№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Караль Жэра

Торба смеху (Vorago rerum)

Пераклад з польскай Вадзім Корань


Пра пана Серуця і восем “памочнікаў”


Калі я хадзіў у драгічынска-езуіцкія школы, у нас былі інструкцыі пра восем “памочнікаў”, або пра абавязковыя правілы. У іх вельмі добра разбіраўся яснавяльможны пан Серуць, які аднойчы, правяраючы маладога шляхціца, рэкамендаванага яму ў якасці сакратара, загадаў малому пісаць ліст ад сябе да кагосьці і потым, чытаючы, казаў:


— Пане-браце, не захаваў мне васпан правілаў, бо ў кожным лісце павінна быць выказана: хто піша? што піша? дзе піша? да каго піша? у якім настроі піша? які раз піша? для чаго піша і калі піша? А калі ваша мосць, пане-браце, гэтага не захаваў, дык ліст вашэця грыба варты. Навучыцеся, ваша мосць, пане-браце, правілам, якія ў наступных радках названыя:


Хто? Што? Дзе? І да каго?

Першым разам? Для чаго?

У якім настроі ты

Пішаш гэтыя лісты?


З той самай прычыны і я (Жэра) у маім далёкім падарожжы па папяровым гасцінцы, які ўжо, гусь запрогшы, выбраў, колькі здолею, буду прытрымлівацца гэтых правілаў, пішучы коратка і сцісла, не дадаючы нічога непатрэбнага, патрэбнага не прапускаючы, бо гэта ёсць basis et fundamentum. Хоць aliquando тым спосабам рэч уразмаіціць, трапна ўпрыгожыць і аздобіць, яе можна настойліва параіць слаўнаму чытачу.



Як бацька са сваім сынам у квіндэч граў


Калі аднойчы нейкі паніч, пасланы вучыцца ў далёкія краі, прайграўся там у квіндэч да кашулі, бацька, сплаціўшы кавалерскія даўгі марнатраўцы, загадаў яму неадкладна вярнуцца дадому. Вяртаецца мамчын сынок голы, як бізун, без шэлегу ў кішэні, абабраны французскімі распуснікамі, у забруджаным кіцяльку і, перапрашаючы, цалуе бацькаву руку. Тады бацька і кажа яму: “Граў, мой сынку, у квіндэч з графамі, дык згуляй сёння са мною”. Гэтак сказаўшы, загадаў сыну разаслаць дыван і легчы на ім. Паніч, плачучы, лёг, каб пазбегнуць большага сораму. А бацька, стоячы над ім з бізуном, нібыта пры пачатку тае гульні, гукае:


Квіндэч! — дайце яму дзесяць бізуноў!


Потым:


Карта! — дайце яму наступныя дзесяць бізуноў! Акорд! — дайце яму тройчы дзесяць! Крэпа! — дайце яму дзесяць бізуноў!


Аж тут мой паніч, віючыся, як вугор на патэльні, усклікнуў з плачам:


— Бацька, дабрадзею, злітуйся! Basta!


— А мой мілы сыну, — гаворыць трохі падабрэлы бацька, — чаго ж зацягнуў гульню? Я даўно чакаў, калі ты забастуеш.



Пра сына гарбара з Любліна і пра старое футра


Да сына аднаго гарбара з Любліна, які меў шляхецкае прозвішча, выявіла ласку фартуна. Адправіўшыся ў якасці прыслугі ў чужыя краі, чаму паспрыялі ягоныя здольнасці і прыгажосць, быў палічаны там за шляхціца і ажаніўся з багатай нямецкай графіняй; а прычакаўшы сына, купіў яму маёнтак над Віслай. Той ягоны сын і ўнук памерлага ўжо гарбара з Любліна, увайшоўшы ў правы як люблінскі спадчыннік, стаў суддзёй люблінскага суда. І вось здарылася, што адзін незаможны шляхціц, згорблены стары, адстойваючы ў тым судзе свае правы, прыйшоў да гэтага пана суддзі па сваёй справе, апрануты ў дужа пацёртае лісінае футра. Пан суддзя, выкшталцоны ў чужых краях і маткай, нямецкай графіняй, не знаёмы з нашымі звычаямі (што шляхціц між свайго гароду роўны ваяводу), зірнуўшы на старое лісінае футра і яўнае збядненне старога, кажа яму з’едліва:


— Але ж футра вашэці мусіць памятаць дзядоў.


— Сапраўды, яснавяльможны суддзя, памятаюць і дзядоў нашых, — нібыта ў Святым Пісьме прачытаўшы, спакойна адказаў стары, — бо ўласна яснавяльможнага пана дзед, якога я яшчэ памятаю, тут, у Любліне, дубіў гэтае футра майму бацьку.


Змоўк суддзя, адно што меў міну, быццам бы хто правёў яму па носе да ілба якім хрушчом.



Пра ягамосця пана Жабу


Ягамосць пан Францішак Жаба сам апавядаў, што калі аднойчы ў яго захварэў адкормлены вол, мужык-канавал, прывезены з іншай парафіі да жывёліны, пазнаўшы хваробу, якая завецца “жаба”, і ўбіваючы шыла валу ў карак, усклікнуў:


— Каб цябе жаба праклятая трэсла!


Пачуўшы тое, слугі пана Жабы пачалі смяяцца, а мужык, скеміўшы, што нядобра азваўся пры пану, які мае тое ж прозвішча, мовіў:


— Без абразы вяльможнага пана. Я казаў толькі пра хваробу, не пра пана.


Таму смяяўся і сам пан.


Той самы пан Жаба шпацыраваў аднойчы па садзе са сваёй малой дачушкай, і дзяўчынка, згледзеўшы жабу, што скакала, пачала крычаць:


— Жаба! Татулька, жаба!


На што бацька адказаў:


—Дзіцятка маё, памятай: ніколі не кажы “жаба”. Гэтую гадзіну трэба называць “чарвяк”.



Парабак, які не хацеў есці гарох


Жонка аднаго шляхціца ў Панятах, што каля Цеханаўца, часта падавала на стол гарох. Дык вось, парабку, які служыў у гэтага шляхціца колькі гадоў, абрыдла тая страва, хоць заўсёды была смачная і прыпраўленая. І аднаго разу, седзячы над міскаю, перакуліў ён лыжку дагары і так звярнуўся да таго гароху:


— Як будзеш брацца лыжкаю, то я цябе з'ем.


Шляхціц тое заўважыў, але нічога не сказаў. Сталася, аднак, потым, што як той парабак, ажаніўшыся, пайшоў на сваю гаспадарку, выдаўся неўраджайны год і яму не хапіла хлеба да новага ўраджаю. Прыйшоў ён да свайго ранейшага пана прасіць дапамогі. Шляхціц прывёў яго ў гумно, дзе ў адным кутку свірна ляжала жыта, у другім — ячмень, у трэцім — грэчка, а ў чацвертым — гарох.


— Можа, гароху табе трэба? — спытаў гаспадар.


— Ой, спатрэбіўся б, спатрэбіўся! — адказвае бядак.


— То давай мех, — кажа шляхціц і бярэ ў рукі шуфель, перакуліўшы яго дагары, ды кажа гароху таксама, як некалі парабак:


— Як будзеш брацца, то я цябе насыплю.


— Пане гаспадару, павярні, васпане, шуфель, то адразу зможаш узяць гароху.


— А памятаеш, браце, як пагарджаў тым самым гарохам, робячы над міскаю так, як я цяпер.


Упаў парабак гаспадару ў ногі, са слязьмі ўваччу просячы прабачэння, што зграшыў, пагарджаўшы яго хлебам; і шляхціц, сказаўшы яму verba veritatis, адсыпаў бедняку чатыры мяхі: у першы — жыта, у другі — ячменю, у трэці — грэчкі, а ў чацверты — таго гароху.


Вось навука таму, хто хоча трапіць на неба, як хлеб трэба шанаваць.


Цалкам спампаваць тэкст можна па спасылках ніжэй.

Zera.pdf   Zera.doc

Пераклад з польскай – Вадзім Корань © 2013

Чытайце таксама

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Паўднёваафрыканскі пісьменнік, адзін з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс

Богдан Задура

Богдан Задура

Польскі паэт, празаік, перакладчык з рускай, украінскай, ангельскай і венгерскай моваў

Генрых Гайнэ

Генрых Гайнэ

Нямецкі паэт, публіцыст і крытык. Апошні паэт рамантычнай эпохі і адначасова яе вяршыня

Марыя Французская

Марыя Французская

Марыя Французская – паэтка, якая, як мяркуецца, нарадзілася ў Францыі ў канцы ХІІ ст

4787