№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргій Жадан

Час працуе на нас

Вершы

Пераклад з украінскай Марыя Мартысевіч

Дэзертыры

(Дезертири)

Я пачну з таго, з чаго і мусіў пачаць, –
з прысвячэння ўсім, хто не дачакаўся
лепшых часоў, часоў, калі
ўсе папусцяцца і можна нарэшце
перавесці подых.
Але мёртвыя не пераводзяць подыху,
ага, дакладна не пераводзяць.

Ну, так добра ўсё пачыналася, так
марылася, што вось яшчэ
пару зімаў,
пару дэпрэсіяў,
пару званітаваных сэрцаў,
галоўнае – дацягнуць да трыццаткі,
а там ужо прасцей дыхаецца,
прасцей вядуцца разрахункі.

Галоўнае – дбаць пра сяброў, памятаць
усе п’яныя абяцанкі, што
даваліся са слязьмі і спевамі –
што вось, маўляў, выцягнем, прарвемся,
паставім гэтае жыццё ракам.
Ну і што – вось яно, жыццё.
Стаіць ракам.
Ніякага жадання.

Сябры зламаліся,
нібы першыя савецкія танкі,
і сумныя гэта былі смерці,
я і ворагам не пажадаю
такіх смерцяў,
пагатоў, што ворагі таксама
зламаліся,
нібы танкі.

І вось сёння,
калі ўвечары вецер прыносіць залеву,
нават няма каму патэлефанаваць,
засталося з дзесятак сяброў,
але што –
мае сябры п’юць,
у іх цяпер запоі,
такое ўражанне, што я
сябрую з нейкім
наркалагічным
дыспансэрам.

Застаюцца іхныя дзеці,
яшчэ іх дзеці. Зараз ім, зразумела,
тэлефанаваць таксама без понту,
але, чорт з імі – міне
нейкі час, і яны выйдуць на вуліцы
і адпомсцяць за сваіх
бацькоў.
А там, глядзі, і яны вернуцца –
усе дэзертыры, абкураныя цыркачы,
чувакі ў мундырах французскіх дабравольных корпусаў,
што патрулявалі дарогі
пад час балканскага канфлікту,
вернуцца хімікі і астраномы,
якія прапальвалі нябёсы над Дунаем,
усе чорныя геніі біржаў, заблуканыя душы,
усе эмігранты, якія спусташалі склады бундэсверу
ў восеньскіх палях,
уся гэтая бясконцая навала, згубленая ў часе,
абоз, які перахоўваўся
ад адной аблавы
да іншай.

І калі яны нарэшце выберуцца
на сушу,
о, калі яны выберуцца,
тады я не пазайздрошчу
інжынерам,
якія змагаюцца за нашыя душы.

Галоўнае, каб нам усім хапіла любові.
Галоўнае, каб нам усім хапіла жоўці.

Украіна для ўкраінцаў

(Украïна для украïнців)

Раней у гатэлі здаваліся пагадзінныя
пакоі, цяпер на рэцэпцыі вісіць шыльдачка «Пагадзінныя
пакоі больш не здаюцца», але ўсё адно адчуваецца –
бардэль бардэлем.
Пад вокнамі зранку тусяць арабы,
і туды-сюды
ходзіць
прастытутка,
якую аклікаюць раварысты –
пройдзе яшчэ раз
туды-сюды,
я яе таксама паклічу, Марыя, скажу, сястрычка, што за шняга,
хто сутыкнуў нас тварам у твар?

І вось яна
ходзіць
туды-сюды
пад колішнім бардэлем, нібы сірата, якая
памятае ў прынцыпе, дзе яны раней жылі,
але баіцца зрабіць памылку, таму ходзіць
туды-сюды
і займаецца
прастытуцыяй.

Да чаго я вяду? Памяць цела, толькі яна прымушае нас
цягацца ўсімі гэтымі арабскімі памыйкамі.

Гісторыя такая:
калі мне было пятнаццаць,
у горадзе, дзе я жыў, з’явіўся серыйны забойца.
Яны тады вельмі актыўна пачалі з’яўляцца –
серыйныя забойцы і кааператары,
далакопы сацыялізму,
іх тады ўсе ненавідзелі,
у сэнсе – кааператараў.

Наш серыйны забойца ездзіў роварам,
з’яўляўся з сакавіцкага туману і працінаў
сваіх ахвяраў
трафейным
нямецкім
штыхом.

У першую чаргу ён працінаў жанчын –
бездапаможных, безабаронных жанчын,
якія гулялі ў цёмных лясах,
брылі глухімі, замеценымі сцяжынкамі,
блукалі на паўночных могілках,
сядзелі каля барнай стойкі – п’яныя і размаляваныя,
зусім самотныя,
без ніжняй бялізны –
чамусь менавіта гэтых безабаронных жанчын
ён працінаў у першую чаргу,
а ўжо потым сядаў на свой ровар
і ехаў якраз на першую змену
на малаказавод.

І за тое, што яго ўсе баяліся
і рыхтавалі на яго
паляўнічыя стрэльбы і
машыну прапаганды,
я заўжды ўставаў на ягоны бок,
я думаў так: памяць цела – гэта клёва,
але вось вы шараёбіцеся сабе па крамах
і кінатэатрах,

а ён штовечар выходзіць за заводзкую прахадную
і сядае на сваю «Украіну» і імчыць дадому,
і следам за ім з-за рогу выскокваюць д’яблы,
на такіх самых «Украінах», і імчаць за ім у сакавіцкім тумане,
намагаючыся выхапіць з ягоных рук трафейны штых,
і ніхто з вас,
слабакі,
не бачыць гэтай
пякельнай пагоні, праз цішыню і морак,
гэтых чортавых абгонаў, ніхто з вас
не ўбачыць і не пачуе, як яны ляцяць на сваіх роварах
да пахмурнай брамы ночы.

А той, хто стаіць пад брамай
і чакае, чым скончыцца
іх пагоня,
не выходзіць з прыцемкаў,
стаіць, схаваўшыся ў цень, і думае так:

вось яны імчаць проста сюды,
шалёныя раварысты,
вершнікі апакаліпсісу.
Не так важна, хто з іх прыйдзе першым,
не так важна, зрэшты, хто з іх прыйдзе апошнім,
не так важна, ці даедуць яны ўвогуле.
Галоўнае – гэта страх, які
закладаецца пад языком
і не дае гаварыць праўду,
так, страх, – задаволена
паўтарае ён
і ідзе дадому,
правяраць мае
хатнія
заданні.

Chicago Bulls

(Chicago Bulls)

Харкаў, 2006 год. Напружаная
крымінагенная сітуацыя. З цяжкой прамысловасці
ў горадзе развіваюцца адно супермаркеты.

І вось, калі рынак перанасычаецца,
адна сетка супермаркетаў пачынае ваяваць
з іншай.

Закладаюцца першыя бомбы,
лунаюць першыя выбухі,
псуюцца тавары,
разарваныя памперсы лётаюць над касавымі
апаратамі, як індычкі.

У адной сетцы супермаркетаў
працуе мэнэджэрам дзяўчына, якую
ўжо даўно заябалі ўсе гэтыя супермаркеты,
але яна мусіць штодня, а восьмай,
прыходзіць на працу і гнісці
над распрацоўкаю чарговай
рэкламнай кампаніі
для
паленай
расійскай
гарэлкі.

У яе закаханы адзін з ахоўнікаў, стрыжаны
адбіты ахоўнік, які прыбягае
зранку ў хакейным швэдры чыкага булз, потым
апранае ўніформу і робіцца падобным да гея.

І ён пакутуе, а яна нават
не глядзіць на яго,
ён для яе толькі ахоўнік
у підарскай форме;
яна здае канкурэнтам усе коды доступу, адкрывае
ўсе карты, яна ўсё пралічыла і ўсё прадумала,
і калі канкурэнты падрываюць у яе супермаркеце
чарговую бомбу, яна незаўважна здымае касу
і намагаецца знікнуць.

Але убоп прабівае па сваіх каналах
яе тэлефонныя размовы і ўжо чакае яе на паркоўцы,
і калі яна намагаецца знікнуць на сваёй бэсе, яны
блакуюць выезд, прастрэльваюць ёй жывот і крычаць ахоўніку:
эй, ты, підар, давай – абыдзі яе
з іншага боку.

Але ахоўнік неспадзявана адкрывае па іх агонь,
заскоквае ў бэху, перацягвае яе на правае сядзенне і імчыць
разам з ёю ў нікуды.
Такая гісторыя.

І вось ты ідзеш па горадзе,
і ўсё, што табе трэба, –
проста нармальна патрахацца,
проста цяпер і проста тут,
хоць раз нармальна, пасля ўсяго гэтага мазгаёбства,
пасярод усёй гэтай крымінагеннай сітуацыі, сярод усіх
гэтых супермаркетаў, якія растуць, як грыбы,
забіраюць жыццёвыя сілы;
о, гэтыя супермаркеты, гэтыя канцлагеры
для бюджэтнікаў,
канвееры для лохаў.
Я БУДУ ЛАМАЦЬ КАСАВЫЯ АПАРАТЫ!
Я БУДУ ЛАМАЦЬ КАСАВЫЯ АПАРАТЫ!
ХОЦЬ БЫ РАЗ! ЗА ВЯЛІКІЯ ГРОШЫ!
ХОЦЬ БЫ З КІМ!!!

– Хто ты?
– Я хачу табе дапамагчы.
– Ты бог?
– Я твой антыкрызісны мэнэджэр.
– Што гэта ў цябе?
– Гэта быкі Чыкага. Яна вывезуць нас, каханая, з гэтага дыму.
Зорная ноч схавае нас ад пераследнікаў.

Зброя нам даецца на тое, каб абараняць адно аднаго.
Жыццё нам даецца на тое, каб
памерці разам.
Глядзі, якая глыбокая восень навокал,
нарэшце пачынае падаць снег.
Па вуліцы ідзе ціхая шчаслівая сям’я.

– О божа, што гэта такое белае? – захоплена пытае хлопчык.
– Гэта снег, – адказвае мама.
– Гэта гарачка, – адказвае тата.

Жыць з літаратуры

(Жити з літератури)


Калі-небудзь я пасмяюся з гэтага ўсяго –
о так, мы ўсе тады нарабілі столькі глупстваў,
жыццё змяняецца, мы
змяняемся разам з ім,
чыгунныя пласціны ў ключыцах спайваюць
косці намёртва, вось так
жывуць сапраўдныя паэты,
абрастаючы побытам, нібы тлушчам,
вось так паэты
кладуцца пад блядскую паэзію,
прадаюцца ёй, вось так
з нармальных мужыкоў
робяць паэтаў.

Калі-небудзь яна ўсё зразумее,
вядома, зразумее, што тут
разумець насамрэч –
рваныя мною кашулі,
пабіты ёю посуд,
вось так жывуць сапраўдныя паэты –
ані намёку на прыстойнасць,
прыстойнасць
прыдумалі
лібералы,
хай спачатку паспрабуюць жыць
як сапраўдныя паэты, ну, як яно –
шкада сябе? праўда ж,
шкада сябе? вось менавіта так
яны і жывуць – сапраўдныя паэты,
ага – менавіта так, сапраўднае жыццё,
сапраўдныя паэты.

Сапраўдныя слухачы,
тыя, хто слухае,
тыя, хто разумее, так – менавіта яны,
заўжды падтрымаюць і зразумеюць,
калі ты кажаш ім – госпад,
гэты пастух слабых, ён
памятае пра вас,
ён пастух, яму
што зіма, што лета –
адзін хуй, –
яны рэагуюць толькі на хуй.

Калі я кажу ёй – я
хачу з табой памерці,
яна слухае не да канца,
яна зусім нічога
не ведае пра смерць, так
жа, як і я нічога не ведаю
пра жыццё.

Калі-небудзь усё стане
на свае месцы.
Боль – панятак, што
залежыць ад часу,
а час працуе на нас.
Спаленыя знутры пакоі бардэляў,
менструальная кроў на рэвалюцыйных сцягах,
адсутнасць сумневаў,
адсутнасць успамінаў,
адсутнасць магчымасці нешта змяніць –
вось так жывуць сапраўдныя паэты,
вось так паміраюць сапраўдныя сволачы.

 

 

Марадона

(Марадона)


Той, хто прадаваў какаін Марадону,
і той, хто падносіў губку з воцатам,
і хто прабіваў дубас на мікрараёне,
ведаюць: жыццё – гэта штука з асадкам моцным.

Жыццё – гэта тое, чым ты пачнеш расплочвацца
ў канцы жыцця,
гэта кепскія прадчуванні, што пачынаюць здзяйсняцца,
гэта тое, чым ты вымушаны замарочвацца,
і дзеля чаго ты пагаджаешся прадавацца.

Тое, што ў цябе закладаецца замест агрэсіі,
тое, што мусіш выплаціць да апошняга цэнту,
жыццё – гэта бізнэс, на які ты не маеш ліцэнзіі,
бог – гэта мэнэджэр з аптэкі, які не прадасць табе без рэцэпту.

Жыццё – гэта як курс бакса, які ніхто не пралічыць,
гэта рахунак у банку, на які ты заўжды апіраешся.
І калі ты думаеш, што гэта цябе не датычыць,
то я думаю, што ты глыбока памыляешся.

Таму што кожнаму, хто ўкладаўся і ўпісваўся,
шчодра ўздасца нарэшце за кожны з траблаў,
за кожны з лістападаў, што на яго асыпаўся,
за цішыню і цемру, да якіх ён трапіў.

І павярнуўшыся да кожнага, з кім давялося трымацца
адных законаў
пад выгнутым небам адчаю вечнага,
я кажу – кожнаму з вас будзе чаго страмацца,
згадваючы пра мяне
і пра мае сведчанні.

Хто ведае, якім будзе працяг,
пасведчанне аб нараджэнні – часам адзіная згадка жыцця.

Большасць рэчаў нават не намагаешся паўтарыць.
Чым болей бачыў, тым меней хочацца пра гэтае гаварыць.

Веданне тэксту п’есы сядзець да канца не дае падставы.
Часта апошняе жаданне – жаданне ўсіх падставіць.

Як казаў Ісус, раскінуўшы рукі, –
Я шчэ вярнуся, сукі.

пераклад з украінскай – Віталь Рыжкоў

© Сергій Жадан, 2009.


Пераклад з украінскай – Марыя Мартысевіч © 2009

Чытайце таксама

Готфрыд Бэн

Готфрыд Бэн

Нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва, доктар медыцынскіх навук

Ладзіслаў Кліма

Ладзіслаў Кліма

Чэшскі празаік, паэт, драматург і перш за ўсё філосаф

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Хорас Ўолпал

Хорас Ўолпал

907