№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Максім Лужанін

«Мова — гоман векавога бору...»

6 лютага 2010

«Мова — гоман векавога бору...»


У маі 1979 года на старонках «Звязды» быў надрукаваны артыкул Кандрата Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» Народны пісьменнік і акадэмік даволі сурова крытыкаваў тых аўтараў і рэдактараў, якія, на яго думку, занадта клапоцяцца пра «"беларускасць" беларускай мовы», адхіляюцца «ад агульнапрынятых правіл і норм». Артыкул выклікаў неадназначную рэакцыю ў навуковых і літаратурных колах. Адкрыты ліст Кандрату Крапіве напісаў Максім Лужанін. Але ліст не быў апублікаваны ні адразу, ні пазней — не рэкамендавалі ідэалагічныя цэнзары.

Друкуем ніжэй ліст па жаданні аўтара, узгадніўшы з ім невялікія скарачэнні і загаловак.

Шаноўны Кандрат Кандратавіч! Загаловак Вашага артыкула, калі выгарнуць яго з метафарычнай фольгі, расшыфроўваецца проста: язда ў аб'езд моўнага закона («левая»), нават больш жорстка — язда супраць руху грамадства.

Проста то проста, але ці не занадта катэгарычна, бо, пішучы так, Ваша пяро акрэслівае кола адшчапенцаў, хто псуе мову «з добрымі намерамі», «...у імя высокай ідэі, змагаючыся за "беларускасць" беларускай мовы». Значыць, па-Вашаму, шырацца намеры благія і нават зламысныя, калі з мовы «...выкараняюцца словы залатога фонду нашай мовы, якія, да таго ж, родняць нашы братнія ўсходнеславянскія мовы»?

Такія грамавыя высновы Вы робіце на супастаўленні ўсяго толькі дзесятка слоў, у большасці сінонімаў, і на заўвагах датычна правільнага ўжывання іх.

Палажыць і пакласці дапраўды трэба ўжываць умеючы. Пакласці канец сустрэчы, пакласціся ўпокат на падлозе, пакласці дзіця спаць, але: «ты мяне хоць на мяжы палажы, але майму кавалю не кажы», і, нарэшце, «можна і палажыць, калі ёсць што пакласці». Прыклады — народныя, не зусім згодныя з Вашымі вымаганнямі.

Далей: паязд — фурманкі з маладымі і дружкамі, паязджане вядомыя даўно. Цягнік, па-мойму, больш адпавядае паравозу, таму, што цягне. Гэта слова надзвычай шырока ўвайшло ў літаратурную мову, хоць, магчыма, і стала пашырацца толькі з 20-х гадоў. Думаецца, перафразіруючы Ваш жарт, няма падстаў сілком сцягваць аўтараў з цягніка і ўсаджваць іх змусам на поезд.

Са здавальненнем ужываю словы, над якімі, здаецца Вам, навісла пагроза байкоту: успомніць і ўспамянуць, напомніць і напамянуць, успамін і напамінак. Яны самі прыходзяць, калі рука адчувае патрэбу, хораша кладуцца ў сказ нароўні са сваімі роднымі братамі: згадка, прыгадка, згадаць, прыгадаць, нагадаць. Яны — адной славянскай крыві, і не рэдакцыі вінаваты ў шырокім распаўсюджванні апошняй групы слоў, не рэдактары зрабілі іх фаварытамі. Гэта мова зрабіла, у першую чаргу вершаваная, прыняла на ўзбраенне мілагучныя, лёгкія для вымаўлення адменнікі.

Нельга не падтрымаць Вашы заўвагі наконт поплечнага ўжывання слоў падняць і ўзняць, надвор'е і пагода.

Словам, Вашы меркаванні наконт ужывання тых ці іншых слоў калі і выклікаюць, дык хіба што невялікія дадаткі і ўдакладненні. Дарэчы, большасць з непрыхільна сустрэтых Вамі слоў (нагода, выснова, згадка і інш.) зафіксаваны ўжо ў Беларуска-рускім і Тлумачальным слоўніках, і не без Вашай як рэдактара ўхвалы, напэўна.

У той жа час адмаўляцца ад новатвораў, якія каранямі выходзяць з нашай мовы і цалкам адпавядаюць яе духу, было б непапраўным тормазам яе росту. Няхай з дзесяці новатвораў прыжывецца адзін, і то хвала Богу! Вось пайшоў ва ўжытак народжаны ў нетрах Інстытута мовазнаўства навучэнец (учащийся) і канула ў невядомасць недатыка (недотрога), саступіўшы месца больш дакладнаму і мілагучнаму слову незачэпа. А надрукаваны абодва словы ў недалёкім суседстве і ў адным і тым жа Руска-беларускім слоўніку.

Не можа не выклікаць павагі самакрытычнасць у адносінах да цяперашняга правапісу. Некалі Вы хораша зазначылі: «Правапіс гэта ёсць дагавор пісьменных людзей, узаемнае абавязацельства трымацца пры пісьме ўстаноўленых правіл». Але ж цяпер у нас багата сапраўды пісьменных людзей, мовазнаўства стала развітой навукай, абапіраецца на шматлікія даследаванні і матэрыялы. А ці так было падчас рэформы 1933 года? Вучоныя-мовазнаўцы па вядомых прычынах пазнікалі, Інстытут мовазнаўства ўзначальвалі, проста скажам, малапісьменныя літаратары, кафедры мовы важылі гэтак жа мала. Вы з П. Глебкам толькі пачыналі, важкага слова сказаць не маглі, як не маглі даць належнай рады і цудоўныя знаўцы — моватворцы, практыкі, а не тэарэтыкі, Я. Купала і Я. Колас.

А як можна было рабіць змены ў правапісе без тэарэтычнага абгрунтавання, не маючы належнай падпоры ў выглядзе гістарычнай граматыкі, не памножыўшы назіранняў над мовай, не разгарнуўшы даследавання яе асаблівасцей, дыялектаў, тэндэнцый развіцця? Аднак рабілі і багата ўзаконілі такога, такую правялі рэформу, пра мэтазгоднасць якой даводзіцца спрачацца і сёння.

У 1957 годзе для змен правапісу таксама не хапала вопыту і належных падстаў, а галоўнае — было малавата спецыялістаў — мовазнаўцаў, а значыць, бракавала навуковага ведання мовы. Тым не менш, чарговая рэформа правапісу адбылася. Але ж законы дыктуе жыццё, іх прымаюць і ўдасканальваюць (або касуюць) зусім у залежнасці ад сапраўдных надзённых патрэб грамадства.

На жаль, у правапісе многа пралікаў. І да некаторых Вашых прапаноў наконт таго, як яго палепшыць, я далучыў бы яшчэ і некаторыя свае, выказаныя, праўда, раней (у кнігах «Вачыма часу», «З ранку да вечара»).

Паразмаўляўшы ў ручве Вашых моўных разважанняў, зірнём на Вашы спосабы аргументацыі і выкрыцця тых «зламысных» асоб, якія «мову псуюць».

Наогул, напісанае з парушэннем правілаў арфаграфіі не павінна і блізка падпускацца да газеты і кнігі. Тым часам існуе няправільнае ўжыванне слоў і зваротаў, сустракаецца неўласцівы мове сінтаксіс. Існуе, і ў большай меры і больш уражальна, чым бачыцца з Вашага артыкула. Пошасць, літаральна пошасць пайшла, напрыклад, з ужываннем слова пытанне: «няма пытання» — усё лёгка вырашаецца; «ёсць два пытанні — нарыхтоўка дроў і сена», значыць, дзве справы, цяжкасці, дзе трэба думаць, дапамагаць. Нават так гавораць і пішуць: «Разглядалася пытанне па пытанню водазабеспячэння». Замест пытанне ў прыведзеных вышэй значэннях не менш назойліва ўжываюць аспект і праблема, укладаючы ў іх адценні нявырашанасці, цяжкасці выканання, неабходнасці, або проста, дзе трэба сказаць справа, лепяць: пытанне, праблема, аспект. Пішуць утрыманне, але не толькі ў сэнсе забеспячэння бацькоў або дзяцей, а і ўтрыманне жывёлы ў хляве, утрыманне вугляроду ў жалезе. А гэта нязграбна і ніяк не распаўсюджваецца на ўсе выпадкі, дзе руская мова абыходзіцца адным словам содержание.

Руская мова мае шмат скарочаных канчаткаў і вызваляецца ад іх. Пайшлі яны ад выпадку, калі адзін з вялікіх князёў, а ў прыдворным асяроддзі англійскую мову ведалі лепш за рускую, напісаў: «Послать одну роту кадет(ов)». Вось і пайшлі: взвод сапер, эскадрон драгун, улан, гусар, полк солдат, отряд партизан... Так вымаўляць лічылася найвялікшым шыкам, і не пазбеглі калецтва як вусная, так і літаратурная мова. Зараз можна стрэць: ящик помидор, кило апельсин, сто грамм, пара сапог. Але ў нашай мове нельга і не трэба пісаць пяць пар бот замест ботаў, салдат замест салдатаў. Гэта не адгароджванне ад уплыву, а перасцярога ад калецтва абедзвюх моў, пра што гавораць і ахоўнікі рускага слова. Пішуць: паехаў за цвікамі, хоць цвікі нікуды не едуць, а ляжаць на складзе, куда па іх паехалі. Пішуць: сабраўся ў шлях, добрага шляху (замест дарогі) — няўжо гэта Вам не рэжа вуха?

Шмат чаго пішуць! Але ніхто не збіраецца патрабаваць за падобныя прамашкі публічнага раскрыжавання ў духу 30-х гадоў. Вучоным-мовазнаўцам самы час і лепш за ўсё было б узяцца за павышэнне граматнасці і кваліфікацыі кніжнай і газетнай рэдактуры, загаварыць пра культуру мовы. А Вам чамусьці ўсюды бачыцца зламыснасць. Ды з чыйго боку? Нейкіх невядомых рэдакцыйных праўшчыкаў, якіх, палічыўшы, і дзесятка не налічыш. Вось дык небяспека!..

Баронячы ад праўшчыкаў права пісьменніка на індывідуальную мову, Вы дазваляеце карыстацца гэтым правам «у разумных межах». Што гэта за крытэрый? Ці не занадта ён суб'ектыўны, накшталт вышэй успомненага «рэжа вуха»? Захінуўшыся заслонаю «разумных межаў», можна звесці пісьменніцкі слоўнік да дзвюх-трох сотняў слоў — маўляў, так лягчэй вывучыць мову, менш трэба запамінаць.

Нездарма ж Вы дзівіцеся, што знаходзіце «некаторыя асаблівасці... у творах тых пісьменнікаў з розных куткоў Беларусі, родным гаворкам якіх гэтыя асаблівасці неўласцівыя». Вось ужо і «межы», толькі як іх назваць? Выходзіць, што я, случак, не магу ўзяць слова або яго форму ў лагойшчынца Пташнікава ці ў аршанца Караткевіча, а яны ў мяне, случака? А як жа ў такім разе ствараецца літаратурная, «агульнапрынятая» нацыянальная мова? Пачуў ці прачытаў невядомае, або забытае, або ўпадабанае раптам слова, і следам за аўтарам яго ўжыў. А за табой — нехта другі, а за ім — трэці, а там і ўсе прынялі.

Без ваганняў я прыняў слова калодзеж і нават студня, забыўшыся на сваё, слуцкае калодзез/с/ь, хоць з яго бліжэй і паўней чуваць славянскае "кладезь". За слова разнасцежыць мне дзякавалі празаікі і паэты, часам просячы прабачэння, што ўзялі яго ў свой слоўнік. Я быў толькі рады: слова пайшло як наватвор, а чуў я яго ад маці! Відаць, пры ўдалым уводзе слоў у абыходак не абмежаванні патрэбны, а заахвочванне.

Мова, Кандрат Кандратавіч, — гоман векавога бору, злітны і адзіны, аднак кожнае слова, як і кожнае дрэва, мае свой голас і пошум, колер і смак, свой выгляд і лад. Тут заўсёды цёпла і ўцешна, ёсць на што глянуць, што паслухаць, сюды заўсёды горнецца сэрца. А вось у гай тэлеграфных слупоў — усе абструганыя, усе чыста роўныя, усе на адзін капыл, — у такі гай, выстраены ў некаторых слоўніках, не цягне: з іх не пачуеш мовы жывой, трапяткой, гістарычна асэнсаванай.

Вось чаму Вашы пачынанні датычна выдання слоўнікаў трэба вітаць. Але вось з нарматыўным як? Ці не лепей усё ж пачакаць, хай лепей усталююцца нормы на навуковым грунце. Не ўсё тое, на чым пішуцца кнігі і брашуры, можа называцца мовай, дый яшчэ літаратурнай, і яшчэ замацоўвацца ў якасці нормаў — даруйце, паўтарыў самога сябе. А то ў Тлумачальны слоўнік, абвешчаны таксама нарматыўным, наўшывалася багата прыкладаў з таго, што ніколі не было літаратурай і можа ілюстраваць хіба няўмельства аўтара абыходзіцца са словам або няўмельства складальніка слоўніка выбраць з твора трапна ўжытае, ва ўсім гучанні і красе роднае слова. А то ж вушы вянуць!

Замест прыкладаў, якія павінны, як нязгасныя ўзоры, запомніцца на ўсё жыццё, прыведзены сказы з трасянкі няўмек, у каго беларуская сянінка сустракаецца праз дзве бадыліны, дый то не да месца.

Дык вось і страшна: здаецца нарматыўны слоўнік у друк, гадкі праз два выйдзе, і тады выдаўцы з рэдактарамі заціснуць у ляшчоткі «індывідуальную» мову пісьменніка, не зважаючы на «разумныя межы». Вы, праўда, дазваляеце ўжываць словы, пашырэнне якіх Вам не да густу, але што думаюць і робяць Вашы памочнікі, тыя, хто складае слоўнік? Пасля Вашага артыкула «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства», надрукаванага, нагадаю, 29 сакавіка 1972 г. у газеце «Звязда», многія выданні зусім выкаранілі «пра» і канчаткова адмовіліся ад меснага склону пасля прыназоўніка «па».

Наша мова называецца беларускай не толькі таму, што належыць беларусам, — у яе свой адметны граматычны склад, сваё вымаўленне з непаўторнымі асаблівасцямі (дз, дж, ньня, льл), свае спосабы будаваць сказы, нарэшце — вялікі элеватар лексікі, не заўсёды адвеянай, праўда, але здольнай даваць расткі.

Не дзіўна, што мы любім сваю мову, мову вялікіх папярэднікаў і вялікіх сучаснікаў. І павінны дбаць аб яе захоўванні для сяўбы, аб яе чысціні, ёмкасці, гучнасці, каб яна, растучы і развіваючыся, не траціла самабытнасці, а праз гэта паўней выяўляла нацыянальныя скарбы і характары для агульнанацыянальнай культуры.

Якуб Колас заклікаў «смялей ствараць новыя словы і ў патрэбных выпадках звяртацца да запазычанняў». Аднак папярэджваў: «Перад увядзеннем кожнага новага слова трэба добра абшарыць кішэні свае памяці, перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы, прыслухацца да жывой гаворкі». Гэтак народны паэт падкрэсліваў, што, убіраючы ручаіны дыялектаў, шліфуючы літаратурнае пісьмо і вымаўленне, узбагачаючыся за кошт неабходных запазычанняў з братніх моў, наша мова павінна заставацца беларускай.

Заўважу, дарэчы, што ў сваім артыкуле «Грамадская неабходнасць...» Вы пішаце: беларуская мова развівалася ў нетрах праславянскай і агульнаславянскай мовы. Што гэта, мякка кажучы, не так, Вы можаце пераканацца, пазнаёміўшыся з кнігай «Происхождение русского, украинского и белорусского языков» дырэктара Інстытута рускай мовы АН СССР, члена-карэспандэнта АН Ф. П. Філіна (М., 1972). Вядомы мовазнаўца яскрава паказвае, што азначае спроба выводзіць украінскую мову з мовы праславянскай. Падобнае ён мог бы сказаць і ў дачыненні да мовы беларускай.

Па-Вашаму, «беларускасць» беларускай мовы нешта іншае, з падтэкстам на штучнае замыканне ў сабе. Наколькі Вы давялі свой тэзіс прыкладамі, гаварылася вышэй. Мяркую, што ўсе мы аднолькава думаем і дбаем пра Радзіму і мову яе. І няма ў мове двухбаковага руху, а толькі адзін: рух да найбольш поўнага развіцця, адпаведна развіццю нашай нацыі.

 

1979 г.

 

Упершыню было надрукавана ў газеце “Звязда” за 6 чэрвеня 1996.

 

Артыкул Кандрата Крапівы «Ці будем мы ездзіць па левым баку?» можна прачытаць на нашым сайце.

Чытайце таксама

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Паколькі я ў асноўным перакладаю творы эпох Рэнесансу і Барока, то ў сваёй перакладчыцкай методыцы я арыентуюся на захаванне максімальнай блізкасці да тэксту арыгінала...

Ален Гінзберг у Празе

Вацлаў Граб’е

Ален Гінзберг у Празе

Паводле ўсяго, кароткая гутарка з Аленам Гінзбергам – гэта апошні тэкст, напісаны, прынамсі часткова, Вацлавам Граб’е. Паэт памёр ад атручання чадным газам 5 сакавіка 1965 году, праз 13 дзён пасля прылёту…

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

«Мова — гоман векавога бору...»

Максім Лужанін

«Мова — гоман векавога бору...»

У маі 1979 года на старонках «Звязды» быў надрукаваны артыкул Кандрата Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» Народны пісьменнік і акадэмік даволі сурова крытыкаваў тых аўтараў і рэдактараў, якія,…

2946