№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Чорная зямля пад белымі крыламі

10 траўня 2011

Чорная зямля пад белымі крыламі


Беларускія пераклады з афрыканскіх літаратураў

У афрыканскай глушы

Згадваць пра тое, што за савецкім часам перакладаў на беларускую мову з афрыканскіх літаратураў было няшмат, наўрад ці трэба. А ў постсавецкі час перакладчыкі дык увогуле пачалі абыходзіць літаратурную Афрыку ўвагай — хапала і іншых справаў (магчыма, гэты нумар часопіса “ПрайдзіСвет” падвоіць, калі не патроіць колькасць наяўных афрыканскіх перакладаў). Тое, што асобныя тэксты ў нас усё ж такі з’яўляліся — пры тым, што дагэтуль не перакладзеныя многія агульнапрызнаныя шэдэўры сусветнай літаратуры, — з аднаго боку, дзівіць (хтосьці ж і туды дабраўся!), з другога — не: перакласці невялічкае афрыканскае апавяданне было нашмат прасцей, чым верш Фэрнанду Пэсоа, альбо верш Готфрыда Бэна, альбо апавяданне Оскара Ўайлда ці Эдгара По — прасцей як з літаратурнага, так і ідэалагічнага гледзішча. А таму ў друк траплялі творы пра апартэід і яго ахвяраў, пра змаганне афрыканцаў з белымі каланізатарамі і пра цяжкі стан чарнаскурых аўтахтонаў. І таму ў друку не з’яўляліся, напрыклад, ні класікі літаратуры Паўднёвай Афрыкі, якія прысвяцілі апартэіду крыху менш увагі, чым належала, альбо ўвогуле ўмудрыліся памерці яшчэ да таго, як праблема стала надзвычай востра, ні пісьменнікі, якія цікавіліся не столькі сацыяльнымі праблемамі сучаснасці, колькі гісторыяй і культурай свайго народа. Зусім з іншых прычынаў не з’яўляліся ў друку і аўтары, што пісалі на крыху менш вядомых, чым ангельская ці французская, мовах.

Менавіта таму большасць беларускамоўных перакладаў з літаратураў Афрыкі цяпер даўно забытыя і ляжаць там, дзе ім і належыць ляжаць, — у сховішчах бібліятэк: журботных аповедаў дзён мінулых нам і свае аўтары пакінулі больш чым дастаткова. Якасць многіх тэкстаў пагаршаецца яшчэ і тым, што перакладаліся яны з рускай мовы. Магчыма, невялікая цікавасць многіх наяўных тэкстаў тлумачыць і той факт, што большасць афрыканскіх перакладаў часта друкаваліся ў газетах — нават не ў літаратурных часопісах, хаця і там таксама — і амаль не выходзілі ў кнігах і зборніках (за выключэннем трох выданняў, пра якія гаворка пойдзе ніжэй). Складаецца ўражанне, што ідэалагічна правільная Афрыка з’яўлялася ў друку выключна з нагоды савецкай “дружбы народаў” у мінімальных колькасцях — акурат такіх, каб чытачы не паспявалі пра яе забыць.

Большая частка афрыканскіх перакладаў зробленая з паўднёваафрыканскай літаратуры — з тых твораў, што пісаліся па-ангельску. Гэта і не дзіўна — Паўднёвая Афрыка мае вельмі багатую літаратурную традыцыю (пра што сведчаць, апроч усяго іншага, два нобелеўскія лаўрэаты — Надзін Гордымер і Джозэф Максвэл Кутзэе). Астатнія літаратуры прадстаўленыя мінімальна — у найлепшым выпадку адзін-два пераклады.

 

Паўднёвая Афрыка ў рэалістычных апавяданнях

Два самыя буйныя перакладзеныя на сённяшні момант творы з літаратуры Афрыкі — раманы “Вянок Удома” Пітэра Абрахамса ў перакладзе С. Дорскага і “Трансваальскі эпізод” Гары Блума (імя пісьменніка ў арыгінале — Harry Bloom, і больш правільна было б транслітараваць яго згодна з правіламі чытання на афрыкаанс — Хары Блом, — аднак беларускія перакладчыкі, О. Няхай і А. Пракоф’ева, перадалі імя на ангельскі манер). Абодва пісьменнікі нарадзіліся, жылі і працавалі ў Паўднёвай Афрыцы, і іх творчасць яднае тэма змагання за свабоду.

Гары Блум (1913—1981) выдаў свой раман “Трансваальскі эпізод” (першапачатковая назва твора — проста “Эпізод”) у 1956 годзе, і ў тым жа годзе атрымаў за яго прэмію Брытанскага клубу пісьменнікаў (British Authors' Club Prize) за дэбютны раман, заснаваную двума гадамі раней, у 1954 годзе. Безумоўна, на сённяшні дзень самым цікавым момантам біяграфіі пісьменніка будзе тое, што ён зрабіўся бацькам добра (нашмат лепш, чым сам Гары Блум) вядомага актора Арланда Блума. Але пакінем убаку гэтую падзею — яна адбудзецца нашмат пазней, пасля таго, як пісьменнік, некалькі разоў адседзеўшы на радзіме ў турме за свае погляды, у 1963 годзе эмігруе ў Вялікабрытанію — і вернемся да “Трасваальскага эпізоду”. На беларускую мову раман быў перакладзены досыць аператыўна — ён выйшаў асобнай кнігай у перакладзе О. Няхай і А. Пракоф’евай (пад рэдакцыяй Я. Семяжона) ужо ў 1961 годзе, то бок усяго праз пяць гадоў пасля з’яўлення ў друку.

Дзеянне рамана адбываецца ў выдуманым горадзе Нелструме, які ёсць тыповым трансваальскім горадам са сваёй рэзервацыяй, дзе жывуць негры, а дакладней — усё не белае насельніцтва Нелструма. У рамане падрабязна апісваецца існаванне людзей ва ўмовах сегрэгацыі, і асноўная тэма твора — барацьба як чорных, так і белых афрыканцаў супраць апартэіду. Апісанне жорсткай расправы з супраціўнікамі апартэіду было па-свойму прароцкім — ужо праз некалькі гадоў пасля выхаду рамана штосьці падобнае пачало адбывацца ў сапраўдных гарадах Паўднёвай Афрыкі.

Дзеянне другога рамана, “Вянок для Ўдома” (які таксама выйшаў у 1956 годзе) таксама адбываецца ў выдуманым месцы — у краінах Панафрыка і Плюралія. Абодва раманы маюць шмат падобных рысаў, зрэшты, як і лёсы двух пісьменнікаў. Калі Блум быў незаконным сынам афрыканера і негрыцянкі, то сям’я Пітэра Абрахамса (нар. 1919) была яшчэ больш змяшанай — яго бацька паходзіў з Эфіопіі, маці — з “каляровых” Капскай правінцыі, у чыіх жылах цякла кроў многіх народаў. Ужо першы раман Абрахамса “Сцежкай грому” (1948) быў перакладзены на рускую мову і выйшаў у Савецкім Саюзе — гэтаму нямала паспрыялі левыя погляды пісьменніка і антырасісцкая скіраванасць яго творчасці. Такім чынам, “сцежка грому” была пратораная, і ўсяго праз год, у 1957-м, у газеце “Літаратура і мастацтва” ад 4 верасня з’яўляецца беларускі пераклад раздзела з рамана “Вянок для Удома” пад назвай “Два лагеры” ў перакладзе С. Дорскага. Праз некалькі месяцаў у часопісе “Маладосць” (№ 1—3, 1958) выйшаў пераклад ужо ўсяго рамана, праўда, пад назвай “Афрыка ў агні”, а яшчэ праз год, у 1959-м, беларускі пераклад быў надрукаваны асобным выданнем пад першапачатковай назвай — “Вянок для Удома” (пераклад з ангельскай С. Дорскага).

Асноўны акцэнт у рамане робіцца на тэме змагання жыхароў-аўтахтонаў супраць каланізатараў. І калі кіраўнік вызваленчага руху ў Панафрыцы Майкл Удома становіцца на чале мясцовага ўраду, сфармаванага каланізатарамі, і робіцца прэм’ер-міністрам, такім чынам спрабуючы ажыццявіць змены мірным шляхам, то кіраўнік руху ў Плюраліі Дэвід Мхендзі ставіцца да ворагаў нашмат больш непрымірыма. У прадмове да рамана ў “Маладосці” не абышлося без тлумачэння цвёрдай пазіцыі часопіса ў дачыненні да асобы Удома — сам аўтар, здаецца, ставіцца да свайго героя нашмат больш прыхільна, нягледзячы на тое, што яго “праўленне” прыводзіць да трагедыі — Удома пад ціскам абставінаў выдае Мхендзі, і той гіне.

Пасля выхаду двух досыць аб’ёмных раманаў цікавасць беларускіх перакладчыкаў і выдаўцоў да паўднёваафрыканскай літаратуры зменшылася, хаця не знікла — асобныя апавяданні ці вершы часам з’яўляюцца ў тых ці іншых перыядычных выданнях, аднак большасць гэтых твораў абіраюцца хутчэй зыходзячы з ідэалагічных, чым літаратурных меркаванняў. Так, напрыклад, апавяданне Рычарда Райва (1931—1989) “Лаўка” (“Звязда”, 1963, 26 траўня, “Беларусь”, 1974, №9), перакладзенае С. Дорскім, пачынаецца сцэнай мітынгу, удзельнікі якога гавораць пра тое, што ўсе людзі роўныя і што за роўнасць гэтую трэба змагацца. Галоўны герой апавядання, гатэнтот Чарлі, наслухаўшыся прамоўцаў, пачынае такое змаганне, сеўшы на вакзале на лаўку “толькі для белых” і не ўстаючы з яе нават пад ціскам паліцыі.

Яшчэ адзін паўднёваафрыканскі пісьменнік, перакладаны на беларускую мову — Алекс Ла Гума (1925—1985), лідар Паўднёваафрыканскай арганізацыі каляровых (SACPO), камуніст і змагар з апартэідам, аўтар шэрагу вострасацыяльных твораў і адзін з самых вядомых у свеце пісьменнікаў Паўднёвай Афрыкі. Пераклад апавядання Ла Гумы “У саване — вяселле”, падрыхтаваны Я. Семяжонам, выйшаў у часопісе “Полымя” (№4(468), 1968). Сюжэт апавядання вельмі просты — у творы расказваецца пра падрыхтоўку да вяселля ў досыць беднай афрыканскай сям’і. Уся падрыхтоўка — мітуслівая і няўклюдная — стварае фон для апісання каларытных персанажаў: матулі Польс, што мітусіцца і бегае больш за ўсіх, старэйшага брата нявесты Чарлі і дзядзькі Бэна, што, рыхтуючы вясельную прамову, неаднаразова прыкладваюцца да бражкі. Цалкам магчыма, што тэкст быў выбраны дзякуючы яго ідэалагічнай “правільнасці” — бедныя сяляне Паўночнай Афрыкі няшмат чым адрозніваюцца ад такіх самых бедных сялянаў беларускай літаратуры. Стварэнню такога падабенства спрыяе і падыход Я. Семяжона да тэксту — перакладаючы размовы герояў, ён арыентуецца на прастамоўе, якое можна знайсці і ў беларускіх творах, і такім чынам істотна змазвае каларытнасць апавядання, якое ў іншым выпадку магло б больш яскрава паказаць невядомы свет Афрыкі. Зрэшты, нават у наяўным перакладзе каларыт нівелюецца не дашчэнту, і крышачку афрыканскай экзотыкі чытачам усё ж перападае.

Нашмат менш каларыту і нашмат больш сацыяльнай праблематыкі апынаецца ў наступным перакладзеным на беларускую мову апавяданні паўднёваафрыканскага пісьменніка — Джэймса Мэцьюза (нар. 1929), паэта, празаіка і публіцыста, які пацярпеў ад палітыкі апартэіду, — 23 гады ён жыў без пашпарту, адабранага уладамі. У 1987 годзе Мэцьюз быў абраны кіраўніком Кангрэсу паўднёваафрыканскіх пісьменнікаў, крыху пазней адкрыў першую негрыцянскую мастацкую галерэю і выдавецтва.

У 1970 годзе ў часопісе “Бярозка” (№10) выйшла апавяданне Джэймса Мэцьюза “Парк”, перакладзенае С. Дорскім. Герой апавядання — хлопчык-негр, які з захапленнем назірае праз агароджу за дзецьмі, што катаюцца ў парку на арэлях. Але ўвайсці ў парк ён не можа — стары вартаўнік старанна сочыць за тым, каб ніхто не парушаў забароны, што вісіць ля брамы: уваход толькі для белых. Замест таго каб бавіцца ў парку, хлопчык вымушаны адносіць бялізну, якую прала яго маці, белай гаспадыні. Аднак ноччу ён здзяйсняе сваю мару і прабіраецца ў парк — нягледзячы на тое, што чорны вартаўнік сочыць за атракцыёнамі нават уначы.

 

Silva rerum афрыканскіх перакладаў

Алжырская проза ў беларускіх перакладах прадстаўленая адным апавяданнем Мухамеда Дзіба (1920—2003), аўтара больш чым 30 раманаў, а таксама шматлікіх апавяданняў, вершаў і твораў для дзяцей на французскай мове. Дзіб — адзін з самых вядомых алжырскіх пісьменнікаў, і адмысловае месца ў яго творчасці займае тэма барацьбы алжырцаў за незалежнасць. Апавяданне “Спадарожнік”, перакладзенае С. Дорскім і надрукаванае ў часопісе “Полымя” (№11, 1958), акурат ускосна закранае тэму барацьбы за незалежнасць, паказваючы яе перадумовы. Аповед вядзецца ад імя бедняка Джэхі, што, сустрэўшыся са сваім старым знаёмым Зубірам, з кафейні трапляе ў турму; “прыгода” гэтая каштуе Зубіру жыцця. У канцы твора ці то яго герой, ці то сам аўтар прамаўляе маналог на тэму неабходнасці змагання з існым ладам, ілюстрацыяй якога робіцца не толькі “турэмны” эпізод, але і ўстаўная гісторыя бацькі Зубіра, што ўсё жыццё працаваў, перамолваючы каву, і памёр ад перанапружання. Мова перакладу характарызуецца пэўнай колькасцю русізмаў (зрэшты, як і мова многіх іншых перакладаў), што абумоўленае хутчэй не ўласна перакладчыцкім падыходам, а тагачаснай моўнай палітыкай.

Апроч гэтага, у “Даляглядах” за 1987 год друкавалася падборка вершаў сучасных алжырскіх паэтаў (Катэб Ясін, Малек Хаддад, Хасін Буазер, Абдэльхамід Гемрыш, Джамаль Харшы, Жан Сенак, Мухамед Дзіб) у перакладах К. Камейшы.

Эфіопская літаратура прадстаўленая толькі адным аўтарам — Берхану Зэрыхун (1933/34—1987), пісьменнікам — прыхільнікам простага стылю пісьма, які істотна адрозніваўся ад тагачаснай літаратурнай “моды”. Апавяданне “Каляровая трагедыя” ў перакладзе А. Каваля было надрукаванае ў газеце “Літаратура і мастацтва” (1961, 21 лістапада), аднак цяжка зразумець, з якой мовы яно перакладалася, — ёсць усе падставы меркаваць, што з рускай. Галоўны герой апавядання, зулус Кумуй, расказвае пра гісторыю свайго народа, захопленага каланізатарамі. Сам герой трапляе ў турму пасля арышту бацькі, апынуўшыся на плошчы “толькі для белых”.

З рускай мовы перакладзенае апавяданне егіпецкага празаіка і драматурга Юсуфа Ідрыса (1927—1991) “Знаёмства”, надрукаванае ў газеце “Чырвоная змена” (1965, 12 верасня, перакладчык не пазначаны), а таксама зборнік “Афрыканскія казкі” (1963).

Больш цікавая сітуацыя з перакладам апавядання Артура Маймана “Хлопчык хоча есці”, надрукаваным са скаротамі ў газеце “Чырвоная змена” (1962, 30 красавіка). Пераклад з нямецкай — І. Антановіча. Аднак знайсці якую-небудзь інфармацыю пра такога пісьменніка, як Артур Майман, не атрымалася, а таму нельга дакладна сказаць, перакладалася апавяданне з нямецкага перакладу ці першапачаткова было напісанае на гэтай мове. У апавяданні вядзецца пра афрыканскага хлопчыка, чые бацькі моцна запілі і разышліся, які збег з дому і згаладаў настолькі, што калі яго сябры не падзяліліся з ім ежай, ён падпаліў аднаго з іх у сне.

 

Безумоўна, гэта не ўсе наяўныя на сённяшні дзень афрыканскія пераклады. Адмыслова вартыя згадкі пераклады з малагасійскай літаратуры, зробленыя Уладзімірам Палупанавым з французскай і малагасійскай моваў, аднак яны перадрукаваныя ў гэтым нумары часопіса ў раздзеле “Спадчына”, таму спецыяльна спыняцца на іх тут няма неабходнасці. Арыгіналы асобных твораў знайсці досыць складана, а без іх цяжка меркаваць пра працу тых ці іншых перакладчыкаў. У любым выпадку, найлепшыя творы з афрыканскіх літаратураў усё яшчэ чакаюць перакладу, і ёсць надзея, што лакуны паціху будуць запаўняцца.

 

Ганна Янкута

Дадатак 1

Вершы афрыканскіх паэтаў, перакладзеныя на беларускую мову

 

Руй дэ Наронья

(Мазамбік)

Surge et ambula

 

Ты спіш. А свет не спіць, мой краю родны.
Ты спіш! А незваротны час ідзе.
На маршы свет — гараць наўсцяж паходні,
Ідуць народы ў заўтрашні свой дзень.

А тут — дрымота. Так у нетрах дзікіх
Злавесная бывае цішыня.
І толькі леапарда чутны рыкі,
І ноч — як прорва чорная без дна.

Прачніся, край мой! Годзе над табою
Кружыць варонам сквапнай чарадою,
Крыві тваёй гарачай напівацца.
Прачніся, Афрыка! Крычу, каб ты пачула
Прагрэсу покліч: — Surge et ambula! —
Цябе, о Афрыка, заве той кліч змагацца.

 

Пераклаў з ангельскай мовы А. Марціновіч.
“Літаратура і мастацтва”, 1959, 29 красавіка.

Патрыс Лумумба

(Конга)

Няхай жыве свабодна мой народ

 

Плач, мой любімы чорны брат,
У тысячах гадоў жывёльнай ночы!
Твой прах развеяны па зямлі самумамі і ўраганам!
Ты, некалі ўзвёўшы піраміды,
Для ўласных і замежных катаў,
Ты, змучаны ў аблавах, ты, разбіты,
Ва ўсіх баях, дзе сіла і прыгнёт.
Ты, што ў школе векавой запомніў
Адзіны лозунг: рабства або смерць,
Ты, што ў джунглях ад пакут хаваўся,
Са смерцю сустракаўся твар у твар,
Якая крочыла з шалёнай ліхаманкай,
Якая сцерагла клыкастай пашчай тыгра,
Або ў абдымках топкага балота
Душыла паступова, як удаў...
І дзень настаў, калі з’явіўся белы —
За смерці ўсе хітрэйшы і зласнейшы.
Ён золата, здабытае крывёй, выменьваў
На пацеркі і розныя бразготкі.
Тваіх сясцёр і жонак белы гвалціў,
Тваіх братоў атрутай горкай нішчыў,
І ў труны заганяў тваіх дзяцей.
Тады грымеў тамтам па нашых вёсках,
І людзі зналі, што ізноў адчаліў
Твой вораг-карабель да ўласных берагоў,
Дзе бог — бавоўна, а крывавы долар — цар!
І, прыгавораны да катаргі навечна,
Ты спіну гнуў, не ведаўшы спачыну,
Пад сонцам невыносным, без вады
Цябе прымусілі паноў у спевах славіць,
Цябе яны пад гімны гэтыя распялі,
Спагаду і павагу зычыўшы ў раі.
Ты толькі аднаго прасіў у іх —
Табе дазволіць жыць, дазволіць жыць.
І ля агню, у трывозе, у цьмяных марах
Ты адчуваў палёгку ў журботных спевах,
Пакутных і маўклівых, як туга.
Здаралася, ты весяліўся часам
І да знямогі нават танцаваў,
І ўся прыгожасць сталасць тваёй
Твая ўся радасць і туга гучала
На медных струнах, бубнах агнявых.
І гэтай мужнай музыкі пачатак,
Нібы віхор, што з рытму джаза вырас,
Ён белым людзям гучна заявіў,
Што ім належыць не ўся планета.
Ты, дазволіла і нам
Узняць свой твар і зазірнуць у вочы
Свабодзе, вызваленню расы.
Хай берагі шырокіх рэк, якія
Нясуць жывыя хвалі ў заўтра,
Тваімі будуць!
Няхай зямля і ўсе яе багацці
Тваімі будуць!
Хай Поўдня сонца назаўсёды спаліць
Тваю тугу!
Хай слёзы горкія растануць, знікнуць,
Што прадзеды вякамі пралівалі
На змардаваных, урадлівых нівах!
Хай наш народ, свабодны і шчаслівы,
Квітнее і жыве ў нашым Конга,
У самым сэрцы Афрыкі вялікай.

 

Пераклаў з ангельскай мовы І. Калеснік.
“Чырвоная змена”, 1961, 23 красавіка.

Дз’яра Гаў-су

(Рэспубліка Малі)

Голас свабоды

Тамтам грыміць.
Гордыя песні бацькоў
Слухайце, стэпы і воды!
У песнях звініць
Голас свабоды,
Новых паўстанняў кліч.

Тамтам гучыць.
Ён заглушае вый
Горлаў тысяч гармат.
Ланцугі далоў!
Свабодным будзе
Сонца над галавой!

Тамтам заве.
Па сонечных берагах
Кліч барацьбы раздаецца.
Трапяткі пульс
Рэвалюцыі б’ецца.
Гневам будзе тамтам.

 

Перакладчык не пазначаны, адшукаць арыгінал не атрымалася, магчыма, ён быў напісаны па-партугальску і перакладаўся на беларускую з іншага перакладу (верагодна, з рускага). “Чырвоная змена”, 1965, 1 снежня.

Дадатак 2

 

Бібліяграфія перакладаў з афрыканскай літаратуры

 

Бібліяграфія большай часткай зробленая паводле выданняў “Замежная літаратура ў перакладзе на беларускую мову 1917—1963” і “Замежная літаратура на беларускай мове (1964—1974)”.

 

1957

Абрахамс, П. Два лагеры. Раздзел з рамана “Вянок для Удома” / Пер. з анг. С. Дорскі. — Літаратура і мастацтва, 1957, 4 верасня. (Паўднёвая Афрыка)

 

1958

Дзіб, М. Спадарожнік. Апавяданне / Пер. з франц. С. Дорскі. — Полымя, 1958, №11. — С. 140—148. (Алжыр)

Абрахамс, П. Афрыка ў агні. Раман / Пер. з анг. С. Дорскі. — Маладосць, 1958, №1, с. 59—119, №2, с. 57—99, №3, с. 22—62. (Паўднёвая Афрыка)

 

1959

Абрахамс, П. Вянок для Удома / Пер. з анг. С. Дорскі. — Мн.: Дзяржвыд БССР, 1959. — 328 с. (Паўднёвая Афрыка).

Дэ Наронья, Р. Surge et ambula. Верш / Пер. А. Марціновіч. — Літаратура і мастацтва, 1959, 29 красавіка. (Мазамбік)

 

1960

Джуліа, Л. Маё дзіця памрэ, калі вы не дасцё лякарства. Апавяданне (скарочана). — Калгасная праўда, 1960, 1 чэрвеня.

 

1961

Блум, Г. Трансваальскі эпізод / Пер. з анг. мовы О. Няхай, А. Пракоф’ева. — Мн.: Белдзяржвыд, 1961. — 336 с. (Паўднёвая Афрыка)

Зерыхун, Б. Каляровая трагедыя. Апавяданне / Пер. М. Каваль. — Літаратура і мастацтва, 1961, 21 лістапада. (Эфіопія)

Лумумба, П. Няхай жыве свабодны мой народ! Верш / Пер. І. Калеснік. — Чырвоная змена, 1961, 23 красавіка. (Паўднёвая Афрыка)

 

1962

Майман, А. Хлопчык хоча есці. Апавяданне (скарочана) / Пер. з ням. І. Антановіч. — Чырвоная змена, 1962, 30 красавіка.

 

1963

Афрыканскія казкі / Пер. П. Рунец. — Мн.: “Беларусь”, 1963. — 162 с.

Райв, Р. Лаўка. Апавяданне / Пер. з анг. С. Дорскі. — Звязда, 1963, 26 траўня. (Паўднёвая Афрыка)

 

1965

Гау-Су, Дз. Голас. Верш. — Чырвоная змена, 1965, 1 снежня. (Рэспубліка Малі)

Ідрыс, Ю Знаёмства. Апавяданне. — Чырвоная змена, 1965, 12 верасня. (Егіпет)

 

1967

Малокву, Б. Вецер Афрыкі. Верш. — Беларусь, 1967, №10. — С. 23. (Паўднёвая Афрыка)

 

1968

Ла Гума, А. У саване — вяселле. Навела / Пер. з анг. Я. Семяжон. — Полымя, 1968, №4. — С. 130—143. (Паўднёвая Афрыка)

 

1970

Мэцьюз, Дж. Парк. Апавяданне / Пер. з анг. С. Дорскі. — Бярозка, 1970, №10. — С. 26—29. (Паўднёвая Афрыка)

 

1974

Пэйтан, А. Пачастунак. Апавяданне / Пер. з анг. С. Дорскі. — Беларусь, 1974, №9. — С. 23. (Паўднёвая Афрыка)

Райв, Р. Лаўка. Апавяданне / Пер. з анг. С. Дорскі. — Беларусь, 1974, №9. — С. 21—22. (Паўднёвая Афрыка)

 

1984

Праўда — як агонь. З фальклору / Пер. з малагас. Ул. Палупанаў. — Далягляды, 1984. (Малагасійская Рэспубліка)

 

1987

Аль-Куні, І. Забіты просіць слова. Апавяданне / Пер. І. Ермакоў і Л. Філімонава. — Далягляды, 1987. (Лівія)

Гемрыш, А. Алжырац — так брата завуць майго... Верш / Пер. К. Камейша. — Далягляды, 1987. (Алжыр)

Дзіб, М. Вясна. Верш / Пер. К. Камейша. — Далягляды, 1987. (Алжыр)

Сенак, Ж. “Наша ноч замільгала...” Верш / Пер. К. Камейша. — Далягляды, 1987. (Алжыр)

Хаддад, М. Дождж над маёй краінай. Верш / Пер. К. Камейша. — Далягляды, 1987. (Алжыр)

Харшы, Дж. Пасланне. Верш / Пер. К. Камейша. — Далягляды, 1987. (Алжыр)

Ясін, К. Жывая памяць. Фрагмент паэмы / Пер. К. Камейша. — Далягляды, 1987. (Алжыр)

 

1988

Рабэарывелу, Ж.-Ж. Вершы / Пер. з фр. Ул. Палупанаў. — Далягляды, 1988. (Малагасійская Рэспубліка)

Казкі Чырвонага вострава пад сузор’ем Бычыных Рагоў / Пер. з малагас. Ул. Палупанаў. — Далягляды, 1988. (Малагасійская Рэспубліка)

Чытайце таксама

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Паколькі я ў асноўным перакладаю творы эпох Рэнесансу і Барока, то ў сваёй перакладчыцкай методыцы я арыентуюся на захаванне максімальнай блізкасці да тэксту арыгінала...

Ален Гінзберг у Празе

Вацлаў Граб’е

Ален Гінзберг у Празе

Паводле ўсяго, кароткая гутарка з Аленам Гінзбергам – гэта апошні тэкст, напісаны, прынамсі часткова, Вацлавам Граб’е. Паэт памёр ад атручання чадным газам 5 сакавіка 1965 году, праз 13 дзён пасля прылёту…

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

«Мова — гоман векавога бору...»

Максім Лужанін

«Мова — гоман векавога бору...»

У маі 1979 года на старонках «Звязды» быў надрукаваны артыкул Кандрата Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» Народны пісьменнік і акадэмік даволі сурова крытыкаваў тых аўтараў і рэдактараў, якія,…

1412