№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джакама Леапардзі (Giacomo Leopardi)

1798 – 1837

Джакама Леапардзі

Італьянскі паэт. У творах Леапардзі спалучаюцца любоў да антычнай культуры і да нацыянальнай традыцыі, што збліжае яго з класіцыстамі, але наватарскія строфіка і рытміка, а таксама тэматыка і моц пачуццяў, якія ён укладаў у свае творы, яднаюць яго з рамантыкамі. Звычайна ў творчасці паэта вызначаюць два кірункі — гістарычны песімізм і філасофскі песімізм. Філасофская пазіцыя Леапардзі — анталагічная прысутнасць зла ў свеце і “бясконцая марнасць усяго зямнога” — стане адной з галоўных тэмаў італьянскай лірыкі дэкадансу і паэзіі ХХ ст.

Джакама Леапардзі нарадзіўся 29 чэрвеня 1798 г. у Рэканаці (Папская вобласць, Італія) у арыстакратычнай сям’і. У Рэканаці ён правёў першыя дваццаць чатыры гады свайго жыцця. Рана пачаў цікавіцца навукай і літаратурай. У выніку ўпартых заняткаў у 1813 г. з’яўляецца “Гісторыя астраноміі”, а праз два гады — “Развагі над распаўсюджанымі памылкамі старажытных” разам з першымі вершамі, трагедыяй “Пампей у Егіпце” і перакладам “Мастацтва паэзіі” Гарацыя актавамі. Іншым вынікам заняткаў сталі слабы зрок і скрыўлены хрыбет, ад чаго Леапардзі будзе пакутаваць усё жыццё, а таксама пачынае праяўляцца туберкулёз касцей. У гэты ж час пачынаецца ліставанне Леапардзі са знакамітым у той час крытыкам П’етра Джардані, што спрыяе пашырэнню кругагляду паэта і далучэнню да жывога літаратурнага працэсу.

З 1817 г. Леапардзі пачынае занатоўваць свае думкі, якія ў далейшым складуць знакаміты “Дзённік разважанняў”, апублікаваны толькі ў 1898 г. У Джамбатыста Віка ён натхняецца ідэяй паэзіі як натуральнага выяўлення пачуццяў чалавека. Малады Леапардзі далучаецца да палемікі класіцыстаў і рамантыкаў, эстэтычныя погляды ён выкладае ў трактаце “Развагі аднаго італьянца аб рамантычнай паэзіі” (1818 г., надрукаваны пасля смерці паэта).

У вершах Леапардзі пераважае патрыятычная, філасофская, гістарычная, інтымная тэматыка. У 1818 г. Леапардзі стварае верш “Італіі”, дзе з сумам гаворыць пра лёс радзімы. У гэтым вершы гучаць матывы Віторыё Альф’еры і Уга Фоскала — параўнанне мінулай славы і сучаснага гаротнага стану рэчаў, заклік да “сыноў Італіі” абараняць сваю краіну. Верш “Помніку Дантэ” (1818) напісаны з нагоды адкрыцця ў Фларэнцыі помніка паэту. Цікавасць да асобы і творчасці Дантэ ў гэты час моцна вырасла, і Леапардзі імкнецца нагадаць італьянцам пра іх слаўнае мінулае, пра нацыянальную годнасць.

У 1822 г. Леапардзі пакідае Рэканаці і накіроўваецца ў Рым, пасля падарожнічае па Італіі. Пасля 1822 г. ён шэсць гадоў не піша вершаў, аднак менавіта ў гэты час стварае яшчэ адзін значны празаічны твор — “Маральныя эцюды” (1824—1828),  дыялогі, у якіх ахопліваецца шырокае кола тэм — ад літаратурных да філасофскіх і палітычных.

Паміж 1825 і 1826 гг. паэт публікуе першыя “Ідыліі”,якія пасля называе “маленькімі”, адну з вяршыняў сваёй творчасці, дзе, адыходзячы ад грамадзянскіх матываў, ён услаўляе свет душы, напоўненай пачуццямі і прыгажосцю навакольнай прыроды. Так нараджаюцца вершы “Сон”, “Поўні”, “Самотнае жыццё” і ў першую чаргу “Вечар святочнага дня”. Рамантычны герой Леапардзі выступае супраць бязлітаснага лёсу, які прадвызначыў чалавецтву пакутаваць у рабстве і пакоры.

Пачынаючы з 1828 г. нараджаюцца “вялікія” ідыліі, вяршыня не толькі ў творчасці Леапардзі, але і ва ўсёй італьянскай паэзіі. Паразы вызваленчых рухаў 1831 г. і вяртанне аўстрыйцаў выклікалі напісанне такіх сатырычных твораў, як “Палінодыя Джына Капоні”, “Новыя вернікі” і “Параліпамены да “Батрахаміямахіі”. Апошнія слынныя творы паэта — “Заход месяца” і “Жаўтазель”, у якіх заход месяца параўноўваецца з заходам маладосці, а жаўтазель — з чалавекам, што, быццам дзікая кветка, пераадольвае ўсе перашкоды 

Дж. Леапардзі памёр 14 чэрвеня 1837 г. падчас эпідэміі халеры ў Неапалі, і толькі дзякуючы намаганням яго сябра Антоніё Раньеры цела паэта было ўратаванае з агульнай ямы і пахаванае ў царкве Сан Вітале ў мястэчку Фуарыгрота.

На думку італьянскага даследчыка, аўтара кнігі пра Леапардзі П’етра Чытаці, адна з вялікіх здольнасцяў паэта — “не належаць ніякай эпосе, ні цяперашняй, ні мінулай... Ён быў дома паўсюль і нідзе. Яго радыкальная непрыналежнасць часу дазволіла яму зразумець дзевятнаццатае і дваццатае стагоддзе, буржуазнае грамадства і народ... Так Леапардзі, з якім мы не супадаем у часе, здаецца нам неверагодна сучасным, быццам ён жыве, глядзіць і вывучае тое, што адбываецца сёння”.

Аксана Данільчык

Чытайце таксама

Георг Гайм

Георг Гайм

Нямецкі паэт, празаік, драматург, ключавая постаць ранняга экспрэсіянізму

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Мэнке Кац

Мэнке Кац

Беларуска-габрэйскі паэт, пісаў на ідышы і па-ангельску

Тэадор дэ Банвіль

Тэадор дэ Банвіль

Французскі паэт, драматург, літаратурны крытык і журналіст

1255