№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Памёр Рыгор Барадулін

2 сакавіка 2014

Памёр Рыгор Барадулін

Сёння, 2 сакавіка, памёр народны паэт Беларусі, перакладчык Рыгор Барадулін. Яму было 79 гадоў.

 

Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласць.

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях (сярод іх — газета «Советская Белоруссия», часопісы «Бярозка», «Полымя»), а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». У апошнім працаваў больш за 20 гадоў, спачатку рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР браў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).

Пачаў друкавацца з 1953 года, першыя вершы былі змешчаныя ў газеце «Чырвоная змена». Першы зборнік паэзіі — «Маладзік над стэпам» — выйшаў у 1959 годзе.

Пераклаў на беларускую мову п’есу «Вей, вятрок!» Яна Райніса (1980), зборнікі твораў «Блакітны звон Грэнады» Федэрыка Гарсіі Лоркі (1975), «Мелодыя каліны» Івана Драча (1981), «Ветраліст» Габрыэлы Містраль (1984), «Рубаі» Амара Хаяма (1989); «Слова пра паход Ігараў» (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Шэкспіра, Байрана, Неруды, Гільена, Міцкевіча, Бранеўскага, Ясеніна, Гамзатава.


Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званне Народнага паэта (1992). Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады з Лоркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам Знак Пашаны, латышскім Ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 г.) і медалём Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

У 2006 годзе кандыдатура Рыгора Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў «Ксты»).

паводле svaboda.org

Чытайце таксама

1302