№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эрнэст Сава

Сны пра іншы бераг рэальнасці

Вершы

Пераклад з французскай Андрэй Стэфановіч

Прадмова перакладчыка

 

У нашым сямейным архіве вось ужо шмат дзесяцігоддзяў захоўваюцца паперы сябра майго дзеда Эрнэста Савы, беларуса паводле паходжання, які гадах у 20-х мінулага стагоддзя эміграваў у Канаду. Мы ведаем пра яго няшмат, бо з тых часоў да нас дайшло занадта мала звестак, а цяпер пытаць няма ў каго. Не ведаю нават, ці сапраўдным імем падпісаныя ўсе гэтыя вершы. Як я магу здагадвацца, лёс Эрнэста Савы склаўся ў Канадзе не найлепшым чынам: ён памёр на самоце, хутчэй за ўсё ад нейкай хваробы, а свой архіў перадаў майму дзеду — адзінаму, хто хоць неяк падтрымліваў з ім стасункі. Дзед, што праўда, архівам не надта займаўся. Ён схаваў рукапісы, і ніхто не браўся іх разбіраць, пакуль старыя паперы аднойчы не трапілі мне ў рукі. Зрэшты, такая гісторыя — зусім не рэдкасць для нашых шыротаў, незвычайным падаецца мне толькі той факт, што сярод малачытэльных дзённікаў і амаль графаманскіх беларускамоўных вершаў, напісаных Эрнэстам Савой у маладыя гады (а яны цалкам адпавядалі духу часу і маглі б з’явіцца ў якім-небудзь “Маладняку”, калі б не іх абсалютна непрымальны для тых часоў пафас), я знайшоў і вершы на французскай мове канадскага перыяду. Многія з беларускамоўных спробаў на сённяшні дзень немагчыма зразумець праз вялікую колькасць наватвораў (накшталт “непрыкаемны”, “рыхманне”, “абвет”, “гніціцца” і інш.). Канадскія ж вершы напісаныя правільнай французскай мовай. На маю думку, вершы гэтыя могуць падацца цікавым прыкладам творчасці, што ўзнікла на скрыжаванні французскай мовы і беларускай свядомасці, а таму я наважыўся зрабіць некалькі перакладаў для беларускага нумару “ПрайдзіСвета”, каб паказаць існаванне гэтай цікавай, хаця і досыць маргінальнай, з’явы.

 

Чужыя сны

(Les songes étranges)


У чужых гарадах і на іншых ускраінах,
дзе чужая журба і дзе морак чужы,
я падгледзеў бы сны аб сукубах і каінах,
што блукаюць пад поўняй ля самай мяжы

неіснуючых люстраў, з якіх ля апоўначы
выпаўзаюць відзежы дасветных часоў,
гэты свет безнадзейнаю скрухаю поўнячы
і сплятаючы ў вязьмы шматкі галасоў.

Ад фантомаў, нібы ад віна, ап’янелыя,
вар’яцелі б сукубы, а каіны зноў
у задворкі ішлі б, нібы смерць, спалатнелыя,
забіваць сваіх бацькаў, братоў і сыноў.

Здані гэтых забойцаў, пякельных спакуснікаў,
не давалі б спакою завулкам глухім
і да самага рання шукалі б хаўруснікаў,
каб свой страшны праклён даць у спадчыну ім.

І да самага рання ў завулках прымроеных,
што скрыўляюцца ў здзеклівай пасткі ашчэр,
у чужых гарадах і на ўскраінах стоеных
я збягаў бы ад жудасных гэтых хімер.



Нязбытны сон

(Le rêve chimérique)


У сутарэннях прывіднае мары
я разьбаваў сусвет, ствараў нанова —
і голас твой згубіў, і ў ціхіх словах
цяпер адзін шукаю ратавання.
Дазвання зніклі вочы, цела, вусны,
змяркання жах схаваў мае ўспаміны,
і нават цень апошняга спаткання
маё каханне больш не патрывожыць.
Цяпер я не хаваю таямніц.
Жыве пустэча ў лесе на ўзбярэжжы,
нішто не сведчыць, што былая веліч
была — і да апошняга глытка
мяне згадаюць толькі тыя рэчы,
якіх краналася калісь мая рука.



Відзежа, што папярэджвае

(L’onirisme qui avertit)


Мне Ён наканаваў адну дарогу,
спаслаўшы літасціва вышні знак.
Я расчытаў Яго перасцярогу,
я ведаю, калі, чаму і як.

Вось будучыня нада мной лунае,
гудзе ўвушшу Яго ўрачысты гімн,
і клічу я штоночы: Аданаі,
малю нябёсы прагна: Элагім!

Ды каб Таго, хто ведае, крануць,
не хопіць мне замоў маіх ямбічных.
І я — на дне азёрным каламуць —
згублюся між пластоў геалагічных.



Паданне

(La légende)


У рухах незнаёмага жыцця
я бачу цэлы новы свет, хаця
ён невідочны і не варты разглядання.
І, дачакаўшыся амаль зліцця
са зданямі свайго іншабыцця,
раблюся я вандроўнікам з падання.

І вымываецца з маіх святынь
празрыстасць, быццам ранішняя стынь,
няўмольным і нябачным Арыманам.
І горычы Майсеевых пустынь
ужо за сорак. І не спыніш плынь,
каб ратавальным выпала падманам.

А што было ў паданні тым далей?
Кажу сабе: наступны крок здалей,
а там Сінай пабачыш ці пустэчу,
на конях паімчыш да вечных меж
ці па каменні вострым папаўзеш
з мінуўшчынай дасветнай на сустрэчу.



Апошні сон

(Le rêve ultime)


У тых краях, дзе алеандраў квет,
дзе соллю абсыпаюцца барханы,
дзе свет у невымоўнасць закаханы,
адкрыў мне Бог Найноўшы Запавет.

Як голы без каранаў, тораў, вед,
я паўстаю і, ведай апантаны,
гляджу: расталі ўсе фата-марганы.
І знік мой боль. І скалануўся свет.

 

пераклад з французскайАндрэй Стэфановіч


Пераклад з французскай – Андрэй Стэфановіч © 2011

Чытайце таксама

Айн Рэнд

Айн Рэнд

Амерыканская пісьменніца і філосаф, стваральніца філасофскага кірунку "аб'ектывізм"

Дар'я Трайдэн

Дар'я Трайдэн

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Уладзімір Жылка

Уладзімір Жылка

Беларускі паэт, культурны дзеяч, перакладаў паэзію

1774