№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Абраныя шэсць фіналістаў прэміі імя Ежы Гедройца

17 траўня 2014

Абраныя шэсць фіналістаў прэміі імя Ежы Гедройца

На заключнай вечарыне з серыі “Пятніцы з Гедройцам” сябра журы прэміі Альгерд Бахарэвіч абвясціў шорт-ліст. У яго ўвайшлі наступныя аўтары і кнігі:

1. Ігар Бабкоў. Хвілінка: Тры гісторыі. — Мінск: “Логвінаў”.

2. Алена Брава. Дараванне. Прощение. Vergebung. — Мінск: “Звязда”.

3. Сяргей Вераціла. Разбітае сэрца Вітаўта. — Мінск: “Мастацкая літаратура”.

4. Артур Клінаў. Шклатара. — Мінск: “Логвінаў”.

5. Вінцэсь Мудроў. Багун. — Полацк: “Полацкае ляда”.

6. Людміла Рублеўская. Ночы на Плябанскіх млынах. — Мінск: “Мастацкая літаратура”.

Абвяшчэнне адбылося пасля прэзентацыі трох кніг лонг-ліста: “Дараванне” Алены Брава, “Errata” Сяргея Дубаўца (прадстаўляў Анатоль Івашчанка) і “Зкімбы-зымбы” Аляксандра Лукашука (прадстаўляў Вячаслаў Ракіцкі). 

Вечарыны з серыі “Пятніцы з Гедройцам” праходзілі кожны тыдзень цягам красавіка з мэтай папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру. Сустрэчы былі арганізаваныя Беларускім ПЭН-цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і кнігарняй “логвінаЎ”.



Вячаслаў Ракіцкі і Альгерд Бахарэвіч



Алена Брава і Анатоль Івашчанка



Алена Брава, Анатоль Івашчанка і Вячаслаў Ракіцкі

Імёны трох фіналістаў будуць названыя 2 чэрвеня на ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэміі. Аўтар кнігі, якая зойме трэцяе месца, атрымае творчую стыпендыю ва Вроцлаве (Польшча), другое — пераклад на польскую мову і стыпендыю на Готландзе (Швецыя), першае — чэк на 130 мільёнаў беларускіх рублёў ад IdeaBank.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі: з беларускага боку — Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, з польскага боку — Малгажата Бухалік, Адам Паморскі. Ганаровы старшыня журы — Лешак Шарэпка, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. Ганаровы старшыня выконвае прадстаўнічыя функцыі і не ўдзельнічае ў працы журы.

Папярэднія пераможцы прэміі:

2012 — Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (атрымаў 105 мільёнаў); 

2013 — Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (атрымаў 115 мільёнаў).

Фота з вечарыны -- Юля Цімафеева.

паводле pen-centre.by

Чытайце таксама

1520