У Бібліятэцы часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” і Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” выйшла новая кніга — “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна” Г. А. Бюргера і Р. Э. Распэ ў перакладзе Ігара Крэбса. Гэта першае беларускае выданне, зробленае паводле поўнай класічнай версіі “Прыгод”, а не рускамоўнай дзіцячай адаптацыі Карнея Чукоўскага. У кнізе выкарыстаныя ілюстрацыі Гюстава Дарэ. Гэта адзінаццатае выданне з серыі “PostScriptum”. Дызайн вокладкі зрабіла Марыя Мухіна.
Прыгоды бароны Мюнхгаўзэна (кароткая гісторыя кнігі, выкладзеная на задняй вокладцы беларускага выдання):
1781 і 1783 – у нямецкім часопісе “Вадэмекум для вясёлых людзей” друкуюцца анекдоты, апавядальнікам у якіх выступае нехта “М‑г‑з‑н”
1785 – нямецкі вучоны Рудольф Эрых Распэ (1736 – 1794), якога абвінавацілі ў крадзяжы калекцыйных манет і які збег у Англію, перакладае гэтыя анекдоты на англійскую мову і на іх аснове ананімна выдае кнігу пра Мюнхгаўзэна. Кніга робіцца папулярнай і вытрымлівае шмат перавыданняў
1786 – нямецкі паэт Готфрыд Аўгуст Бюргер (1747 – 1794) перакладае другое выданне кнігі Распэ на нямецкую, вяртаючы літаратурнага Мюнхгаўзэна на радзіму
1788 – Бюргер перакладае, дапрацоўвае і выдае пятае ангельскае выданне Распэ – менавіта гэты варыянт кнігі робіцца класічнай версіяй “Прыгод барона Мюнхгаўзэна”
1794 – Распэ і Бюргер паміраюць, а сапраўдны Карл Фрыдрых Іеранім барон фон Мюнхгаўзэн (1720 – 1797) пакутуе праз сваю славу хлуса: яго слугі вымушаныя разганяць натоўпы разявак, што збіраюцца пад яго вокнамі
1938 – з’яўляецца першае беларускае выданне “Прыгод Мюнхаўзена” паводле рускага пералажэння Карнея Чукоўскага (перакладчык не ўказаны)
1955 – выходзіць беларускі пераклад “Прыгод Мюнхаўзена”, зроблены Віталём Вольскім з рускага пералажэння К. Чукоўскага; пад назвай “Прыгоды барона Мюнхаўзена” пераклад перавыдаецца ў 1992 і 2014 гадах
2017 – перакладчык Ігар Крэбс робіць беларускую версію “Прыгод барона Мюнхгаўзэна” паводле класічнага нямецкага выдання; кніга выходзіць з прадмовай перакладчыка