№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эмілі Дыкінсан

Мой ліст — да Свету...

Вершы

Пераклад з ангельскай Андрэй Хадановіч

* * *

(This is my letter to the world...)


Мой ліст – да Свету, хоць пісьма
Свет не напіша мне.
Яго Прырода шле сама,
І ў кожнай навіне

Спагада й моц адпраўніка.
Дзеля яго рукі
І вы спагадліва мяне
Судзіце, землякі.



* * *

(The grass so little has to do...)


Турботаў у травы няшмат:
Прыбраць у зелень дол
Дзеля забавы мятлікаў
І пачастунку пчол.

Ёй навакольным кланяцца
Загадвае павеў,
На ўлонні сонейка трымаць,
На вуснах – ціхі спеў.

Ноч аздабляе перламі
Чысцюткае расы,
Каб і князёўна не магла
Зацьміць яе красы.

Памрэ – і будзе водарам,
Што нараджае сны, –
Як боскі незабыўны пах
Духмянай хваіны.

І ўрэшце знойдзе сабе схоў –
Высока, на адрыне.
Турботаў у травы няшмат.
Хто ж лёс такі адрыне?



* * *

(I died for beauty, but was scarce...)


Жыццё аддаўшы за красу,
Спачыла я ў труне.
Пакутнік ісціны ляжаў
Наўпоблізь ад мяне.

І ён пытаецца ў мяне:
“За што памерла ты?”
“За прыгажосць”. – “А я памёр
За праўду. Мы браты”.

Нібы суседзі праз сцяну,
Гаворым цераз скон,
Пакуль, звязаўшы вусны, мох
Не пахаваў імён.



* * *

(Is Heaven a physician?)


Ці ж неба – гэта лекар,
Што болесць адхіне?
Хіба магчыма вылечыць
Нябожчыка ў труне?

Ці ж Бог – ліхвяр? Маўляў, душой
Мы вінныя яму.
Ды ў гандлі гэтым скарбам
Я ўдзелу не вазьму.



* * *

(Faith is a fine invention...)


Рэлігія – рэч карысная
Для ўсіх разважных асоб,
Ды ўсё ж у крытычных выпадках
Патрэбнейшы мікраскоп.



* * *

(It ’s all I have to bring to-day...)


Вось гэта ўсё, што даць магу,
Вось гэта сэрца ў дар,
Вось гэта сэрца, і палі,
І лугавы абшар.

Каб мне чагосьці не забыць,
Пералічыце зноў:
Вось гэта сэрца, і лугі,
І ў дзятліне чмялёў.



* * *

(Tell all the Truth but tell it slant...)


Прамовіць ісціну лягчэй,
Калі ідзеш вакол:
Замоцны для людскіх вачэй
Раптоўнай праўды ўкол.

Маланку растлумач – і сын
Палохацца не будзе.
Хай праўда ўспыхне – спакваля,
Інакш аслепнуць людзі.



* * *

(To make a prairie it takes a clover and one bee...)


Каб луг я стварыць магла,
Патрэбныя толькі трое:
Пчала,
Канюшына і мроя.
Калі ж пчалы не стае –
Хопіць і мроі мае.



* * *

(They say that ‘time assuages’...)


Гаворыце: “Час лечыць”, –
Ды не даведзяце:
Праўдзівая пакута
Цягліцамі расце.

Час – катаванне болем,
Сякера ў скуры дрэў.
Хто перамог хваробу,
Той проста не хварэў.



* * *

(The dying need but little, dear...)


Смяротна хвораму няшмат
І трэ: вады ў збане,
Убачыць кветачкі абрыс –
Прынамсі, на сцяне;

Глядзець на шчыры жаль сяброў
І ведаць: на дварэ
Не пацямнеюць фарбы дня –
Нат калі ён памрэ.

пераклад з ангельскайАндрэй Хадановіч


Пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч © 2010

Чытайце таксама

Анна Валенберг

Анна Валенберг

Пісьменніца, драматург, перакладчыца, прадстаўніца "залатой эры" шведскай дзіцячай літаратуры

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

Сашко Ушкалаў

Сашко Ушкалаў

Паэт, драматург, перакладчык з Харкава

Лінда Клакен

Лінда Клакен

Нарвежская пісьменніца і журналістка.

3234