У беларускага чытача ёсць магчымасць на гэты тыдні правесці два вечары з вядомымі чэшскімі празаікамі.
11 снежня, у пятніцу, пройдзе прэзентацыя кнігі Катэржыны Тучкавай “Жыткаўскія багіні”.
А 12 снежня, у суботу, беларускай публіцы будзе прадстаўлены пераклад кнігі Іржы Гаічка “Рыбіна кроў”.
Абедзве імпрэзы пройдуць з удзелам аўтараў, а таксама перакладчыцы Святланы Рогач і рэдактара серыі “Чэшскага калекцыя” Сяргея Сматрычэнкі.
Пачатак а 19-й.
Месца: кнігарня ЛогвінаЎ, (пр-т. Незалежнасці 37а).
Пра кнігі:
“Жыткаўскія багіні” Катэржыны Тучкавай. Высока сярод карпацкіх гор здаўна жылі жанчыны, адораныя надзвычайнымі здольнасцямі. Яны ўмелі лячыць, дапамагалі парадамі ў душэўных пакутах, умелі прадказваць будучыню. Іх называлі багінямі, і сваё мастацтва яны перадавалі з пакалення ў пакаленне. Дора Iдэсава – апошняя з іх роду. Аднак яна не пераняла майстэрства багіняў, а вывучылася на этнографа і вырашыла напісаць пра іх навуковае даследаванне. У канцы 90-х гадоў у архіве МУС яна адшуквае тэчкі, сабраныя дзяржбяспекай на ворага народу, яе цётку Сурмэну... Кніга “Жыткаўскія багіні” толькі ў Чэхіі за тры гады разышлася накладам больш за 100 тысяч асобнікаў, была перакладзеная на 13 замежных мовах, цяпер паводле яе здымаецца фільм, а квіткі на спектаклі па рамане безнадзейна распрададзеныя мінімум на паўгода наперад.
Раман Іржы Гаічка “Рыбіна кроў” – гэта гісторыя разбурэння сям’і ў перыяд вялікіх сацыяльных зменаў канца ХХ ст. і гісторыя разбурэння вёскі, якая зрабілася ахвяраю будаўніцтва атамнай электрастанцыі. У 2013 годзе раман атрымаў прэстыжную чэшскую прэмію “Magnesia Litera” як найлепшая кніга папярэдняга году.