№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ар'ен Дэйнкер

"Калі табе было за -50..."

Вершы

Пераклад з нідэрландскай Ганна Янкута

 

Казка

(Sprookje)

Жыў сабе банкір,
Які і банкірам быў
З нейкіх не тых прычын.
Ён раіўся, прагнучы
Меланхалічнага самаапраўдання,
З яблыняй, кардыяхірургам і скрынкай.
Усе трое былі аднолькава меланхалічнымі,
Аднак унутры такімі задаволенымі,
Што банкір палічыў сябе пакрыўджаным.

Трыццаць сем матылькоў
І трыццаць сем бутэлек віна
І трыццаць сем складзеных прасцінаў
І трыццаць сем аўтобусных квіткоў
І трыццаць сем залатых зліткаў
І трыццаць сем агнёў
І трыццаць сем адрыжак пасля
Ён клаўся ў свой гамак
З трыццаці сямі прычын.

Панарама

(Overzicht)

Калі табе было за 50,
Ты ела толькі ракаў і трэскі.

Калі табе было за 40,
Ты заглядалася на чэлаў з бліскучымі сцёгнамі.

Калі табе было за 30,
Ты наведвала па аўторках раманскія касцёльчыкі.

Калі табе было за 20,
Ты ўвесь час прыслухоўвалася да голых гукаў.

Калі табе было за 10,
Ты ўжо бачыла ў сне пекла.

Калі табе было за 0,
Ты купіла старамодны рыбацкі човен.

Калі табе было за —10,
Ты не раз пераразала сабе вены.

Калі табе было за —20,
Ты вельмі любіла дакументальныя фільмы пра вайну.

Калі табе было за —30,
Ты ахвотна брала прыклад з дыскаболаў.

Калі табе было за —40,
Ты знайшла сабе месца, дзе можна звар’яцела маўчаць.

Слухай, К. Схіперс!

(K. Schippers, moet je horen!)

Гэта быў рэпартаж.

Хтосьці стаяў на расквечаным
Лужку і казаў: праўда такая горкая,
Што яе часткова замоўчваюць.

Падчас свята
У гонар мовы,
Што нядаўна ладзілася на адным
З месцаў сустрэч,
Якое таксама ёсць краінай, дзе я жыву,
За аранжавымі фіранкамі знайшлі
Сям’ю, што жыве без словаў.

Тым часам слоўца “хтосьці” хітравата і крывава бурчэла,
Нягледзячы на тое, што слоўца “ніхто” марудна і знясілена гаварыла,
Бо слоўца “нехта” трыганаметрычна і цвёрда разважала.

Адзін чалавек сказаў гэтай сям’і: вы ўсе, пайшлі да халеры!
Сям’я нацягнула вяроўку,
Праўда звалілася ў ваду.

Не,
Гаворка ідзе толькі пра частку праўды,
Пра адну гэтую руку, гэты рот, гэтую цягліцу,
Жахлівая мова
У целе.

Тым часам жонка гаспадара
Пазірала на карціну,
Што вісела на сцяне,
Глядзела на колеры
І ад гэтага адразу забывала імёны.

Я пакуль яшчэ ведаю ўсе тыя песенькі,
Якія яна, здаецца, хоча выгукнуць.

Безумоўна, я і сам магу напалову іх праспяваць,
Але канец большасці з іх я забыў.

А на сцяне вісеў маленькі дамок,
І шырокае неба, і сонца зверху.

Глядзі, вось стаіць дамок,
Дамок, маленькі дамок,
І цішком смяецца сонца...

Жанчына глядзела, ці хто-небудзь слухае,
Глядзела так, як можа глядзець займеннік.

Неба абдымае птушачку...

Жанчына глядзела, ці заўважае хто яе маўчанне,
Глядзела так, як глядзяць фіранкі,
І бачыла сям’ю, што без словаў глядзіць
На карціну.

Аранжавы цікавіў яе
Найбольш.

Гэта быў рэпартаж
З Чачні ці Амбону,
І хтосьці на лужку сказаў:
Праўда такая горкая,
Што яе часткова
Замоўчваюць.

Сям’я не апранула нядзельнага ўбрання,
Хаця нельга сказаць, што яна выглядала бясколерна.

Вы любіце віно
Ці вам даспадобы піва альбо гарбата,
Спытаў чалавек, які зноў
Залез наверх.
Ён падняўся да сваёй жонкі
І шапнуў ёй штосьці на вуха.
Так, адказала жонка, вайна паўсюль,
Глядзі, і тут таксама.

Яна не гледзячы паказвала на карціну,
Што вісела на сцяне.
Чалавек бачыў маленькі дамок
З двума зачыненымі вокнамі,
З аднаго нешта тырчэла вонкі.

Прыгожы блакітны колер, сказаў ён,
І гэты карычневы таксама прыгожы.
Як на мяне, чорны занадта саркастычны,
Чырвоны ж падаецца зусім празмерным.
А вось ад гэтага вадзяністага жоўтаружовазялёнага
Я пачынаю смяяцца.

Сям’я ела вялізны торт,
Што стаяў на стале.
Стол быў у форме
Дзеепрыметніка цяперашняга часу.

Фіранкі злёгку варушыў
Вецер:
З акна дзьмула.

Акно адчыненае,
Сказаў чалавек.

Так, пагадзілася жанчына, надышоў час
Спяваць песенькі.

А на карціне, што вісіць на сцяне,
Туды і сюды
Поўзалі людзі.
Рухі іх былі рэзкімі.

Неба душыць птушачку
Тваім адзін... два... тры!

Самая дзеяслоўная дачка ў сям’і
Увайшла ў люстэрка
І азірнулася.
Маці піла гарбату.

Ты ўвесь мокры,
Сказала жанчына свайму мужу.

Не, адказаў той, гэта яшчэ толькі адбудзецца.

Камень квітнее

(De steen bloeit)

Камень квітнее.
Камень, які не можа квітнець,
Як квітнее камень.

У яго рознакаляровыя кветкі,
Расквечаныя, як воблакі, калі іх асвятляе месяц,
Расквечаныя, як твае вочы, каханая,
І цёплыя,
Расквечаныя, як вясёлыя ідэі,
Рознакаляровыя, як хвалі, што хвалююцца да самага далягляду.

Як квітнее камень,
Як квітнее камень, які не можа квітнець...

Ён пахне ветрам, які разбіў скавытанне,
Ён пахне чымсьці самім па сабе зразумелым,
Крывёй,
Печанымі каштанамі,
Тлумам на вуліцах.
Ён пахне свабодай бачыць і адчуваць
І зачароўвае рознакаляровых матылькоў.

Так квітнее камень,
Камень, які не можа квітнець.
Я вярнуся да цябе,
Я вярнуся да цябе, каханая, і прынясу табе адну з яго кветак.

Yellow Firebird

(Yellow Firebird)

Так, глядзі на будаўнічыя работы,
Глядзі на пазногці скуру павекі,
Глядзі на часцінкі шторму і на аўтамабіль,
У ім — прыгажосць мары.
Так, беражы лімонавыя бабушы,
Беражы светлякоў татуіроўкі гартанныя гукі
Беражы жомчуг карсажу і вазок,
У ім — прыгажосць жаданняў.

У ветру блакітны хвост

(De wind heeft een blauwe staart)

У ветру блакітны хвост
У вады блакітны хвост
І ў агня блакітны хвост

У ветру яшчэ і белы хвост
У вады — зялёны
У агня ж чырвоны і жоўты хвасты
Безумоўна апроч блакітнага

Да таго ж у ветру чорны хвост
Хвост вады белы
І калі ты добра прыгледзішся то ўбачыш
Што ў агня хвост таксама чорны

І нарэшце ў ветру жоўты хвост
У вады ж магчыма ўсё яшчэ чырвоны хвост
А ў агня хваста болей няма

 

 

пераклад з нідэрландскай — Ганна Янкута

© Arjen Duinker, 2009.

 

Пераклад з нідэрландскай – Ганна Янкута © 2009

Чытайце таксама

Мэцью Грэгары Льюіс

Мэцью Грэгары Льюіс

Ангельскі раманіст і драматург, стаў знакамітым дзякуючы раману “Манах”, напісанаму ў 19 гадоў

Генрых Кіршбаўм

Генрых Кіршбаўм

Паэт, літаратуразнаўца.

Гейр Гуліксэн

Гейр Гуліксэн

Нарвежскі паэт, раманіст, эсэіст, драматург, дзіцячы пісьменнік, выдавец.

Роберт Энтан Ўілсан

Роберт Энтан Ўілсан

Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст

2087