Дарога
(Droga)
Там, дзе зялёныя сцелюцца долы,
Сцежкаю, што зарасла напалову,
Дзеці дадому імчацца са школы
Цераз убраную квеццем дуброву.
Ціха начынне грукоча ў пенале —
Крышачкі булкі з асадкаю новай,
Грошыкі медныя — мы іх збіралі,
Каб прывітацца з зязюляй вясновай.
Братава шапка, берэцік сястрыцы
Ў пышным кустоўі мільгаюць часамі.
З сокатам сойка ў галлі мітусіцца,
Доўгія хмары плывуць над лясамі.
Дах чырванеецца за паваротам,
Бацька гародчык матыкаю поле,
Хіліцца, злёгку чапляе лістоту.
З градак ён бачыць усё наваколле.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Веснічкі
(Furtka)
Потым іх хмелю спляценні схаваюць:
Толькі да лета мы колер іх бачым,
Колер гарлачыкаў, што абрываюць
Людзі ў ставах надвячоркам гарачым.
Зверху іх злёгку падмазалі белым —
Нібы агеньчыкі ззяюць на коллі.
Дзіўна — аднойчы там туркаўка села:
Птушак штыкетнік не пудзіў ніколі.
Гладкаю стала драўляная клямка —
Дотыкі выцерлі дрэва дазвання.
Жоўты язмін тут — зіхоткая плямка,
Ад крапівы тут няма ратавання.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Ганак
(Ganek)
Ганак дзвярыма на захад. Заўсёды
Грэе там сонца. Шырокія рамы.
Бачна адтуль наваколле: гароды,
Лес, і прысады, і ўся панарама.
Як апрануцца ў зяленіва гоні,
Цені ад ліпаў накрыюць паўградкі,
Свет за карою блакітнаю тоне,
Лісцем зубчастым парваны на латкі.
Брат і сястра над паперай галовы
Хіляць, малюючы буры і штылі,
І языком памагаюць ружовым
Лодцы, якую амаль патапілі.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Ядальня
(Jadalnia)
Пакой. І там маўчыць у цемры бурай
Гадзіннік гданьскі. Вокны невысока.
А над сафой, абцягнутаю скурай,
Смяюцца пыскі чорцікаў разьблёных,
І медны рондаль ззяе гладкім бокам.
Карціна на сцяне. “Зіма” завецца:
На коўзанцы між дрэваў — незлічоны
Натоўп, і дым над комінам віецца,
І ў шэрым небе лётаюць вароны.
Яшчэ адзін гадзіннік. Ён — з зязюляй,
Што тройчы голас падае сарваны.
Калі мы трэці крык зязюльчын чулі,
Нам разлівала маці суп духмяны.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Сходы
(Schody)
Пахнуць мастыкаю вузкія сходы,
Ўверх узбіраюцца жоўтай дугою.
З краю мыском станеш без перашкоды,
А ля парэнчаў ледзь ступіш нагою.
Голаў дзіка падаўжаецца ценем,
Іклы растуць — вось ён, страшна застылы,
Штосьці вынюхвае там, на скляпенні,
А прамяні распаўзаюцца ў пыле.
Маці, высокая, з тоненькім пасам,
Сходзіць са свечкай дрыготкай і кволай.
Цень яе з ценем сустрэўся ікластым.
Б’ецца адна яна з грознай жывёлай.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Малюнкі
(Obrazki)
Вось кніга. Моль трапечацца няроўна
Над калясніцай, пылам і дарогай,
Зачэпіш — сыпле срэбны пыл няўлоўны
На грэцкі горад, што бяруць аблогай.
Вось цела прывязалі да двухконкі,
Аб пліты б’ецца галава героя,
А матылёк, прыбіты да старонкі,
Трапечацца ледзь-ледзь у цэнтры Троі.
І ў той жа час насоўваецца бура,
Паспешліва адчальваюць трыеры.
А побач шыі гнуць валы панура,
І ўзворвае араты бераг шэры.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Бацька ў бібліятэцы
(Ojciec w bibliotece)
Высокі лоб і позірк утрапёны,
Гуляюць блікі сонца з валасамі.
Вянчае бацьку пыл, нібы карона,
Калі разгорне кнігу ён часамі.
У каляровых строях чарадзея
Заклёны шэпча ён падчас чытання:
Схавана ў кнізе безліч дзіўных дзеяў
Для вучня Бога ў справах чаравання.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Бацькавы заклёны
(Zaklęcia ojca)
“Мудрэц ласкавы, о які ціхмяны
Дар веды твой, як рада сэрца дару!
Цябе люблю я і табе адданы,
Хаця твайго і не пабачу твару.
Даўно разнеслі прах вятры і воды,
А разам з імі кожны шал забыты,
Ты дасканалым стаўся назаўсёды,
Як кніга, думкай ўзятая з нябыту.
Зазнаў ты скрухі і зазнаў адчаю,
І знікла памяць пра грахі й пралікі.
Чым дарагі ты сёння мне, я знаю:
Малыя людзі, іхны плён — вялікі”.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
З акна
(Z okna)
За полем, лесам і за іншым полем —
Вады люстэрка і нябёс бяздонне,
Зямля сыходзіць залатым падоллем
У мора — як цюльпан у місе, тоне.
І кажа бацька: там ляжыць Еўропа —
У ясны дзень уся як на далоні,
Яшчэ не адышла пасля патопу,
Прыстанак для людзей, сабак і коней.
Там яркіх гарадоў іскрацца вежы,
Плятуцца срэбнай ніткай ручаіны,
І ветахі пагор’яў на бязмежжы
Ляжаць то тут, то там, як пух гусіны.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Бацька тлумачыць
(Ojciec objaśnia)
“Там, дзе той промень кранае даліну,
Цень уцякаць прымушаючы спрытна,
Горад стаіць, не стары, але слынны,
Гэта — Варшава, што ветру адкрыта.
Трохі далей, дзе дажджоў перазвоны,
Там, дзе пагоркі ва ўборах з акацый, —
Прага. І замак на ўзвышшы цудоўны,
Згодна з традыцыяй фартыфікацый.
Тое, што дзеліць краіну надвое, —
Альпы. І піхты чарнеюць на ўзгор’і.
Там жа, дзе сонца плыве залатое, —
Сіняй Італіі сподак на моры.
Між гарадоў — там стаіць іх даволі —
Вызначыш Рым, хрысціянства сталіцу:
Круглыя дахі блішчаць на касцёле,
То бок святога Пятра базіліцы.
А за марскою затокай, на поўнач,
Там, дзе імгла ахінула раўніны,
Вежы Парыжа гуртуюцца побач,
Статкі мастоў над ракою гнуць спіны.
Тут за Парыжам — апошняе слова:
Мода на шкло і жалеза квітнее.
Толькі на сёння — і так дастаткова,
Апавяду табе рэшту пазней я”.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Прыпавесць пра мак
(Przypowieść o maku)
На макавінцы — хатка і гароды,
Сабачкі брэшуць, месяц спее макам.
Што гэты свет шырэйшы за гасподу,
Не здагадацца макавым сабакам.
Зямля — зярнятка, і не больш за тое,
Планеты, зоры — іншыя зярняткі.
І хай сто тысяч іх і нават болей —
На кожным могуць быць такія хаткі.
У маку — свет. А мак — на агародзе
Качаецца ў дзяцей навідавоку.
А ўвечары, як месяц узыходзіць,
Чуваць сабак — то блізка, то далёка.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Ля півоняў
(Przy piwoniach)
Гараць півоні белым і ружовым,
А ў кожнай, быццам у духмяным збане,
Сядзяць жукі — яны вядуць размовы...
Камусьці — кветка, а жуку — прыстанне.
Стаіць над клумбай маці і пялёсткі
Перабірае, выбраўшы сцябліну,
Каб вывучыць півоневыя вёскі,
Дзе ў год ператвараецца хвіліна.
Крыху пазней яна сабе і дзецям
Раскажа пра здагадкі, думкі, мары.
А з лісцем весела гуляе вецер
І кропачкі святла бягуць па тварах.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Вера
(Wiara)
Прыходзіць вера, калі хтосьці бачыць
Лісток на хвалі ці расу на травах
І ведае: іначай немагчыма.
Заплюшчы вочы ці згасі святло —
На свеце будзе тое, што было,
А ліст на хвалях праплывае міма.
Прыходзіць вера, калі хтосьці зраніць
Нагу каменнем — з ведай, што каменне
Існуе для таго, каб раніць ногі.
Глядзіце: дрэва пакідае цені,
Вось цені — нашы, кветак — у спляценні:
Нішто без ценю жыць не мае змогі.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Надзея
(Nadzieja)
Надзея — гэта там, дзе нехта верыць
У тое, што зямля — не сон, а мае
Жыццё; а дотык, зрок, і слых таксама
Не хлусяць нам, і ўсё, што кожны знае, —
Яно нібыта сад, і мы — ля брамы.
Ўвайсці няможна — хай; але нярэдка —
Хапіла б толькі пільнасці ў паглядзе —
Раптоўна зорка новая ці кветка
Прыкмеціцца камусь у гэтым садзе.
А іншыя гавораць, быццам вочы
Падманваюць, а рэчы — толькі здані,
Але ў такіх якраз няма надзеі,
Бо думаюць яны, што як не ўсочыш
За светам — дык ураз яго не стане,
Як быццам скралі спрытныя зладзеі.
пераклад з польскай — Антон Францішак Брыль
Любоў
(Miłość)
Любоў — у тым, каб на сябе самога
Зірнуць нібы на рэчы, нам чужыя,
Бо ў свеце рэчаў ты — адно драбніца.
Хто так зірне, не знаючы нічога
Пра гэта, сэрца для тугі закрые,
З ім дрэва й птах захочуць парадніцца.
І скажа ён: няхай свет рэчаў гэты
Агнём самаздзяйснення палымнее...
Свайго служэння знаць не трэба мэты,
Бо служыць лепш не той, хто разумее.
пераклад з польскай — Кацярына Маціеўская
Прагулка ў лес
(Wyprawa do lasu)
Дрэвы сягаюць абшараў нябёсных.
Сонца, сыходзячы долу з вышыняў,
Паліць агні на падсвечніках-соснах —
Мы ж тут малыя, на гэтай сцяжыне.
Злучым далоні, падняўшы галовы,
Каб не згубіцца ў траве, нібы ў гаі.
Ноч апячатвае кветкі, ды новай
Фарбай штохвілю сусвет палыхае.
А ў вышыні, дзе бяседа й чырвоным
Віны блішчаць у асінавай медзі,
Едуць карэтаю госці з паклонам
Да таямнічых князёў ці мядзведзяў.
пераклад з польскай — Антон Францішак Брыль
Царства птушак
(Królestwo ptaków)
Цяжкія глушакі ў гульні вясёлай
Над лесам неба крыллем разразалі,
У гай завоблачны вяртаўся голуб,
Як самалёт, крумкач ільсніўся сталлю.
Зямля для птушак — змрочныя азёры,
Яна ў палоне вечнае навалы.
Для іх адных над гэтай хваляй чорнай
Святло дамкі і выспы ўратавала.
Калі яны спакойна чысцяць пёры,
Губляючы адно, яно павінна
На дно азёраў пракружыцца мройна,
Калі ж кране шчаку — лятуць навіны
З краіны светлай, вольнай і спакойнай.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Трывога
(Trwoga)
“Ойча, вярніся! Так цёмна і глуха
Ў лесе, так блізка драпежныя крокі!
Пыхае квецце атрутлівым духам,
Яміна зевам пужае шырокім.
Ойча, ты дзе? Разлілася без краю
Цемра, і так будзе вечна, нязменна;
Кволыя, з голаду мы паўміраем,
Горкі наш хлеб, зачарсцвелы каменна.
Подых пачварыны, поўны смуроду,
Шчокі апальвае жаркаю хваляй.
Дзе ты? Няўжо табе, ойча, не шкода
Бедных дзяцей, што ўначы заблукалі?”
пераклад з польскай — Антон Францішак Брыль
Знайшліся
(Odnalezienie)
“Тут я. Адкуль баязлівыя словы?
Ноч прамінае, і дзень ужо хутка.
Чуеце — грае ражок пастуховы,
Зоры ў тумане згасаюць ціхутка.
З нетраў вядзе нас сцяжына лясная.
Вёска напоўніла звонам абшары,
Певень на плоце святло сустракае,
Поле шчаслівае ў ранішняй пары.
Тут яшчэ ноч. На бруснічнай паляне
Чорная мгла, як рачное разводдзе,
Ды на хадулях ступае світанне,
Коціцца сонечны шарык на ўсходзе”.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Сонца
(Słońce)
Не мае сонца колераў, затое
У ім усе яны ў адно зліліся.
І ўся зямля — паэма, а над ёю
Маэстра-сонца палымнее ў высі.
І той, хто фарбай свет расквеціць хоча,
Няхай на сонца не глядзіць ніколі,
Бо выесць сонца памяць, нібы вочы,
І застануцца толькі слёзы болю.
Хай ён укленчыць і шукае ў лісці
Праменне, што адбілася ад глебы.
Там будзе ўсё, забытае калісьці:
Змярканні й ранкі, ружы, зоры, неба...
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Упершыню — у кнізе: Выратаванне. Вершы, паэмы // Чэслаў Мілаш. Збор твораў у 4 т. — Т. 1. — Мінск: “Логвінаў”, 2011.