№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Фланэры О'Конар (Flannery O'Connor)

1925—1964

Фланэры О'Конар

Мэры Фланэры О’Конар — амерыканская пісьменніца, эсэістка. Разам з Ўільямам Фолкнэрам, Трумэнам Капотэ і іншымі аўтарамі належала да г.зв. “паўднёвай готыкі” — літаратурнага напрамку, які спалучаў элементы класічнай гатычнай літаратуры з рэаліямі амерыканскага Поўдня.

Нарадзілася 25 сакавіка 1925 году ў горадзе Савана (Джорджыя) у сям’і ірландскага паходжання.  Бацька пісьменніцы, агент па нерухомасці, у 1937 годзе захварэў на сістэмную чырвоную ваўчанку і праз чатыры гады памёр. Незадоўга да смерці бацькі Фланэры разам з сям’ёй пераехала з Саваны ў невялікі горад Міледжвіл, на ферму. У 1945 годзе будучая пісьменніца скончыла жаночы каледж Джорджыі (трохгадовая праграма навучання, спецыяльнасць “Грамадскія навукі”). Праз год Фланэры паступіла ў школу крэатыўнага пісьма ўніверсітэта Аявы і апублікавала свае першыя апавяданні. У 1948 годзе жыла ў штаце Нью-Ёрк і працавала над раманам “Мудрая кроў” (Wise Blood). Потым пераехала ў Канектыкут, да сям’і свайго сябра, паэта і крытыка Роберта Фіцджэралда. Раман “Мудрая кроў” быў апублікаваны ў траўні 1952 году. А праз некалькі месяцаў выявілася, што пісьменніца, як і яе бацька, хварэе на ваўчанку. І Фланэры О’Конар вярнулася да маці, на ферму ў Міледжвіл.

На ферме Фланэры О’Конар гадавала паўлінаў і качак, займалася тэалогіяй (пісьменніца была каталічкай у пратэстанцкай Джорджыі, выступала з лекцыямі пра вучэнне Каталіцкай Царквы) і пісала апавяданні. У 1955 годзе выйшаў першы зборнік апавяданняў “Добрага чалавека цяжка знайсці” (A Good Man Is Hard to Find). Таксама пісьменніца пачала пісаць другі раман, “Валадарства Нябеснае здабываецца сілай” (The Violent Bear It Away). Першая частка рамана была апублікаваная ў 1955 годзе, асобнай кнігай твор выйшаў у 1960 годзе.

Кнігі Фланэры О’Конар прыцягнулі ўвагу крытыкаў, якія заўважылі адметныя рысы твораў пісьменніцы: гратэскавасць і жорсткасць персанажаў, вастрыню расавых праблем амерыканскага Поўдня, насычанасць біблійнымі алюзіямі. У другой палове 1950-х пісьменніца выступала з чытаннямі лекцый і твораў у амерыканскіх універсітэтах. Яе творы здабылі папулярнасць у літаратурных колах паўднёвых штатаў — Тэнэсі, Джорджыі, Алабамы, Місісіпі. Пасля публікацыі рамана “Валадарства Нябеснае здабываецца сілай” пісьменніца працягвала пісаць апавяданні, якія публікаваліся ў часопісах і анталогіях сучаснай амерыканскай літаратуры.

У пачатку 1960-х хранічная хвароба пісьменніцы прагрэсавала, і стан яе здароўя пагоршыўся. Але Фланэры О’Конар пісала і публікавала малую прозу. Апошняе апавяданне “Судны дзень” (Judgment Day) яна напісала ў 1964 годзе, гэты тэкст — перапрацоўка першага апавядання “Герань” (The Geranium). Памерла пісьменніца 3 жніўня 1964. Познія яе апавяданні апублікаваныя ў 1965 годзе ў кнізе “Усё, што ўздымаецца, мусіць сысціся” (Everything That Rises Must Converge). Але сапраўдным бэстсэлерам зрабіўся поўны збор апавяданняў Фланэры О’Конар, апублікаваны ў 1971. Гэтая кніга выйграла Нацыянальную кніжную прэмію ЗША за 1972 год у намінацыі “Мастацкая літаратура” і пасмяротна прынесла аўтарцы шырокую вядомасць. З 1983 году ў Джорджыі ўручаецца прэмія імя Фланэры О’Конар за найлепшую кнігу апавяданняў. У Саване і Міледжвіле дзейнічаюць літаратурныя музеі Фланэры О’Конар. Раман “Мудрая кроў” і некаторыя апавяданні пісьменніцы былі экранізаваныя.

Чытайце таксама

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

Кларк Эштан Сміт

Кларк Эштан Сміт

Амерыканскі паэт і празаік, мастак, скульптар. Пісаў апавяданні ў жанры фантастыкі, фэнтэзі і жахаў.

Ян Мілчак

Ян Мілчак

Славацкі аўтар апавяданняў, радыё і тэатральных п'ес, а таксама казак

963