№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Скрыган

Ян Скрыган
Ян (Іван Аляксеевіч) Скрыган - пісьменнік, паэт, навеліст, нарысіст, публіцыст і крытык.

Нарадзіўся ў вёсцы Труханавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўнапрыходскай школе, потым вучыўся ў Слуцку ў Беларускай гімназіі і сельскагаспадарчым тэхнікуме. Сапраўдны пераварот у свядомасці юнака зрабілі кнігі Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі. Высокі прыклад служэння роднаму слову, народу паклікаў яго да літаратурнай працы. У 1924 г. Ян Скрыган стаў супрацоўнікам слуцкай акруговай газеты "Вясковы будаўнік". Пасля ліквідацыі акругі і пераезду ў Расоны працаваў загадчыкам Народнага дома пры выканкоме, затым - у рэдакцыі газеты "Чырвоная Полаччына", дзе пазнаёміўся з П. Броўкам. У 1932 г. закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Быў членам літаратурных аб'яднанняў "Маладняк" і "Літаратурна-мастацкая камуна". У 1933-1936 гг. працаваў у рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва".

Дэбютаваў Ян Скрыган вершамі ў 1925 г. Малады паэт падпісваўся незвычайнымі псеўданімамі: Пірат, Відук, Янка Відук. Пазней сам тлумачыў іх сэнс наступным чынам: "Пірат" нясе ў сабе разбуральна-рэвалюцыйную ідэю перамен, знішчэння ўсяго старога, "Відук" - сімвал неадольнага жыццесцвярджэння, так на Случчыне называюць дзікі мак-самасейку. Першыя паэтычныя спробы створаны пад уплывам вельмі прыкметнай фігуры ў літаратурным жыцці 20-х гадоў - Паўлюка Шукайлы (1904-1939), які быў гарачым прыхільнікам футурызму. Не адзін год аддаў Ян Скрыган марным намаганням засвоіць творчыя прынцыпы гэтага кірунку, пакуль не зразумеў, што гэта не яго дарога. Нейкі час захапляўся Байранам. Творчы шлях Скрыгана-празаіка пачаўся з апавядання "Таіса" (1927) і аповесці "Затока ў бурах" (1929, дапрацоўвалася ў 1956 г.). Пераход да прозы быў не просты. Ад некаторых іншых маладнякоўцаў Ян Скрыган адрозніваўся арыентаванасцю на традыцыю, вострым адчуваннем мовы, любасцю да роднага слова, імкненнем вучыцца, а не вучыць.

Ян Скрыган - адзін з першапраходцаў беларускага нарыса як новага літаратурнага жанру, і гэта малая форма стала ўзорам яго надзвычайна лінгвістычна багатай і глыбока нацыянальнай творчасці. У 1929 г. выходзіць у свет адзін з першых нарысаў - "Новая зямля", у хуткім часе з'яўляюцца зборнікі нарысаў - "Шугае сонца" (1930), "Права на энтузіязм" (1932), "Недапісаны профіль" (1932). Далейшая творчая дзейнасць пісьменніка знаходзіць працяг у зборніку апавяданняў "Сустрэчы" (1935), якому характэрна выдатнае валоданне мовай, асабліва сваім родным слуцкім дыялектам, добрае адчуванне часу, патрыятызм, маральныя прынцыпы. Актыўная грамадская і літаратурная дзейнасць была раптоўна спынена: 13 лістапада 1936 г. Яна Скрыгана беспадстаўна арыштавалі за "контррэвалюцыйную дзейнасць" і асудзілі на дзесяць год пазбаўлення волі з высылкай у Сібір (Кемераўскую вобласць). У 1946 г. ён быў вызвалены, аднак пазбаўлены грамадзянскіх правоў на пяцігадовы тэрмін. Працаваў на пасадзе бухгалтара на гідролізным заводзе ў Фергане, на сланцахімічным камбінаце ў Эстоніі, куды пераехаў, каб быць бліжэй да роднай Беларусі, дзе яму было забаронена жыць. 25 чэрвеня 1949 г. зноў арыштаваны і высланы ў Сібір, у Сухабузімскі раён, дзе працаваў бухгалтарам у райкамгасе і МТС. У снежні 1954 г. з Івана Аляксеевіча былі зняты ўсе абвінавачанні, і ён быў поўнасцю рэабілітаваны і адноўлены ва ўсіх правах. Пасля вяртання ў Мінск пісьменнік актыўна ўключыўся ў літаратурную дзейнасць рэспублікі: працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, рэдактарам і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Полымя".

Як добры знаўца мовы быў запрошаны галоўным рэдактарам выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя" П. Броўкам на пасаду загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі (1967-1975). Працаваў адказным сакратаром камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1975-1985). Заслужаны работнік культуры Беларусі з 1985 г., узнагароджаны медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Тувінскай АССР.

Выпрацаваны пісьменнікам прынцыповы падыход да мовы адыграў станоўчую ролю і тады, калі ён працаваў у рэдакцыі БелСЭ. Шмат зрабіў Ян Скрыган, каб мова энцыклапедыі ў разумнай меры ўзбагацілася з крыніц жывой гаворкі беларускага народа, каб яна была навукова дакладная і ў той жа час даступная масаваму чытачу. За ўдзел у стварэнні дванаццацітомнай БелСЭ Ян Скрыган атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі 1976. Грунтоўная эстэтычна-творчая аснова, дасканалае веданне "дна душы" чалавека, яго мовы з багаццем сэнсу, гукаў, фарбаў і пахаў далі Яну Скрыгану магчымасць узяцца за пераклад твораў рускай літаратуры (І. Буніна, А. Астроўскага, М. Горкага і інш.).

Галоўная якасць перакладаў - дакладнасць перадачы думкі і пачуцця, узнаўленне, стварэнне рускамоўнага арыгінала. Ян Скрыган лічыўся адмысловым стылістам як у мовазнаўчай тэорыі, так і ў творчай практыцы і быў паслядоўным змагаром за чысціню нацыянальнай літаратурнай мовы, заклікаў берагчы яе ад канцылярска-бюракратычных скажэнняў, займаючы па гэтай праблеме шырокі спектр пазіцый. Пісьменнікам апублікавана нямала навучальных артыкулаў, прысвечаных праблемам культуры мовы (яны ўвайшлі ў зборы твораў): "Думкі аб мове" (1957), "Яшчэ трохі аб мове", "Чары слова", "Блізкія сэрцу думкі", "Беглыя запісы" (1963), "Клопат" (1984), "Дабрыня і яшчэ сёе-тое" (1984) і інш.

Пасля ссылкі за кароткі тэрмін пісьменнік апублікаваў цэлы шэраг празаічных зборнікаў, цэнтральнай тэмай якіх было захаванне і ўзбагачэнне духоўных рэсурсаў чалавека - "Апавяданні" (1956), "Наталя" (1957), "Няпрошаная сляза" (1958), "Скажы адно слова" (1961). У 1964 г. да свайго шасцідзесяцігоддзя Ян Скрыган выдае зборнік "Свая аповесць", у аснове якога - памяць, што з'яўляецца галоўным сувязным звяном гісторыі, таму кніга расказвае пра аўтара, яго творчасць і пра сучаснікаў. Яна ёсць добры прыклад "спавядальнага" пісьма, дзякуючы якому пісьменнік здолеў суаднесці свой уласны жыццёвы досвед з жыццём іншых людзей і такім чынам стварыць шырокую і дынамічную карціну жыцця Беларусі XX ст. Няпросты лёс Яна Скрыгана найперш праглядваецца ў творах "Парог" і "Свая аповесць", дзе ён перадаў некаторыя "экзатычныя" моманты сваёй біяграфіі. Рознае зведаў аўтар на сваім вяку - і светлае, радаснае, і змрочнае, гаркотнае, драматычнае, але і ў тых умовах збярог душэўную далікатнасць і шчодрасць, добразычлівасць і веру ў чалавека. Якой дабрынёй і сардэчнасцю свецяцца яго апавяданні, колькі ў іх чуласці, спагады да чалавека ў горы, разумення людскіх пакут! Таму і сёння можна атрымаць сапраўдную духоўную асалоду, чытаючы такія апавяданні, як "Месячная ноч", "Над гаем кружылі буслы", "У старым доме", "У Кірылы на хутары", "Як спявалі песню", аповесць "Наталя" і інш. Мастацкая вартасць скрыганаўскай "малой" прозы не ў яе сюжэтнай займальнасці - яна кранае душу псіхалагічнай дакладнасцю, асаблівай атмасферай, калі з чытачом не проста гавораць, а гавораць усёй душою. Неяк Ян Скрыган сказаў: "Не трэба мудрагеліць і штукарыць. Пішы, як ходзіш. Галоўнае ў літаратуры - свая ўласная паходка". Яго паходку заўважылі многія. Шмат слушнага, пераканаўчага, цікавага і для сучаснага чытача было ў рэцэнзіях на яго творы С. Андраюка, Б. Бур'яна, Г. Юрчанкі, М. Яроша і іншых. Многія творы Яна Скрыгана перакладзены на іншыя мовы свету. Як адна аповесць пра чалавека і час, чалавека і грамадства ўспрымаецца кніга "Кругі" (1969), якая складаецца з чатырох вялікіх частак, названых кругамі: "Парог", "Світанак", "Трывогі", "Сугучча". Сваёй асноўнай кнігай, завяршэннем многіх замыслаў лічыў Ян Скрыган гэту аўтабіяграфічную кнігу. У 1975 г. выйшаў двухтомнік выбраных твораў аўтара (перавыдадзены ў 1985 г.). Ян Скрыган стварыў літаратурныя партрэты шматлікіх таленавітых пісьменнікаў, пакінуў грунтоўныя і ўсхваляваныя ўспаміны аб іх (зборнікі "Ранішнія росы" (1965), "Некалькі хвілін чужога жыцця" (1979)).

Іван Аляксеевіч умеў шчыра радавацца чужому творчаму поспеху, з радасцю падтрымліваў маладых. Калі бачыў нешта вартае - дапамагаў, спрыяў, чым мог. Яму прыносілі і дасылалі вельмі шмат рукапісаў літаратары-пачаткоўцы - студэнты, вясковыя настаўнікі… Часта ездзіў выступаць на раён, у школах, клубах. Адказваў на лісты, аналізаваў дасланыя творы, асаблівую ўвагу звяртаў на мову. Пісаў Ян Скрыган да апошняга дня. Не стала пісьменніка 18 верасня 1992 г., пахаваны ён на Паўночных могілках.

Чытайце таксама

Міхал Вівэг

Міхал Вівэг

Адзін з самых папулярных і добра прадаваных сучасных чэшскіх пісьменнікаў

Анджэй Стасюк

Анджэй Стасюк

Польскі празаік, паэт, драматург.

Оскар Мілаш

Оскар Мілаш

Французскі паэт і літоўскі дыпламат, дзядзька Чэслава Мілаша

Вульф Сосенскі

Вульф Сосенскі

Збіральнік габрэйскага беларускага фальклору.

1149