Галандскі брыг “Алькмаар” вяртаўся з Явы, нагружаны гваздзікаю, карыцаю ды іншымі каштоўнымі таварамі.
Ён зайшоў у Саўтхэмптан, і матросы атрымалі дазвол сысці на бераг.
Адзін з іх, Хендрык Верстэг, трымаў у сябе на правым плячы малпу, на левым — папугая, а на рамяні за спінаю ў яго вісеў невялікі цюк індыйскіх тканінаў — матрос меў намер прадаць усё гэта ў горадзе.
Быў пачатак вясны, і ноч наступала яшчэ вельмі рана. Хендрык Верстэг хутка ішоў па ахутаных лёгкім туманам вуліцах, ледзь асветленых газавымі ліхтарамі. Матрос думаў пра сваё вяртанне ў Амстэрдам, пра маці, якую не бачыў вось ужо тры гады, пра нявесту, што чакала яго ў Монікендаме. Ён падлічваў, колькі зможа атрымаць грошай за заморскія дзівы, і шукаў краму, дзе б можна было іх прадаць.
На Эбаў-стрыт да яго пачціва звярнуўся дужа прыстойнага выгляду пан і запытаўся, ці не шукае ён пакупніка, каб прадаць папугая.
— Гэтая птушка вельмі б мне падышла, — сказаў ён. — Я маю патрэбу ў тым, каб хтосьці гаварыў са мною, а я не павінен быў яму адказваць, бо жыву зусім адзін.
Як і большасць галандскіх маракоў, Хендрык Верстэг размаўляў па-ангельску. Ён назваў цану, і тая задаволіла незнаёмца.
— Ідзіце за мною, — сказаў ангелец. — Дом мой даволі далёка адсюль. Вы самі пасадзіце папугая ў клетку, яна ўжо стаіць у мяне. Заадно распакуеце тканіны, і, можа быць, якаясьці з іх прыйдзецца мне даспадобы.
Задаволены такой удалай павароткаю справы, Хендрык Верстэг пайшоў за джэнтльменам; па дарозе ён, у надзеі прадаць яшчэ і малпу, пачаў расказваць пра яе вартасці: малпа была, як ён казаў, дужа рэдкай пароды, асобіны якой лепш за іншых прызвычайваюцца да ангельскага клімату і больш за астатніх захоўваюць вернасць свайму гаспадару. Але неўзабаве Хендрык Верстэг змоўк: ён расхвальваў жывёліну дарэмна — незнаёмец не адказваў яму ані словам і, здавалася нават, зусім не слухаў яго.
Далей Хендрык ішоў моўчкі, не спрабуючы болей загаварыць з джэнтльменам. Сумуючы, відаць, аб родных трапічных лясах, напалоханая туманам, малпа раз-пораз ускрыквала, і крыкі яе былі падобныя да плачу нованароджанага дзіцяці; папугай біў крыламі.
Прыкладна праз гадзіну незнаёмец нарэшце сказаў:
— Мы падыходзім да майго дому.
Яны выйшлі за горад. Уздоўж дарогі цягнуліся вялікія паркі, агароджаныя кратамі; скрозь дрэвы віднеліся залітыя святлом вокны катэджаў; здалёку, з мора, даносіўся праз пэўныя прамежкі часу крык сірэны.
Незнаёмец спыніўся перад адной з агароджаў, дастаў з кішэні звязку ключоў, адчыніў вароты і, толькі Хендрык увайшоў, адразу ж зачыніў іх.
У глыбіні саду Хендрык з цяжкасцю разгледзеў невялікую вілу, досыць прыстойную з выгляду, — яе зачыненыя аканіцы не прапускалі аніякага святла.
Маўклівы незнаёмец, дом, пазбаўлены якіхсьці прыкметаў жыцця, — усё гэта змрочнасцю сваёй уразіла матроса. Але Хендрык згадаў, што ангелец, як ён сам прызнаўся, жыў адзін.
“Арыгінал!” — падумаў Хендрык і, як просты матрос, чалавек зусім небагаты, заводзіць якога сюды з мэтаю рабавання не мела аніякага сэнсу, засаромеўся трывогі, што раптам авалодала ім.
***
— Калі ў вас ёсць запалкі, то пасвяціце мне, — сказаў незнаёмец, устаўляючы ключ у замочную шчыліну дзвярэй катэджа.
Матрос дастаў запалкі і пасвяціў: як толькі яны апынуліся ў доме, незнаёмец прынёс лямпу — галандзец убачыў выдатна абсталяваную гасцёўню.
Хендрык Верстэг конча супакоіўся і нават пачаў спадзявацца, што дзівак-джэнтльмен купіць у яго добрую частку тканінаў.
Незнаёмец прайшоў у далёкі кут гасцёўні і вярнуўся з клеткаю.
— Пасадзіце сюды вашага папугая, — сказаў ён, — я пакажу яму седала толькі тады, калі ён будзе прыручаны і навучыцца гаварыць тое, што я хачу.
Потым, зачыніўшы клетку, у якой апынулася разгубленая птушка, ён папрасіў матроса ўзяць лямпу і прайсці ў суседні пакой, дзе ёсць, як сказаў ён, стол, на якім можна разаслаць тканіны.
Хендрык Верстэг узяў лямпу і прайшоў ва ўказаны яму пакой. Неўзабаве ён пачуў, як за ім зачыніліся дзверы і як павярнуўся ў замочнай шчыліне ключ. Гаспадар зачыніў яго ў пакоі!
Збянтэжаны, матрос паставіў лямпу на стол, збіраючыся кінуцца да дзвярэй, каб выбіць іх. Але быў спынены голасам незнаёмца:
— Адзін крок — і вы нябожчык, матрос!
Узняўшы голаў, Хендрык убачыў у слыхавым акенцы, якое ён не паспеў дагэтуль заўважыць, дула рэвальвера. Яно было скіраванае на яго. Жахнуўшыся, ён здранцвеў.
Біцца не давядзецца: у такім становішчы нож яму не дапаможа, не спатрэбіўся б нават і рэвальвер. Незнаёмец, у чыіх руках ён апынуўся, знаходзіўся за сцяною, побач са слыхавым акенцам, праз якое цікаваў за матросам — праз гэтае акенца магла прасунуцца адно рука.
— Слухайце мяне ўважліва, — сказаў незнаёмец, — і падпарадкоўвайцеся. Змушаная паслуга, якую вы мне зробіце, будзе ўзнагароджана. У вас няма выбару. Трэба падпарадкоўвацца без ваганняў, інакш я заб'ю вас як сабаку. Адчыніце шуфляду стала... Там ляжыць рэвальвер, зараджаны пяццю кулямі... Вазьміце яго.
Галандзец выконваў загады як заварожаны. Малпа ў яго на плячы, напалоханая, крычала і дрыжэла. Незнаёмец працягваў:
— У глыбіні пакоя ёсць штора. Адсуньце яе.
Адсунуўшы штору, Хендрык убачыў алькоў, у якім ляжала на ложку жанчына. Рукі й ногі яе былі звязаныя. Яна глядзела на яго вачыма, поўнымі жаху.
— Развяжыце гэтую жанчыну, — сказаў незнаёмец, — і дастаньце ў яе з рота кляп.
Ледзь толькі загад быў выкананы, жанчына, зусім яшчэ маладая і вельмі прыгожая, кінулася да акенца і ўкленчыла.
— Гары, — гучна загаварыла яна, — гэта ж пастка! Вы завабілі мяне на гэтую вілу, каб забіць! Вы сцвярджалі, што знялі яе, каб мы прабавілі тут нейкі час пасля нашага прымірэння. Я меркавала, што пераканала вас. Думала, што вы канчаткова ўпэўніліся ў тым, што я ніколі не была вінаватая!.. Гары, я невінаватая!
— Я вам не веру, — суха сказаў незнаёмец.
— Гары, я невінаватая! — паўтарыла жанчына прыглушаным голасам.
— Гэта вашы апошнія словы, я ўважліва іх запісваю. Іх будуць паўтараць мне ўсё жыццё. — Голас незнаёмца крыху задрыжэў, але неўзабаве зрабіўся цвёрды: — Бо я яшчэ кахаю вас. Калі б я кахаў вас меней, то забіў бы вас сам. Але я не магу гэтага зрабіць, бо кахаю вас...
Потым ён звярнуўся да Хендрыка:
— Матрос, калі да таго як я палічу да дзесяці, вы не пашляце кулю ў галаву гэтай жанчыне, то ўпадзяце мёртвы да яе ног. Раз, два, тры...
І, перш чым незнаёмец паспеў палічыць да чатырох, Хендрык у адчаі стрэліў у жанчыну, і тая ўпала тварам на падлогу. Куля трапіла ёй у лоб. Неўзабаве стрэл са слыхавога акен¬ца прынёс з сабою кулю ў правую скронь матроса. Ён упаў на стол, а малпа з пранізлівым крыкамі жаху схавалася ў ягоным бушлаце.
***
Назаўтра прахожыя, якія чулі дзіўныя крыкі, што даносіліся ўначы з катэджа ў прыгарадзе Саўтхэмптана, паведамілі пра гэта ў паліцыю, якая неўзабаве прыбыла на месца і ўзламала дзверы.
Былі знойдзеныя трупы жанчыны і матроса.
Малпа, выскачыўшы раптоўна з-пад бушлата свайго гаспадара, падскочыла да носа аднаго з паліцэйскіх. Жывёліна так напалохала іх, што яны, адступіўшы, расстралялі малпу ва ўпор і толькі пасля гэтага насмеліліся зноў наблізіцца да трупа матроса.
Пачалося расследаванне. Здавалася відавочным, што матрос забіў жанчыну і потым пакончыў з сабою. Аднак абставіны драмы выглядалі дзіўнымі. Абодва трупы былі без цяжкасці апазнаныя, і перад паліцыяй паўстала пытанне: якім чынам лэдзі Фінгал, жонка пэра, магла апынуцца адна ў загарадным доме з галандскім матросам, які прыбыў напярэдадні ў Саўтхэмптан?
Уладальнік вілы не мог паведаміць нічога такога, што дапамагло б следству. Катэдж быў зняты на тыдзень раней адным джэнтльменам з Манчэстэра па імені Колінз; расшукаць такога не атрымалася. Гэты Колінз насіў акуляры, у яго была доўгая рудая барада, якая магла быць і прыклеенай.
Лорд паспешна прыбыў у Англію з Францыі, дзе знаходзіўся на той час. Ён абагаўляў сваю жонку — глядзець на тое, як ён перажывае, было цяжка. Як і ўсе, ён нічога не разумеў у тым, што здарылася.
З тае пары лорд пакінуў свецкае жыццё. Ён жыў у сваім доме у Кенсінгтане разам з нямым слугою і папугаем, які няспынна паўтараў:
— Гары, я невінаватая!
Упершыню — у часопісе "Крыніца", 2001, № 11-12 (71).