№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мікіта Славінскі

Вар’яцкі год (Сумасшедший год)

Пераклад з рускай Сяргей Балахонаў


Шэсцьдзесят трэці год выдаўся праз лад вар’яцкім. Па беларуска-літоўскім краі гойсалі разбойніцкія хеўры, удзельнікі якіх трызнілі аднаўленнем колішняй Польшчы. Праявы іх барацьбы былі найбольш прыкметнымі ў самых заходніх паветах краю. Але нельга сказаць, што наша Магілёўская губерня ў гэтым сэнсе станавіла выразнае выключэнне. Мяцежнікі, на вялікі жаль, рабілі сваю гнюсную справу і тут. Яны штурмам узялі мястэчка Горкі. Іх верхаводы выпраўлялі “кінжальшчыкаў”, то бок забойцаў, якія палявалі на пачцівых падданых яго імператарскае вялікасці. Добра, што нашы разумныя беларускія сяляне ў пераважнай сваёй частцы анічуць не далі веры мяцежніцкім казкам і выявілі вялікую рашучасць у дапамозе ўрадавым войскам і паліцыі. Шкада, што ў нашым ціхім правінцыйным Гомелі, які апынуўся далёка ад асноўных агмянёў мяцяжу, знайшліся асобы, што спачувалі абуральнікам спакою і нават збіралі для іх грошы.


Аднак гэта толькі частка вар’яцкіх праяваў таго году. Калі б я не чытаў газет і не меў працяглых размоваў са знаёмымі паліцэйскімі ды ваеннымі чынамі, то мог бы цэлы год перабываць у шчаснай недасведчанасці наконт гэтых рэчаў. З лішкам хапала справаў у прытулку для душэўнахворых, які незадоўга да польскага мяцяжу быў уфундаваны княгіняй Пашкевіч [1]. Сама наша апякунка і дабрадзейка ў той час выехала да Пецярбургу, але сродкі для належнага ўтрымання прытулку пакінула. Верагодна, у іншы які год тых сродкаў было б дастаткова, і нейкую частку можна было б ашчадзіць на наступны. Але толькі не ў шэсцьдзесят трэцім.


Прытулак быў цалкам запоўнены душэўнахворымі. Пацыенты нашы мелі свой уласны каларыт, сваю адметнасць. Ад іх давялося наслухацца такога, што ніколі сам у здаровым розуме не прыдумаў бы. Адным з першых сярод такіх быў драхлы дзядуля з Багуслатаўскай эканоміі Пашкевічаў. Сцвярджалася, што яму ні многа ні мала — 118 гадоў. Безумоўна, мне даводзілася чытаць у навуковых выданнях пра выпадкі даўгалецця. Аднак паверыць таму, што перада мной чалавек, які нарадзіўся ў часы Лізаветы Пятроўны, я ніяк не мог. Нават тады, калі мне паказалі амаль сатлелую выпіску з царкоўнай кнігі, дзе на кепскай рускай мове польскімі літарамі былі пазначаныя год, месяц і дзень народзінаў, я ўсё адно не паверыў. Але пераканаўся, што душэўная хвароба пацыента даўно пусціла глыбокія карані.


Акім Няхайчык, як звалі гэтага дзядулю, мог цэлымі гадзінамі расказваць пра сваё жыццё. Даводзілася слухаць і мне, і маім памочнікам. Дык вельмі хутка мы зразумелі, што ён у сваіх апавяданнях сур’ёзна блытаецца. Верачка Кавалёва, мая тагачасная асістэнтка, не паленавалася запісаць імёны ўсіх жонак, пра якіх успамінаў Акім. Атрымалася недзе пад пяцьдзясят, і некаторыя, як вынікала з яго словаў, былі яму жонкамі ў адзін і той жа час. Я спытаў дзядулю, як такое магчыма. Ён не зразумеў мяне. Давялося даваць яму морфію [2] і трошкі цудадзейнай сумесі [3], над якой я працаваў тады. Не дапамагло. Няхайчык апавядаў, як шчыра дапамагаў рускім салдатам, якія змагаліся з польскай канфедэрацыяй, і тут жа заяўляў, што сам быў удзельнікам такой канфедэрацыі, якая задала дыхту [4] рускім пад Чачэрскам. Верачка выказала здагадку, што гэта ад кепскіх навінаў і чутак пра касінераў ды розны зброд, якіх стары наслухаўся перад змяшчэннем у прытулак. Я не падзяліў яе меркаванне і павялічыў аб’ём лекаў, даваных дзеду Няхайчыку. Не дапамагло.


Ён вёрз пра тое, што знаўся з колішнім польскім бунтаўніком Касцюшкам і нават камандаваў бунтаўніцкім атрадам у гомельскіх ваколіцах [5], і тут жа паведамляў, што ненавідзеў Польшчу, польскі бунт і адразу ж далучыўся да войскаў князя Аляксандра Васільевіча Суворава, каб удзельнічаць ва ўціхаміранні палякаў. Мы з Верачкай амаль і не здзівіліся гэтаму. Яна нават спытала ў Акіма, ці не бачыў ён французскага ўзурпатара Напалеона Банапарта ў часы, калі той пайшоў з вайной на Расію. Я і сёння добра памятаю здзіўленыя вочы старога і яго словы: “Банапарт ваяваў Расею? А як жэ ж ён праз Польску з Літвой прашмыгнуў?” [6]. Кавалёва ўзяла гімназічны падручнік па айчыннай гісторыі і ўголас зачытала пра Айчынную вайну дванаццатага году. Пацыент слухаў і плакаў, не жадаючы верыць, што ў дванаццатым годзе ніякіх асобных польскіх і літоўскіх дзяржаваў не існавала. Выслухаўшы, ён сказаў, што нас саміх не існуе, што мы толькі чыясьці хворая фантазія. Маю памочніцу перасмыкнула ад гэтых словаў, а я толькі наказаў зноў павялічыць аб’ём лекаў. Ад таго часу Няхайчык замаўчаў. Ён праляжаў у прытулку аж да рымска-каталіцкіх каляд, калі і загавеў сваёй хвораю душою. Быў бы маладзейшым, дык падняўся б на ногі.


Іншую пацыентку прывезлі з Раманавічаў. Гэта была васямнаццацігадовая папова дачка Аўдоцця Чыкунова. Дзяўчына на выданні, яна сцвярджала, што да яе даўно ходзіць муж. Спачатку я хацеў растлумачыць айцу Хролу, што мы такімі выпадкамі не займаемся. Але ён параіў паслухаць саму дзяўчыну. Тая расказала, што ўпершыню яе муж з’явіўся, калі яна была шасцігадовым дзіцём, пасля чаго яго візіты зрабіліся пастаяннымі, але не часцейшымі за адзін раз на год. Упэўненасці ў тым, што Аўдоцця — нашая пацыентка у мяне не дадалося. У Верачкі таксама. Але яна спытала ў папоўны, адкуль той муж прыходзіць. Чыкунова сказала, што з Гомеля, але штораз з рознага. Мы не зразумелі і папрасілі ўдакладніць. Яна прызналася, што яе муж падарожнічае ў часе. Пасля гэтага сумневаў не заставалася — папоўну трэба пакінуць у прытулку.


Аўдоцця размаўляла з намі неахвотна. Але мы даведаліся, што яе ўяўнага мужа завуць Антоній. Яна паведаміла таксама, што той маладзейшы за яе на дваццаць пяць гадоў і з’яўляецца, такім чынам, з будучыні. Я хацеў адразу прапісаць ёй лекі, але мая памочніца прапанавала высветліць, наколькі дэталёвыя фантазіі нашай пацыенткі. Адштурхоўваючыся ад гэтага, мы маглі б заўважыць, як дзейсна будзе адбывацца яе лячэнне. Спакваля ўдалося выпытаць у пацыенткі пра яе ўяўнага мужа. Дзяўчына сказала, што цягам усіх дванаццаці візітаў Антоній выглядаў па-рознаму. Ён быў то маладым, то сталым, то паджылым з сівой шавялюрай. Яго ўзрост з кожным новым з’яўленнем не быў храналагічна паслядоўным. Калі ў пяцьдзясят сёмым яму было пад сорак, то ў шасцідзясятым ён выглядаў не больш чым на дваццаць гадоў. Верачка спытала ў папоўны, чаму тая называе Антонія мужам. “У сямідзясятым, калі ён прыйшоў да мяне чарговы раз, мы збеглі ва Уваравічы і там таемна ад маіх бацькоў павянчаліся”, — не міргнуўшы вокам патлумачыла пацыентка. Я ледзьве трымаўся, але Верачка заклікала мяне да спакою, а ў пацыенткі спытала, як можна ведаць што пра падзеі сямідзясятага году, калі на дварэ толькі шэсцьдзесят трэці. “Дык ён жа мне ўсё чыста расказаў” [7], — прызналася Чыкунова. Лагічна, што мая кемлівая памочніца пацікавілася, ці расказваў “Антоній” сваёй “жонцы” пра свет будучыні. Аўдоцця адказала сцвярджальна.


Пацыентка паспрабавала апісаць нам свет будучыні згодна з расказамі “Антонія”. Атрымлівалася, што ў тым свеце, асабліва ў пачатку новага стагоддзя, з’явіцца шмат самабеглых павозак. Да таго ж ім не будуць патрэбныя рэйкі, як з цяперашнімі паравозамі. У вялікіх і сярэдніх гарадах для людзей, якія перамяшчаюцца па вуліцах, збудуюць незвычайныя рухомыя дарожкі і лесвіцы. Ці не кожны гараджанін у дваццаць першым годзе новага стагоддзя будзе мець асабісты ручны тэлеграфічны апарат. З гэтай прычыны у гімназіях з першых класаў абавязковым стане засваенне азбукі Морзэ. Перадавала Аўдоцця і расказы свайго “мужа” пра палітычнае ўладкаванне свету ў будучыні. Але ў змесце тых расказаў утрымлівалася столькі абуральнае крамолы, што нават маленькай часцінкі таго апавядання хапіла б, каб прыцягнуць увагу паліцыі. І я першым бы звярнуўся да паліцыянтаў, калі б не ўсведамляў увесь жах неверагоднай глыбіні душэўнай хваробы Аўдоцці Чыкуновай. Мушу прызнацца, што гэтага майго ўсведамлення не адбылося б, калі б не Кавалёва, якая змагла разгаварыць пацыентку. За гэта я быў Верачцы шчыра ўдзячны і часам нават адчуваў да яе пэўны сантымент.


Што ж да паповай дачкі, то морфій і мой новы парашок зрабілі цуд. Яна перастала трызніць няісным Антоніем, прызнаўшы, што ён быў усяго толькі плёнам яе запаленага ўяўлення. Улетку, калі папраўка стала зусім відавочнай, я адпусціў яе дадому. Па Аўдоццю прыехаў старэйшы брат. Яна свяцілася ад шчасця, убачыўшы родны твар, што яшчэ раз сведчыла пра паляпшэнне яе душэўнага здароўя. З месяц мы пра яе амаль не ўспаміналі. Толькі потым прыехаў айцец Хрол з пытаннем, чаму дачку з прытулку адпусцілі адну. Нашыя тлумачэнні пра брата ён не прыняў, паведаміўшы, што ў яго сям’і з ласкі Божай толькі дочкі. Гэта нас дужа здзівіла, а апраўдвацца мы не мелі чым. Зрэшты, бацюшка не таіў на нас зла і выдаў добрую грашовую ўзнагароду, бо дачка ўсё ж выздаравела і была дома.


Яшчэ адзін пацыент таксама расказваў пра будучыню, але не пра такую далёкую, як Аўдоцця. Звалі яго Самусем Яновічам. Служыў ён на пошце. Сцвярджаў, што бачыць будучыню толькі на адзін дзень наперад. З гэтым намаганнямі родзічаў і трапіў у наш прытулак. Вонкава ён выглядаў зусім спакойным. Нічога ў рысах яго твару не выдавала верагоднай душэўнай хваробы. Але я ведаў, што такое ўражанне часта бывае зусім памылковым. Сталі высвятляць, ці сапраўды з ім усё так, як нам паведамілі яго родныя. Той пярэчыць не стаў, усё пацвердзіў і паведаміў, што падвозу морфію на наступны дзень чакаць не варта. Я не прамінуў удакладніць, чаму ён так кажа. Яновіч запэўніў, што экіпаж, якім морфій везлі з Магілёва, будзе вымушаны спыніцца ў Рагачове для грунтоўнага рамонту, бо колавыя восі дуды ў мех збіраюць [8].


Гэта мяне вельмі агаломшыла, бо дастаўка морфію заўсёды была рэччу сакрэтнай. А тут атрымлівалася, што нехта старонні ведае тое, чаго яму ведаць не належала. Я дапускаў, што нехта з паштовых работнікаў мог выпадкова даведацца пра “морфійны экіпаж” і расказаць пра гэта Самусю. Але я не мог зразумець, адкуль Самусь мог даведацца пра затрымку экіпажа ў звязку з рамонтам, пра якую на наступны дзень мне насамрэч паведамілі. Я пачаў сумнявацца, баючыся пераблытаць божы дар яснабачання з душэўнай хваробай. Таму ўзяўся правяраць пацыента на простых рэчах, пытаючы, што адбудзецца назаўтра на Румянцаўскай вуліцы ці на Коннай плошчы, якім будзе надвор’е, якога колеру сукенку надзене мая памочніца. Усе дадзеныя ім адказы спраўджваліся. Памылак ніколі не было. Гэта змусіла мяне не толькі думаць аб прыродзе ягонага дару, але і спрабаваць зрабіць так, каб нешта з прадбачанняў не адбылося. Аднойчы я спытаў у яго, ці пацалую праз пяць хвілін Верачку. Той сказаў, што не пацалую. Я пайшоў да яе, гатовы заключыць у абдымкі. Але ў той самы час да нас прывялі старэйшых гімназістаў, якія гуртам сцвярджалі, што ў Валатаве іх ледзьве не заказыталі да смерці некалькі русалак. Пазней высветлілася, што гэта быў усяго толькі няўдалы жарт жаўтадзюбых падшпаркаў [9]. Але гэтым жартам былі перакрэсленыя мае намеры пацалаваць Верачку, і атрымлівалася, што Самусь зноў прадказаў правільна.


Дар Яновіча перастаў выклікаць у мяне сумневы. Лічыць гэта хваробаю я не рызыкнуў, бо нагадаў бы сам сабе і маёй кемлівай памочніцы колішніх цёмных сялян, якія забівалі каменнем ці тапілі ў рэках тых, чый дар здаваўся ім занадта вычварным. Гэта прытым, што вера ў чараўніцтва для простага беларускага люду і дагэтуль ёсць нечым натуральным. Паштовы работнік не быў чараўніком. Гасподзь спаслаў яму неверагодныя здольнасці. Зразумеўшы гэта, я прыйшоў да высновы, што Самусь павінен выкарыстоўваць свае здольнасці на карысць умацавання праваслаўнай веры і любові да памазанніка Божага — расійскага імператара.


Я звярнуўся да свайго знаёмца, які служыў у паліцыі, і раскрыў таму вочы на магчымыя далягляды выкарыстання фантастычнага дару чалавека, які не стаў маім пацыентам. Знаёмец спачатку паставіўся да майго расказу з недаверам. Аднак некалькі эксперыментаў пераканалі і яго. Яновіча ўзялі на службу ў паліцыю, а адтуль і ў слаўнае “Трэцяе аддзяленне” канцылярыі яго імператарскай вялікасці. Даводзілася чуць, што ён удала дапамагаў адсочваць перамяшчэнні польскіх мяцежнікаў, своечасова выкрываў іх задумы і намеры. Мяне ахінала пачуццё гонару за тое, што я не стаў трымаць у прытулку для душэўнахворых такога каштоўнага для расійскай дзяржавы падданага. Што праўда, Кавалёва з няведамай мне прычыны так і не паверыла ў яго дар і калі згадвала Яновіча пазней, то называла няйнакш як “той махляр і прайдзісвет” [10]. Як ні дапытваўся, адкуль у яе такое стаўленне, памочніца нічога толкам патлумачыць не рачыла [11].


Былі ў нас у шэсцьдзесят трэцім і такія, што адкрыта называлі сябе пярэваратнямі. Але на гэтым іх каларыт, уласна, і заканчваўся. Адзін сцвярджаў, што “вось-вось” ператворыцца ў ваўка, другі абяцаўся абярнуцца катом, і на гэтым усё. Нават пераймання ваўчынага выцця ці кацінай курны [12] ні мне, ні маёй асістэнтцы пачуць не давялося. Улетку, пасля ночы на Івана Купалу, клопату нам дабавілася. Згодна з беларускімі простанароднымі ўяўленнямі ў гэтую ноч у лесе зацвітае папараць. Шукаць яе ходзяць аж да сёння. Тады таксама, нягледзячы на царкоўныя забароны і страх перад бунтаўнікамі, многія падаліся ў лясныя гушчары. Натуральна, што ноччу ў лесе можа прытрызніцца ўсё што хочаш. Вось і знайшлося чалавек сем, каго прывезлі нам на тыдні пасля купальскай ночы. Усе сцвярджалі, што бачылі нейкіх пачвар, чарцей ды рознага кшталту нежыць. Морфій усіх супакоіў.


Толькі адна дзяўчына, дачка сельскага старосты, месяцы з два сцвярджала, што той ноччу яе апавіў вогненны змей. Стаў даваць бедачыне больш морфію, а потым хацеў выпрабаваць на ёй свой чарговы парашок. Але пільная Верачка распазнала, што пацыентка трэці месяц на выліўках [13], а ўсе яе расказы пра вогненнага змея былі толькі выдумкай, каб схавацца ад уласнай ганьбы, гневу родных і кпінаў аднавяскоўцаў. Падманшчыца гэтая шмат плакала і прасіла пакінуць яе ў нашым прытулку. Я быў супраць. Кавалёва таксама. Адправілі мы цяжарную назад у яе вёску, молячыся Госпаду, каб наступствы дзеяння морфію ніяк не адбіліся на здароўі будучага дзіцяці.


На пачатку восені сярод пацыентаў, якія любілі ганяць чарцей, апынуўся нехта Кузьма Сувалаў. Нехта, бо ніякіх звестак пра яго ў нас не было. Не выручыла з гэтым ні паліцыя, ні цывільныя чыноўнікі. Ніякіх дакументаў на Сувалава ў іх не было. Аднак сам ён запэўніваў, што ведае і мяне, і Верачку, і яшчэ добрую палову Гомеля. Але ні я, ні мая асістэнтка, ні многія людзі, чые прозвішчы пацыент называў, не маглі ўбачыць у ім нават аддаленага падабенства з некім, хто б быў сапраўды знаёмы нам.


Кузьма намагаўся даказаць свае словы, апавядаючы пра нашыя жыцці і акалічнасці, у якіх мы з ім нібыта сустракаліся. Нешта з расказанага супадала ў дробных дэталях з рэчаіснасцю. Але былі такія фантастычныя залепы [14], ажно дрыжыкі праціналі. І мы былі дзейнымі персанажамі акурат сярод яго апавяданняў апошняга гатунку. Сувалаў сцвярджаў, што ў шасцідзясятым годзе я і ён на п’яны розум задалі драла [15] з Кіева і апамяталіся толькі праз тыдзень на дняпроўскім востраве Хорціца. Натуральна, я быў тады ў Кіеве, але аддаваў перавагу спакойнаму і здароваму ладу жыцця. І ніякіх знаёмцаў накшталт Кузьмы ў мяне там не было. Сказаўшы пра гэта пацыенту, я атрымаў ад яго імклівую плынь адборнае лаянкі, дзе самым мяккім было слова “скаціна”. Мяне аж калатнула ад злосці, і толькі прысутнасць Верачкі ўтрымала мяне ад выкарыстання якой-небудзь састарэлай методы лячэння душэўнахворых.


Сувалаў заявіў, што ўлетку шэсцьдзесят другога ён і Кавалёва ладзілі конную прагулку праз Прудок у Пакалюбічы. Гаварыў, што пасярод поля іх заспеў моцны дождж, і яны разам хаваліся ад яго ў стозе сена. Верачку гэта абурыла да неймавернасці. Усе цудоўна ведалі яе як дзяўчыну прыстойную, якая не дазволіла б сабе ездзіць абы з кім, дый яшчэ лезці ў стог. Яна настаяла, каб пацыенту далі морфію, паставілі п’явак і паклалі ў балею з ледзяной вадой. Думаеце, Сувалаў пасля гэта змяніўся? Анічуць. Яго хвароба была вельмі небяспечнай.


Мы вырашылі, што ўсе сапраўдныя дэталі нашых жыццяў ён ведаў, даўно назіраючы за намі і збіраючы адпаведныя звесткі. Гэта тое, што называецца маніяй. Ён укліньваўся ў жыццё якога-небудзь чалавека, а яго хворая душа вынаходзіла маляўнічую гісторыю знаёмства. Кузьма быў адзіным нашым пацыентам, каго мы мусілі амаль пастаянна трымаць звязаным. Без увагі на адсутнасць дакументаў ён пераконваў, што кватаруе на Спасавай Слабадзе ў доміку пры Ільінскай царкве. Ён нават называў прозвішча гаспадыні і прасіў, каб нехта з работнікаў прытулку схадзіў туды і забраў яго дзённікі. Гэта мяне зацікавіла, бо ў дзённікавых запісах можна было знайсці нешта, што патлумачыла б прычыны хваробы.


Аднак ні доміка, ні гаспадыні з названым прозвішчам каля Ільінскай царквы не знайшлося. Даведаўшыся пра гэта, пацыент раз’юшыўся, гучна крычаў, мітусіўся, спрабуючы ўдарыць каго-небудзь галавой. Нашыя дужыя служкі ледзьве здолелі яго скруціць. Мы паўтарылі з ім згаданую працэдуру, дадаўшы да ўсіх яе складнікаў мой парашок. З таго часу паўтараць яе даводзілася ледзьве не штодзённа, бо Сувалаў згадваў свае дзённікі, чуў мой ці Верачкін адказ і адразу ж прыходзіў у дзікае шаленства. У самым пачатку лістапада ён знік. Рамяні і ланцугі засталіся некранутымі, дзверы яго пакоя былі на надзейным замку, але самога пацыента нідзе не было. Пасля той ночы прапала і Верачка, а разам з ёй і частка касы нашага прытулку, да якой яна мела доступ. Я і дагэтуль не сумняюся ў сумленнасці маёй памочніцы. Гэта ўсё зрабіў Кузьма Сувалаў — душэўнахворы бандыт без дакументаў [16].



 

[1] Маецца на ўвазе гомельская княгіня Ірына Паскевіч (1835-1925). Наяўнасць ў той час прытулку ці лячэбніцы для душэўнахворых выглядае сумнеўнай.

[2] Насамрэч морфій у тагачаснай псіхіятрычнай практыцы не выкарыстоўваўся.

[3] Цяжка сказаць, што аўтар меў на ўвазе. У сярэдзіне ХІХ ст. псіхіятры часта прапісвалі хворым ірвотныя сродкі. Магчыма, тут намёк на адзін з іх.

[4] Тут і далей курсівам вылучаюцца тыя словы і абароты, якія ў арыгінале М. Славінскі ўжыў па-беларуску. У аўтарскай зносцы гэтая фраза перакладаецца для рускамоўных чытачоў як “разбила в пух и прах”.

[5] У сапраўднасці падчас паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (1794) якой-небудзь паўстанцкай дзейнасці ў раёне Гомеля зафіксавана не было.

[6] У аўтарскай зносцы гэтая фраза перакладаецца наступным чынам: “Бонапарт сражался с Россией? И каким же образом он чрез Польшу с Литвой просочился?”.

[7] У аўтарскай зносцы гэтая фраза перакладаецца наступным чынам: “Он ведь мне поведал совершенно обо всем”.

[8] У аўтарскай зносцы гэтая фраза перакладаецца наступным чынам: “Дышат на ладан”, пасля чаго ідзе прыпіска: “Одно из многих колоритных белорусских народных изречений. Намекает, что музыка колесных осей свое уж отыграла”.

[9] У арыгінале — “желторотых недорослей”.

[10] У арыгінале: “оный мошенник и прохиндей”.

[11] У арыгінале: “не соизволила”.

[12] У арыгінале: “мурлыкания”.

[13] У арыгінале: “на сносях”.

[14] У арыгінале: “искажения”.

[15] У аўтарскай зносцы гэтая фраза перакладаецца наступным чынам: “бросились стремглав”.

[16] На гэтым арыгінальная публікацыя абрываецца.


Перакладзена паводле: Славинский Н. Сумасшедший год: Из записок доктора Брылевского // Новороссийский телеграф: Газ. полит., экон. и лит. 1899. 28 марта.


© Сяргей Балахонаў, пераклад, каментар, 2011

Пераклад з рускай – Сяргей Балахонаў © 2013

Чытайце таксама

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Лаянэл Джонсан

Лаянэл Джонсан

Ангельскі паэт, эсэіст і літаратурны крытык.

Інгеборг Бахман

Інгеборг Бахман

Аўстрыйская пісьменніца, паэт, лаўрэатка мноства прэмій

Марк Валерый Марцыял

Марк Валерый Марцыял

Рымскі паэт, стваральнік жанру эпіграмы ў яго сучасным выглядзе

1345