№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Таня Скарынкіна

Пабліскваючы пазваночнікам

Вершы

Пераклад з рускай Таня Скарынкіна

Вілія. Толькі да сярэдзіны мост

(Только до половины реки мост)


Звузіўся раптам звыклы пакой
толькі да сярэдзіны Віліі мост

спадніцы крухмальныя падабраўшы
мы памалу спрабуем уброд

яны за намі назіраюць
пятнаццаць чалавек
туды дзе абрываецца дыван
і б’ецца ў бераг цёмная вада

.мы разам з імі ўважліва сачылі
як мы сыходзілі
высокімі прычоскамі ківалі

.а яны
працоўныя мужыкі
на ацалелай палове моста таўкліся нібы камары
і ніяк праз іх не вернешся дамоў.



Серабрыста-ружовы пазваночнік

(Сверкая серебристо-розовым хребтом)


Вы ніякія мне не бацькі

на самай справе дзядзька В. Кляпацкі
злавіў мяне ў затоцы і выпусціў у шклянку
- літровы слоік
- рукамыйнік
- іржавую бочку
- акіян

дарагія мамуся і тата
я хутка плаваю
пабліскваючы пазваночнікам
і жыватом перажываю
як там яна дзяўчынка-дачка
варочаецца ў сне
ці можа скура лупіцца ў яе.



Знакі пэўнага адрознення

(Знаки верного отличия)


У Максіма Багдановіча скрозь павязку з бруднай марлі
выступаюць абломкі касмалётаў і гарачыя зорныя кавалкі

па вуглах кружэлкі верцяцца супраць звычнага сонечнага ходу
і палохаюць прыгожага Максіма розныя знакі спераду і ззаду

знакі пэўнага адрознення праяўляюцца на твары
скрозь павязку з бруднай марлі.



Прывід

(Привидение)


На імгненне падалося што Валя
недзе далёка ў мінулым
павольна гатуе канапкі
са старажытнага хлеба

чорны чай астывае
тысячагоддзі таму
сыр скамянеў і зрасліся
пальцы ад першабытнага мёду

а Валя насамрэч прывід
у напалову стлелых
тканінах
і яе вазоны з кветкамі
і я яе прылады садовыя.



“Псік”

(Состояние “псик”)

 

Збіраючы апошнія truskawkі я зразумела што лета скончылася
(З недасланых лістоў жанчыны-кошкі)

Калі прачынаешся раптам сярод клубнічнае градкі
то робішся нібы ўваскрэслы нябожчык
ён разумее і не разумее
што над ім трава
і зоркі скрозь узорныя лісты
і твары незнаёмыя схіліліся
каб мутна назіраць вачыма-шкельцамі

табе незразумела
хто яны
ці тое ворагі
ці то сябры
праходзяць міма градак
рабочыя-алкаголікі

ты мусіш бараніцца-агрызацца
кусаць тугое вуха
слізкі нос
плявацца фыркаць
голасам нязвыклым клікаць маму

яна канечне не пачуе
бо ты нішто і ты ніхто
не маеш нават уяўлення
ці котка ты?
ці можа кот?

нарэшце лямпы ў хаце запалілі
квадраты вокнаў на гарод ляглі
ворагі адступіліся
ў маліннік да пары.



Сакрэтныя віры

(Секретные водовороты)

     
Лаўкі
плаўкі паплаўкі
ціхая свабода

ў купальні старыя і хлапчукі
гаворачы пра тэмпературу вады
раздзеліся і сышлі ў раку

у некаторых споднікі ў пяску
вось ластаўка аднекуль паляцела раптам
дзе не было да гэтага яе
спужалі

і хутка паплылі
а потым рушылі
па грудзі да адхонаў

ды заставаліся нямногія купальшчыкі й купальшчыцы
што асалоду ў вадзе гадзінамі знаходзілі
і каб хацелі — склалі б асаблівую народнасць.



Не разумею я Антаніёні

(Не понимаю я Антониони)


Мяркуючы па працягласці фільма
гэта Антаніёні
змяшаліся ў некаляровай стужцы
цяплынь шпацыры пацалункі
вялікаротай італьянкі
з Аленам Дэлонам

.падчас прагляду
я ўпрыгожвала скрынкі з-пад абутку
квяцістаю паперай
і ружы рознага памеру
ROSE ROSE ROSE
выходзіла прыгожа

я амаль што захварэла фільмай
амаль ступіла
па слядах трамвая
на тратуар гарачы
ў засені акацый
раптам FINE FINE FINE

.я выпусціла збянтэжана
скрынку неўпрыгожаную
сяджу — нічога зразумець не магу
12 ночы а спаць зусім не хачу.



Калыханка для таты

(Колыбельная для папы)


Мне сказалі аб смерці
праз некалькі месяцаў па татавай смерці
смерць азначае што болей ён не прыедзе
я сама больш за 10 гадоў збіралася ў госці

тата аслеп перад смерцю і захварэў на розум
ноччу не спаў
хлеба з’ядаў цэлы бохан за суткі
лаяўся брудна

пазваніла яму аднойчы
разгубіўся калі я сказала “татачка”
— Што з тваім голасам татачка?

абзываўся засранка-саплячка
маліў прыехаць на Радуніцу
— Хачу пабачыцца з табой дачушка
— Дык ты ж невідушчы

.і не паехала нікуды
але ніколі не забуду
пра татавы каляныя сандалі
шырокія далоні
насоўку нябескай клеткі
мы шыбуем па летнім праспекце
і сыходзім невядомым напрамкам

.я пішу гэтую калыханку
і пяю над кожным радком люлі-люлі
мы сышлі і нас не вярнулі.


Ранняя вясна кахання

(Ранняя весна любви)


I love you вырвалася мімаволі
і раптам заўважаю што навокал анікога

такая добрая пара ласкавая
па краі далягляду ровар
катаецца маўкліва.



Валошка-чыгуначнік

(Железнодорожник-цветок)


Далікатны бы валошка лугавая
чыгуначнік на супрацьлеглай лаве
ў касцюме з нашыўкамі
і блакітнай кашулі

вось пацягнуўся
і вось
плоскі і смуглы жывот агаліўся
вось на наступным прыпынку
ён азірнуўся і выйшаў

я пачала адганяць неспакойныя думкі
аб тым што болей насупраць сядзець ён ніколі не будзе

і тады засмяяўся Буда
ў цяжкім паветры вагона
расказваючы нешта вясёлае
вучням і вучаніцам
сярод якіх шмат прыгожых
і не вельмі таксама хапае

мне зрабілася лёгка і файна.



Позні вечар жніўня

(Поздний вечер августа)


Сышла з бадмінтонам на двор
дом
увабраў падрабязны асобны водар
лімон
памяранец
вясковы пыл
зубная мятная паста

— Цудоўна! — ўслед кінагерой
па-азіяцку валасы прыгладзіў
у калідор скіраваўшы позірк.



Час паляўнічага

(Время преследователя)


Па дарозе са школы
нас пераследаваў маньяк
аднакласніцы не заўважалі
таму што ішоў непрыкметна
як быццам бы ні пры чым
пасвістваў рукі ў кішэні

магчыма што ён па дарозе зрываў і нюхаў бэзавыя гронкі
не ведаю
не азірацца ж дэманстратыўна абыякава

магчыма
яго прывабілі міні-сукенкі над худымі нагамі
і амаль што не рухаліся над намі аблокі ў вышыні
але я пачула ворага як жывёла паляўнічага

ён здагадаўся што яго раскусілі
таму
калі мы ў той дзень як заўсёды
як у іншыя школьныя дні
развіталіся на рагу
ён дазволіў патрапіць дрыготкім ключом у шчыліну
зайсці ў кватэру
і толькі пасля пазваніў
і званіў і званіў
у брынклівы хатні званочак

.ён амаль раздавіў унутры
расткі майго разумення
трываласці дзённай пары.



Яня я выдатна памятаю дзень калі мы без усмешкі склалі рукі на стракатую цырату раздрапежаную

(Яня я отлично помню день когда мы без улыбки сложили руки на клеенку всю в порезах ножевых)


Выдатна памятаю дзень калі мы з Вамі без усмешкі
паклалі рукі на цырату ўсю парэзаную ножыкам
набліжаўся абед
я думала пакорміць — не пакорміць
колькі год мы разам не елі

была рыба

на развітанне мы пайшлі па яблыкі
я збірала на высокай драбіне
яна з дарожкі выбірала і паказвала

“толькі б утрымацца”
думала я
“нашым юным адносінам
толькі б не змарнаваць іх на дробязі
толькі б на нас забыліся
ў горадзе і міліцыя”.



Дзеці ля змрочнага гарода

(Дети у сумрачного огорода)


Дзеці гуляюцца ля гарода
непадалёк ад гарода лес
голкі сярод агуркоў і кропу
вавёрка злуецца — прыродны нораў
гыркае і задзірае хвост

з краю цямнее драўляны хлеў
поўны маўклівай свіннёй і гноем
ў скрыню руку апускаеш павольна
каб цёплае выняць яйко
з-пад калючак саломы

дзеці пускаюць вавёрку
сочаць за мурашамі
за прыгучымі конікамі-малайцамі
са здзіўленнем іншапланетнікаў
кешкаюцца ў траве.

аўтапераклад з рускайТаня Скарынкіна


© Таня Скарынкіна, вершы, аўтапераклад, 2011

Пераклад з рускай – Таня Скарынкіна © 2013

Чытайце таксама

Сігб'ёрн Обстфэльдэр

Сігб'ёрн Обстфэльдэр

Нарвежскі празаік, драматург, паэт-мадэрніст.

Ежы Шаняўcкі

Ежы Шаняўcкі

Польскі драматург і фельетаніст, сябра Польскай акадэміі літаратуры

Рыку Коранэн

Рыку Коранэн

Фінскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Турку. Дэбютаваў у 2003 годзе.

Маргарэт Этвуд

Маргарэт Этвуд

Канадская паэтка, раманістка, эсэістка, літаратурны крытык і эка-актывістка.

3934