№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Па-беларуску выйшлі казкі Гаўфа з дыхтоўнымі ілюстрацыямі

6 ліпеня 2015

У бібліятэцы часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” і Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” выйшла новая кніга — зборнік казак Вільгельма Гаўфа (выдавецтва “Кнігазбор”), ілюстраваны мастачкай Кацярынай Дубовік. На сённяшні дзень гэта самы поўны збор твораў нямецкага казачніка па-беларуску. На гэтым тыдні выданне мусіць з’явіцца ў кнігарнях.


У кнігу ўвайшлі самыя знакамітыя казкі Вільгельма Гаўфа — “Каліф-бусел” (пераклаў Ігар Крэбс), “Маленькі Мук” (пераклаў Аляксей Жбанаў), “Карлік Нос” (пераклаў Уладзімір Папковіч), “Халоднае сэрца” (пераклаў Альгерд Бахарэвіч), — а таксама менш вядомыя творы, такія як “Адсечаная рука” (пераклала Наталля Давыдоўская) і іншыя. Усе пераклады зробленыя з нямецкай мовы. Укладальніца зборніка — Ганна Янкута, рэдактаркі — Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская. Ілюстрацыі да кнігі можна паглядзець на старонцы мастачкі Кацярыны Дубовік у фэйсбуку.

Свет казак Вільгельма Гаўфа — змрочны і таямнічы. Тут адбываюцца забойствы і выкраданні, а помста і злыя чары сустракаюцца не радзей, чым  падарожжы і цудоўныя выратаванні. Тут ёсць усё, што толькі магло прымроіцца нямецкаму рамантыку ў ХІХ стагоддзі: жорсткія і яркія гісторыі з краінаў Усходу, якіх ніколі не існавала, разбойнікі і караваны, што рухаюцца праз пустэльню, — і гэтыя вечныя героі, якіх палюбіла ўжо шмат пакаленняў чытачоў. Кніга ўключае казкі Вільгельма Гаўфа, якія выйшлі ў трох альманахах — за 1826, 1827 і 1828 гады, прычым першы з альманахаў быў перакладзены для гэтага зборніка цалкам. Большасць змешчаных у кнізе перакладаў друкуецца ўпершыню.



Змест

 

Альманах казак на 1826 год для сыноў і дачок знатных саслоўяў

Караван. Пераклаў Ігар Крэбс

Каліф-бусел. Пераклаў Ігар Крэбс

Карабель прывідаў. Пераклаў Альгерд Бахарэвіч

Адсечаная рука. Пераклала Наталля Давыдоўская

Выратаванне Фацімы. Пераклаў Ігар Крэбс

Маленькі Мук. Пераклаў Аляксей Жбанаў

Несапраўдны прынц. Пераклаў Ігар Крэбс

 

З Альманаха казак на 1827 год для сыноў і дачок знатных саслоўяў

Александрыйскі шэйх і яго нявольнікі. Пераклаў Ігар Крэбс

Карлік Нос. Пераклаў Уладзімір Папковіч

Малады англічанін. Пераклаў Уладзімір Папковіч

Гісторыя Альмансора. Пераклаў Ігар Крэбс

 

З Альманаха казак на 1828 год для сыноў і дачок знатных саслоўяў

Халоднае сэрца. Пераклаў Альгерд Бахарэвіч

Казкі “Карлік Нос” і “Малады англічанін” у перакладзе Уладзіміра Папковіча ўжо выходзілі ў 2014 годзе ў выдавецтве “Галіяфы” асобным выданнем з ілюстрацыямі дзяцей — пераможцаў конкурсу “Ствараем кнігу разам!”, які зладзіў дабрачынны фонд “Вяртанне”. Казка “Халоднае сэрца” ў перакладзе Альгерда Бахарэвіча разам з паслямовай — а насамрэч раманам — перакладчыка друкавалася ў тым жа выдавецтве ў 2009 годзе. Яшчэ некалькі казак можна знайсці на інтэрнэт-старонках часопіса “ПрайдзіСвет”, аднак пераклады такіх тэкстаў, як “Выратаванне Фацімы”, “Несапраўдны прынц”, “Маленькі Мук” і шэрагу іншых прадстаўленыя чытачам упершыню.

Творы Вільгельма Гаўфа выходзілі па-беларуску і раней. Першыя пераклады казак “Маленькі Мук” і “Карлік Нос”, зробленыя з рускай мовы, выйшлі ў 1938 годзе. У 1977 годзе Даір Сляповіч зноў пераклаў казку “Маленькі Мук” — з нямецкай, як напісана ў паслямове да “галіяфаўскага” выдання Гаўфа 2014 года. У  2001 годзе шэраг казак Гаўфа з’явіўся ў зборніку “Прыгажуня ў сонным лесе” (“Бібліятэка замежнай дзіцячай літаратуры”, выдавецтва “Юнацтва”) — тым самым, дзе перакладчыкам Шарля Перо пазначаны не Зміцер, а Якуб Колас. Гаўфа для гэтага зборніка перакладалі А. Васілевіч, У. Ліпскі, Я. Хвалей, А. Клышка, У. Карызна.

Зборнік казак Вільгельма Гаўфа — сёмае выданне серыі часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” і Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. Да гэтага ў серыі выходзілі зборнік апавяданняў, вершаў і эсэ Эдгара По “Маска Чырвонае Смерці” (2011), зборнікі дэтэктыўнага (“Злачынства, сэр!”, 2013), містычнага (“Вусцішны пакой”, 2013) і святочнага (“Падарунак на Каляды”, 2014) апавядання, “Саламея” Оскара Ўайлда (2013) і “Прыгоды Шэрлака Холмса” Артура Конана Дойла (2014).

Чытайце таксама

Выйшла дэтэктыўная кніга Роберта ван Гуліка пра Старажытны Кітай

У выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў зборнік дэтэктыўных апавяданняў Роберта ван Гуліка “Следства вядзе суддзя Дзі”. Перакладчыца — Ганна Янкута. Кніга падрыхтаваная сумесна Саюзам беларускіх пісьменнікаў і…

Адкрыты прыём заявак на прэмію Шэрмана

Прэмія Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Пераможца атрымае чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а. Падаць заяўку можна да 10 ліпеня.

Вера Бурлак стала сёлетняй лаўрэаткай прэміі Шэрмана

Прэмія імя Карласа Шэрмана была ўручана Веры Бурлак за паспяховы сінтэз перакладчыцкіх тэхнік пры пераўвасабленні мастацкага ўніверсуму Льюіса Кэрала ў перакладзе кнігі «Скрозь Люстэрка і што ўбачыла там…

Абвешчаны доўгі спіс прэміі Шэрмана

Сябры журы перакладчыцкай прэміі імя Карласа Шэрмана вызначылі 12 кніг, якія ўвайшлі ў доўгі спіс у 2018 годзе.

іншыя навіны
1010