№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Лекцыя Анке Хеніг пра ідэнтычнасць у постнацыянальнай супольнасці ў беларускай літаратуры

18 красавіка 2014

Лекцыя Анке Хеніг пра ідэнтычнасць у постнацыянальнай супольнасці ў беларускай літаратуры
28 красавіка ў 17.00 у мінскім Loft Cafе (вул. П. Броўкі, 22) адбудзецца публічная лекцыя Анке Хеніг "Ідэнтычнасць і постнацыянальная супольнасць. Паэтыка цяперашняга часу ў альтэрмадэрнісцкім рамане".

Эксперыментальны раман з канца ХІХ стагоддзя да сённяшняга дня стварае асаблівую форму асінхроннай сучаснасці. Яго аўтары — Вірджынія Вулф і Сэмюел Бэкет у Англіі, Томас Пінчан у Амерыцы, Ален Роб-Грые і Клод Сімон у Францыі, Роберт Вальзер, Вольфганг Хільдэсхаймер і Кевін Венэман у Германіі, Іван Бунін, Сяргей Траццякоў і Уладзімір Сарокін у Расіі і многія іншыя — ажыццяўляюць крытыку гісторыі, дэфармаванай апаратамі ўлады.

Вынікам гэтай крытыкі робіцца задача сінхранізацыі мноства глабальных пунктаў гледжання на сучаснасць і мінулае. Яе найважнейшы прадукт — новыя формы суб'ектыўнасці і супольнасці, якія ствараюцца мастацтвам, сілкуюцца неаліберальным капіталам і засведчаныя інтэрнэтам (Пітэр Осбарн). На месца суб'ектыўнасці чытача рэалістычнага рамана прыходзіць альтэрмадэрнісцкі суб'ект чытання, які актыўна мяняе самога сябе ў судакрананні з героямі твора (метаноя).

Найважнейшай жа формай супольнасці робіцца інтэрнэт-супольнасць, а таксама пасяленні і перамяшчэнні мігрантаў у посткаланіяльнай прасторы паміж “першым” і “трэцім” светамі.

У дыскусіі будзе прапанавана абмеркаваць новыя тыпы супольнасцяў і ідэнтычнасці, якія існуюць перш за ўсё ў еўрапейскіх прасторах і якія перажылі ў ХХ стагоддзі радыкальныя сацыяльныя рэвалюцыі.

Аб'ектам разгляду стануць у тым ліку праекты Артура Клінава пра Мінск і альманах pARTisan, а таксама “сакрэтны раман Альгерда Бахарэвіча” — В. Гаўф. Халоднае сэрца: казка. Паслямова і пераклад Альгерда Бахарэвіча (Мн., 2009).

Мова лекцыі: руская.

Уваход вольны.


Анлайн-трансляцыю лекцыі глядзіце на сайце http://n-europe.eu/eurocafe.

Пра лектарку:

Анке Хеніг (Anke Hennig) — навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра “Эстэтычны вопыт пад знакам размежавання мастацтваў” (Свабодны ўніверсітэт, Берлін). Вывучала сучасную нямецкую літаратуру і рускую філалогію ва ўніверсітэтах Берліна, Бохума і Масквы, у 2005 г. абараніла дысертацыю аб савецкай кінадраматургіі 1930-х гг.

Удзельніца групы па даследаванні рускага кіно (UCL, Лондан) і стыпендыятка Фулбрайта ў Нью-ёркскім універсітэце (2012). Прадстаўляла вынікі сваіх даследаванняў у Маскве, Кембрыджы, Лондане, Фларэнцыі, Вене, Нью-Ёрку, Вашынгтоне, Бохуме, Ляйпцыгу. У цяперашні час займаецца стварэннем навуковай групы “Рэтрафармалізм” і плануе распрацоўку паэтаноміі сучаснага мастацтва.

Апошнія публікацыі (у сааўтарстве): Metanoia, co-authored with Armen Avanessian. Berlin: Merve 2014 и Der Präsensroman [The Present-Tense Novel], co-edited with Armen Avanessian; in series Narratologia, vol. 36. Berlin and New York: de Gruyter, 2013.
паводле lit-bel.org

Чытайце таксама

196