№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Максім Лужанін

Максім Лужанін
Нарадзіўся Максім Лужанін (сапраўднае імя Аляксандр Амвросьевіч Каратай) 2 лістапада 1909 г. у вёсцы Прусы Слуцкага павета Мінскай губерні ў сялянскай сям'і.

У 1924 годзе Алесь паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. У 1925 г. былі надрукаваны першыя вершы М. Лужаніна. Разам з сябрамі ён быў удзельнікам 1-га з'езда «Маладняка», дзе слухаў прамову А. Р. Чарвякова. Вершы яго друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, быў падрыхтаваны зборнік паэзіі для выдання ў маладнякоўскай бібліятэцы, але яму не суджана было ўбачыць свет, бо праз год услед за старэйшымі, разам з П. Глебкам і С. Дарожным, ён таксама выйшаў з «Маладняка».

Далейшыя творчыя арыенціры і перспектывы бачыліся былым маладнякоўцам у літаратурным згуртаванні «Узвышша». Сустрэчы з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой, Уладзімірам Дубоўкам, літаратурныя вечары, дыспуты, вусная газета «Чырвоны прамень», якую М. Лужанін рыхтаваў разам з П. Глебкам і П. Трусам пад агульным псеўданімам «Шаўцы» і якая карысталася папулярнасцю ў студэнтаў, — усё гэта з'яўлялася добрай школай літаратурнага выхавання і садзейнічала творчай актыўнасці маладога паэта.

У 1928 г. выйшла з друку яго першая кніга «Крокі», якую «хрысцілі» Янка Купала і Цішка Гартны. У тым жа годзе ён стаў студэнтам літаратурна-лінгвістычнага факультэта БДУ, дзе правучыўся да 1930 г. Са студзеня па кастрычнік 1931 г. працаваў сакратаром часопіса «Узвышша», у канцы 1931—33 гг. — рэдактарам на Беларускім радыё. 23 красавіка 1933 г. быў незаконна арыштаваны, а 10 жніўня незаслужана асуджаны на два гады пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобласці, рэабілітаваны ў 1956 г. З 1935 г. М. Лужанін працаваў рэдактарам-арганізатарам Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні ў Маскве. У жніўні 1941 г. прызваны ў Савецкую Армію, скончыў Падольскае пяхотнае вучылішча (1942 г.), удзельнік баёў пад Масквой і Сталінградам. Пасля дэмабілізацыі (1944 г.) загадваў аддзелам культуры ў газеце «Звязда», працаваў адказным сакратаром часопіса «Вожык», рэферэнтам АН БССР (сакратаром Якуба Коласа). З 1959 г. член сцэнарнай калегіі, у 1967—1972 гг. галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1969), заслужаны дзеяч культуры Польскай Народнай Рэспублікі (1975), лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа 1965 г. за аповесць-эсэ «Колас расказвае пра сябе» (1964). Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1969).

Аўтар зборнікаў вершаў «Крокі» (1928), «Новая ростань» (1930), «Аднагалосна» (1931), «Галасуе вясна за вясну» (1931), «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!» (1931), «Першамайская вуліца» (1932), «Шырокае поле вайны» (1945), «Моваю сэрца» (1955), «Прасторы» (1958), «Прага крыла» (1974), паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасы гарадоў» (1932), «Як нараджаўся новы свет» (1975), кніжак вершаў і паэм «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Росы на коласе» (1973), «Лявоніха» (1977), «Галасы над выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983), «Вярнуся ветрам» (1987). Выдаў «Вершы для дзяцей» (1948) і паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1960).

Працаваў і ў галіне прозы, а таксама крытыкі. Выдаў зборнікі «Вачыма часу» (успаміны, артыкулы, эсэ, 1964), «З ранку да вечара» (роздумы, накіды партрэтаў, 1978), кнігі прозы «Колас расказвае пра сябе» (1964), «Дванаццаць вячорных вогнішчаў» (1968), зборнік сатыры і гумару «Сілівон на дачы» (1958), кнігу публіцыстыкі «Рэпартаж з рубцом на сэрцы» (1973), зборнікі аповесцей, апавяданняў, успамінаў «Людзі, птушкі, прастор» (1976), «Песні з леснічоўкі» (1982), «Сустрэчы» (1982), «Трое» (1989). Аўтар сцэнарыяў мастацкага фільма па аднайменнай п'есе Янкі Купалы «Паўлінка» (пастаўлены ў 1952) і дакументальнага - «Народны паэт» (пастаўлены ў 1952), з А.Куляшовым напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Першыя выпрабаванні» (пастаўлены ў 1960), «Запомнім гэты дзень» (пастаўлены ў 1967).

На беларускую мову пераклаў «Жыццё Кліма Самгіна» М.Горкага (1938), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1949), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950) і «Выбраныя творы» М.Гогаля (1952). «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава (1951), «Маладую гвардыю» А.Фадзеева (1953), «Яны змагаліся за радзіму» М.Шолахава (1975), «Пераяслаўскую Раду» Н.Рыбака (1954-1955), паасобныя творы А.Пушкіна, А.Міцкевіча, М.Някрасава, І.Буніна, У.Сыракомлі, Ю.Тувіма, У.Маякоўскага, Я.Смелякова і інш.

Яму належаць сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Паўлінка» (па аднайменнай п'есе Я. Купалы, паст. у 1951), «Першыя выпрабаванні» і «Запомнім гэты дзень» (разам з А. Куляшовым, паст. у 1960 і 1967). Пісьменніку прысвечаны дакументальны фільм «Назавершаная хата» (1993).

Памёр Максім Лужанін 13 кастрычніка 2001 года ў Мінску.

Чытайце таксама

Крысціна Бандурына

Крысціна Бандурына

Нарадзілася ў 1992 годзе ў Мазыры.

Маўрыцыё Бліні

Маўрыцыё Бліні

Італьянскі пісьменнік, шмат гадоў працаваў следчым

Антонія Поцы

Антонія Поцы

Генрых Кіршбаўм

Генрых Кіршбаўм

Паэт, літаратуразнаўца.

4636