№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Віторыё Альф'еры (Vittorio Alfieri)

(1749—1803)

Віторыё Альф'еры

Віторыё Альф'еры вядомы найперш як драматург. Ён аўтар таксама палітычных трактатаў, вершаў, мемуараў "Жыццё Віторыё Альф'еры з Асці, расказанае ім самім" ды іншых твораў. Крытыкі адзначаюць, што яго творчасць адлюстравала крызіс Асветніцтва ў Італіі перыяду Французскай рэвалюцыі і пошукі новых ідэалагічных і мастацкіх арыентыраў напярэдадні эпохі рамантызму.

Альф’еры нарадзіўся 16 студзеня 1749 г. у горадзе Асці (княства П'емонт, Італія) у багатай арыстакратычнай сям'і. Рана страчвае бацьку, вучыцца ў Турынскай ваеннай акадэміі. Пасля яе заканчэння падарожнічае па Еўропе, па вяртанні ў Турын сур'ёзна займаецца самаадукацыяй, шмат чытае, вывучае лацінскую і грэцкую мовы, захапляецца тэатрам. У 1775 г. піша сваю першую трагедыю “Клеапатра”, пасля трагедыю “Філіп” (надрукаваная ў 1783) на сюжэт з гішпанскай гісторыі, апрацаваны пазней Шылерам у “Доне Карласе”. У гэты ж перыяд ствараюцца трагедыі “Палінік”, “Арэст”, “Антыгона”.

У 1777 годзе Альф’еры пераязджае ў Таскану, каб вывучыць тасканскі дыялект, жыве ў Сіене і Фларэнцыі, дзе знаёміцца з графіняй Луізай д’Олбані, жонкай прэтэндэнта на ангельскі трон Карла-Эдуарда Сцюарта, пад уплывам якой працягвае свае літаратурныя заняткі. Вывучае літаратуру эпохі Адраджэння, перш за ўсё творы Дантэ і Мак’явэлі, якія паўплывалі на фармаванне яго поглядаў. У тым жа годзе піша трактат “Аб тыраніі” (надрукаваны ў 1789), дзе адлюстроўвае ідэал грамадзяніна і тыранаборцы, а таксама трагедыю “Віргінія”.

У тасканскі перыяд творчасці Альф’еры стварае чатырнаццаць трагедый, сярод якіх “Змова Пацы” і “Тымаліён”, “Марыя Сцюарт”, “Дон Гарсія”, “Саўл”, прасякнутыя тыранаборчым пафасам. У 1778—1786 гг. працуе над трактатам “Пра ўладара і літаратуру” (надрукаваны ў 1789), у якім выкладае свае погляды на ролю літаратуры і мастацтва.

У 1784 г. пераязджае ў Францыю; жыве спачатку ў Кальмары (Эльзас), пасля ў Парыжы, дзе стварае пяць трагедый. У 1788 г. пасля смерці Карла-Эдуарда Сцюарта бярэ шлюб з Луізай д’Олбані. Захоплена вітае Французскую рэвалюцыю, аднак тэрор мяняе яго стаўленне. У 1792 г. вяртаецца ў Фларэнцыю, а яго маёмасць у Францыі канфіскуецца. У апошнія гады вядзе замкнёны лад жыцця, рупліва аддаецца навуковым заняткам, перакладае старажытнагрэцкія і лацінскія тэксты. У 1799 г. стварае зборнік вершаў і прозы “Мізагал” (“Франканенавіснік”), дзе асуджае рэвалюцыю ў Францыі, у 1800—1803 гг. піша шэсць вершаваных камедый.

Памёр 8 кастрычніка 1803, пахаваны ў царкве Санта-Крочэ ў Фларэнцыі паміж Мікеланджэла і Мак’явэлі. Зрабіў вялікі ўплыў на наступныя пакаленні літаратараў, сярод якіх Уга Фоскала і Джакома Леапардзі, што лічылі яго папярэднікам італьянскага Рысарджымента — руху за аб’яднанне краіны. Яго называюць таксама “бацькам італьянскай трагедыі”.

Чытайце таксама

Агата Крысці

Агата Крысці

Ангельская аўтарка дэтэктыўнай прозы, яе творы — адны з самых выдаваных за ўсю гісторыю чалавецтва

Вікенцій Равінскі

Вікенцій Равінскі

Беларускі паэт і празаік, адзін з пачынальнікаў беларускай сатыры

Міхаіл Кузмін

Міхаіл Кузмін

Рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, кампазітар

Станіслаў Ігнацы Віткевіч

Станіслаў Ігнацы Віткевіч

Польскі мастак, фатограф, драматург, празаік, эсэіст, філосаф, тэарэтык мастацтва. Віткацы

1234