№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

У 2017 годзе Скарына выдаваў бы Біблію праз краўдфандынг: 5 фактаў да 500-годдзя ад кніжнай серыі "Амерыканка"

9 жніўня 2017

У 2017 годзе Скарына выдаваў бы Біблію праз краўдфандынг: 5 фактаў да 500-годдзя ад кніжнай серыі

Паўтысячагоддзя таму ў Празе пабачыла свет першая друкаваная кніга на беларускай мове — “Псалтыр”, які 6 жніўня 1517 года выдаў Францішак Скарына. Гэта стала знакавай падзеяй не толькі для беларускага кнігадруку, але і для беларускага мастацкага перакладу. Перакладчыкі, якія другі месяц збіраюць на платформе “Улей” сродкі на выданне серыі перакладной літаратуры “Амерыканка”, параўналі свой досвед з агульнавядомымі фактамі жыцця славутага палачаніна, і прыйшлі да (не)чаканай высновы. Калі б Скарына жыў у ХХІ стагоддзі, ён таксама быў бы змушаны збіраць грошы на выдавецкія праекты праз інтэрнэт. Вашай увазе — пяць доказаў гэтай “гіпотэзы”.

1. Выданне кніг у Беларусі — дарагая асалода. Што цяпер, што 500 гадоў таму. Адважваюцца на такое хіба фанаты сваёй справы. Каб зменшыць выдаткі, сучасныя выдаўцы друкуюць кнігі ў суседніх краінах: Літве, Украіне ці Расіі. Скарына першым прыйшоў да гэтай схемы, заснаваўшы свой кніжны стартап у чэшскай Празе. Уся актыўная друкарская дзейнасць заняла два гады: 22 кнігі з 1517 па 1519. Усяго Скарына іх надрукаваў 24. Апошняя — “Апостал” — выйшла ў Вільні ў 1525 годзе. Калі браць да ўвагі умовы існавання беларускай кнігі ў наш час, можна меркаваць, што рэвалюцыйныя для свайго часу выданні Скарыны так і не акупіліся. Вядома, што першадрукар спрабаваў заваёўваць новыя рынкі, дзеля чаго пераехаў у Маскву. Аднак перанесці туды бізнэс не ўдалося: маскоўскія манахі-перапісчыкі вылічылі канкурэнта і вытурылі яго з Трэцяга Рыму, абвясціўшы “лацінянінам”. Не знайшоўшы магчымасці развівацца, Скарына, відавочна, адчуў эмацыйнае выгаранне і, як сказалі б цяпер, змяніў сферу, заняўшыся іншымі справамі.

2. Як і сучасныя беларускія перакладчыкі, якія не атрымліваюць дапамогі ад дзяржавы, Скарына не змог бы выдаць кнігі без падтрымкі спонсараў. Яго мецэнатамі былі віленчукі Якуб Бабіч і Багдан Онькаў, а таксама вялікі князь Канстанцін Астрожскі ды іншыя адукаваныя магнаты эпохі. Лічыцца, што Бабіч і Онькаў фінансавалі пераклад і выданне 22 кніг, якія Скарына друкаваў у Празе, і дзвюх у Вільні. Віленская друкарня Скарыны месцілася ў доме Бабіча.

3. На краўдфандынг звычайна выносяцца праекты, карысныя для культуры і грамадства. Скарына бачыў сваёй мэтай асвету суайчыннікаў. Менавіта таму ён не друкаваў Біблію цалкам. Такое выданне было б вельмі дарагім і заняло б шмат часу. Дый цікавае яно было б хіба адукаванай эліце Вялікага Княства, якая да таго ж свабодна чытала на лаціне, па-грэцку ці на старагабрэйскай мове, калі згадаць пра іўдзейскіх мудрацоў. Скарына перакладаў на “рускую мову” самыя папулярныя раздзелы, прывабныя для шырокага чытача. Да Святога Пісьма ён дадаваў разгорнутыя каментары і такім чынам выкарыстоўваў Біблію, каб пашыраць сярод “паспалітых людзей” свецкія веды. Напрыклад, друкаваў календары сонечных і месяцовых зацьменняў.

4. Калі збіраеш грошы на культуру па схеме дабрачыннасці, іх хапае толькі на самае неабходнае. Скарына свядома выкарыстоўваў чорна-белы друк, каб знізіць сабекошт кніг. Толькі “падарункавае” выданне “Песні песняў” мела яшчэ і чырвоную фарбу. Скарына зрабіў друкаваную кнігу пад’ёмнай для тагачаснага “сярэдняга класа” — купцоў, медыкаў настаўнікаў. Прычым не толькі па грашах, але і літаральна: скарынаўскія выданні ў параўнанні з фаліянтамі таго часу выглядалі сапраўднымі покетбукамі. “Малую падарожную кніжку” на 1 /12 аркуша, выдадзеную ў Вільні ў 1522 годзе, дзе змяшчаліся самыя ўжытковыя рэлігійныя тэксты, можна было браць у вандроўку. Для тагачасных людзей гэта было супастаўна з вынаходніцтвам у ХХІ стагоддзі электроннай кнігі.

5. Важны складнік краўдфандынгу — падача, візуальны шэраг. Чым прывабнейшы праект, тым ахвотней яго падтрымлівае аўдыторыя. Скарына быў, апроч усяго, яшчэ і здольным дызайнерам. Ён не толькі ўласнаручна рабіў гравюры, каб праілюстраваць свае кнігі, але і распрацаваў пазнавальны лагатып свайго друкарскага прадпрыемства — Месяц і Сонца, — які і цяпер актыўна ўжываецца ў беларускай культуры. Адкінуўшы лішнюю сціпласць, друкаваў у выданнях Бібліі аўтапартрэт, зрабіўшыся тварам уласнага прадпрыемства. Па эскізах Скарыны нямецкія майстры вырабілі аўтарскі шрыфт, абрысы якога сёння трывала асацыююцца з гісторыяй беларускай кнігі.

Ці ўдалося б Францішку Скарыну сабраць неабходную на выданне яго кніжнай серыі суму праз краўдфандынг? Ці змог бы ён пераканаць суайчыннікаў у тым, што друкаванне кніг — перспектыўная справа, якая ўсяго праз паўстагоддзя зменіць культурнае аблічча іх радзімы, зрабіўшы Вялікае Княства Літоўскае цэнтрам славянскага пісьменства? Цікавае пытанне, на якое няма адказу.

Між тым да канца кампаніі “Лета з “Амерыканкай”” засталося крыху больш за два тыдні. Мы шчыра віншуем усіх культурных людзей з 500-годдзем кнігадруку і просім падтрымаць выданне культавых аўтараў ХХ стагоддзя ў перакладзе на беларускую мову. Мы верым, што добрыя пераклады добрых твораў рухаюць наперад мову, літаратуру і змяняюць грамадства да лепшага. Падтрымаць “Амерыканку” можна, перадзамовіўшы кнігі кніжнай серыі на платформе “Улей”: http://ulej.by/project?id=199735.

паводле Паводле прэс-рэлізу

Чытайце таксама

5 кастрычніка 2017

Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў Кадзуа Ісігура

Сёлета лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры стаў Кадзуа Ісігура.

30 верасня 2017

Абвешчаны кароткі спіс Прэміі Шэрмана

Сёння, у Сусветны lзень перакладчыка, стаў вядомы кароткі спіс прэміі імя Карласа Шэрмана.

24 ліпеня 2017

Абвешчаны доўгі спіс Прэміі Карласа Шэрмана

Журы прэміі імя Карласа Шэрмана вызначыла доўгі спіс намінантаў: 22 кнігі, перакладзеныя з 9 моваў 26 перакладчыкамі, выдадзеныя ў 9 выдавецтвах.

21 жніўня 2017

Трэці "Холмс" па-беларуску: з чаго ўсё пачалося

У выдавецтве “Янушкевіч” выйшла трэцяя кніга з серыі пра Шэрлака Холмса. У ёй пад адной вокладкай змешчаныя дзве аповесці Артура Конана Дойла — “Эцюд у пунсовым” і твор, які даў кнізе назву — “Знак чатырох”.…

іншыя навіны
141