№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ўолт Ўітмэн (Walt Whitman)

1819-1892

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст. Сучасныя літаратурныя крытыкі лічаць Ўолта Ўітмэна (разам з Эмілі Дыкінсан) заснавальнікам амерыканскага паэтычнага канону.

Ўолтэр Ўітмэн нарадзіўся 31 траўня 1819 году ва Ўэст-Хільсе на Лонг-Айлэндзе (Нью-Ёрк) у беднай сям’і фермераў Ўолтэра і Луізы ван Вэльсар Ўітмэн. Ён быў другім дзіцем з дзевяці. Калі Ўолтэру было чатыры, сям’я перабралася ў Бруклін. Сваё дзяцінства Ўітмэн успамінаў як неспакойны і няшчасны час, прычынай якога былі эканамічныя цяжкасці, з якімі сутыкнулася яго сям’я. З 1825 па 1830 гг. Ўітмэн вучыўся ў бруклінскай школе, але праз недахоп грошай у адзінаццацігадовым узросце мусіў скончыць сваё навучанне і пайсці працаваць. За ўсё жыццё паэт змяніў мноства прафесій: пасланец, наборшчык-укладчык, настаўнік, журналіст, рэдактар у газеце.

Першыя вершы паэта былі надрукаваныя ў 1850 г. Аднак раннія творы Ўолта Ўітмэна былі толькі прадвеснікамі нараджэння арыгінальнага паэтычнага стылю, які найбольш яскрава праявіўся ў яго зборніку “Лісце травы”. Кніга выйшла ў Нью-Ёрку ў 1855 годзе. Пазней усё сваё жыццё аўтар падзяляў на два этапы — да выхаду зборніка і пасля.

У “Лісці травы” Ўітмэн выявіў сябе як рэфарматар амерыканскай паэзіі, як пачынальнік “вольнага верша” — верлібра. Асноўныя тэмы гэтай кнігі, якую ўсё сваё жыццё аўтар перапісваў і дапаўняў (апошняе яе выданне выйшла ў 1891 г.): праблемы прыроды і цывілізацыі, адзінства ўсяго жывога і нежывога на зямлі, салідарнасць краін і народаў, дэмакратычнае развіццё грамадства і асобы ды іншыя. Сучаснікамі Ўітмэна кніга спачатку была ўспрынятая досыць неадназначна, у многім праз усхваленне чалавечай цялеснасці і сэксуальнасці.

Падчас грамадзянскай вайны 1861—1865 гг. Ўолт Ўітмэн працаваў санітарам у салдацкіх шпіталях. Падзеям вайны прысвечаны паэтычны цыкл “Барабанны бой”, а таксама некаторыя вершы.

Праз не вылечаную да канца хваробу, якой паэт заразіўся, працуючы ў шпіталі, у 1873 годзе яго разбіў параліч, ад якога ён так і не акрыяў. Аднак да канца жыцця Ўітмэн працягваў пісаць творы, напоўненыя аптымізмам і ўпэўненасцю.

Паэт памёр 26 сакавіка 1892 годзе ў горадзе Камдэн (Нью-Джэрсі, ЗША).

Чытайце таксама

Уладзімір Валодзін

Уладзімір Валодзін

Мэцью Дзікман

Мэцью Дзікман

Амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review 2008 году

Готфрыд Бэн

Готфрыд Бэн

Нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва, доктар медыцынскіх навук

Багуслаў Радзівіл

Багуслаў Радзівіл

Арыстакрат, адзін з самых багатых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, вядомы грамадска-палітычны дзеяч

1594