№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Лешак Энгелькінг

І што яшчэ горай, няма ніякай дарогі...

Вершы

Пераклад з польскай Андрэй Хадановіч

Дэтэктыў

(Detektyw)


Ніякі не Шэрлак і не дэтэктыў Шэрпа —
капітан Шэршань,
а можа, ужо камісар,
або крымінальны радца,
капітан першага рангу —
плыве па mare tenebrarum.
Ходзіць па вуліцах,
шукае le mot juste,
шукае сапраўднае месца,
сапраўдных асобаў,
сапраўдных прыладаў,
сапраўднае маскі.
Кружыць па вуліцах,
уваходзіць у брамы,
падворкі,
пад’езды,
чытае спісы жыхароў,
таблічкі на дзвярах
і надпісы на сценах,
разграбае старыя нататкі,
рыецца ў смецці,
збірае недапалкі,
пажоўклыя білеты
на трамвай, у кіно, у оперу, у музей,
завялыя квіткі,
сапсаваныя цацкі,
лісты, паштовыя карткі,
гукавыя паштоўкі,
водгулле даўняга рэха,
рыфмы да колішніх смакаў,
разглядае адбіткі пальцаў,
абрысы раслінаў на вугалі,
сляды памады на шклянках,
паводзіць носам,
натапырвае вушы.
Le commisaire Frelon
(павінен мець скутар “vespa”).
Il cherche.
Il cherche le temps perdu.
Il cherche le temps juste.



Тут

(Tutaj)


Тут у скверы калісьці быў Дзікі Захад,
а шэрыф Ўает Эрп наводзіў парадак;
тут у прысадах за могілкамі дзяўчына-
недаткнёнка ператварылася ў дрэва
і, застыўшы на месцы, дагэтуль яшчэ бяжыць;
тут, у куце тэкстыльнае крамы
на Глівіцкай, сваю павуціну ткала Арахна;
тут па Вакзальнай вуліцы з белым посахам
крочыў Эдып, паклаўшы руку на плячо дачцэ;
тут у паркавай сажалцы авалодаў
Ледаю лебедзь; тут з залатой галінай
цераз вентыляцыйную шахту капальні
ў падземнае царства ўвайшоў Энэй;
тут у арцы на Кнайфельдзе двое мужчынаў
нож заганялі ў трэцяга, той яшчэ
прамармытаў: “І ты…”;
тут на адвале аднойчы вырас
куст, які ўвесь заняўся агнём,
загаварыўшы на мове полымя;
тут паблізу разбуранае сінагогі,
мабыць, чакае схаваны голем,
а побач — шэм;
тут менавіта адным з вечароў
стары прафесар ліцэя
прадаў душу;
тут, несумненна дзесь тут
можна знайсці
ομφαλός.



Амаркорд

(Amarcord)


Помню воданапорную вежу паблізу старое чыгункі,
помню стук капытоў аб вулічную брукаванку,
помню ліхтарніка, што запальваў газавыя ліхтары,
помню крыкі: “Купляяяю старыыызну!”,
помню таполі да неба ля стадыёна,
помню Арабі, каторы жыў на адвале,
помню канцэрты трамваяў перад універмагам,
помню кавярню “Людова” з яе ўсё больш падагрэтаю піяністкай
(але якар нотаў трымаў, бо “толькі аматары граюць па слыху…”),
помню “Кнігарню Пісьменніка”, часам у сне не магу туды трапіць,
помню таго букініста, які ўсё мае “на шкладзе”,
помню бровар і шапік з півам — той, на вакзальным пероне,
помню дзявочыя смочкі, якія нахабна тырчалі з-пад блузкі
на вуліцы Падгурнай, што вар’яцела ад спёкі,
помню кінатэатры — “Балтыка”, “Шлёнск” і “Мір”,
кінатэатр “Світанак” помню таксама.
Стужка запісвала ўсё,
круцілася ручка ў камеры.
Калі ж паказаць цяпер —
адно размытыя кадры.
Io mi ricordo.



На дарозе

(Na drodze)


На дарозе ў горад
сядзіць сфінкс
і, хто б сумняваўся,
загадвае ўсім загадкі.
Паколькі зараз тыдзень аховы сфінксаў,
я з ім спрабую дамовіцца:
“Прапусці мяне
без загадак,
ты ж ведаеш, для аднаго з нас
гэта скончыцца кепска,
і штосьці падказвае мне,
што гэта буду не я”.
Але я прашу дарэмна,
яго ўжо няма.
І што яшчэ горай,
няма ніякай дарогі.
А я паўтараю, як дурань:
άνθρωπος, άνθρωπος, άνθρωπος.



Пасланне

(Przesłanie)


Я зноў выязджаю з гораду,
дзе не знайшоў сябе.
На перон прыбывае хуткі,
але ён у іншы бок.
За паравозам паштовы вагон,
як калісьці даўно.
З яго выходзіць паштар
з тоўстай торбай на рамяні
і кажа з усмешкай:
“Вам ліст, шаноўны спадару!”
На канверце мой колішні адрас,
ды іншыя імя і прозвішча:

Эган Альтэр.
Канверт ледзь заклеены,
і хоць цягнік яшчэ на пероне,
я крадком зазіраю ў сярэдзіну —
і нічога не разумею:
“Ricardo Reis nasceu no Porto, em 1887.
Álvaro de Campos…”



Каментар:

Да верша “Дэтэктыў”

Mare tenebrarum — Мора цемры (лац.); так еўрапейцы называлі Атлантычны акіян. Мора цемры пачыналася за мысам Бажадор, які доўгі час у Еўропе лічылі скрайнім пунктам свету. Пачынаючы адтуль, дзьмулі такія вятры і цяклі такія плыні, што пераход за Бажадор лічыўся немагчымым. Упершыню Бажадор перасягнуў партугальскі мараплавец Жыл Эанэш у 1434 годзе.

Le mot juste — правільнае слова (фр.).

Le commisaire Frelon — камісар Шэршань (фр.).

“Il cherche. / Il cherche le temps perdu. / Il cherche le temps juste” — “Ён шукае. Шукае страчаны час. Шукае правільны час” (фр.).


Да верша “Тут”

ομφαλός (старагрэцк. пуп) — амфал, старажытны культавы аб’ект, камень, што лічыўся пупом зямлі. Захоўваўся ў храме Апалона ў Дэльфах.

Да верша “Амаркорд”

“Амаркорд” — фільм Федэрыка Феліні (1973). Назва перакладаецца з дыялекту італьянскай як “памятаю”.

“Io mi ricordo” — памятаю (іт.).


Да верша “На дарозе”

άνθρωπος — чалавек (старагрэцк.).

Да верша “Пасланне”

“Ricardo Reis nasceu no Porto, em 1887. / Alvaro de Campos…” — Рыкарду Рэйш нарадзіўся ў Порту ў 1887. Алвару ды Кампуш...”

пераклад з польскайАндрэй Хадановіч

 

© Leszek Engelking, 2011

Пераклад з польскай – Андрэй Хадановіч © 2011

Чытайце таксама

Арына Глінская

Арына Глінская

Беларуская паэтка, мастацтвазнаўца

Ганна Марголін

Ганна Марголін

Беларуска-амерыканская ідышамоўная паэтка.

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Міндаўгас Валюкас

Міндаўгас Валюкас

Літоўскі паэт, празаік, драматург, рэжысёр, актор, музыка.

1729