№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Андрэй Хадановіч

Школа — не школа, але не дзіцячы садок дакладна

2 верасня 2009

Школа — не школа, але не дзіцячы садок дакладна
На сённяшні дзень многія мастацкія творы мы можам прачытаць па-руску. Ці могуць у нашай прасторы беларускія пераклады канкураваць з рускімі, “выбіць сваё месца пад сонцам”?

Я б не казаў пра “месца пад сонцам” у будучым часе ці ўмоўным ладзе. Беларускія пераклады ўжо сёння займаюць сваё месца і маюць свайго чытача. (Можна доўга і жаласна ныць пра нешматлікасць гэтых чытачоў, але каму цяпер лёгка? Літаратуру – тым больш добрую літаратуру – у прынцыпе, ва ўсім свеце чытаюць усё менш). Вядома ж, у Беларусі да халеры чытачоў, якія існуюць пераважна ў расійскай культурнай прасторы, таму і пераклады яны будуць чытаць па-расійску. Яны жывуць і, мабыць, памруць са сваімі стэрэатыпамі, што “па-беларуску нельга сфармуляваць складанай думкі”, што беларускія пераклады (калі такія ўвогуле ёсць) значна горшыя ад расійскіх, што ўсе беларускія пераклады робяцца не з мовы арыгіналу, а з ужо існых расійскіх перакладаў, а таму нашто чытаць пераклад перакладу? Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў гісторыі белліту былі часы, калі так пераважна і было, але сёння, на шчасце, ужо не. Ёсць, дарэчы, і ў чымсьці супрацьлеглая катэгорыя чытачоў. Я б умоўна назваў іх “ідэйнымі” чытачамі: яны будуць чытаць усё запар (часам нават кепскае чытво) таму і толькі таму, што гэта па-беларуску. Яны мужна вытрымаюць усе слабасці перакладу: нацыянальнае адраджэнне патрабуе ахвяраў.

Але мне б хацелася спыніцца на іншых чытачах. Гэта пераважна маладыя людзі, свабодныя ад усякіх комплексаў і ідэалагічных размежаванняў. Яны будуць чытаць літаратуру (як і слухаць музыку і г.д.) не таму, што яна беларуская (ці расійская, ці яшчэ якая-небудзь), а таму, што яна добрая. Таму, што месціць цікавыя думкі й вобразы, класна напісаная стылістычна і г.д. Усё гэта цалкам датычыць і перакладаў. І менавіта за такіх чытачоў, думаю, беларускія пераклады будуць “змагацца” з расійскімі. І канкурэнцыя будзе сумленная, без усякіх зніжак для бедных на тэму “любі сваё”, “чытай беларускае” і г.д. Дрэнна – значыць дрэнна, і канец размове, прачытаюць тое ж па-расійску (ці па-польску, ці па-ўкраінску; ці нарэшце ў арыгінале: дзякуй Богу, цяпер усё больш чытачоў, што ведаюць пару, а тое й больш заходнееўрапейскіх моваў). Добры пераклад – значыць ок, можна і пасунуць на паліцы (а часам і ўвогуле з яе прыбраць) расійскую версію. Пазітыўных прыкладаў пакуль няшмат, але яны ёсць. Беларускі “Сімпліцысімус” у перакладзе Васіля Сёмухі. Або Камю і Сартр у перакладзе Змітра Коласа. Або Оруэл у перакладзе Сяргея Шупы. Або нямецкая проза ў перакладах Лявона Баршчэўскага. Або літоўскія паэты Марцэліюс Марцінайціс і Сігітас Гяда, пераствораныя Алесем Разанавым. Або некаторыя ўдачы паэта-перакладчыка Алега Мінкіна.

Вось тут і пачынаецца рэальная праблема. Яна, па-мойму, у тым, што патэнцыйных спажыўцоў беларускіх перакладаў на сёння значна больш, чым добрых беларускіх перакладчыкаў, якія могуць задаволіць іх чытацкі голад. Яшчэ ўчора мне хапіла б пальцаў на руках, каб пералічыць калегаў, якія выклікаюць давер (глядзі вышэйшы спіс). Сёння, на шчасце, з’яўляецца ўсё больш маладых паэтаў, філолагаў і проста перакладчыкаў, здольных цікава перастварыць нешта замежнае па-нашаму. Засталося ўсяго нічога: каб гэты просты факт сцямілі нашыя нешматлікія кнігавыдаўцы. Глядзіш, нехта рызыкне і выдасць, скажам, свежаспечанага па-беларуску Вонэгута, або Кізі, або Паланіка, не чакаючы грантавай падтрымкі.

Як Вы думаеце, ці маюць беларусы шанец стварыць уласную школу перакладу? Што для гэтага трэба рабіць?

Згадваецца эпізод колькігадовай даўніны. У Варшаве, на міжнароднай школе мастацкага перакладу, мы з Вальжынай Морт, Марыйкай Мартысевіч, Інэсай Кур’ян і некаторымі іншымі чыталі (кожны – сваю версію) пераклады польскай паэзіі. Прысутныя там уражаныя калегі з Польшчы, Украіны і Расіі пасля падыходзілі і казалі: “Якая ў вас, беларусаў, класная школа перакладу!” Я не стаў іх расчароўваць. Хай думаюць, што ў Беларусі дзесяткі і сотні Вальжын і Марыек – выдатных перакладчыц замежнай паэзіі...

Калі ж сур’ёзна, то для стварэння прыстойнай школы павінна, як мне бачыцца, супасці некалькі фактараў. Гэта, па-першае, наяўнасць старэйшых калег, якія былі б бясспрэчнымі аўтарытэтамі для іх маладзейшых паслядоўнікаў, хаўруснікаў і апанентаў. У нас колькасць такіх “культурных герояў” пакуль што вельмі невялікая (зноў глядзі спіс, прыведзены вышэй), але яны ёсць і выклікаюць які-ніякі давер. Гэта, па-другое, наяўнасць асяродкаў, творчых пляцовак, дзе маладыя (і не вельмі) перакладчыкі маглі б збірацца і кантактаваць, слухаць пераклады адно аднаго і абмяркоўваць зробленае. Можа, гэта і нясціпла, але мне сёння не прыходзіць у галаву нічога, апроч Перакладчыцкай майстэрні пры Беларускім Калегіюме. Безумоўна, гэтая суполка магла б быць большай. Безумоўна, ёй не пашкодзіла б канкурэнцыя з іншымі асяродкамі. Але маем тое, што маем. Трэцім чыннікам я назваў бы добрае перыядычнае выданне, прысвечанае мастацкаму перакладу (хаця б такое, як польская “Літаратура на свеце” або расійская “Иностранная литература”). Нічога папяровага такога кшталту мы пакуль што блізка не маем, але ў інтэрнэце з’явіўся, прынамсі, ваш (чаго граху таіць, наш!) “ПрайдзіСвет”. Ну і, па-чацвертае, выдавецтва, а лепей некалькі выдавецтваў, якія б калі не спецыялізаваліся, то прынамсі значны акцэнт рабілі б на перакладной літаратуры і рэгулярна выдавалі б шмат цікавых пазіцыяў. Мяркуйце самі, наколькі рэдкія выданні нашых незалежных выдаўцоў “Логвінава”, “Коласа”, “Радыёлы Плюс”, “Лімарыюса”, “Галіяфаў” (і яшчэ радзейшыя выданні “Мастацкай літаратуры” ці “ЛіМа”) адпавядаюць словам “рэгулярна” і “цікавых”.

Вось жа, згадаўшы прынамсі гэтыя чатыры пункты, я мусіў бы прыйсці хутчэй да песымістычных высноваў. Але дадам пяты фактар, хоць гэта і выглядае крыху суб’ектыўна і нават пафасна: амбіцыі, талент, густ і працаздольнасць некалькіх маладых перакладчыкаў, якіх я раз-пораз назіраю ў непасрэднай блізкасці. Гэты фактар крыху мяняе ўсе вышэйшыя расклады і прыводзіць мяне да асцярожнага аптымізму. Школа – не школа, але й не дзіцячы садок ужо дакладна.

Звернемся непасрэдна да тэмы нашага нумару – мадэрнізму. Якія праблемы чакаюць таго, хто возьмецца перакладаць мадэрнісцкую паэзію? На што б Вы параілі звярнуць адмысловую ўвагу? Як вы думаеце, з чаго варта пачынаць пераклад мадэрнісцкага твору?

Не хацеў бы лішне запалохваць перакладчыкаў-пачаткоўцаў, але мадэрнісцкая паэтыка патрабуе сякой-такой падрыхтаванасці: большай эрудыцыі, літаратурнай начытанасці, тэхнічна “набітай рукі” (бо аўтар арыгіналу найчасцей – вялікі віртуоз што да формы), можа быць, большай інтуіцыі, нестандартных рашэнняў (бо мадэрнісцкі аўтар паважае чытача і таму нічога не “разжоўвае”, пакідаючы поле для сутворчасці). Ты апынаешся ў сітуацыі, калі зусім не шкодна пачытаць каментары, літаратуразнаўчыя інтэрпрэтацыі тэкстаў, за якія бярэшся. І ўсё адно застанецца нешта, што ты не зусім будзеш разумець (ці нават будзеш зусім не разумець), і таму давядзецца як бы перакладаць навобмацак, не ведаючы дакладна, куды рухаешся і што ў цябе ўрэшце выйдзе. Але, у прынцыпе, так бывае не толькі з перакладамі мадэрністаў. І не толькі з перакладамі. Так што нічога страшнага. Само з’яўленне раз-пораз (хоць і не так часта) добрых перакладаў мадэрнісцкіх твораў на розныя мовы даводзіць, што ў прынцыпе гэта штука перакладальная. Наколькі наагул можа быць перакладальнай, скажам, добрая паэзія.

Часам паэты згадваюць у сваіх творах пэўныя нацыянальныя канцэпты, рэаліі, якія могуць быць незразумелыя нашаму чытачу. Ці можна замяняць іх нейкімі іншымі, больш блізкімі рэаліямі і канцэптамі? Ці даводзілася Вам у сваіх перакладах рабіць такія змены? Як Вы ставіцеся за “збеларушвання” твораў?

Паколькі любы пераклад, як мне здаецца, – гэта найперш напісанне твору, які будзе гучаць (пажадана – хораша гучаць) на тваёй мове, і толькі потым усё астаняе – вернасць арыгіналу і г.д., то, зразумела, абеларушванне твору там, дзе без гэтага не абысціся, – рэч добрая. Але толькі там, дзе без гэтага не абысціся. І з пачуццём меры. Каб тэкст у перакладзе, скажам, не згубіў нацыянальнага каларыту, калі японскую сакуру заменяць чымсьці бліжэйшым беларускаму дачніку. Я сам з неабходнасцю абеларушваць тэкст найчасьцей сутыкаўся, калі аўтар арыгіналу нешта цытаваў. Скажам, у рамане Юрыя Андруховіча “Маскавіяда” было шмат іранічна пераасэнсаваных цытат з украінскай класікі. Але ўвесь мастацкі эфект будаваўся на “стопудовай” пазнавальнасці. Цытавалася нешта знаёмае кожнаму ўкраінскаму школьніку. Проста перакласці Шаўчэнку, Франка ці Лесю Украінку не выпадала – знізіўся б гэты эфект пазнавальнасці, былі патрэбныя тэксты, якія б настолькі ж пазнаваліся нашымі чытачамі. І таму, скажам, дзе ў арыгінале шаўчэнкаўскае „співають ідучи дівчата”, у мяне не без уплываў Коласа з’яўляецца “дзяўчаты спяваюць песні дружным хорам...”. Тэкст, праўда, падоўжыўся на некалькі словаў, але я палічыў гэта найменшым злом у тым выпадку.

Добра, калі ёсць магчымасць параіцца з самім аўтарам. Так, аўтар “Маскавіяды” актыўна падтрымліваў мае эксперыменты з беларускімі цытатамі. Ажно да выпадку, калі нейкі рэцыдывіст гіне ў нечыстотах маскоўскай каналізацыі з радком пра “хвалі сінеючага Ніла”. Памятаю, гэты выпадак майго перакладчыцкага хуліганства навукова абмяркоўваўся ўкраінскімі перакладчыкамі ў прысутнасці Андруховіча. Хтосьці з украінцаў агучыў аргумент, што сам аўтар, маўляў, не мог такога напісаць, бо не чытае беларускай паэзіі. Тады патрыярх Бу-Ба-Бу ўзяў слова й сказаў, што мае ў сваёй бібліятэцы некалькі кніжак беларускай паэзіі. І сярод іншага – “Вянок” па-беларуску. Гэта мяне і ўратавала.

Часам пераклад і арыгінал розняцца фармальна. Як Вы думаеце, у якіх выпадках такія змены апраўданыя, а ў якіх рабіць іх не варта? Дзе Вы дазволілі сабе адысці ад літары арыгіналу?

Адзінага правіла тут, па-мойму, быць не можа. У кожным выпадку такія фармальныя змены могуць быць абгрунтаванымі ці не. Скажам, калі перакладаеш верш не толькі з мовы на мову, але й з адной вершаванай сістэмы ў другую. Класічныя французскія ці польскія санэты, напрыклад, напісаныя сілабікай, а перакладаюцца збольшага сілабатонікай, ямбам. І гэта, мне думаецца, слушна, бо вуха нашага чытача больш звыклае да шасцістопнага ямбу, чым, скажам, да трынаццаціскладовіка з хаатычна раскіданымі націскамі. Так, Серж Мінскевіч вельмі стараўся захаваць элементы сілабікі ў “Крымскіх санэтах” Міцкевіча, нават праявіў не абы-якую вынаходлівасць, але маё вока ўсё адно нязменна спатыкаецца на сярэдзіне кожнага радка як на нечым чужародным.

Што ж да маіх здрадаў “літары арыгіналу”, то я дазваляю сабе фармальную адсябеціну часцей у несур’ёзных, іранічных тэкстах. Напрыклад, калі маю дачыненне з пародыяй. Так, я некалі перакладаў маленькі фрагменцік з рамана маладога ўкраінца Любка Дэрэша “Культ”. Там навучэнцы спяваюць хуліганскую пародыю на вядомую патрыятычную песню. У мяне памяняўся аб’ект пародыі: беларуская версія намякае адразу на некалькі купалаўскіх тэкстаў – ад “Бандрароўны” да ляўкоўскай лірыкі, а дзесь устрывожацца й аматары Багдановіча. У выніку фармальная структура ў перакладзе атрымалася зусім іншая, чым у арыгінале.

Не віхор пад Львоўскім замкам
Дуб стары хістае –
Нефармал пад тым дубочкам
Ляжыць-памірае.
Ўсё старонку ўспамінае...
Мог бы жыці й жыці...
Вачаняты й кудзеры –
Бы валошкі ў жыце.
Покуль маці ля калыскі
Выцірала соплі,
Бацька-хіпі ў драных джынсах
Гойсаў у каноплі.
Хіпаваў ягоны бацька
Й пра сыноў не ведаў:
Першы ў гопнікі пайшоў,
Другі – да скінхэдаў...

Потым гэтым кавалачкам перакладу скарысталася Марыйка Мартысевіч, калі рабіла поўную версію перакладу гэтага рамана для часопіса “Архэ”: arche.by/attachment/000000003.pdf

Працягваючы пытанне пра паэтыку твора, хочацца спыніцца таксама на такой з’яве, як чаргаванне мужчынскіх і жаночых рыфмаў у французскім класічным вершы. Раскажыце, калі ласка, пра тонкасці гэтай з’явы. Ці можна захаваць у беларускім перакладзе “французскасць” арыгіналу?

На першы погляд, ніякая жаночая рыфма па-французску немагчымая, бо фіксаваны націск “жалезна” падае на апошні склад. Але разам з тым у шматлікіх французскіх словах ёсць так званае “нямое е”. Яно не вымаўляецца ў звыклай празаічнай мове, але пачынае гучаць у песнях і ў паэзіі. Вось жа, французская класічная паэзія выкарыстоўвае гэтае “нямое е” ў канцы словаў дзеля стварэння жаночай рыфмы. Стварэнне ў прынцыпе штучнае, але рэгулярнае, спрэс ужыванае цягам некалькіх стагоддзяў, асабліва – у паэзіі класіцыстаў. Класіцысты нават (з лёгкай рукі Франсуа Малерба) усталявалі жорсткае правіла чаргавання жаночай рыфмы з мужчынскай, так званае правіла альтэрнансу: два мужчынскія або два жаночыя канчаткі не могуць суседнічаць, калі яны не рыфмуюцца міжсобку. Скажам, у французскім тэатры: два парна-рыфмаваныя радкі, звязаныя мужчынскай рыфмай, потым два радкі з жаночай і г.д. Як у знакамітым вершы Мандэльштама: “Двойною рифмой оперённый стих”.

Па-беларуску (як, дарэчы, і па-расійску ці па-ўкраінску) захаваць гэтую з’яву досыць лёгка, бо ў нас рухомы націск і аднолькава магчымыя рыфмы мужчынскія і жаночыя. Гэта небаракам-французам ніяк не перадаць па-свойму нашых дактылічных (гіпердактылічных і г.д.) рыфмаў. А вось, скажам, польскім перакладчыкам перадаць гэтае мужчынска-жаночае чаргаванне рыфмаў досыць няпроста, бо ў польскай націск фіксаваны на перадапошнім складзе, і 95 працэнтаў магчымых рыфмаў – па азначэнні жаночыя. Мужчынская рыфма ствараецца толькі ўжываннем аднаскладовага слова, а іх у польскай мове параўнальна няшмат. Таму для кожнага польскага перакладчыка паэзіі існуе дылема – што рабіць з мужчынскай рыфмай: ці проста перадаваць яе жаночай і “не парыцца”, ці – наадварот – “парыцца”, напружана падбіраючы ўсе магчымыя аднаскладовыя словы. Але мы ўжо залезлі ў нетры, даруйце маё занудства.

Многія лічаць, што лягчэй за ўсё перакладаць верлібры, аднак часта пераклад атрымліваецца значна бяднейшым за арыгінал. Як варта перакладаць верлібр, каб ён не страціў свайго гучання? Якія складанасці даводзілася Вам вырашаць, перакладаючы верлібры? Што для Вас больш складана – перакласці класічны верш ці верлібр?

У розных выпадках выходзіць па-рознаму. Зразумела, пераклад верлібру не патрабуе пошуку рыфмаў – і таму нібыта прасцейшы. Але гэта ўяўная прастата, асабліва калі перакладаеш з моваў няблізкіх. Зразумела, што добры верлібр па-ўкраінску ці па-расійску – сапраўдны падарунак перакладчыку: не надта напружваючыся (бо сінтаксічна мовы нам блізкія), ты хутка атрымліваеш добры вынік. Але як толькі ты пачынаеш перакладаць верлібр з больш далёкай мовы, ён у цябе адразу распаўзаецца, рассыпаецца, як картачны дамок, калі ты спрабуеш перакласці яго даслоўна. Бо добры верлібр, па мойму, мацней, чым рыфмаванка, гуляе з сінтаксічнымі магчымасцямі мовы, на якой ствараецца. Таму і пераклад яго – каб вынік атрымаўся супастаўны з арыгіналам – патрабуе кардынальнай перакройкі сінтаксісу, ужо адпаведна са структурай тваёй мовы. Таму, скажам, верлібр з польскай перакласці ўжо нашмат складаней, чым з украінскай. Не кажучы пра ангельскую і г.д. Многія перакладчыкі якраз трапляюць у гэтую пастку падманнай лёгкасці – і ў выніку выходзіць абы-што.

А можа, праблема месціцца яшчэ глыбей, бо нашая версіфікацыя яшчэ не настолькі верлібрызаваная, як заходнееўрапейская. Добрых верлібрыстаў у нас былі і ёсць лічаныя адзінкі (два хрэстаматыйныя вершы Багдановіча, Танк, мала каму вядомы Янка Юхнавец, зрэдчас у Стральцова; з сучаснікаў – Разанаў, Надзея Артымовіч, Арлоў, Бабкоў; з маладзейшых – Жыбуль, Кірыла Анохін), тады як большасьць нашых паэтаў па-ранейшаму нават прыблізна не ўяўляюць, што такое верлібр, думаючы, што гэта проста проза, разбітая на кароткія радкі, за якую, да таго ж, да нядаўняга часу плацілі болей – як за паэзію. Прыкладна так мальераўскі Журдэн думаў, што калі ён кажа: “Ніколь, прынясі мне пантофлі!” – ён ужо гаворыць прозай. Але цяпер сітуацыя патрохі змяняецца да лепшага. Часам нашым паэтам-перакладчыкам шчасціць добра перакласці складаныя для перакладу верлібры. Часам гэтыя перакладчыцкія ўдачы нават могуць спрычыніцца да напісання ўласных удалых верлібраў. Скажам, ёсць спакуса сказаць, што апошнія верлібры класнага паэта Віталя Рыжкова, магчыма, і не былі б тым, чым ёсць, не перакладай ён класных амерыканскіх слэмераў. Зрэшты, гэта толькі мая гіпотэза, якая патрабуе навочнай стаўкі з Рыжковым, а, можа, і з амерыканскімі слэмерамі.

Ці можна перакладаць паэзію, ведаючы толькі мову, аднак не ведаючы біяграфіі аўтара, літаратуры, культуры і гісторыі краіны?

Перакладаць, не ведаючы пералічаных вамі базавых і неабходных для перакладчыка рэчаў, вядома ж, можна – ад вялікага нахабства ці ад вялікай неадукаванасці. Больш за тое, магчымы нават не да канца заслужаны поспех, калі перакладчык вельмі таленавіты. Часам творчая інтуіцыя не дае схібіць і дазваляе выкруціцца, не аблажаўшыся. Але часам можна падарвацца на нябачнай табе міне і моцна насмяшыць сваіх чытачоў. Колісь чытаў па-расійску чэшскага пісьменніка Людвіка Соўчэка, “Энциклопедию всеобщих заблуждений”, і спатыкнуўся на словах “Король Геродес”. Ледзь даўмеўся, што на ягоным месцы мусіў быць “Цар Ірад”. Так бывае, калі перакладчык ведае толькі мову, з якой перакладае, але не ведае ўсяго вышэйзгаданага. Або прыходзіць у галаву сёння ўжо хрэстаматыйны ляп далёка не бяздарнага Язэпа Семяжона. У перакладзе байранаўскага верша з “Габрэйскіх мелодыяў”, дзе гаворка, зразумела, пра Саўла, які просіць Давіда зайграць, замест Давіда з’яўляецца “арфістка маладая”. Згадваючы незабыўнага Венедыкта Ерафеева, хочацца запытацца, Вольгу Эрдэлі ці Веру Дулаву меў на ўвазе Семяжон. Прыклады можна множыць і множыць, але мараль відавочная. Можаш дазнацца нешта пра аўтара, абставіны напісання твору, літаратурны кантэкст і г.д. – конча дазнайся. Сённяшнія тэхнічныя магчымасці могуць нават вызваліць цябе ад раней непазбежнага паходу ў Нацыянальную бібліятэку: загружай google – і “гуглі” імя аўтара, назву, ключавыя словы etc. Ізноў-ткі, у выпадку з жывым яшчэ аўтарам ёсць карысць скантактавацца і наўпрост запытацца, што той меў на ўвазе. Калі не – давядзецца пытацца ў іншых: людзей, кніжак, інтэрнэту.

З якой мовы для Вас прасцей перакладаць – з блізкай ці далёкай? Якія асноўныя складанасці перакладу з рускай мовы і як Вы іх вырашаеце? Падчас перакладу з блізкіх моваў існуе спакуса “пазычыць” рыфму з арыгіналу. Ці змагаецеся Вы з гэтай спакусай?

Перакладаючы з далёкай мовы, часам нават маючы добрыя слоўнікі, цяжка зразумець той ці іншы нюанс. Перакладаючы з блізкай, лёгка трапіць у палон да гэтай самай блізкасці, калі ніводнага слова інакшыць не падымаецца рука. Плюс цалкам па-чалавечы зразумелы гнеў аматараў арыгіналу, якія спытаюць з цябе за кожную змененую коску. Але любы па-сапраўднаму добры пераклад усё-ткі не мусіць быць “у рабстве” ў арыгіналу, павінен адысці ад арыгінальнага тэксту на пэўную дыстанцыю. Цалкам разумею боязь неафітаў інакшыць тэксты, на якіх яны былі выхаваныя. Асабліва падчас перакладання з расійскай, якая для ўсіх нас – больш, чым проста блізкая мова. Але я пачаў перакладаць з расійскай даволі позна, маючы ўжо досыць загартаваную псіхіку, каб не рабіць з любімых вершаў куміра і не ставіцца да іх як да раз і назаўсёды дадзенай нязменнай мантры. Я добра ведаю, што не маю на ўзбраенні пэўных моўных сродкаў, якімі скарыстаўся аўтар арыгіналу, затое маю свае, беларускія, недаступныя яму – і стараюся імі карыстацца, каб кампенсаваць нейкія непазбежныя страты.

Што ж да спакусы пазычэння рыфмаў (тут можна казаць не толькі пра расійскую, але й пра ўкраінскую, пра польскую, пра іншыя блізкія славянскія мовы), то не бачу ў гэтым нічога заганнага. Як той казаў, найлепшы спосаб змагацца са спакусай – саступіць ёй. Толькі трэба памятаць і пра “фальшывых сяброў перакладчыка”, і пра тое, што часам аднолькавыя словы маюць у розных мовах розныя сэнсавыя ці стылістычныя адценні, і форма, якая пасуе ў дадзеным кантэксце ў адной мове, не пасуе ў іншай. Але, з іншага боку, не падзяляю празмернай ганарлівасці некаторых перакладчыкаў, якія кроў з носу не жадаюць паўтараць прыдуманую кімсьці да іх рыфму. Чаму не? Твая задача – даступнымі табе сродкамі перадаць вартасці арыгіналу. Калі два рыфмаваныя ў арыгінале словы ёсць і ў тваёй мове, падзякуй аўтару за падарунак – і скарыстайся ім. У іншай страфе гэтага можа ўжо не здарыцца – і ты зможаш напоўніцу праявіць сваю фармальную вынаходлівасць.

Ці робіце Вы для сябе падрадкоўнікі? Ці рабілі Вы падрадкоўнікі для іншых перакладнікаў? Чым адрозніваецца працэс перакладу з падрадкоўніка ад працэсу перакладу з арыгіналу?

Так, я часам і сам перакладаю з падрадкоўнікаў, і раблю іх для іншых перакладчыкаў. Першы выпадак мае месца, калі я не ведаю (або ведаю недастаткова добра) мову арыгіналу. Так, некалі мне было патрэбна перакласці верш Рыльке “Лебедзь”, а потым песню на верш Ганса Ляйпа “Лілі Марлен”, але нямецкай я не ведаў. Зразумела, папрасіў дапамагчы кампетэнтных калегаў. Аднойчы нямецкі паэтычны сайт lyrikline.org замовіў пераклады на беларускую некалькіх вершаў з досыць экзатычных для мяне моваў. Напрыклад, з фарсі. Вядома ж, я стаў шукаць спецыяліста, які мяне і пракансультаваў у выніку. Апошнім часам я шмат перакладаю з літоўскай – найчасцей з дапамогай літоўскіх сяброў-паэтаў (або, скажам, колькі разоў мне дапамагаў Сяргей Шупа, якому я за гэта глыбока ўдзячны). Прыклады можна працягваць. Часам я сам раблю падрадкоўнікі, калі хачу дапамагчы замежнаму перакладчыку перастварыць на сваёй мове нейкую беларускую (неабавязкова маю ўласную) паэзію.

Зразумела, такая практыка небяспечная рознымі пасткамі. Часам ты робішся ахвярай дрэннага падрадкоўніка – і памылкі адтуль пераскокваюць у твой пераклад. Часам падрадкоўнік не дае ўяўлення пра фармальныя асаблівасці арыгіналу. Таму я найчасцей прашу разам з падрадкоўнікам схему рытму, рыфмаў, тлумачэння ўсіх “фішак” і падводных камянёў арыгіналу. Так, месяц таму я працаваў з падрадкоўнікам аднаго верша класнага сучаснага грузінскага паэта Давіда Рабакідзэ. Вынік мне нават спадабаўся, так што я вывесіў яго ў сваім блогу. А потым мы сустрэліся з аўтарам на паэтычным пленэры ў Паланзе, і ён усё мне патлумачыў. “Верлібр” выявіўся класічна рыфмаваным вершам, прычым у паўтара разу даўжэйшым, чым той падрадкоўнік. Выявілася, што ў падрадкоўніку пара дзесяткаў памылак, часам фактычных. Незразумелыя мне імёны персанажаў аказаліся вымоўнымі і г.д. мы цэлы дзень праседзелі з Давідам над грузінскім тэкстам, былі патлумачаныя сякія-такія нюансы, у выніку чаго я цалкам перапісаў пераклад і нават назву памяняў. З лёгкім сорамам прапаную вашай увазе першую версію перакладу: http://khadanovich.livejournal.com/143855.html, а таксама сваю “працу над памылкамі”: http://khadanovich.livejournal.com/148846.html

Які Ваш пераклад Вам асабліва дарагі? Які пераклад даўся Вам цяжэй за ўсё?

Такіх тэкстаў некалькі. Колісь даўно ў мяне досыць лёгка пераклалася “Зачарованая фурманка” Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага. Я нават надрукаваў яе ў “Нашай Ніве”, потым у “Першацвеце”, потым у кніжцы Галчыньскага “Сёмае неба”. І толькі паўтара году таму раптам адчуў, што пераклад мяне перастаў задавальняць, і перапісаў яго амаль напалову. Ахвочыя могуць прачытаць гэты варыянт у маім блогу:

khadanovich.livejournal.com/64663.html

Часам (рэдка, але здараецца) я спыняюся дзесь пасярэдзіне перакладу, адчуваючы, што не зусім гатовы зрабіць яго як належыць. Адкладаю. Скажам, на пару гадоў. А потым вяртаюся і дарабляю. Прыкладам, так было з санэтам Нэрваля “Залатыя вершы”. Некаторыя пераклады ў мяне дагэтуль “у працэсе”. Так, я досыць хутка зрабіў першую версію перакладу знакамітага верша Ў. Х. Одэна “Пахавальны блюз”: khadanovic.blog.tut.by, а потым пачаў яго патроху папраўляць, рэдагаваць сёе-тое – і выйшла зусім іншая версія. Каму цікава, мае магчымасць іх параўнаць: khadanovich.livejournal.com/146771.html. Але я дагэтуль не маю пэўнасці, ці канчатковая гэта версія.

Раскажыце нам, цікаўным, пра Вашыя перакладчыцкія планы. Да каго маеце інтарэс, каго збіраецеся перакладаць?

Найбліжэйшы план – нарэшце выдаць шматпакутную ўжо кніжку сваіх выбраных перакладаў “Разам з пылам”, якую даўно рыхтую. Там будуць пераклады з сямі моваў – ад Катула і Гарацыя з лаціны да сучасных украінцаў. Але найбольш перакладаў там з французскай і ангельскай моваў. Таксама трохі з польскай і расійскай (будзе, скажам, пераклад вершаванай драмы Марыны Цвятаевай “Каменны анёл”). Чым далей пераносіцца і адкладаецца выданне гэтай кніжкі, тым больш я нешта ў яе ўключаю ці нешта ў ёй перапісваю. Трэба гэты працэс нарэшце спыніць – і пусціць вынік у друк.

Планую працягваць пераклады з літоўскай – як жывых паэтаў, так і класіка літоўскай паэзіі ХХ ст., мадэрніста Генрыкаса Радаўскаса, якім мяне зацікавіў яго вялікі аматар Сяргей Шупа.

Апошняе маё захапленне – сучасная грузінская паэзія, ашаламляльна цікавая, як на мой густ. Спадзяюся – у кампаніі з Віталём Рыжковым, які падзяляе мае зацікаўленасці, – падрыхтаваць для пачатку некалькі невялічкіх грузінскіх падборачак (вядома ж, з дапамогай саміх аўтараў, якія будуць нам сёе-тое – а шчыра кажучы, вельмі шмат чаго! – падказваць і тлумачыць).

Фотаздымак Аляны Руты.

Mайстар-клас - Андрэй Хадановіч: ШКОЛА – НЕ ШКОЛА, АЛЕ НЕ ДЗІЦЯЧЫ САДОК ДАКЛАДНА  Mайстар-клас - Андрэй Хадановіч: ШКОЛА – НЕ ШКОЛА, АЛЕ НЕ ДЗІЦЯЧЫ САДОК ДАКЛАДНА

"Сіні плашч" Леанарда Коэна ў выкананні Андрэя Хадановіча

Чытайце таксама

Нават калі пішу ўласныя творы, я сам сабе ўнутраны перакладчык

Павал Касцюкевіч

Нават калі пішу ўласныя творы, я сам сабе ўнутраны перакладчык

— Многія ведаюць цябе як першага лаўрэата прэміі імя Ежы Гедройца і не адразу ўспомняць, што апроч кніг уласнай прозы ты выдаў некалькі перакладных. Што ў тваім жыцці здарылася раней: проза ці пераклад?..

Мультыкульты па-чэшску

Мультыкульты па-чэшску

Беручы ў рукі кнігу, скажам, ісландскага, японскага або гішпанскага аўтара, мы збольшага “па змаўчанні” настроеныя на тое, што сутыкнёмся ў ёй з ісландскімі, японскімі ці гішпанскімі рэаліямі. Гэта, вядома,…

Успаміны пра электрычнасць

Альгерд Бахарэвіч

Успаміны пра электрычнасць

Прачнуўшыся пасярод ночы, ён адразу ж хапаў паперу і аловак, якія заўжды ляжалі напагатове каля ложка, — і запаўняў радкамі нябачныя аркушы. Так і не запаліўшы святла, ён працаваў над рукапісам некалькі…

Міфапрастора паэзіі Г. Тракля

Наталля Ламека

Міфапрастора паэзіі Г. Тракля

Герметычнасць яго лірыкі абумоўленая шырокім выкарыстаннем абсалютнай метафары і сінтэтасеміі, якія правакуюць неадназначнае ўспрыняцце тых ці іншых вобразаў. Яшчэ адна вызначальная рыса стылю Тракля –…

1560