№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Паліна Маслянкова

Пераклады навэлы Эрнэста Хэмінгуэя “The Old Man and the Sea” : вынік перакладчыцкага спаборніцтва

17 снежня 2009

Пераклады навэлы Эрнэста Хэмінгуэя “The Old Man and the Sea” : вынік перакладчыцкага спаборніцтва

“Стары і мора” В. Небышынца vs “Стары чалавек і мора” П. Марціновіча

Гэта дзіва для беларускай літаратурнай сітуацыі, калі па-беларуску існуе хіба толькі сотая доля ад усяе літаратуры, створанай за мяжой, вартай прачытання і засваення ў кожнай нацыянальнай літаратуры праз пераклад, – паўстанне двух паўнавартасных перакладаў аднаго бясспрэчна таленавітага твора, за які аўтар, Эрнэст Хэмінгуэй, быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй. Факт існавання двух перакладаў сведчыць пра тое, што абодва перакладчыкі імкнуліся стварыць як мага больш дасканалую версію твора па-беларуску, а гэта дазваляе нам ацаніць вынік творчага спаборніцтва ў перакладчыцкім майстэрстве.

Перакладчыкі адпачатку разышліся ў назве твора. Паспрабуем разабрацца, чый пераклад найбольш адэкватны. Ангельскае ‘оld man’ перакладаецца як: 1) стары; 2) капітан; 3) “стары” (муж ці бацька); 4) шэф, бос. Як бачым, паслоўны, літаральны пераклад ‘стары чалавек’ не прапануецца. Трэба ўзгадаць схільнасьць ангельскае мовы да словаскладання, калі два словы пачынаюць абазначаць адно паняцце: fisherman – рыбак, hit man – кілер, stunt man – каскадзёр, fancy man – палюбоўнік, сутэнёр, man on horseback – вершнік. Прымаючы гэта пад увагу, і ‘oldman’ трэба перакладаць адным словам-паняткам. Але рэч нават не ў назве. У перакладзе Паўла Марціновіча, як і ў арыгінале, паўсюдна ўжываецца ‘стары чалавек’, тады як у нашай літаратурнай традыцыі так прынята называць персанажа толькі ў экспазіцыі, падчас знаёмства з ім, а далей на імя, прозвішча, сінонім, займеннік, часам зусім яго апускаючы. Тут жа ўвесь тэкст спрэс перасыпаны ‘старым чалавекам’, нібы кожны раз гэта новы, а не той самы герой. Што датычыць другога перакладу, то ён цалкам адэкватны, бо тут ужыты субстантыў ‘стары’, які, дарэчы, ужываецца не толькі для абазначэння асобы ў старым веку, але і як сяброўскі зварот да маладога чалавека, мужчыны, што вельмі важна для разумення стасункаў старога Сант’яга і хлопчыка Маноліна. Паколькі фабула навэлы блізкая да народнай казкі “Пра рыбака і рыбку”, то яшчэ адным шляхам праверкі адэкватнага перакладу могуць быць казачныя тэксты. І там дакладна мы сустрэнем або “дзед і баба”, або “стары і старая”.

Разгледзім тут адразу назвы і імёны іншых герояў. Тут ёсць неістотныя разыходжанні ў транслітарацыі ўласных імёнаў (Дзі Маджыа – Дзі Маджыо, Маналін – Манолін). А вось у найменні рыбы – разыходжанні значныя (марлін (П.М.) – рыба (В.Н.). Зноў спадар Марціновіч блізкі да арыгіналу, але назва рыбы “марлін” нашай кантынентальнай свядомасці не дае аніякага ўяўлення, дастаткова і так вельмі яскравых апісанняў гэтае рыбіны, а вось проста “рыба” – гэта абагульнены вобраз без усялякае канкрэтызацыі, тым больш што рыба – гэта ўсяго толькі сімвал, за якім хаваюцца куды больш складаныя існасці.

Вядома, што пераклад лічыцца выдатным, калі ён чытаецца, быццам напісаны на мове-рэцэпіенце, г.зн. лёгка, натуральна, нязмушана. На жаль, беларускія пераклады вельмі часта захоўваюць лад мовы і мыслення арыгіналу, так што часам нават можна сказаць, з якой мовы зроблены пераклад. Гэта праяўляецца ў перакладзе безэквівалентнай лексікі, фразеалогіі, афарызмаў і цытат, сінтаксісе і валоданні стылёвымі разнавіднасцямі як мовы арыгіналу, так і мовы перакладу.

Пачнем з безэквівалентнай лексікі і фразеалогіі, а таксама лексікі экспрэсіўна-ацэначнай і стылістычна афарбаванай.

Стары і мора

Стары чалавек і мора

1

марнік, небарака, якому зусім не шанцуе

такі, якому ўжо ніколі не пашанцуе

2

абшыванка, лодка, ялік

лодка, човен

3

зняверыўся

страціў веру

4

жыўцы

прынада

5

быць у крыўдзе

злавацца

6

вялі гамонку

ветліва гутарылі

7

хаціна

халупа

8

нашча

не еўшы

9

кансерваванае піва – піва ў бутэльках

піва ў бляшанках – піва ў пляшках

10

маеш рацыю

вядома

11

мель

узмор’е

12

калі ён напіваўся, ніхто не мог яго ўтаймаваць

не даць рады, калі выпіваў

13

яны вартыя адзін аднаго

яны роўныя

14

напавер

у крэдыт

15

басанож

босымі нагамі

16

абрыдзеў сам працэс ежы

спажыванне пасілкаў стамляла яго

17

поспеху табе

поўная карма

18

каракаціцы

шрымпы + зноска

19

багавінне

Затоцкія водарасці + зноска

20

дзюйм

цаля

21

над зямлёй (пра мора)

над вадой (пра мора)

22

шлюбная пара

час спароўвання

23

Каб чэрці ўзялі цябе і тваю маці!

Трасца тваёй матары!

24

Цяпер яму было ўсё адно

Нічога ўжо яго не абыходзіла

З пададзенага вышэй матэрыялу, які я намагалася прадставіць як мага больш аб’ектыўна, вынікае, што пераклад спадара Небышынца больш натуральны, багаты на ўласцівыя беларускай мове словы і выразы, у большай ступені адаптаваны, упісаны ў беларускі кантэкст, хаця і не пазбаўлены некаторых ляпаў (“над зямлёй”, “кансерваванае піва”). У перакладзе спадара Марціновіча часцяком сустракаецца літаральны пераклад экзатызма, які вымагае дадатковага тлумачэння ў зносках, а там, дзе ў арыгінале выкарыстоўваецца ўстойлівы выраз або ёмістае слова, сэнс перадаецца апісальна, але вось сустрэўся і фразеалагізм “поўная карма”, што, трэба думаць, значыць “ні пуха ні пёрка” і тут вельмі дарэчы.

Апрача лексічнага ўзроўню, не менш важны сінтаксічны бок тэксту. Натуральнасць, нязмушанасць пабудовы фразы прапаную разгледзець на падставе дыялогаў і афарыстычных выказванняў. Дыялогі даюць магчымасць ацаніць валоданне перакладчыка неабсяжнай стыхіяй гутарковай мовы, а параўнанне аўтарскіх філасофскіх сентэнцый, якія, як правіла, робяцца крылатымі, запамінаюцца і цытуюцца, дазволіць прааналізаваць такія якасці перакладу афарызмаў, як метафарычнасць, лаканізм і ёмістасць выказвання.

Стары і мора

Стары чалавек і мора

1

Ён быў чалавекам старога веку, які рыбаліў самотны ў Гальфстрыме.

Гэта быў стары чалавек, які адзін у лодцы лавіў рыбу ў Гальфстрыме.

2

Але ж мы верым адзін ў аднаго. Праўда ж?

Але мы не страцілі веры. Ці ж не праўда?

3

Ты ж ужо пачаставаў мяне півам.

Ты паставіў мне піва.

4

Хочаш, я заўтра налаўлю табе сардзін?

Ці магу я пайсці ў мора і налавіць табе сардзін на заўтра?

5

Што ж, хай будзе па-твойму.

Дзве дык дзве.

6

Раскласці вогнішча?

Зрабіць мне табе агонь?

7

Можна ўзяць сетку?

Ці магу я ўзяць сетку?

8

Ніякай сеткі даўно ўжо не было.

У халупе не было жаданай сеткі.

9

Што ў цябе на вячэру?

Што ты маеш есці?

10

Беражы сябе і жыві як мага долей.

Жыві доўга і шануйся.

11

Я ўжо зрабіў гэта, ты не хвалюйся.

Я ўжо яму падзякаваў, табе няма патрэбы дзякаваць.

12

Высокі клас! Ён б’е далей за ўсіх.

Ніколі не было нічога падобнага на тое. Я ніколі не бачыў, каб мяч ляцеў так далёка.

13

А цяпер кладзіся спаць, каб да раніцы набрацца сілы.

Зараз табе трэба паспаць, каб раніцай чуцца бадзёрым.

14

Аднак ён не сказаў гэтага ўголас, каб не сурочыць.

Ён не вымавіў гэтага, бо ведаў, што калі скажаш пра нешта добрае, яно можа не здарыцца.

15

Дабранач, стары.

Спі соладка, стары дружа.

16

Стары зразумеў, што ўсё скончана.

Стары чалавек падумаў: усё, па змаганні.

17

Ад носа да хваста ў ёй было 18 футаў!

Ейная даўжыня ад носа да хваста была 18 футаў.

18

А хай яны гараць гарам, тыя мае рыбіны!

Да д’ябла мае рыбы!

19

Мяне шукалі?

Ці шукалі мяне?

20

Ды пляваць я хацеў на гэтае шанцаванне! Я табе прынясу шчасце.

Д’ябал з ім, з шанцаваннем. Я прынясу шанцаванне з сабою.

21

Усё гэта пустое.

Мяне гэта не абыходзіць.

Зноў-такі па выніках аналізу прапанаванай табліцы відавочна, што ў гутарковым стылі больш вольна сябе пачувае спадар Небышынец: ягоныя канструкцыі простыя, вобразныя, адэкватныя і ўласцівыя ладу беларускае мовы. Рэплікі ў перакладзе спадара Марціновіча патыхаюць “пісьмовасцю”: правільны парадак слоў, збыткоўнасць інфармацыі, адсутнасць няпоўных сказаў, паўторы. Але трэба заўважыць, што перакладчыкі вартыя адзін аднаго ў перакладзе бытавых рэалій, мастацкіх дэталяў, звязаных з непасрэдным працэсам змагання старога з рыбай і акуламі. Апісанне даецца перакладчыкамі аднолькава выдатна.

Што ж датычыць метафарычных і афарыстычных выказванняў, прапаную іх разгледзець у наступнай параўнальнай табліцы:

Стары і мора

Стары чалавек і мора

1

Ветразь нагадваў сцяг бясконцага паражэння

Ветразь выглядаў сцягам вечнай паразы

2

Усё ў ім выглядала спарахнелым, апроч вачэй, падобных па колеру на блакітнае мора, і вясёлых, як у чалавека, што ніколі не скараецца.

Усё ў яго было старое, апроч вачэй колеру мора, вясёлых і непераможных.

3

Я – незвычайны стары.

Я – дзіўны стары чалавек.

4

Чаму старыя так рана прачынаюцца? Няўжо для таго, каб падоўжыць сабе хоць бы гэты дзень?

Чаму старыя людзі так рана прачынаюцца? Ці не дзеля таго, каб падоўжыць, магчыма, апошні свой дзень?

5

Ён пакінуў за сабою пахі зямлі і веславаў напрасткі ў свежы ранішні подых акіянскай прасторы.

Ён пакінуў пах зямлі за сабой, вяслуючы ў чысты ранішні водар акіяна.

6

Месяц хвалюе мора, як жанчыну.

Месяц уздзейнічае на мора, як і на кабету.

7

------------------------------------------------------

Калі б хто пачуў, як я вось так гучна размаўляю, залічыў бы мяне ў вар’яты.

8

------------------------------------------------------

Ніхто не павінен быць адзін у старым веку. Але гэта непазбежна.

9

Рыбіна, я з табою не расстануся, пакуль не памру.

Рыба, я застануся з табою аж да майго канца.

10

А потым ляці да берага і змагайся, як змагаецца кожны чалавек, птушка ці рыбіна.

А потым ляці і выкарыстай свой шанц, як любы чалавек, альбо птах, альбо і рыба.

11

Яна ж мая сваячка. Але ж я мушу яе забіць…

Марлін – мой брат. Але я мушу забіць яго…

12

Стары паглядзеў удалячынь і зразумеў, які ён цяпер самотны… і стары зразумеў, што чалавек у моры ніколі не бывае самотны.

Ён глянуў удаль на мора, і да яго прыйшла думка: які ён цяпер адзінокі… ён спасцігнуў, што чалавек ніколі не бывае самотны ў моры.

13

Ён паглядзеў на неба і ўбачыў белыя кучавыя воблакі, падобныя на яго марожанае, якое яму асабліва даспадобы, а над імі, у высокім вераснёўскім небе, – празрыстыя шматкі перыстых воблакаў.

Ён падняў галаву і ўбачыў: белыя кучавыя воблакі, што грудкі марозіва, дружна збіраліся да купы, а яшчэ вышэй як бы тонкае пер’е прыліпла да высокага вераснёўскага неба.

14

------------------------------------------------------

Я пакажу яму, на што здатны чалавек і што чалавек можа вытрываць.

15

------------------------------------------------------

Чалавек не роўня найлепшым птахам і звярам.

16

------------------------------------------------------

Добра яшчэ, што нам не трэба спрабаваць забіць зоры!

17

------------------------------------------------------

Я такі ж ясны, як зоркі, а мы – радня.

18

Чалавека можна забіць, але яго нельга перамагчы.

Чалавек можа быць знішчаны, але не пераможаны.

19

------------------------------------------------------

Уся твая істота стамілася.

20

------------------------------------------------------

Змагацца з імі, пакуль не сканаю.

21

Аднак у поўнач ён зноў змагаўся з акуламі і на гэты раз ведаў, што гэта зусім марная барацьба.

Але апоўначы ён змагаўся, хоць на гэты раз ведаў: змаганне бескарыснае.

Найперш трэба згадаць, што пераклад В. Небышынца надрукаваны ў хрэстаматыі “Літаратура народаў свету: ХХ стагоддзе” з некаторымі скарачэннямі, таму пункцірам абазначаныя месцы, якія не ўвайшлі ў дадзеную кнігу.

Калі ўважліва ўчытацца, то якраз метафарычныя выразы і філасофскія сентэнцыі ў перакладзе лепей даліся П. Марціновічу: яны характаразуюцца сціслай формай і ёмістым зместам (пункты 1, 2, 3, 8, 9, 13, 16, 17, 18, 19), а якраз гэта вельмі каштоўнае для афарызма – скандэнсаванасць глыбокага зместу ў кампактнай форме, зручнай для запамінання і цытавання (згадайма, хаця б удалае “Мы в ответе за тех, кого приручили”).

З папярэдніх табліц вынікае, што пераклад спадара В.Небышынца выйграе ў нязмушанасці, натуральнасці гучання, стылёвым і лексічным багацці, у той час як пераклад сп. П. Марціновіча часам кульгае, спатыкаецца, хаця і больш метафарычны, ёмісты, блізкі да арыгіналу. У чым прычына?

Стары і мора

Старик и море

Перевод Е. Голышевой и Б. Изакова

The Old Man and the Sea

Стары чалавек і мора

1

Вочы ў цябе дай Божа кожнаму

Глазау тебя в порядке

Your eyes

are good

Зрок у цябе добры

2

Дробязь!

Пустяки!

That’s easy!

Гэта проста!

3

Ты ў мяне ну акурат будзільнік!

Ты для меня все равно что будильник.

You're my alarm clock.

Ты мой будзільнік.

4

Поспеху табе, стары!

Желаю тебе удачи, старик.

Good luck old man.

Поўная карма, стары дружа!

5

Пабудзь са мною, калі хочаш, птушка

Побудь со мной, если хочешь, птица

Stay at my house if you like, bird

Заставайся пакуль у маёй хаце, птушка, калі хочаш

6

Пакуль ты не кінеш строіць з сябе дурня

Покуда ты не перестанешь валять дурака

Until you stop that nonsense

Пакуль у цябе не пройдзе гэтая трасца

7

Хто ведае, што яшчэ стрэльне ў галаву гэтай рыбіне?

Кто знает, что еще придет в голову этой рыбе.

Because I do not know what the fish is going to do.

Бо хто ведае, ці не выкіне рыба якога коніка?

8

Сваё цела – і такі падвох!

Собственное тело – и такой подвох!

It is a treachery of one's own body.

Тваё ўласнае цела табе здраджвае.

9

Усё ішло надта ўжо добра, так доўга не магло працягвацца.

Дело шло уж больно хорошо, так не могло продолжаться.

It was too good to last.

Гэта было занадта добра, каб не скончыцца.

З пададзенай вышэй табліцы вынікае найперш блізкасць перакладу П. Марціновіча да арыгіналу, але гэта часам тоіць у сабе пастку, выклікае неадпаведнасць або непаразуменне, як, напрыклад, у пунктах 5, 9. Бачна таксама і тое, што тэкст арыгіналу не насычаны метафарамі, але перакладчыкі імкнуцца яго расквеціць, ажывіць каларытнымі выслоўямі сваёй роднай мовы (пункты 1, 4, 6, 7, 8), што, канечне, скажае ўяўленне пра аўтарскі стыль, але палягчае працэс успрымання тэксту. Зразумелым становіцца і тое, што пераклад спадара Небышынца ў вялікай ступені залежыць ад рускамоўнага перакладу, выдадзенага значна раней за беларускія. Натуральна, перакладчык абапіраўся на існы ўжо пераклад на рускую, блізкароднасную мову, што значна палягчала задачу перастварэння. Адсюль лёгкасць, нязмушанасць гучання мовы, багаты стылістычны абсяг, насычанасьць ідыёмамі – аднак гэта заслуга не В. Небышынца, а расійскіх перакладчыкаў.

І тут, перад заключным словам ува мне змагаюцца чытач і перакладчык. Сімпатыі мяне-чытача цалкам на баку мілагучнай, сакавітай, упісанай у кантэкст, пазычанай у рускіх версіяй Вадзіма Небышынца, у той час як я-перакладчык адназначна абіраю сумленна зробленую, прапушчаную праз сябе, няхай крышку кульгавую, але блізкую да арыгіналу версію Паўла Марціновіча.

© Паліна Маслянкова, 2009

 

Паліна Маслянкова

Паліна Маслянкова - Пераклады навэлы Эрнэста Хэмінгуэя “The Old Man and the Sea” : вынік перакладчыцкага спаборніцтва  Паліна Маслянкова - Пераклады навэлы Эрнэста Хэмінгуэя “The Old Man and the Sea” : вынік перакладчыцкага спаборніцтва

Чытайце таксама

У Афрыку гадзіннік не бяру

Марэк Вадас

У Афрыку гадзіннік не бяру

Ён піша кнігі не дзеля выдання, а дзеля таго, каб сказаць штосьці важнае. Робіць гэта ўжо шэсць разоў. Атрымаў нават прэстыжную славацкую літаратурную прэмію Anasoft litera. Па сюжэты сваіх твораў ён…

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

Даніэль Клугер

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

— Дэтэктыў даўно выйшаў за межы жанру і ўвабраў у сябе рысы іншых жанраў літаратуры. Якая мадыфікацыя дэтэктыву Вас найбольш прыцягвае? — Я люблю тое, што называецца “класічным дэтэктывам”: калі разгадка…

Ален Гінзберг у Празе

Вацлаў Граб’е

Ален Гінзберг у Празе

Паводле ўсяго, кароткая гутарка з Аленам Гінзбергам – гэта апошні тэкст, напісаны, прынамсі часткова, Вацлавам Граб’е. Паэт памёр ад атручання чадным газам 5 сакавіка 1965 году, праз 13 дзён пасля прылёту…

Чаму беларускія кніжныя графікі не хочуць маляваць?

Чаму беларускія кніжныя графікі не хочуць маляваць?

"Затое не прагрызе!" — так на маіх вачах клапатлівая матуля выбірае ў кнігарні кніжку-цацку для свайго маленькага сына. Кніжка стракатая і безгустоўная, але з тоўстымі кардоннымі старонкамі. Яе, як і пераважную…

1771