№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Абвешчаны доўгі спіс прэміі Шэрмана

17 верасня 2018

Сябры журы перакладчыцкай прэміі імя Карласа Шэрмана вызначылі 12 кніг, якія ўвайшлі ў доўгі спіс у 2018 годзе.


У сёлетні лонг-ліст прэміі Шэрмана ўвайшлі:

Антон Францішак Брыль з перакладам з лаціны. Гай Валерый Катул “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Вера Бурлак з перакладам з англійскай мовы. Льюіс Кэрал “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”. “Галіяфы”, Мінск.

Уладзіслава Гурыновіч, Павел Донаў, Алесь Кудраўцаў з перакладам з англійскай мовы. Говард Ф. Лаўкрафт “Кліч Ктулху” (апавяданні). “Янушкевіч”, Мінск. 

Аляксей Знаткевіч з перакладам з англійскай мовы. Кен Кізі“Палёт над гняздом зязюлі”. “Янушкевіч”, Мінск.

Надзея Кандрусевіч з перакладам з шведскай мовы. Свэн Нурдквіст “Калядная каша”, “Паляванне на ліса”, “Пэтсан сумуе”, “Фіндус з’язджае”. “Кнігазбор”, Мінск.

Павел Касцюкевіч і Сяргей Шупа з перакладам з іўрыта. Этгар Керэт “Раптам стук у дзверы”. “Логвінаў”, Вільня.

Ігар Крэбс з перакладам з нямецкай мовы. Г. А. Бюргер, Р. Э. Распэ “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна”. “Кнігазбор”, Мінск.

Уладзь Лянкевіч з перакладам з англійскай мовы. Джэймс М. Бары “Пітэр Пэн”. “Кнігазбор”, Мінск.

Максім Мудроў з перакладам з албанскай мовы. Ісмаіль Кадарэ “Хроніка ў камені”. “Янушкевіч”, Мінск.

Васіль Сёмуха з перакладам з латышскай мовы. Аляксандр Чакс “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск. 

Андрэй Хадановіч, Алеся Башарымава, Надзея Кандрусевіч з перакладам з шведскай мовы. Бэргстрэм Гуніла “Суперкніга пра Біла з Болаю”. “Кнігазбор”, Мінск.

Ганна Янкута (аповесць “Знак чатырох”) і Кацярына Маціеўская (аповесць “Эцюд у пунсовым”) з перакладам з англійскай мовы. Артур Конан Дойл “Знак чатырох”. “Янушкевіч”, Мінск.

 

Такім чынам, у доўгі спіс прэміі Шэрмана 2018 увайшлі 12 кніг, перакладзеныя з 7 моваў. Нагадваем, што ў поўны спіс уваходзілі 32 кнігі, перакладзеныя з 15 моваў.

Сёлета ў склад журы ўвайшлі: паэтка і перакладчыца Аксана Данільчык, літаратуразнаўца і загадчыца кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Ганна Бутырчык, перакладчык, паэт і празаік Дзмітрый Плакс, перакладчык і літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі, літаратуразнаўца і перакладчыца Марына Шода.

Сябры журы не маюць права галасаваць за кнігі, рэдактарамі якіх яны былі. У доўгі спіс прэміі таксама не ўключаліся кнігі, у перакладзе якіх прымалі ўдзел сябры журы.

Прэмія за найлепшую мастацкую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 г. у гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтрСаюз беларускіх пісьменнікаў і Міжнародны дабрачынны Фонд "Вяртанне". Пераможца прэміі атрымлівае ад Дабрачыннага фонда “Вяртанне” чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а.

У 2016 г. лаўрэатам прэміі стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпасу «Калевала»; у 2017 - Андрэй Хадановіч за пераклады з французскай мовы вершаў Шарля Бадлера.

 

Падпісвайцеся на навіны Прэміі ў фэйсбуку.

Чытайце таксама

1035