№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сільвія Плат (Sylvia Plath)

1932-1963

Сільвія Плат

Амерыканская паэтка і празаік, якую лічаць адной з галоўных прадстаўніц і заснавальніц жанру “спавядальнай паэзіі”.

Нарадзілася 27 кастрычніка 1932 у Бостане (Масачусэтс). Яе маці, Аўрэлія Шобер, падчас свайго навучання ў Бостанскім універсітэце пазнаёмілася з выкладчыкам Ота Платам. Яны пажаніліся ў студзені 1932 году.

У 1940 годзе, калі Сільвіі было восем гадоў, бацька памёр ад ускладненняў запушчанага дыябету. Яго аўтарытарная натура з аднаго боку і смерць з другога вельмі моцна паўплывалі на фармаванне характару і творчасць будучай паэткі. Асабліва гэта адлюстравана ў яе элегічным і самым вядомым вершы “Татка” (Daddy).

Нават у малым узросце Сільвія Плат была амбіцыйная і нацэленая на поспех. З 11 гадоў яна вяла дзённік і ў восем гадоў надрукавала свой першы верш у Boston Herald. Яе першая публікацыя нацыянальнага маштабу — артыкул “Заклік юнацтва да міру ва ўсім свеце” (Youth’s Appeal for World Peace) — адбылася ў міжнароднай газеце Christian Science Monitor у 1950 годзе, адразу пасля заканчэння школы. У тым жа годзе Сільвія Плат паступіла ў Сміт-каледж, дзе вылучылася як выдатная студэнтка. Пасля заканчэння трэцяга курса адно з яе апавяданняў атрымала першую прэмію на конкурсе, які ладзіў часопіс Mademoiselle, а таксама запрашэнне на месячную стажыроўку ў якасці пазаштатнай журналісткі ў тым жа часопісе ў Нью-Ёрку. У выніку падзеі гэтага месяца леглі ў аснову яе рамана “Пад шкляным каўпаком” (The Bell Jar, 1963).

Пасля вяртання з Нью-Ёрка Плат перажывала моцную дэпрэсію, адчула немагчымасць пісаць і ў канцы жніўня зрабіла першую спробу самагубства, аднак пасля лячэння ў клініцы ўсё ж скончыла Сміт-каледж у 1955 годзе.

За выдатную дыпломную працу па творчасці Дастаеўскага Сільвія Плат атрымала магчымасць працягнуць навучанне ў Кембрыджы. У пачатку 1956 году на вечарынцы яна пазнаёмілася з ангельскім паэтам Тэдам Х’юзам. У хуткім часе яны ажаніліся.

У сакавіку 1957 году Плат прапанавалі месца выкладчыцы ангельскай мовы ў Сміт-каледжы, і паэты пераехалі ў ЗША. У 1958 годзе пасля працы ў каледжы, а таксама ў псіхіятрычнай клініцы Плат паступіла на семінар паэтаў-пачаткоўцаў, які вёў Роберт Лоўэл, адзін з галоўных аўтараў “спавядальнай паэзіі”. Там жа яна пазнаёмілася з Джорджам Старбакам, Эн Сэкстан і Ў. С. Мэрвінам, які быў яе сябрам да самай смерці.

У 1959 годзе Плат зацяжарала, і Х’юз выказаў жаданне, каб дзіця нарадзілася ў Англіі. У 1960 годзе ў Лондане выйшаў яе першы зборнік паэзіі “Калос і іншыя вершы” (The Colossus & Other Poems), надрукаваны ў новай рэдакцыі ў ЗША ў 1962 годзе.

У 1961 годзе Плат пачала працу над раманам “Пад шкляным каўпаком”. У 1960 і 1962 годзе адпаведна ў яе нарадзіліся дачка Фрыда і сын Нікалас.

Тады ж Сільвія западозрыла Тэда ў нявернасці, і праз некалькі месяцаў ён напраўду сышоў ад яе да Асі Гутман Вэвіл. У глыбокай дэпрэсіі Плат піша большасць сваіх самых знакамітых вершаў, якія пазней складуць яе пасмяротны зборнік “Арыэль”.

У студзені 1963 году ў Вялікабрытанні пад псеўданімам Вікторыя Лукас пабачыў свет раман “Пад шкляным каўпаком”. Твор вельмі высока ацанілі крытыкі, але ўжо пасля смерці аўтаркі. Сама ж яна была не задаволеная рэцэнзіямі на раман, да таго ж выдавецтва адмовілася друкаваць яе кнігу ў ЗША, палічыўшы тую занадта асабістай. Амерыканскае выданне “Пад шкляным каўпаком” выйшла толькі ў 1971 годзе, было прададзена 90 тысячаў асобнікаў у цвёрдай і больш за мільён асобнікаў у мяккай вокладцы.

11 лютага 1963 году ў лонданскім доме, дзе некалі жыў Ў. Б. Ейтс і дзе ў адну з самых лютых ангельскіх зімаў практычна не працавала ацяпленне, Сільвія Плат пакінула суседу цыдулку з просьбай выклікаць ёй доктара, зачынілася на кухні, загерметызавала шчыліны дзвярэй мокрымі ручнікамі, выпіла вялікую колькасць снатворнага, уключыла газ і засунула галаву ў духоўку.

Яе другі зборнік паэзіі “Арыэль” (Ariel) выйшаў у 1965 годзе. Тэд Х’юз змяніў кампазіцыю кнігі, прыдуманую Плат, а таксама выключыў адтуль 12 вершаў і дадаў 12 іншых, напісаных крыху пазней. Прадмову да зборніка напісаў Роберт Лоўэл.

У 1981 годзе Тэд Х’юз уклаў зборнік выбраных вершаў Collected Poems, за які Сільвія Плат атрымала Пулітцэраўскую прэмію.

Пасля смерці жонкі Х'юз заснаваў Estate of Sylvia Plath, які распараджаўся правамі на літаратурную спадчыну паэткі.

Чытайце таксама

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Паўднёваафрыканскі пісьменнік, адзін з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс

Паўль Цэлан

Паўль Цэлан

Нямецкамоўны паэт і перакладчык, адзін з найлепшых еўрапейскіх лірычных паэтаў

Карл Увэ Кнаўсгар

Карл Увэ Кнаўсгар

Нарвежскі пісьменнік.

1043