№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Памёр мексіканскі паэт Хасэ Эміліё Пачэка

28 студзеня 2014

Памёр мексіканскі паэт Хасэ Эміліё Пачэка

У нядзелю, 26 студзеня, у Мехіка памёр паэт Хасэ Эміліё Пачэка. Пра гэта паведамляе Agence France-Presse. Яму было 74 гады. Прычынай смерці стала чэрапна-мазгавая траўма пасля падзення. У апошнія гады Пачэка шмат хварэў і рэдка наведваў публічныя мерапрыемствы.

 

Пачэка праславіўся ў Мексіцы і за яе межамі не толькі як паэт, але і як аўтар аповесцяў і апавяданняў, сцэнарыст, эсэіст, перакладчык. Ён перакладаў на гішпанскую мову Марсэля Швоба, Оскара Ўайлда, Т.С. Эліята, Сэмюэла Бэкета, Тэнэсі Ўільямса.

 

Паэт быў уганараваны такімі прэстыжнымі лацінаамерыканскімі кніжнымі ўзнагародамі, як Прэмія Актавіё Паса (2003) і прэмія Пабла Неруды. Акрамя таго, у 2009 годзе яго адзначылі дзвюма міжнароднымі прэміямі ў галіне гішпанамоўнай літаратуры: прэміяй каралевы Сафіі за ібераамерыканскую паэзію і прэміяй Сервантэса.

 

Сам Пачэка, нягледзячы на шматлікія ўзнагароды, не прызнаваў сябе выбітным літаратарам. “Я зусім не найлепшы паэт Мексікі, я нават не найлепшы паэт у сваім раёне”, – казаў ён, маючы на ўвазе, што жыве непадалёк ад паэта Хуана Гельмана (Гельман памёр крыху раней, 14 студзеня 2014 года).

 

У паэта засталася жонка, журналістка Крысціна Пачэка, і дзве дачкі – Лора і Сэсілія. Сэсілія Пачэка таксама займаецца літаратурай: яна піша вершы, эсэ, апавяданні і перакладае замежныя творы на гішпанскую мову.

паводле lenta.ru

Чытайце таксама

422