№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Памёр перакладчык Уладзімір Чапега

28 траўня 2014

Памёр перакладчык Уладзімір Чапега
24 траўня ў Германіі пасля працяглай і цяжкай хваробы памёр знаны перакладчык беларускай літаратуры Уладзімер Чапега. Крыху менш за месяц ён не дажыў да свайго 75-годдзя.

Ён нарадзіўся на беларускім Палессі ў сялянскай сям’і. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў і год працаваў выкладчыкам у сваёй альма матэр.


Першыя пераклады Уладзіміра Чапегі з’явіліся ў друку ў 1971 годзе. Дзякуючы яму нямецкія чытачы атрымалі аповесці Васіля Быкава “Абеліск” і “Здрада”, раман Івана Мележа “Людзі на балоце”, кнігу эсэ Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, аповесць Анатоля Кудраўца “Раданіца”, кароткую прозу Янкі Брыля, творы Лукаша Калюгі, Міхася Зарэцкага і яшчэ многіх беларускіх літаратараў.


Справа Уладзіміра Чапегі — гэта і пераклады нямецкіх аўтараў на беларускую: раманы Герберта Ота “Пара ў дарогу, буслы” (з Язэпам Семяжонам), Альфрэда Амэнды “Апасіяната”, Леангарда Франка “Ісусавы вучні” (з Гундулай Чапегай), асобныя творы Гермліна, Цвайга.


У старажытным нямецкім горадзе Нойштрэліц, які стаў для яго другой радзімай, і знойдзе апошні прыстанак беларускі перакладчык Уладзімір Чапега.

паводле svaboda.org

Чытайце таксама

790