Аргентынскі празаік, паэт і публіцыст. У 1920-я гады зрабіўся адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі.
Борхес нарадзіўся 24 жніўня 1899 г. у Буэнас-Айрэсе. З ранняга ўзросту зацікавіўся паэзіяй, у чатыры гады ўжо ўмеў чытаць. У 1905 годзе пачаў разам з хатняй настаўніцай вывучаць ангельскую мову, а ў наступным годзе напісаў сваё першае апавяданне.
У 1914 годзе сям’я Борхеса паехала на канікулы ў Еўропу, аднак з прычыны Першай сусветнай вайны вярнуцца назад было складана, і сям’я асела ў Жэневе. Борхес вывучыў французскую мову і паступіў у Жэнеўскі каледж, дзе пачаў пісаць вершы па-французску. У 1918 годзе пераехаў у Гішпанію, а ў 1919 годзе надрукаваў ў часопісе “Грэцыя” першы верш. У 1921 годзе вярнуўся ў Аргентыну, дзе ў 1923-м выдаў першы зборнік вершаў “Пал Буэнас-Айрэса”.
У 1930-я Борхес піша шмат эсэ па аргентынскай літаратуры, мастацтве, гісторыі, кіно. Адначасова ён пачынае весці калонку ў часопісе El Hogar, дзе піша рэцэнзіі на кнігі замежных аўтараў і біяграфіі пісьменнікаў. Пачынаючы з першага выпуску Борхес рэгулярна друкаваўся ў часопісе Sur, найбуйнейшым літаратурным часопісе Аргентыны, заснаваным у 1931 годзе Вікторыяй Акампа. Для выдавецтва Sur Борхес перакладае творы Вірджыніі Вулф. У 1937 годзе ён выдае анталогію класічнай аргентынскай літаратуры. У сваіх творах з 1930-х гадоў пісьменнік пачынае спалучаць выдумку з рэальнасцю, піша рэцэнзіі на няісныя кнігі і г.д.
Канец 1930-х гадоў стаў для Борхеса цяжкім: спачатку ён пахаваў бабулю, потым бацьку. Таму ён быў вымушаны матэрыяльна забяспечваць сваю сям'ю. З дапамогай паэта Франсіска Луіса Бернардэса пісьменнік паступіў захавальнікам у муніцыпальную бібліятэку Мігеля Канэ ў буэнас-айрэскім раёне Альмагра, дзе чытаў і складаў кнігі. Там жа пісьменнік ледзь не загінуў ад сэпсісу, разбіўшы галаву. Гады працы бібліятэкарам (1937—1946) Борхес пасля называў “дзевяццю глыбока нешчаслівымі гадамі”, хоць менавіта ў той перыяд з'явіліся першыя яго шэдэўры. Пасля прыходу да ўлады Перона ў 1946 годзе Борхес быў звольнены з бібліятэчнай пасады.
Хорхе Луіс Борхес разам з Адольфа Біёй Касарэсам і Сільвінай Акампа ўдзельнічаў у стварэнні “Анталогіі фантастычнай літаратуры” ў 1940 годзе і “Анталогіі аргентынскай паэзіі” ў 1941 годзе.
У жніўні 1944 г. у гасцях у Біёй Касарэса і Сільвіны Акампа Борхес пазнаёміўся з Эстэль Канта, у якую закахаўся. Эстэль натхніла Борхеса на напісанне твора “Алеф”, які лічыцца адным з яго найлепшых дасягненняў. Нягледзячы на супраціў маці, Борхес прапанаваў Эстэль ажаніцца, але гэтага так ніколі і не адбылося. У 1952 годзе іх адносіны завяршыліся.
У пачатку 1950-х Борхес вярнуўся да паэзіі; вершы гэтага перыяду носяць у асноўным элегічны характар, напісаныя класічнымі памерамі, з рыфмай. У іх, як і ў астатніх яго творах, пераважаюць тэмы лабірынта, люстэрка і свету, трактаванага як бясконцая кніга.
Пачатак 1950-х адзначыўся прызнаннем таленту Борхеса ў Аргентыне і за яе межамі. У 1950 годзе Аргентынскі саюз пісьменнікаў выбраў яго сваім прэзідэнтам, якім ён прабыў тры гады. У Парыжы быў надрукаваны першы пераклад Борхеса на французскую. У той жа час у Буэнас-Айрэсе выходзіць серыя апавяданняў “Смерць і бусоль”, дзе барацьба чалавечага інтэлекту з хаосам паўстае як крымінальнае расследаванне. У 1952 пісьменнік публікуе эсэ пра асаблівасці аргентынскай гішпанскай “Мова аргентынцаў”. У 1953 годзе некаторыя апавяданні са зборніка “Алеф” перакладаюцца на французскую. У тым жа годзе выдавецтва Emecé пачынае публікаваць поўны збор твораў Борхеса. У 1954-м рэжысёр Леапольда Торэ Нільсан здымае фільм “Дні нянавісці” паводле апавяданняў Борхеса.
У 1955 пасля ваеннага перавароту, які зрынуў ўрад Перона, Борхес быў прызначаны дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Аргентыны (хоць ужо амаль аслеп) і займаў гэты пост да 1973. У снежні 1955 пісьменнік быў абраны сябрам Аргентынскай акадэміі літаратуры. Ён актыўна піша і выкладае на кафедры нямецкай літаратуры ва Універсітэце Буэнас-Айрэса.
У 1972 г. Хорхе Луіс Борхес едзе ў ЗША, дзе атрымлівае шматлікія ўзнагароды і чытае лекцыі ў некалькіх універсітэтах. У 1973 годзе ён атрымлівае званне ганаровага грамадзяніна Буэнас-Айрэса і сыходзіць з пасады дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі.
У 1975 адбываецца прэм'ера фільма “Мярцвяк” паводле аднайменнага твора Борхеса. У тым самым годзе ва ўзросце 99 гадоў памірае маці пісьменніка. З гэтага моманту ў падарожжах яго суправаджае Марыя Кодама, з якой ён жэніцца 26 красавіка 1986.
У 1979 Борхес атрымаў прэмію Сервантэса — самую прэстыжную ў гішпанамоўных краінах узнагароду за заслугі ў галіне літаратуры.
У 1986 ён пераязджае ў Жэневу, дзе і памірае 14 чэрвеня ва ўзросце 86 гадоў ад раку печані і эмфізэмы лёгкіх. У лютым 2009 г. было прапанавана перапахаваць астанкі Хорхе Луіса Борхеса на могілках Рэкалета ў Буэнас-Айрэсе, але праз рашучую адмову ўдавы пісьменніка праект не быў рэалізаваны.