№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Крочыць час

Вершы

Пераклад з афрыкаанс Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская

Прапануем вашай увазе невялікую падборку вершаў двух бурскіх паэтаў, несумненных класікаў паэзіі афрыканераў. Мінаючы finis Africae, за якім — моцная паэтычная традыцыя, што не саступае традыцыі еўрапейскай, перакладчыкі спадзяюцца, што ў хуткім часе адкрыццё незнаёмага кантынента — паэзіі на мове афрыкаанс — паспяхова працягнецца.

 

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

(Christiaan Frederik Louis Leipoldt)

У канцлагеры

(In die Konsentrasiekamp)


Алівал-Норт, 1901

O, pazienza, pazienza che tanto sostieni!
Дантэ


Знясілены скрухаю, дух твой марнее,
Ад слёз па мінулым твой позірк пусты.
Ты радасць і мір прамантачыў, развеяў,
Цяпер засталося прасіць слепаты,
І ў словах малення — ніякай надзеі:
“Цярпенне, цярпенне, дзе скончышся ты?”

Усё як учора, усё як звычайна:
Намёт — твой прытулак адзіны — амаль
Цябе не хавае ад ночы бяскрайняй,
І падае неба на плынны Вааль.
Ты слухаеш кашаль дзіцяці адчайны,
І стукам дажджу адгукаецца даль.

Дрыжыць і міргае агеньчык на кноце,
Дзве цалі — і згасне, і скончыцца ён.
Як добра ў зямлі ці ў апалай лістоце,
Які бестрывожны ў памерлага сон...
А тых, хто жывы, сон вядзе ў адзіноце
У кола, дзе вусціш і скрухі праклён.

Тут дзеці прыходзяць на свет для пакуты,
Тут гіне не здольны змагацца стары,
Тут крыкам і плачам твой слых ахінуты,
Тут цягнуць на дно цябе скрухі віры,
Бо ўсе перажытыя ў жаху мінуты
Навечна выпальваюць раны ўнутры.

Ніжэй і ніжэй навісае галодна
Вялізная хмара — і знік задыяк.
У цемры ні зоркі, маўчыць голас родны,
Адно толькі кашаль пачуеш няўзнак.
А вецер нашэптвае мякка, лагодна:
“Цярпенне, цярпенне, ты ж скончышся, так?”

Прабачыць? Забыцца на боль несціханы,
На скруху і страх, што спалілі масты?
Стагоддзе ганебным кляймом пакарана,
Бо мёртвыя дзеці, бацькі і браты.
На жыццях занадта глыбокія раны.
Цярпенне, цярпенне, ці скончышся ты?

пераклад з афрыкаансКацярына Маціеўская



Старая кніга

(Aan 'n ou Boek)


На гарышчы, дзе ў сваволі
Раскашуюць пацукі,
Там, дзе кажаны і молі
Збудавалі гарадкі,
Я знайшоў цябе, мой сябра, адкапаў твае радкі.

Прачытаў цябе мой продак,
Прагартала шмат людзей,
Ад тугі найлепшы сродак:
І манах, і ліхадзей
Рагаталі над табою: шмат агню й вясёлых дзей.

Шмат гадоў ты праляжала
Тут, дзе кавардак і хлам,
Спачывала між завалаў
З году ў год — і сёння там,
Бо прыйшлася не да смаку ты мясцовым пацукам.

пераклад з афрыкаансГанна Янкута


Андрыс Герардус Вісэр

(Andries Gerhardus Visser)

Ружа

(Die roos)


Кароткі час красы,
Бо ружа вяне,
За светлыя часы
Я ўдзячны, Пане.

Нам часу не стае —
Ставаць не можа.
Навечна за яе
Я ўдзячны, Божа.

пераклад з афрыкаансГанна Янкута



Чорныя валы

(Die swarte osse)


Цяжкія капыты гадоў —
Валоў упартых, чорных —
Пакінуць тысячы слядоў
На пашах сэрца ворных.

Цяжкія капыты — і ў нас
Усё глыбеюць шнары.
Зламаны ты, і крочыць час,
Як капытом па твары.

пераклад з афрыкаансГанна Янкута



Амакея

(Amakeia)


На мяжы з зямлёю кафраў,
Там, дзе ўзгор’яў блізкіх цень,
Дом калісь стаяў самотны,
Дом, схаваны за пляцень.

Па-над Кеем Амакеі
Спеў чуваць і шум віроў,
Спіць дзіцятка з белай скурай —
Сын яе гаспадароў.

— Баю-баю, спі, дзіцятка,
Ззяюць зорныя агні,
Крыўдзіць нас ніхто не будзе.
Мама адышла — засні.


Перад смерцю гаспадыня
Папрасіла цераз боль:
— Не пакінь маё дзіцятка,
З ім дзялі і хлеб і соль.

Так у клопаце пяшчотным
Уначы і ў дзённы сквар
Над малым свяціўся чорны
Верны і спагадны твар.

Бачыла яна прыкметы
Смерці, што імчыць наўскач:
Папялішчы і руіны,
Гора, боль, агонь і плач,

З белым хлопчыкам за спінай
Ад пакутаў і магіл
Да нагор’яў Аматолы
Крочыла з апошніх сіл.

— Баю-баю, спі, маленькі,
Месяц выглянуў з-за стром,
Бачыць нас ніхто не будзе.
Спі, мы хутка знойдзем дом.


Толькі сочаць злыя вочы,
А наўкола — дзікі рык.
— Ён яшчэ такі маленькі! —
Чутны Амакеі крык.

Дзікая лютуе хеўра:
— Дай дзіця альбо памры!
— Вы спярша мяне забіце!
Не аддам дзіця, звяры!

Я не здраджу абяцанню,
Што б мне гнеў ваш ні прынёс,
Не пакіну я дзіцятка,
Раздзялю і боль, і лёс.

— Як не можа з ім расстацца —
Паяднайма ў смерці іх.
Коса, коп’і падрыхтуйце,
Біце, біце іх дваіх!

У далінах Аматолы
Толькі сіверу выццё,
Што ўначы пяе чароту:
— Баю-баю, спі, дзіцё...


пераклад з афрыкаансГанна Янкута


Каментар

 

У канцлагеры

 

O, pazienza, pazienza, che tanto sostieni — Рай, песня ХХІ, 135. Дакладней так:
O, pazienza, che tanto sostieni!

 

Алівал-Норт — горад ва Усходне-Капскай правінцыі, дзе падчас Другой англа-бурскай вайны ангельцы зрабілі канцлагер, далёка не адзіны ў Паўднёвай Афрыцы. Пасля некалькіх гадоў ваеннай кампаніі ніхто не мог перамагчы, бо бурам, якіх было менш за ангельскіх салдат, з іх абсалютнай пагардай да тактыкі і правілаў вядзення вайны, немагчыма было даць рады (дарэчы, менавіта пасля гэтай вайны, спачатку ў брытанскіх афіцэраў, а потым і ў многіх іншых краінах, з'явілася прыкмета не прыкурваць траім ад адной запалкі: лічылася, што ў цемры, даючы прыкурыць першаму, выдаеш сваю пазіцыю, прыкурваючы другому, даеш магчымасць буру прыцэліцца, прыкурваеш сам — бур страляе). Ангельцы пачалі заганяць у канцлагеры жанчын, дзяцей і старых, і каля 40 тысячаў з іх у гэтых лагерах загінула. Сам тэрмін “канцэнтрацыйны лагер” з’явіўся падчас гэтай вайны. 31 траўня 1902 году буры падпісалі мірную дамову.

 

Ружа

Верш прысвечаны памяці Леці Конрадзі, жонкі А. Г. Вісэра, якая памерла неўзабаве пасля нараджэння іх трэцяга дзіцяці.

 

Амакея

У 1770-х белыя пасяленцы дайшлі да межаў уладанняў коса, і паміж імі пачалася вайна, што доўжылася амаль 100 гадоў, у выніку якой коса былі зваяваныя (у 1856 годзе яны, паверыўшы прароцтву, забілі ўсю скаціну, і ад голаду памерла дзве траціны народа), а іх тэрыторыі ўвайшлі ў Капскую калонію. Дзеянне верша адносяць прыкладна да 1834 году (у гэты час канфлікт абвастрыўся): воіны коса спалілі ферму белых, забілі яе гаспадароў, але служанка-коса Амакея паспела збегчы і ўратаваць дзіця гаспадароў, а пасля адмовілася аддаваць яго на смерць і загінула разам з ім.

Пераклад з афрыкаанс – Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская © 2011

Чытайце таксама

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

2277