Піша на ангельскай і беларускай

Вячаслаў Купрыянаў

Вячаслаў Купрыянаў

Рускі паэт, празаік, перакладчык паэзіі з нямецкай мовы

Паўль Цэлан

Паўль Цэлан

Нямецкамоўны паэт і перакладчык, адзін з найлепшых еўрапейскіх лірычных паэтаў

3201