№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Гіём Апалінэр

Святая Адарата (Sainte Adorata)

Апавяданне

Пераклад з французскай Алесь Асташонак

У Венгрыі я аднойчы наведаў маленькую царкву ў Сэпені, і там мне паказалі вельмі шанаваную рáку.

— Тут, — сказаў мне гід, — знайшло спакой цела святое Адараты. Мінула ўжо шэсцьдзесят гадоў, як непадалёк адсюль была знойдзена яе магіла. Няма аніякага сумневу, святая была закатаваная ў часы ранняга хрысціянства, у эпоху рымскага панавання; раён Сэпені быў ахрышчаны дыяканам Марсэлінам, тым самым, што прысутнічаў пры распяцці святога Пятра.

Мяркуючы па ўсім, святая Адарата пасля казаняў дыякана прыняла хрысціянства і была закатаваная паганцамі, пасля чаго цела блажэннай было захаванае рымскімі святарамі... Лічаць, што Адарата — гэта ўсяго толькі лацінскі пераклад паганскага імені. Бо яе імя не выклікае хрысціянскіх асацыяцый, але той факт, што цела гэтак дзіўна захавалася пасля таго, як доўгія стагоддзі праляжала пад зямлёю, паказвае, што гэта была адна з нямногіх абранніц, тых, хто разам з нявінніцамі ўспявае ў раі Госпада Бога. І вось ужо дзесяць гадоў, як святая Адарата кананізаваная ў Рыме.

Я не дужа ўважліва слухаў тлумачэнні рызнічага. Святая Адарата мала мяне цікавіла. Я ўжо выходзіў з царквы, калі ўвагу маю прыцягнуў глыбокі ўздых, які я пачуў каля сябе. Азірнуўшыся, я ўбачыў невялічкага дзядка; абапіраючыся на трысціну, ён узіраўся ў раку.

 

***

Калі я выйшаў нарэшце з царквы, дзядок пайшоў за мною. Я азірнуўся, каб яшчэ раз паглядзець на яго: вельмі ўжо цікавы быў ён — і выглядам сваім, і адзежай, элегантнай і старамоднай.

Ён усміхнуўся мне, і я кіўнуў яму.

— Вы паверылі, мсьё, тлумачэнням гэтага рызнічага? — спытаўся ён у мяне па-французску, але з венгерскім акцэнтам.

— Пане мой добры, — адказаў я, — не маю аніякага ўяўлення пра ўсе гэтыя тэалагічныя пытанні.

 

***

— Вы тут чалавек часовы, мсьё, — пачаў дзядок, — а я ўжо даўно хачу расказаць каму-небудзь праўду, прашу вас адно нікому не казаць пра гэта ў нашай краіне.

Ува мне абудзілася цікаўнасць, і я даў яму слова.

— Добра, мсьё, — сказаў мне дзядок, — святая Адарата была маёй каханкаю.

 

***

Я адступіў, падумаўшы, што маю справу з ненармальным. Заўважыўшы маё здзіўленне, ён усміхнуўся, потым загаварыў крыху дрыготкім голасам:

— Я не вар'ят, мсьё, я сказаў вам праўду. Святая Адара-та была маёй каханкаю!

Ды што я кажу! Калі б яна захацела, я ажаніўся б з ёю!..

Мне было дзевятнаццаць гадоў, калі я ўведаў яе. Цяпер мне ўжо за восемдзесят, і я ніколі нікога не кахаў, апрача яе аднае.

Я быў сынам багатага памешчыка з тутэйшых мясцінаў. Вывучаў медыцыну. Упартыя заняткі настолькі спустошылі мяне, што дактары прапанавалі мне выправіцца ў падарожжа, каб змяніць абстаноўку.

Я накіраваўся ў Італію. Гэта ў Пізе сустрэў я тую, якой аддаў сваё жыццё. Яна рушыла разам са мною ў Рым, у Неапаль. Каханне перапаўняла нас... Потым мы наведалі Геную, і там я вырашыў прывезці яе сюды, у Венгрыю, каб пазнаёміць з ёю маіх бацькоў, — ды раптам, аднойчы ўранку, убачыў у ложку, што яна мёртвая...

 

***

Дзядок перапыніў на нейкі час свой аповед. Калі ён загаварыў наноў, голас ягоны дрыжэў яшчэ больш, чым раней, і яго з цяжкасцю можна было пачуць.

 

***

— Мне ўдалося ўтаіць ад людзей з гатэля факт яе смерці, дзеля гэтага я скарыстаў усю сваю хітрасць — гэта былі хітрыкі забойцы. Калі я думаю пра ўсё тое, дык дагэтуль яшчэ дрыжу. Мяне не западозрылі ў злачынстве, бо палічылі, што мая сяброўка выехала на золку.

Не буду анічога расказваць вам пра тыя жахлівыя гадзіны, што я прабавіў каля цела, якое схаваў у самай вялікай сваёй валізе. Карацей, я быў настолькі спрытны, што ў мяне атрымалася вынесці валізу з гатэля, застаўшыся незаўважаным. Людзі ў гатэлі ходзяць узад-уперад, ніхто да цябе асабліва не прыглядаецца — мне гэта вельмі дапамагло.

Пасля было падарожжа, цяжкасці на мытні, але я змог, дзякуючы Небу, прамінуць яе без асаблівых складанасцяў. Дзіўная гісторыя, мсьё!.. Калі я вярнуўся дадому, то быў худы і бледны, як ніколі раней, — мяне немагчыма было пазнаць.

Спыніўшыся ў Вене, я купіў у аднаго антыквара каменны саркафаг з нейкай знакамітай калекцыі. А калі апынуўся дома, то мог ужо нічога не баяцца: я быў сам сабе гаспадар, ніхто не меў права ўмешвацца ў маё жыццё, ніхто не цікавіўся тым, што я прывёз з Італіі.

Я сам выгравіраваў на саркафагу надпіс “АДАРАТА” і крыж, а потым змясціў у яго цела сваёй каханай...

Уначы я пахаваў яе на адным з найбліжэйшых палёў — і зрабіў усё так, каб знайсці месца пахавання мог толькі я адзін. Кожнага дня я прыходзіў туды памаліцца за спакой яе душы.

 

***

Мінуў год... Здарылася так, што я быў змушаны перабрацца на нейкі час у Будапешт. І які ж быў мой адчай, калі, вярнуўшыся праз два гады, я выявіў, што на гэтым полі пабудаваны завод — як жа мог я цяпер адшукаць месца, дзе пахаваў найдаражэйшы мой скарб, які любіў больш за ўсё ў жыцці!..

Я мала не звар'яцеў і падумваў ужо пра тое, каб пакончыць з сабою, але тутэйшы святар расказаў мне, што калі перакопвалі поле, то знайшлі саркафаг, у якім была пахаваная пакутніца часоў Рыму па імені Адарата, і гэтую найкаштоўнейшую рáку пераправілі ў сціплую вясковую царкву.

Спачатку я ледзьве не выплюхнуў у твар святару ўсю сваю злосць. Але потым, абдумаўшыся, супакоіўся: я зразумеў, што ў царкве змагу глядзець на свой скарб калі захачу.

Каханне казала мне, што жанчына, якую я абагаўляў, была вартай тых боскіх ушанаванняў, што выпалі на яе пасмяротную долю. Я й сёння лічу, што яна іх заслугоўвала сваёй дзівоснай прыгажосцю, вытанчанасцю і тым вялікім каханнем, праз якое яна, мусібыць, памерла. Да таго ж яна была пяшчотная, добрая і набожная. Вядома, калі б яна засталася жыць, я ажаніўся б з ёю.

Няхай усё ідзе як ідзе, падумаў я, і спакваля каханне маё стала абагаўлёнае.

Тую, якую я кахаў, абвясцілі святою, а праз пяцьдзясят гадоў пасля таго, як быў знойдзены саркафаг, кананізавалі. Я асабіста прысутнічаў у Рыме на цырымоніі кананізацыі. Гэта было найпрыгажэйшае відовішча, якое я калі-небудзь бачыў.

Пасля гэтага акту каханне маё ўзнеслася на неба. Я быў шчаслівы, як анёл з раю, і з тае пары прыходжу сюды, перапоўнены самым высокім і дзіўным пачуццём, якое толькі ёсць у свеце, прыходжу маліцца перад алтаром святое Адараты...

 

***

Дзядок пайшоў са слязьмі на вачах. Ён пастукваў трысцінаю па зямлі ды паўтараў:

— Святая Адарата... святая Адарата!

 

Упершыню — у часопісе "Крыніца", 2001, № 11-12 (71).

Пераклад з французскай – Алесь Асташонак © 2013

Чытайце таксама

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

826