№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Італа Звева (Italo Svevo)

1861 – 1928

Італа Звева

Сапраўднае імя — Арон Гектар Шміц. Нарадзіўся 20 снежня 1861 г. у Трыесце, які ў той час быў часткай Аўстра-Венгерскай імперыі, у заможнай габрэйскай сям’і пятым з дзевяці дзяцей. Бацька Франц (Франчэска) Шміц (1829 — 1892) быў камерсантам і паходзіў з Трансільваніі, у Трыест перасяліўся з Германіі; маці, Алегра Маравія (1832 — 1895), нарадзілася ў Трыесце (вобласць Венецыя-Джулія з Трыестам былі далучаны да Італіі ў выніку Першай сусветнай вайны).

У 1874 г. будучы пісьменнік разам з двума братамі вучыўся ў каледжы г. Зегніц у Баварыі, у 1876 г. вярнуўся ў Трыест, дзе завяршыў навучанне ў Камерцыйным інстытуце “Паскуале Рэвальтэла”, не пакідаючы і літаратурную самаадукацыю. Чытае спярша нямецкіх класікаў, пасля італьянскіх. Такім чынам, будучы пісьменнік фармуецца пад уплывам дзвюх культур — нямецкай і італьянскай, што, несумненна, паўплывала на яго мастацкі стыль. Нават выбар псеўданіма гэта падкрэслівае, аднак у творчасці Звева дзве культуры не канфліктуюць паміж сабой, а імкнуцца да гармоніі. 

Пасля банкруцтва бацькоўскага прадпрыемства з 1880 г. цягам дзевятнаццаці гадоў працуе ў мясцовым аддзяленні Венскага банка “Уніян”, адначасова супрацоўнічае з газетай L'Indipendente, дзе публікуе нарысы і рэцэнзіі. Цікавіцца такімі філосафамі, як Артур Шапэнгаўэр і Фрыдрых Ніцшэ, а таксама тэорыяй Чарлза Дарвіна.

У 1888 г. пабачыла свет яго першае апавяданне “Барацьба” (La lotta), апублікаванае пад псеўданімам Этарэ Самільі (Ettore Samigli), а ў 1892 г. — першы раман “Жыццё” (Una vita), падпісаны ўжо псеўданімам Італа Звева. Раман не меў поспеху ні ў крытыкі, ні ў публікі.

У 1896 г. пісьменнік пабраўся шлюбам са сваёй стрыечнай сястрой Лівіяй Венецыяні, якая належала да каталіцкага веравызнання, спачатку грамадзянскім шлюбам, а пасля прыняцця каталіцтва — царкоўным. У 1897 г. у іх нарадзілася дачка Летыцыя. У 1898 г. публікуе другі раман, “Немач” (Senilità), але і ён застаецца незаўважаным. Асноўная тэма першых раманаў Звева — заўчасная старасць як стан душы, іх стыль выразна адрозніваўся ад стылю прыхільнікаў эстэтызму і Г. д’Анунцыё, вельмі папулярных у той час у італьянскай літаратуры.

Пасля звальнення з банка Звева пачаў працаваць на фірме свайго цесця і амаль закінуў літаратурную дзейнасць. Аднак у 1907 г. ён наведвае курсы ангельскай мовы, дзе выкладаў ірландскі пісьменнік Джэймс Джойс, які натхніў Звева на стварэнне новага рамана і стаў яго сябрам. Але праца над кнігай пачалася толькі ў 1919 г., ужо пасля Першай сусветнай вайны. За гэты час Звева пазнаёміўся з псіхааналізам З. Фройда праз яго вучня доктара Вайса, які моцна паўплываў на ўсю яго наступную творчасць. Раман “Самапазнанне Дзэна” (La coscienza di Zeno), напісаны ў форме ўнутранага маналогу, выйшаў у свет у 1923 г. і нарэшце прынёс аўтару заслужаную славу, яго публікацыі ў Францыі спрыяў Джэймс Джойс.

Акрамя раманаў і апавяданняў у творчую спадчыну Італа Звева ўваходзяць трынаццаць камедый, некаторыя з іх напісаныя цалкам на дыялекце, астатнія — з вялікай колькасцю дыялектных словаў. Самай складанай і глыбокай лічыцца апошняя камедыя Звева “Адраджэнне”, напісаная паміж 1927 і 1928 гадамі, яна часта ставіцца ў Італіі.

12 верасня 1928, калі Звева з сям’ёй вяртаўся з курорта Борміё ў Ламбардыі, ён трапіў у аварыю і быў паранены. Памёр на наступны дзень, 13 верасня, у лякарні г. Мота дзі Лівенца (правінцыя Трэвіза). Быў пахаваны ў Трыесце згодна з габрэйскім абрадам.

Чытайце таксама

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Лешак Энгелькінг

Лешак Энгелькінг

Польскі паэт, перакладчык, мастацтвазнаўца, літаратурны крытык

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

Данііл Хармс

Данііл Хармс

Рускі сатырычны паэт і празаік

656