№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Леў у жаночым абліччы

Казкі народа коса

Збеглыя дзеці, або Чароўнае пёрка

(The Runaway Children or the Wonderful Feather)

 

Аднойчы ў часы голаду адна жанчына пакінула сваю хату і пайшла жыць у аддаленую вёску, дзе зрабілася людажэркай.

У жанчыны быў адзіны сын, якога звалі Магода. Яна паела ўсіх людзей у вёсцы, так што засталіся толькі яна з сынам. Потым ёй давялося паляваць на жывёл, але яна па-ранейшаму хапала людзей, як надарыцца. На паляванні яна навучылася бегаць так шпарка, што ніхто не мог ад яе ўцячы.

Яе брат, што застаўся дома, калі яна сышла ў іншую вёску, меў дзвюх дачок, з якімі абыходзіўся не вельмі ласкава. Аднойчы ён паслаў іх на рэчку па ваду, даўшы кожнай гладыш. Гэтыя гліняныя гладышы былі найпрыгажэйшымі і найкаштоўнейшымі ва ўсёй вёсцы. Адна з дзяўчат спатыкнулася аб камень і разбіла свой гладыш. Яна не ведала, што рабіць далей, бо баялася вяртацца да бацькі. Дзяўчынка села і заплакала, але гэта ёй не дапамагло, бо гладыш не стаў цэлым.

Тады яна сказала сваёй сястры: “Давай пойдзем куды ў іншыя мясціны, дзе бацька не зможа нас знайсці”. Яна пераканала сястру, бо была малодшай і разумнейшай за яе. І пайшлі яны далей ад дому, і два дні нават росачкі ў губе не мелі. Ішлі яны, ішлі і ўбачылі ўдалечыні агеньчык, і пайшлі ў тым кірунку, пакуль не ўбачылі хатку. Там жыла іхная цётка, але гэтага яны не ведалі. Дзяўчаткі баяліся зайсці ў хату, але выйшаў Магода і загаварыў з імі. Калі ён пачуў, хто яны, то пашкадаваў іх, і расказаў, што іх цётка людажэрка і што ім не варта заставацца. Але тут яны пачулі яе крокі, і сястрычкі схаваліся ў хаце Магоды (Магода з маці жылі паасобку).

Жанчына зайшла ў хату Магоды і сказала: “Я чую цудоўны пах! Што гэта, сынку?” Магода адказаў, што нікога няма. Яна ізноў паўтарыла: “Я ўпэўненая, што чую пах тлусценькіх дзетак”. Але ў хату не зайшла, і дзяўчаткі змаглі перачакаць гэтую ноч.
Наступным ранкам Намагода (якую так звалі, бо яна была маці Магоды) пайшла на паляванне. Але яна не адыходзіла далёка ад хаты, і дзеці не маглі збегчы. Яны зайшлі ў яе хату, дзе ўбачылі чалавека з адной рукой, адным бокам і адной нагой.

Чалавек сказаў ім: “Бачыце, людажэрка з’ела частку мяне. Ратуйцеся”.

На змярканні Намагода вярнулася дахаты і прынесла некалькі забітых ёю жывёлаў. Жанчына пачула пах дзяцей, што хаваліся ў хаце, і пайшла да сына.

Яна сказала Магоду: “Чаму ты не дасі мне кавалачак? Ці ж я не лаўлю табе жывёл?”

Убачыўшы дзяцей, яна вельмі ўзрадавалася, павяла іх у сваю хату і загадала класціся спаць. Дзеці леглі, але былі занадта напужаныя, каб заснуць. Яны пачулі, як іх цётка прыгаворвае: “Сякера, вастрыся! Сякера, вастрыся!” І дзяўчаткі, каб яна бачыла, што яны не спяць, размаўлялі пра жамяру, якая іх кусала.

Неўзабаве людажэрка пайшла спаць. Тады дзеці хуценька выйшлі з хаты, а малодшая паклала два паленцы на іх месца.

Дзяўчаткі беглі з усіх ног. Калі Намагода прачнулася, то ўзяла сякеру і пайшла была забіваць дзяцей, але сякера ўторкнулася ў дрэва.

Калі развіднела, людажэрка кінулася даганяць дзяцей. Азірнуўшыся, дзяўчаткі ўбачылі аблокі пылу, якія падымала жанчына. І тут яны ўбачылі перад сабой дрэва, і паспяшаліся ўскараскацца на яго, і селі сярод галінаў. Намагода падбегла да дрэва і пачала яго секчы. Але як упала першая трэска, птушка Нтэнгу заспявала:


                         Нтэнгу, Нтэнгу
                         Трэскі, трэскі, прырастайце,
                         Трэскі, трэскі, прырастайце,
                         Трэскі, хутчэй.

Пасля гэтага ўсе трэскі вярнуліся на месцы, і дрэва ізноў зрабілася цэлым. Так паўтарылася тройчы, і раз'юшаная Намагода схапіла птушку і праглынула. Калі жанчына заглынала птушку, адно з пёркаў упала долу. Пасля гэтага Намагода пачала ізноў секчы дрэва. Але як толькі паляцелі трэскі, пёрка заспявала:


                         Нтэнгу, Нтэнгу
                         Трэскі, трэскі, прырастайце,
                         Трэскі, трэскі, прырастайце,
                         Трэскі, хутчэй.

І трэскі зноў хуценька вярнуліся на сваё месца. Людажэрка секла дрэва, пакуль не стамілася, але пёрка працягвала яго ахоўваць. Тады Намагода паспрабавала злавіць пёрка, але яно лётала вельмі хутка вакол яе, пакуль жачына не ўпала, знясіленая, на зямлю пад дрэва.

Дзеці, што сядзелі ў галлі, маглі бачыць далёка вакол. І калі яны прыгледзеліся, то бачылі сабакаў, вялікіх, як цяляты, і пазналі сабакаў бацькі, што іх шукаў. Яны паклікалі сабакаў, і тыя падбеглі да дрэва і з’елі людажэрку, якая была занадта стомленай, каб уцячы.

Так дзеці і выратаваліся. Бацька так узрадаваўся, што дараваў ім пабіты гладыш і ўцёкі з хаты.

 

пераклад з ангельскайНастасся Буйко і Кастусь Міхалевіч



Леў у жаночым абліччы

(Lion Who Took A Woman's Shape)

 

Расказваюць, што аднойчы некалькі жанчынаў пайшлі па карэньчыкі, зёлкі і іншую дзікую ежу. Па дарозе назад яны прыпыніліся і сказалі адна адной: “Давайце разам пакаштуем ежы, што дала нам зямля”. І выявілася, што ежа, назбіраная адной з іх, салодкая, а ў астатніх — горкая. І жанчыны сказалі адна адной: “Глядзі! Зёлкі, што назбірала гэтая Жанчына, салодкія”. І загадалі ёй: “Павыкідай гэта і шукай іншае”. Жанчына выкінула назбіранае і зноўку выправілася на пошукі ежы. Калі яна сабрала даволі, то вырашыла дагнаць астатніх, але знайсці іх ужо не здолела. Тады яна пайшла да ракі, дзе чэрпаў ваду Заяц. Кабета звярнулася да яго: “Заяц, дай трошкі вады, каб мне спатоліць смагу”. Але той адказаў: “Гэта сасуд, з якога толькі мой дзядзька Леў ды я можам піць”.

Тады яна зноў папрасіла: “Заяц, набяры вады, каб мне спатоліць смагу”. Але Заяц і гэтым разам ёй адмовіў. Тады Жанчына выхапіла ў яго сасуд і пачала піць, а Заяц пабег дадому скардзіцца свайму дзядзьку на несправядлівасць.

Жанчына тым часам вярнула сасуд на месца і пайшла прэч. Калі яна сышла, прыйшоў Леў. Ён пабачыў Жанчыну воддаль і пачаў наганяць яе. Калі тая азірнулася і пабачыла, што Леў набліжаецца, то заспявала гэтак:


                         А мая маці не вялела зёлкі збіраці,
                         Зёлкі-вясёлкі збіраці. Ой, мая маці!

Калі Леў дагнаў Жанчыну, яны пачалі паляваць адзін на аднаго вакол кустоўя. Яна насіла шмат пацерак і бранзалетаў, і Леў сказаў: “Дай мне іх памераць!” Жанчына дала яму памераць упрыгожанні, але той адмовіўся вяртаць іх назад.

Тады яны зноўку пачалі паляваць адзін на аднаго вакол кустоўя, і палявалі да таго часу, пакуль Леў не паваліўся на зямлю. Тады Жанчына ўскочыла на яго, але той пачаў замаўляць:


                         Цётухна ж мая! А то ўжо ранне,
                         Сонейка ўзышло, і ты ўстань з мяне!

Яна ўзнялася і пусціла Льва, і яны зноўку палявалі адзін на аднаго вакол кустоўя, пакуль ужо Жанчына не ўпала долу. Тады Леў наскочыў на яе, але тая загаварыла:


                         Дзядзюхна ж ты мой! А то ўжо ранне,
                         Сонейка ўзышло, і ты ўстань з мяне!

І ён, вядома, узняўся, і яны зноў палявалі адзін на аднаго, пакуль Леў не ўпаў другі раз. Тады Жанчына наскочыла на яго, але той зноў вымавіў:


                         Цётухна ж мая! А то ўжо ранне,
                         Сонейка ўзышло, і ты ўстань з мяне!

Яны ўзняліся зноў і палявалі адзін на аднаго. Нарэшце Жанчына павалілася з ног. Але калі яна хацела паўтарыць заклён, Леў выгукнуў:


                         Ці ж гэта ранне? Узнімацца? Не!

І з’еў яе. Еў вельмі асцярожна, каб не пашкодзіць скуру, якую пасля надзеў разам з сукенкай і ўпрыгожаннямі стаў выглядаць зусім як жанчына. І Леў выправіўся ў крааль, дзе яна жыла.

Калі гэтая фальшывая жанчына прыйшла дамоў, яе маленькая сястрычка, плачучы, сказала: “Сястра мая, налі мне трошкі малака”. Тая адказала: “Не атрымаеш ні кропелькі”. Тады Дзіця звярнулася да іхнай Маці: “Матуля, налі мне трошкі малака”. Маці адказала: “Ідзі да сваёй сястры, хай яна гэта зробіць”. Дзіця зноўку пачало прасіць у сястры: “Калі ласка, налі мне малака!”. Але Жанчына зноўку ёй адмовіла, кажучы: “Абыдзешся”. Тады Маці сказала Дзіцяці: “Я забараніла тваёй сястры збіраць зёлкі. Не ўяўляю, што магло адбыцца. Ідзі да Зайца і папрасі яго наліць табе малака”.

Заяц даў Дзіцяці трошкі малака, але старэйшая сястра сказала: “Хадзі сюды і падзяліся са мной”. Дзіця паднесла да сястры бамбукавы сасуд, і яны абедзве пачалі піць малако. Пакуль яны пілі, колькі кропляў малака пралілося Дзіцяці на руку. Старэйшая сястра злізала кроплі языком, але той быў такі шурпаты, што на скуры ў Дзіцяці выступіла кроў. Тую кроў Жанчына таксама злізала.

Дзіця расказала пра гэта Маці: “Матуля, сястра пракусіла мне руку і смокча кроў”. Маці вымавіла ў адказ: “Адкуль жа ў тваёй сястры гэткі львіны нораў? Ці ж не прыдбала яна яго, калі хадзіла забароненым мною шляхам?”.

Вярнуліся Каровы, і старэйшая сястра памыла вёдры, каб падаіць іх. Яна хацела звязаць ім пярэднія ногі раменьчыкам, але жывёлы не падпусцілі яе да сябе.

Заяц запытаў: “Чаму ты не падыдзеш да Кароваў?” Яна адказала: “Заяц, пакліч свайго брата і падыдзіце да Кароваў разам”. Яе муж здзівіўся: “Што з ёй сталася, што Каровы баяцца яе? Гэта ж тыя самыя Каровы, якіх яна заўсёды даіла”. А Маці вымавіла: “Што здарылася гэтым вечарам? Гэта ж Каровы, якіх яна заўсёды даіла без аніякай дапамогі. Што на яе найшло, што яна вярнулася дадому жанчынай з ільвінымі норавам?”

А старэйшая дачка сказала сваёй Маці: “Я не буду даіць Кароваў”. І сказаўшы так, яна села. Маці тады звярнулася да Зайца: “Прынясі мне бамбукавыя сасуды, я сама падаю. Не магу зразумець, што сталася з дзеўкай”.

Маці сама падаіла Каровы, а калі скончыла, Заяц аднёс кубкі ў дом маладой жанчыны. Муж яе быў дома, але яна нічога не зрабіла яму паесці. Калі ж надышла ноч і яна заснула, усе пабачылі пасмачку львіных валасоў, што слізганула па яе скуры. І ўсе ўсклікнулі: “Гэта ж зусім іншая плоць! Вось чаму Каровы не падпусцілі яе да сябе”.

Тады людзі з усяго крааля пачалі акружаць хаціну, дзе спаў Леў. Скідаючы дываны, яны прамаўлялі гэткае закляцце: “Калі прыхільнасць тваю маю, Дыване, скажы “тс-с-с”.

Закліналі яны і жардзіны, на якіх стаяла хата: “Калі прыхільнасць тваю маю, Жардзіна, скажы “тш-ш-ш”.

Гэтак жа яны ўлагодзілі бамбукавыя сасуды і ложак.

І вось гэтак, патроху і не робячы шуму, яны перанесці хаціну і ўсё, што ў ёй было, на іншае месца. Тады людзі ўзялі галінак і сухой травы, паклалі іх на Льва і запалілі, прамаўляючы: “Калі прыхільнасць тваю маю, Агменю, палыхні мацней, як дойдзеш да сэрца”.

І калі агонь падабраўся да самага сэрца, то моцна палыхнуў, і сэрца Жанчыны выскачыла на зямлю. Маці падабрала яго і паклала ў калебас.

Леў з агню сказаў Маці: “Есці тваю дачку было вельмі прыемна”. Маці ж адказала: “Месца, у якім ты цяпер, таксама вельмі ўтульнае”.

Доўгі час Жанчына збірала ў Кароваў першае малако, якое давалі яны пасля таго, як цяліліся. Яна ліла малако ў калебас, дзе ляжала сэрца яе дачкі. Калебас паволі павялічваўся, і разам з ім унутры пачало расці дзяўчо.

Аднойчы, калі Маці пайшла па дровы, яна сказала Зайцу: “Пакуль я буду хадзіць, ты мусіш усё пачысціць і прыбраць”. Але ў яе адсутнасць Дзяўчына выбралася з калебаса і прывяла дом да парадку, як рабіла раней. Яна сказала Зайцу: “Калі Маці прыйдзе назад і спытае: “Хто зрабіў усё гэта?” — ты мусіш адказаць: “Я зрабіў”. І схавалася.

Калі Маці вярнулася дадому, то спытала: “Заяц, хто ўсё гэта зрабіў? Усё выглядае так, нібыта мая дачка зрабіла гэта”. Заяц сказаў: “Гэта ўсё я зрабіў”. Але Маці не паверыла і зазірнула ў калебас. Пабачыўшы, што калебас пусты, яна пачала шукаць і нарэшце знайшла сваю дачку, абняла яе і пацалавала. З таго дня дзяўчына стала жыць са сваёй Маці і рабіла ўсё як і раней, але так ніколі і не выйшла замуж.

 

пераклад з ангельскайМарыся Маркевіч



Казка пра дзяўчыну і мбулу

(The Story of the Girl and the Mbulu)

 

Жыла некалі ўдавіца, што мела сына і дзвюх дачок. Аднаго дня пайшла яна ў сад пагаварыць з адной дачкой. Пакуль яе не было, хлопчык пасварыўся з другой сваёй сястрою і забіў яе.

Тым часам жанчына паслала дзяўчыну, што была з ёю, у хату, а калі тая ўвайшла, муха расказала ёй, што здарылася. Але яна не паверыла.

Пасля тое ж самае расказала мыш, але яна і тады не паверыла, што гэта праўда.

Тады муха прапанавала ёй зазірнуць у пэўнае месца, дзе яна пабачыла галаву і косці сваёй сястры.

Калі жанчына прыйшла дахаты і даведалася, што здарылася, то забіла свайго сына. Пасля яна дала дзяўчыне дубчык і загадала ісці да дзядзькавага дому, а калі прыйдзе — стукнуць дубчыкам па зямлі, і тады ўся вопратка і іншыя рэчы, якія ёй належаць, з зямлі вырастуць. Жанчына прамовіла, што цяперака яна зусім адна і збіраецца забіць сябе.

Дзяўчына вельмі засмуцілася, але выканала ўсё, што загадала маці. Калі яна крыху адышла, то азірнулася і пабачыла дым, што ішоў ад хаты. Яна зразумела, што яе маці спаліла сябе і больш не ходзіць па зямлі.

Яна сустрэла бабульку, што клікала яе, але дзяўчына не звярнула ўвагі і прайшла міма. Потым каля рэчкі яна ўбачыла мбулу. Мбулу сказала, што калі хтосьці замачыў вадою хоць якую частку цела, пераходзячы рэчку, то трэба ўвайсці ў яе і выкупацца. Дзяўчына стаяла на беразе, а мбулу біла па вадзе хвастом і пырскала ёй у твар. Вось так дзяўчыне давялося ўвайсці ў раку і выкупацца. А мбулу забрала яе вопратку і надзела сама.

Калі дзяўчына выйшла з ракі, то запатрабавала вопратку назад, але мбулу адказала: “Я вярну яе табе, калі высахнеш”.

І яны пайшлі далей разам. Праз нейкі час дзяўчына зноў папрасіла вопратку, а мбулу адказала: “Вярну, калі дойдзем да вёскі”.

Але калі яны прыйшлі, мбулу сказала: “Ты павінная паведаміць усім, што ты — мая служанка, а я — дачка правадыра”.

Бядачка была настолькі спалоханая, што паабяцала ўсё выканаць. Іх добра прынялі ў вёсцы, бо людзі верылі, што мбулу — высакародная асоба. Яны дзівіліся яе голасу, але тая тлумачыла, што хварэла, і з горлам у яе яшчэ не ўсё добра.

Праз нейкі час адзін з хлопцаў таго крааля ажаніўся з мбулу, а дзяўчыну адправілі ў агароды ганяць птушак. За гэтым заняткам яна часам спявала, як мбулу забрала яе вопратку і цяпер прыкідваецца чалавекам. І аднойчы жанчына, што працавала ў агародах, пачула гэтую песню.

Яны прыдумалі, як выявіць, ці праўду спявае дзяўчына. Яны сказалі: "Хвост мбулу захоча мышэй і сала", — і паставілі пастку на мыш. Уначы хвост паляваў на мыш і апынуўся ў пастцы. Нараніцу мбулу папрасіла мужа схадзіць па лекі, бо яна блага сябе адчувае. А як толькі муж пайшоў з хаты, зняла пастку.

Тады яны прыдумалі новы спосаб. Яны сказалі: "Хвост мбулу будзе шукаць малако", — і выкапалі яміну, пакінулі там малако і запатрабавалі, каб кожны вясковец пераскочыў гэтую яміну. Мбулу спачатку заўпарцілася, але яе прымусілі. Яна паспрабавала хуценька пераскочыць яміну, але хвост не змог абмінуць малако. Калі ён патануў, людзі зразумелі, што гэта мбулу, забілі яе і пахавалі ў той самай яміне.

Хлопец, што быў жанаты з мбулу, узяў за жонку дзяўчыну. У яе нарадзілася дзіця, і аднойчы, калі яно гуляла ў двары, з зямлі на тым месцы, дзе была пахаваная мбулу, выскачыў квадратны гарбуз і паспрабаваў забіць малое. Але людзі пасеклі гарбуз на кавалкі і спалілі іх. Потым яны кінулі попел у раку, і ад мбулу больш нічога не засталося.

 


 

Мбулу — казачная істота, у існаванне якой цвёрда вераць малыя плямёны. Яна можа прымаць чалавечае аблічча, але не можа пазбавіцца свайго хваста. Адна з яе асаблівасцяў — тое, што яна ніколі не скажа праўды, калі ёсць магчымасць схлусіць.

 

пераклад з ангельскайКастусь Міхалевіч



Казка пра Пяцігаловага

(The Story of Five Heads)

 

Жыў-быў аднойчы чалавек, у якога было дзве дачкі, досыць дарослых, каб пайсці замуж.

Аднаго дня чалавек гэты прыйшоў праз рэчку да вёскі, дзе жыў вялікі правадыр. Людзі папрасілі яго расказаць ім навіны. Ён адказаў, што там, адкуль ён прыйшоў, нічога новага не адбылося. і пацікавіўся навінамі з іхнага краю. Тыя адказалі, што іхны правадыр жадае ўзяць сабе жонку.

Чалавек вярнуўся дахаты і спытаў сваіх дачок: "Каторая з вас хоча быць жонкай правадыра?"

Старэйшая адказала: "Я хачу быць жонкай правадыра, бацька мой". Імя гэтай дзяўчыны было Мпунзіказі.

Бацька патлумачыў: "У вёсцы, якую я наведаў, правадыр жадае сабе жонку. Табе, дачка мая, варта пайсці".

Ён склікаў усіх сваіх сяброў, сабраў вялікі гурт, каб ісці з ягонай дачкой у вёску правадыра. Але дзяўчына нікому не дазволіла ісці за ёю.

Яна сказала: "Я пайду адна і стану жонкай правадыра".

Яе бацька адказаў "Як можаш ты, мая дачка, казаць такое? Ці ж не належыць дзяўчыну, што ідзе паказвацца будучаму мужу, суправаджаць? Не будзь такое дурненькай, дачка мая".

Але дзяўчына ўсё адно казала: "Я пайду адна і стану жонкай правадыра".

Тады бацька дазволіў ёй рабіць усё, як яна хоча. Яна пайшла адна, і ніякая вясельная дружына не суправаджала яе да вёскі правадыра, што хацеў жонку.

Па дарозе Мпунзіказі сустрэлася мыш.

Мыш спытала: "Паказаць табе дарогу?"

Дзяўчына адказала: "Сыдзі прэч з маіх вачэй".

Мыш папярэдзіла: "Будзеш сябе гэтак паводзіць — не спаткаеш шчасця".

Потым яна сустрэла жабку.

Жабка спытала: "Паказаць табе дарогу?"

Мпунзіказі адказала: "Ты не вартая таго, каб са мной размаўляць, бо я збіраюся стаць жонкай правадыра".

Жабка адказала: "Тады ідзі далей, пабачыш, што будзе".

Калі дзяўчына адчула стому, то прысела ля дрэва адпачыць. Хлопчык, які пасвіў козаў непадалёк, падышоў да яе, бо быў вельмі галодны.

Хлопчык спытаў: "Куды ідзеш, мая старэйшая сястрыца?"

Мпунзіказі злосна адказала: "Хто ты такі, каб размаўляць са мной? Ідзі прэч!"

Хлопчык прамовіў: "Я вельмі галодны, дай мне трохі паесці".

Яна адказала: "Зараз жа ідзі прэч!"

Хлопчык папярэдзіў: "Калі будзеш сябе гэтак паводзіць, не вернешся назад".

Дзяўчына пайшла далей і сустрэлася з бабулькай, што сядзела ля вялікага каменя.

Бабулька прамовіла: "Дам табе параду. Ты сустрэнеш дрэвы, што будуць смяяцца з цябе. Табе нельга смяяцца ў адказ. Ты пабачыш бурдзюк з тлустым малаком. Табе нельга есці з яго. Ты сустрэнеш чалавека з галавой пад пахай. Табе нельга браць у яго вады".

Мпунзіказі адказала: "Ах ты пачвара! Ды хто ты такая, каб даваць мне парады?"

Але бабулька працягвала гаварыць.

Дзяўчына пайшла далей. Яна падышла да месца, дзе было шмат дрэваў. Дрэвы смяяліся з яе, а яна смяялася з іх у адказ. Яна пабачыла бурдзюк тлустага малака і паела з яго. Яна сустрэла чалавека, што нёс сваю галаву пад пахай, і ўзяла ў яго вады папіць.

Яна падышла да ракі, за якою была вёска правадыра, і ўбачыла дзяўчыну, што чэрпала адтуль ваду. Тая спытала: "Куды ты ідзеш, мая сястрыца?"

Мпунзіказі адказала: "Хто ты такая, каб называць мяне сястрой? Я іду, каб стаць жонкай правадыра".

Дзяўчына, што цягала ваду, была сястрой правадыра. Яна адказала: "Я дам табе параду. Не ўваходзь у вёску з гэтага боку".

Мпунзіказі не стала слухаць і пайшла далей.

Калі яна прыйшла ў вёску правадыра, людзі спыталі, адкуль яна і чаго жадае.

Яна адказала: "Я прыйшла, каб стаць жонкай правадыра".

Яны здзівіліся: "Дзе ж такое бачылі, каб нявесту ніхто не суправаджаў?”

І дадалі: "Цяпер правадыра тут няма. Ты мусіш прыгатаваць яму ежу, бо калі ён увечары прыйдзе, то захоча есці".

Яны далі ёй змалоць проса, і яна змалола яго вельмі груба і спякла вельмі нясмачны хлеб.

Увечары ўсчаўся моцны вецер. Гэта значыла, што вяртаецца правадыр. Ён быў вялізным змеем з пяццю галовамі і агромністымі вачыма. Пабачыўшы яго, Мпунзіказі вельмі спалохалася. Ён сеў ля дзвярэй і загадаў ёй прынесці вячэру. Яна прынесла хлеб, што спякла. Маканда Маглану (што значыць Пяцігаловы) быў вельмі незадаволены. Ён сказаў: "Не будзеш ты маёй жонкай", ляснуў па ёй хвастом і забіў.

Неўзабаве сястра Мпунзіказі сказала бацьку: "Я таксама хачу быць жонкай правадыра".

А бацька адказаў: "Правільна, дачушка. Добра, што ты хочаш замуж".

Ён склікаў усіх сваіх сяброў, і вялікая працэсія сабралася суправаджаць нявесту. Імя дзяўчыны было Мпунзан'яна.

Па дарозе яны сустрэлі мыш.

Мыш спытала: "Паказаць вам дарогу?"

Мпунзан'яна адказала: "Калі пакажаш, я буду радая".

Тады мыш паказала дарогу.

Яна дайшла да даліны, дзе пабачыла бабульку, што стаяла побач з дрэвам.

Бабулька сказала ёй: "Ты прыйдзеш да месца, дзе разыходзяцца дзве сцежкі. Выбірай вузейшую, бо калі ты абярэш шырокую, падарожжа не скончыцца ўдала.

Мпунзан'яна адказала: "Я абяру вузейшую сцежку, маці мая". І пайшла далей.

Потым яна сустрэла трусіка.

Трусік сказаў так: "Вёска правадыра ўжо недалёка. Ты сустрэнеш дзяўчыну каля рэчкі. Размаўляй з ёй ветліва. Яны дадуць табе змалоць проса. Ты мусіш змалоць яго добра. Калі пабачыш свайго мужа, не палохайся".

Яна адказала: "Зраблю, як ты кажаш, трусік".

Каля рэчкі яна сустрэла сястру правадыра, што цягала ваду.

Тая спытала: "Куды ідзеш?"

Мпунзан'яна адказала: "Я ўжо прыйшла".

Сястра правадыра спытала: "Што прывяло цябе сюды?"

Мпунзан'яна адказала: "Я іду з вясельнай дружынай".

Сястра правадыра прамовіла: "Добра, а ты не спалохаешся, як пабачыш свайго мужа?"

Мпунзан'яна адказала: "Не спалохаюся".

Сястра правадыра паказала хату, дзе ёй належала застацца. Усіх гасцей накармілі, а маці правадыра ўзяла проса і дала яго нявесце са словамі: "Ты мусіш згатаваць ежу свайму мужу. Яго цяпер няма, але ён прыйдзе ўвечары".

Увечары яна пачула вельмі моцны вецер, што разгайдаў хаціну. Слуп паваліўся, але яна не стала ўцякаць. Тут яна пабачыла правадыра Маканда Маглану на ўваходзе. Ён папрасіў есці. Мпунзан'яна ўзяла хлеб, які яна спякла, і дала яго правадыру. Таму ежа вельмі спадабалася, і ён сказаў: "Ты будзеш маёй жонкай". І падараваў ёй вельмі шмат упрыгожанняў.

Маканда Маглану ператварыўся ў чалавека, і Мпунзан'яна стала яго любімай жонкай.

 

пераклад з ангельскайКастусь Міхалевіч

Чытайце таксама

Крысціян К'ельструп

Крысціян К'ельструп

Рэдактар выдавецтва Aschehoug і літаратурна-палітычнага часопіса Samtiden.

Ганна Сілівончык

Ганна Сілівончык

Беларуская мастачка

Вітаўтас Дэкшніс

Вітаўтас Дэкшніс

Літоўскі паэт і перакладчык з розных славянскіх моў, у тым ліку з беларускай

Эльфрыдэ Елінэк

Эльфрыдэ Елінэк

Аўстрыйская пісьменніца, паэтка, эсэістка, драматург, літаратурны крытык. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2004).

213