№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сэкс, джаз і алкаголь: выйшаў даведнік па Вільні шалёных 70-х

24 верасня 2018

Сэкс, джаз і алкаголь: выйшаў даведнік па Вільні шалёных 70-х

Пасля цяжкай працяглай працы выйшаў з друку першы беларускі пераклад славутага рамана "Віленскі покер" Рычарда Гавяліса. Антысавецкі дэтэктыў, эратычны трылер і разам з тым даведнік па аўтэнтычнай Вільні, раней перакладзены на чатыры мовы, нарэшце выдадзены па-беларуску ў выдавецтве “Логвінаў”.

Раман, пісаны ў часы брэжнеўскага "застою", упершыню быў выдадзены ў 1989 годзе, разышоўшыся накладам 50 тыс., стаў бэстсэлерам і хутка быў бясспрэчна прызнаны новай класікай. Другое выданне выйшла ўжо ў 1990 годзе накладам 120 тыс. Летась з’явілася пятае літоўскае выданне.

Калі кніга выйшла, савецкія пісьменнікі моцна пазайздросцілі Гавялісу: кожны з іх, маўляў, мог бы напісаць гэткую кнігу. Але кожны баяўся, будучы "пад каўпаком" КГБ. Гавяліс — не сябра саюза пісьменнікаў, былы фізік, не маючы што страчваць, дазволіў сабе свабоду пісаць "у шуфлядку", затое без аглядкі на надзеі выдання, на цэнзуру і самацэнзуру. Калі кніга выйшла другім выданнем, у інтэрв’ю Гавяліс казаў, што такога рамана больш ніколі не напіша — “здароўе не дазваляе”.

Крымінальны сюжэт — гібель джазавага піяніста і матэматыка ў дзіўнай дарожнай аварыі — упісаны ў савецкую рэчаіснасць з яе стукачамі, службовымі раманамі, КДБістамі, нелегальнымі канцэртамі, радыёкропкамі, лютым сэксам, крамай кружэлак на галоўным праспекце, танным алкаголем, помнікамі Леніну і свабодай курэння ўсюды. Дэтэктыўнае расследаванне грае ў рамане ролю і рухавіка сюжэту, і ў той жа час інструмента дэканструкцыі савецкай рэчаіснасці. Дасягнуўшы канца кнігі, чытач вымушаны чытаць яе зноў, каб раскрыць забойцу ў коле дысідэнтаў, палкоўніцкіх дачок, былых лагернікаў, мінакоў, тутэйшых, трамбаністаў, палякаў, дарожных рабочых, наркаманаў. І гэтак слой за слоем, як цяпер праходзяць гульні кшталту Automata.

Не менш рэалістычная і дакументальная сама структура “Віленскага покера”. Раман складаецца з чатырох частак, кожную з якіх расказвае адзін з трох з паловай асноўных герояў. Кожны па-свойму, яны бачаць сусвет у самым літаральным сэнсе выразу. Даты, людзі і падзеі складаюцца ў адно несупадзенне за адным у тэксце, аўтар якога не мае боскага кантролю над сюжэтам.

У адрозненне ад большасці літоўскіх унутраных шэдэўраў, непразрыстых па-за Літвой, "Віленскі покер" мае шчаслівы глабальны лёс: кніга была імгненна перакладзеная на латышскую, потым неўзабаве выйшлі два ангельскія выданні, а таксама французскае і македонскае. Поспех замежных выданняў можна вытлумачыць наватарскай тэхнікай рамана. Ён узброены дасягненнямі французскага “новага рамана”, “магічнага рэалізму”, “постмадэрнізму з чалавечым тварам”. У сэнсе тэхнікі для літоўскіх чытачоў раман апярэдзіў “Невыносную лёгкасць быцця” Кундэры, нелінейныя эксперыменты Павіча й цэлую чараду рускіх кніг, закліканых апісаць складаны вопыт 1970-х.

За поспехам “Покера” выйшлі “Віленскі джаз” і “Мемуары маладога чалавека”, склаўшыся ў так званую “Віленскую трылогію”.

Нарэшце "Покер" выдаецца па-беларуску. Сучаснае выданне — гэта не проста першы ўсходнеславянскі пераклад, але і вяртанне кнігі дадому, бо, напісаная віленскай мовай аб віленскіх справах, яна нарэшце перакладзеная на віленскую, менавіта на беларускую віленскую.

Пагарджаючы савецкасцю, героі Гавяліса размаўляюць мовай вуліц, рэальным вульгарным прастамоўем, якім дасканала фармулююць і сваю філасофію, і прызнанні ў каханні і нянавісці, свае хлусню, тэхніку сэксу і джазу ды паэзію, калі яна прыходзіць ім у галаву. У рамане дзейнічаюць рускія, літоўцы, палякі, габрэі, беларусы — ён накіраваны сабраць усё, з чаго складаецца Вільня. Беларускі пераклад адпавядае задачам арыгіналу — ён дае сучасную беларускую Вільню, такую, якую Гавяліс пісаў бы, калі б быў беларусам (а хто, як не беларус, мусіў бы напісаць галоўны віленскі раман?). Перакладчыца, вілянчанка Паўліна Вітушчанка, адважылася лакалізаваць тэкст, перарабіць яго ў свой, тутэйшы, даць сапраўдныя беларускія назвы вуліц, рэчаў і пачуццяў.

Акрамя самога перакладу быў здзейснены шэраг спецыяльных крокаў, каб ператварыць беларускі тэкст у нешта шматслойнае: напрыклад, для праўдападобнага адлюстравання часткі рамана, расказанай ад імя “тутэйшай”, была дасланая экспедыцыя ў беларускія вёскі на Беласточчыне, дзе людзі аднойчы таксама прачнуліся па той бок мяжы і дзе пагэтуль сяляне у Рудаках ходзяць паглядзець у “лярнетку”, што дзеецца ў іх былой вёсцы па-за кардонам. (Менавіта так, як у рамане.)

Для рэканструкцыі савецкай мовы як стылістычнага прыёму групай даследчыкаў у скафандрах быў пабудаваны цэлы спалучальны слоўнік паводле выступаў беларускіх пісьменнікаў, якія шальмавалі Пастарнака з усімі патрэбнымі абаротамі кшталту “паводзіны, не сумяшчальныя са званнем”, “выключэнне з ліку членаў” і г.д.

Сучасны стан кнігі (у вачах літоўскай аўдыторыі) нетрывіяльны: для 20- і 30-гадовых гэта свежая, шакавальная, траўматычная, таксічная аповесць. Для 40- і 50-гадовых — драйвовы спадарожнік у жыццё, для 60-гадовых — безумоўная класіка, канон новай літоўскай літаратуры. Прычынай гэтага — асноўная тэма рамана, Вільня.

З моманту з’яўлення "Покер" аднадушна абвяшчаецца адной з галоўных кніг пра Вільню. "Віленскі покер" — гэта літоўскі "Уліс". Дэфініцыя мае сэнс, калі ўсведамляць, што "Уліс" тут адзначае не канкрэтны раман Джойса, а тып тэксту, нейкі відавочны жанр буйной гарадской аповесці, якая абавязкова ўключае раку, новыя тэхнічныя прыёмы пісання і, галоўнае, усю гарадскую тапаніміку, падрабязныя маршруты з сапраўднымі назвамі вуліц, праспектаў, завулкаў, пляцаў, кантораў, узвышшаў, бараў, гатэляў, помнікаў і г.д. Менавіта такую кнігу квапіўся скласці Андрэй Белы пра Пецярбург і роўна так напісаныя: першая частка "Удалага ваякі Швейка", "Мадэль для зборкі" Картасара, "Адам Буэнасайрэс" Леапольда Марэшаля і "Берлін Александэрпляц" Дзёбліна. Але большасць вялікіх гарадоў яшчэ чакае свайго рамана.

Вокладку беларускага выдання “Віленскага покера” аформіў знакаміты пецярбургскі кніжны графік Грыгорый Кацнельсон. Падчас працы над ёй было зроблена каля 30 графічных і жывапісных працаў, якія можна будзе ўбачыць у Мінску на мастацкай выставе падчас прэзентацыі ў кастрычніку ў рамках сусветнага прэзентацыйнага турнэ.

Кнігу можна набыць у кнігарні “Логвінаў” (Мінск, Незалежнасці, 37а) або ў інтэрнэт-краме: bookstore.lohvinau.by.

FAQ:

Падзеі рамана пачынаюцца 8 кастрычніка. Чаму менавіта гэтая дата?
Гэта дзень нараджэння Рычарда Гавяліса.

Ці быў Гавяліс беларусам? Ці ёсць пра беларусаў у кнізе?
Харошы чалавек, але не беларус. У першую чаргу вілянчук, што значна больш істотна. Не згадаць беларусаў ён, канечне, не мог: адна з частак рамана напісаная менавіта ад імя тутэйшай.

Адна –– гэта з чатырох? Не так ужо і шмат… Навошта ўвогуле беларусам чытаць гэтую кнігу?
“Віленскі покер” можна лічыць падрабязным падручнікам паводзін у таталітарным грамадстве (і такой была аўтарская інтэнцыя). Раман фіксуе лёгка пазнавальны савецкі быт і сочыць за рознымі сцэнарыямі выжывання інтэлігента ва ўмовах стылістычнага гвалту. Іншая рэч, што Гавяліс не ідэалізуе ніводнага з выйсцяў, якія знаходзяць героі.

Пра што гэтая ідэя з прастамоўем? Ці перакладчыца не ведае нарматыўнай беларускай мовы?
У сучасным беларускім кантэксце адхіленні ад нарматыўнага моўнага стандарту часта ўспрымаюцца даволі варожа –– што крыху дзіўна, улічваючы, што таго адзінага стандарту, з якім усе былі б згодныя, не існуе.  У выпадку “Віленскага покера” гэта проста было самым лагічным рашэннем: для беларускай культуры Вільня дакладна не чужая, які быў бы сэнс яе такой адлюстроўваць?

__________________________________________________________________________________

Раней апублікаваны ўрывак з рамана на старонцы выдавецтва “Логвінаў”
https://lohvinau.by/18-рычард-гавяліс-віленскі-покер-адц/

Артыкул пра Рычарда Гавяліса ў Вікіпедыі
https://be-tarask.m.wikipedia.org/wiki/Рычардас_Гавяліс

Пра кнігу на старонцы “Радыё Свабода”
https://www.svaboda.org/a/29451701.html

Аўтар візуальных матэрыялаў — Грыгорый Кацнельсон.

https://gph.is/2xSGXij
https://gph.is/2O1ha1s

Чытайце таксама

1298