№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Антонія Поцы (Antonia Pozzi)

1912 — 1938

Антонія Поцы

Антонія Поцы скончыла жыццё самагубствам у 26 гадоў, аднак тое, што яна паспела стварыць, ставіць яе ў шэраг самых значных паэтаў ХХ стагоддзя. Яе вершы блізкія да герметызму — з’явы ў італьянскай паэзіі 1930-х гг., своеасаблівага бунту супраць прапагандысцкай рыторыкі аўтарытарнага рэжыму. Асаблівасцямі герметычнай паэзіі сталі засяроджанасць на ўласным унутраным свеце, адсутнасць красамоўных рытарычных прыёмаў, імкненне перадаць яснымі словамі глыбіню пачуццяў, а таксама ўвага да сутнасных праяваў быцця. Некаторыя крытыкі адзначаюць і пэўны ўплыў на вершы Поцы паэтыкі нямецкага экспрэсіянізму. 

Антонія Поцы нарадзілася ў Мілане ў забяспечанай сям’і, першыя вершы напісала ў падлеткавым узросце. Вучылася ў класічным ліцэі імя Мандзоні ў Мілане, дзе перажыла няпростую любоўную гісторыю з выкладчыкам лацінскай і грэцкай моваў Антоніё Марыя Чэрві, старэйшым за яе на васямнаццаць гадоў. Дзякуючы намаганням бацькі, які быў катэгарычна супраць, у 1933 г. Чэрві перавялі ў Рым, а дзяўчына атрымала глыбокую дэпрэсію.

У 1930 г. паступіла на філалагічны факультэт Міланскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1935 г. пад кіраўніцтвам выкладчыка эстэтыкі, філосафа Антоніё Банфі абараніла дыпломную працу па творчасці Флабэра. Ва ўніверсітэце сябравала з паэтам Віторыё Серэні, даследчыцай італьянскай філалогіі Марыяй Корці, філосафам Рэма Кантоні і іншымі маладымі інтэлектуаламі. Вяла дзённік і пісала шматлікія лісты, у якіх апавядала пра свае захапленні, цікавілася фатаграфіяй, любіла падарожнічаць, асабліва па гарах каля сямейнай вілы Пастура, неаднаразова згаданай у яе вершах і супрацьпастаўленай элегантным міланскім салонам.

Несумненна, Антонія адчувала цяжар палітычнай атмасферы ў Італіі і Еўропе. Прыняцце ў Італіі расавых законаў стала трагедыяй і змусіла да выгнання многіх яе блізкіх сяброў. 3 снежня 1938 г. Антонія атруцілася барбітуратамі. Сям’я схавала “скандальны” факт самазабойства, і афіцыйна прычынай смерці назвалі запаленне лёгкіх.

Першая кніга вершаў Антоніі Поцы “Словы” выйшла пасля яе смерці, у 1939 годзе. На думку крытыка Тыцыяна Салары, “усе вершы кнігі, не зважаючы на падзел і датаванне, складаюць адну суцэльную паэму. Лірычная сіла гэтай паэмы ўражвае кожны раз як з’ява, што, з аднаго боку, адлюстроўвае свой час (перыяд трывогі і філасофскага экзістэнцыялізму паміж дзвюма сусветнымі войнамі), а з другога, адсылае да нечага больш істотнага — пытання, звернутага ў самае сэрца быцця”. Апошнім часам з’явілася некалькі біяграфій Антоніі Поцы, быў выдадзены збор яе твораў, у які ўвайшлі дзённікі і лісты, а таксама выйшла некалькі дакументальных і мастацкіх фільмаў, ёй прысвечаных. 

Чытайце таксама

Айн Рэнд

Айн Рэнд

Амерыканская пісьменніца і філосаф, стваральніца філасофскага кірунку "аб'ектывізм"

Дар'я Трайдэн

Дар'я Трайдэн

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Уладзімір Жылка

Уладзімір Жылка

Беларускі паэт, культурны дзеяч, перакладаў паэзію

922