№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Умбэрта Саба (Umberto Saba)

1883 — 1957

Умбэрта Саба

Умбэрта Саба сапр. Умбэрта Полі) нарадзіўся 9 сакавіка 1883 г. у Трыесце, які ўваходзіў тады ў склад Аўстра-Венгрыі, у сям’і гандлёвага агента — венецыянца са шляхетнай сям’і Уга Эдуарда Полі і трыесцінскай габрэйкі Феліцыты Рахілі Коэн. Каб ажаніцца, бацька будучага пісьменніка прыняў юдаізм, аднак яшчэ да нараджэння сына сужэнцы разышліся, паэт упершыню ўбачыў бацьку толькі ў дваццацігадовым узросце. Выхоўваўся маці і цёткамі, якія гандлявалі мэбляй і антыкварыятам ва ўласнай краме, але вялікую ролю ў жыцці паэта адыграла яго карміцелька — славенка Джазэфа Габровіч Шкобар, або, як яе называлі, Пэпа Сабац, якая гадавала яго да трохгадовага ўзросту.

Адукацыя Сабы не была сістэматычнай. Вучыўся ў гімназіі, пасля некаторы час у Каралеўскай акадэміі гандлю і навігацыі. Служыў юнгам на гандлёвым судне, у 1903 г. паступіў у Пізанскі ўніверсітэт, дзе вывучаў спачатку італьянскую літаратуру, пасля археалогію, нямецкую мову і лаціну, спрабаваў граць на скрыпцы. У 1904 г. выявіліся першыя прыкметы дэпрэсіі, якая пазней зрабілася сур’ёзным захворваннем. Вяртаецца ў Трыест, дзе піша вершы і нататкі; першыя вершы падпісваў псеўданімам Умбэрта Шапэн Полі.

Два гады правёў у Фларэнцыі, але перыядычна вяртаўся ў родны горад, дзе пазнаёміўся з Каралінай Вельфлер (у вершах — Ліна), з якой пабраўся шлюбам у 1909 г. У 1910 г. у іх нарадзілася дачка Лінуча.

У 1911 г. на ўласныя сродкі выдае першую кнігу “Вершы”, упершыню выкарыстоўвае псеўданім Саба (паходжанне невядомае — магчыма, ад імя карміцелькі, магчыма, ад габрэйскага “саба” — “хлеб, дзядуля”). У 1910 — 1913 гг. акрамя вершаў піша апавяданні з габрэйскага жыцця, ставіць драму ў мясцовым тэатры (адзіную ў творчасці Сабы). Для пераадолення крызісу ў сямейным жыцці разам з сям’ёй пераязджае спачатку ў Балонню, пасля — у Мілан.

У гады Першай сусветнай вайны Саба, які не цікавіцца палітыкай, схіляецца да падтрымкі ўступлення ў вайну Італіі. Прызваны на ваенную службу, падчас якой чытае Ніцшэ і ў выніку пагаршэння псіхічнага стану трапляе ў ваенны шпіталь у Мілане (1918). Пасля вайны вяртаецца ў Трыест, некалькі месяцаў мяняе месцы працы, пакуль не робіцца ўладальнікам крамы антыкварнай кнігі, якая да 1938 г. робіцца яго асноўнай крыніцай прыбытку.

У 1921 г. выдаў першы варыянт сваёй “Кнігі песняў” (Il canzoniere), якая ў далейшым двойчы перавыдавалася, дапоўненая новымі вершамі. Канчатковы выгляд кніга набывае ў 1961 г., ужо пасля смерці аўтара. Натхняўся прыкладам Петраркі, але аддаваў перавагу Дантэ, бо лічыў, што веліч і дасканаласць не заўсёды супадаюць. Паэтыка Сабы ў пэўным сэнсе супрастаіць асноўным тагачасным плыням італьянскай паэзіі, бо імкнецца да празрыстасці мовы і адлюстравання ўнутранага свету паэта ў тым ліку і праз апісанне штодзённасці. Акрамя таго, на творчасць паўплываў уласны вопыт лячэння псіхааналізам: у 1929 — 1931 гг. абвастрэнне нервовай хваробы прымусіла звярнуцца да доктара Вайса, вучня Фройда.

У 1938 г. праз расавыя законы Саба фармальна перадаў краму свайму прадаўцу, а сам з’ехаў у Парыж. У 1939 годзе вярнуўся ў Італію, спачатку ў Рым, потым у Трыест, але пасля перамір’я 8 верасня 1943 г. бяжыць з жонкай і дачкой у Фларэнцыю, дзе хаваецца, часта мяняючы кватэры. Дапамогу, рызыкуючы сабой, яму аказваюць Эўджэніё Мантале і Карла Леві.

Пасля вайны дзевяць месяцаў жыў у Рыме, потым дзесяць гадоў правёў у Мілане. Супрацоўнічаў з перыядычнымі выданнямі. У 1946 годзе стаў першым пасляваенным лаўрэатам Прэміі Віарэджа.

У апошнія гады жыцця працаваў над аўтабіяграфічным раманам “Эрнэста” (Ernesto), які застаўся няскончаным і быў апублікаваны пасля смерці аўтара. Прыняў каталіцтва.

Апошнія гады паэта былі азмрочаныя шматлікімі хваробамі. У 1955 г. ён трапляе ў клініку Гарыцыі, адкуль выходзіць апошні раз на пахаванне жонкі (памерла 25 лістапада 1956 г.). Умбэрта Саба памірае праз дзевяць месяцаў, 25 жніўня 1957 г.

 

Чытайце таксама

Шарлота Пэркінс Гілман

Шарлота Пэркінс Гілман

Амерыканская пісьменніца, эканаміст, выкладчык і ранні тэарэтык фемінісцкага руху

Барыс Штэрн

Барыс Штэрн

Беларуска-ізраільскі паэт.

Наташа Герке

Наташа Герке

Польская аўтарка прозы і паэтка, майстарка кароткіх сюррэалістычных апавяданняў

Марцін Святліцкі

Марцін Святліцкі

Польскі паэт, празаік, журналіст, вакаліст гурта Świetliki

122