№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Тарасу Шаўчэнку — 200 гадоў

10 сакавіка 2014

Тарасу Шаўчэнку — 200 гадоў
9 сакавіка споўнілася 200 гадоў з нараджэння Тараса Шаўчэнкі, украінскага паэта, празаіка, мастака і галоўнай фігуры ўкраінскага нацыянальнага адраджэння.

Яго самая вядомая літаратурная праца — зборнік вершаў пад назвай “Кабзар”, які выйшаў у 1840 годзе.

 

Тарас Шаўчэнка — аўтар паэмаў “Сляпая”, “Князёўна”, “Марына”, “Юродзівы”, “Марыя”, балады “Сурочаная”, трыпціха “Доля”, “Муза”, “Слава”, аповесцяў “Варнак”, “Няшчасны”, “Блізняты”, “Мастак”, “Прагулка з задавальненнем і не без маралі”.

 

Многія вершы Тараса Шаўчэнкі сталі народнымі песнямі.

 

Тарас Шаўчэнка — таксама адзін з самых вядомых майстроў украінскага жывапісу. Ён працаваў у галінах станковага жывапісу, графікі, манументальна-дэкаратыўнага афармлення і скульптуры, дасканала валодаў тэхнікай акварэлі, алею, афорта, малявання алоўкам і пяром. Ён аўтар больш чым тысячы твораў жывапісу, з якіх захавалася не больш за 160.

 

На беларускую мову творы Шаўчэнкі перакладалі Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Змітрок Бядуля, Пятрусь Броўка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Аркадзь Куляшоў, Васіль Зуёнак, Валер Стралко і іншыя.

 

15 гадоў таму, з нагоды 185-годдзя паэта, у Сцяпанаўскім садзе на рагу вуліц Старавіленскай і Кісялёва, побач з будынкам пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, была ўсталяваная бронзавая постаць Тараса Шаўчэнкі. Аўтары помніка — украінскі скульптар Віктар Ліпаўка і беларускі архітэктар Віктар Крамарэнка.

 

Падчас Еўрамайдану помнік Тарасу Шаўчэнку ў Мінску стаў для беларусаў месцам дэманстрацыі салідарнасці з украінскім народам, сюды неслі кветкі і знічы на знак жалобы па загінулых у сутычках на вуліцах Кіева.

 

У вёсцы Карэкаўцы Вілейскага раёна Мінскай вобласці 20 верасня 2009 году адкрыты памятны знак, прысвечаны сяброўству Тараса Шаўчэнкі і ўраджэнца Вілейшчыны, паэта Эдварда Жалігоўскага.

 

Сучасны перакладчык з украінскай на беларускую і рускую мовы, аўтар 13 кніг Валер Стралко нядаўна выдаў кнігу перакладаў твораў Тараса Шаўчэнкі “Мастак”. Перакладчык, які сам паводле паходжання ўкраінец, але жыве ў Беларусі, адзначыў, што Тарас Шаўчэнка — унікальная з’ява ў гісторыі сусветнага мастацтва.

 

“Тарас Шаўчэнка выбітны не толькі тым, што ён класік украінскай літаратуры ці творца, вершы якога мне падабаюцца. Вядома, што ў свеце ёсць вельмі шмат перакладаў яго твораў на розныя мовы. Напрыклад, толькі на ангельскую мову адзін “Запавет” перакладзены 38 разоў, — кажа Стралко. — Так склалася, што і я наважваўся перакладаць Шаўчэнку на беларускую мову. Мне вельмі падабаюцца яго вершы. І падабаюцца не толькі ў паэтычным сэнсе, але і ў агульначалавечым, і ў палітычным, і ў маральна-этычным. Шаўчэнка — гэта чалавек-загадка. Яго часам параўноўваюць з нашым Максімам Багдановічам. Але я лічу, што рабіць такое параўнанне складана. Як мог чалавек, які паходзіў з самых нізоў, быў прыгонным і не меў практычна ніякай сістэматычнай адукацыі, у сваім празаічным творы “Мастак” згадаць больш за сто прозвішчаў мастакоў з усяго свету? Ён жа не меў ніякіх энцыклапедыяў пад рукамі. Факт гэтых згадак гаворыць пра высокі ўзровень інтэлігентнасці гэтага творцы”.

паводле svaboda.org

Чытайце таксама

689