№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эльзэ Ласкер-Шулер (Else Lasker-Schüler)

1869 — 1945

Эльзэ Ласкер-Шулер

Нямецкая паэтка і празаік габрэйскага паходжання, адна з яркіх прадстаўніцаў нямецкага экспрэсіянізму.

Нарадзілася 11 лютага 1869 у горадзе Эльберфельд (цяпер гэта адзін з раёнаў горада Вуперталь) у сям’і банкіра Аарона Шулера і Жанэт Шулер (у дзявоцтве Кісінг). Маці была адной з галоўных гераіняў яе вершаў, а бацька — прататыпам асноўнага героя ў п’есе “Вупер” (Die Wupper). У 1880 годзе Эльзэ паступіла ў ліцэй West An der Aue. Калі дзяўчынцы было 13, памёр яе любімы брат Паўль, у 1890 годзе памерла маці, а ў 1897 не стала бацькі. Па словах паэткі, смерць маці яна ўспрыняла як “выгнанне з раю”.

Па заканчэнні навучання ў 1894 годзе Эльзэ выйшла замуж за доктара Ёнатана Бертальда Ласкера, брата знакамітага шахматыста. Маладая сям’я пераехала ў Берлін, дзе Ласкер-Шулер пачала вучыцца мастацтву. У жніўні 1899 году нарадзіўся іх сын Паўль, а таксама былі надрукаваныя яе першыя вершы. Праз тры гады, у 1902 годзе, з’явілася яе першая кніга паэзіі “Стыкс” (Styx). У 1903 яны з Бертальдам развяліся, і ў той жа год Эльзэ выйшла замуж за пісьменніка Георга Левіна, якому яна прыдумала псеўданім Герварт Вальдэн.

У тагачасным Берліне Эльзэ Ласкер-Шулер заводзіла шматлікія літаратурныя знаёмствы, наведвала кавярні і клубы, дзе збіралася берлінская інтэлектуальная багема. У 1906—1907 гг. пачынаюць выходзіць яе празаічныя кнігі: “Das Peter-Hille-Buch”, прысвечаная яе памерламу сябру, пісьменніку Петэру Хіле, і зборнік прозы “Ноч Ціна ў Багдадзе” (Die Nächte der Tino von Bagdad). У 1909 годзе была надрукаваная п’еса “Вупер” (Die Wupper), аднак яна была пастаўленая толькі праз дзесяць гадоў. У 1911 годзе, пасля выхаду другога паэтычнага зборніка “Мае цуды” (Meine Wunder), пра Эльзэ загаварылі як пра першую жанчыну, якая піша ў экспрэсіянісцкай манеры.

У 1912 годзе Эльзэ Ласкер-Шулер развялася з Гервартам Вальдэнам і аказалася практычна без грошай, выжываючы толькі дзякуючы падтрымцы сяброў, асабліва Карла Краўса, які друкаваў яе ў сваім часопісе “Факел” (Die Fackel). У той жа год яна знаёміцца з Готфрыдам Бэнам, іх палкае сяброўства знаходзіць свой адбітак у вялікай колькасці любоўных вершаў, якія паэт і паэтка прысвячаюць адно аднаму. Аднак смерць сына ў 1927 годзе ўганяе Ласкер-Шулер у дэпрэсію.

Нягледзячы на тое, што ў 1932 годзе яна атрымала прэстыжную Кляйстаўскую прэмію і зрабілася вядомай у Нямеччыне, гэта не абараніла яе ад нацыстаў. У красавіку 1933 году на яе нападаюць штурмавікі, што вымушае паэтку эміграваць у Цюрых. Але і там яна не змагла працаваць. З Цюрыха Эльзэ двойчы ездзіла ў Палестыну, а ў 1937 годзе пасялілася ў Ерусаліме. У 1938 годзе яе пазбавілі нямецкага грамадзянства, а пачатак Другой сусветнай вайны паставіў крыж на спробах вярнуцца ў Еўропу. Багемныя звычкі і эксцэнтрычныя паводзіны Ласкер-Шулер не садзейнічалі яе паспяховаму жыццю ў Ерусаліме. Заробленыя грошы яна тут жа траціла, застаючыся на некалькі дзён без ежы і прытулку. Яе сябры адкрылі рахунак у банку, дапамаглі рэдагаваць яе творы і звязвацца з выдаўцамі, што палепшыла яе становішча.

Яе апошні прыжыццёвы зборнік вершаў “Мой блакітны раяль” (Mein blaues Klavier) выйшаў у 1943 годзе.

У 1944 годзе здароўе Эльзэ Ласкер-Шулер пагоршылася, 16 студзеня 1945 у яе здарыўся сардэчны прыступ, а 22 студзеня яна памерла. Пахаваная на Элеонскай гары.

Чытайце таксама

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Дайва Чапаўскайтэ

Дайва Чапаўскайтэ

Літоўская паэтка, аўтарка драматычных твораў.

Жорж Санд

Жорж Санд

Французская пісьменніца

173