№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргей Пясэцкі

Боствам ночы роўныя (Bogom nocy równi)

Урывак з рамана

Пераклад з польскай Наста Гвоздзева


Раздзел 3

Трое адсутных


Іх было чацвёра… моцных, маладых, здаровых. Сядзелі ўкруг стала, курачы цыгарэты.


— Ну дык што за важная справа? — запытаў Раман, узіраючыся па чарзе ва ўрачыстыя твары сяброў.


— Кажы ты, Кастусь, — прамовіў Чэслаў. — Я да балбатні няздатны. Ты яму лепей усё растлумачыш.


— Так, няхай Кастусь кажа, — сказаў Алесь. — Гэта мой план, але не хачу, каб ты думаў, што мне ён важнейшы за ўсіх.


Канстанцін сядзеў у задуменні... прыгладзіў валасы над высокім ілбом і зірнуў на сябра.


— Добра, — сказаў ён, — добра… Справа, Рамане, такая: мы хочам вяртацца ў Мінск. Нашто нам тут туляцца па чужых кутах? Там засталіся нашыя бацькі, сябры. Засталіся паловы нашых сэрцаў. У цябе застаўся бацька… Мы жывем тут, а думкамі заўжды там, сярод сваіх. Мы супраць Саветаў злачынстваў не ўчынялі, хіба толькі служылі ў чужым войску. Але гэта апраўдваецца тым, што мы пайшлі ў войска ў час акупацыі. Пойдзем у Чэка, пакажам дакументы і заявім, што хочам жыць лаяльна, сумленна працаваць у сваім горадзе. Нас могуць спачатку арыштаваць, але сур’ёзных наступстваў не будзе, бо калі б нават мы на фронце ў час ваенных дзеянняў трапілі ў палон, то былі б толькі палоннымі, а не вязнямі. Ды нават калі нас арыштуюць, ёсць магчымасць з дапамогай сваякоў дабіцца парукі. Урэшце, гэта ж Беларусь, і ў нас як у беларусаў ёсць права вярнуцца на радзіму, не зважаючы, пад якімі яна ўрадамі… Дык вось, мы ў цябе пытаем: ты з намі?


Раман задумаўся.


— Як гэта? Добраахвотна здацца ім у рукі? Хлопцы, я там быў. Я ведаю, што там творыцца… Вядома, я згодны з вамі пайсці, але не так. Нашто рызыкаваць?.. Я б з вамі і ў пекла пайшоў. Толькі не гэтак. Хадзем са зброяй. Схаваемся, і няхай адзін аб’явіцца… Паглядзім, што будзе. Калі для аднаго ўсё скончыцца добра, тады аб’явімся ўсе. А калі дрэнна, то зробім іначай …


— Я ж вам казаў, што ён не пагодзіцца, — прамовіў Алесь.


— Не, Ромку, — адказаў Чэслаў. — Калі ты так думаеш, то мы пойдзем без цябе. Мы хочам, каб усё было як найлепш. Трэба яшчэ мець на ўвазе, што з трыма, калі мы з’явімся, будуць лічыцца не так, як з адным. Мы ж ніякія не буржуі, не капіталісты ці контррэвалюцыянеры… Мы вяртаемся на радзіму, на працу, не маючы на сумленні ніякіх злачынстваў, ні крымінальных, ні палітычных. Мы ідзем шчыра, адкрыта… Чаго ж нам баяцца?


Размаўлялі яны яшчэ доўга. Забава, згодна з дамоўленасцю, мусіў чакаць ад іх вестак з Мінска, а потым таксама вярнуцца. Нехта выказаў прапанову: “Невядома, што ў нашым жыцці здарыцца. Давайце прызначым спатканне праз час. Вось было б добра! Адзін будзе ў Мінску, другі — у Маскве, трэці — яшчэ недзе. А ва ўмоўлены дзень збярэмся разам”.


Прапанова была прынятая і Канстанцін склаў акт:


Вільня, 19 траўня 1921 г.


Мы, ніжэйпадпісаныя, абяцаем, нягледзячы на адлегласць і жыццёвыя абставіны, з’явіцца на ўмоўленае “спатканне сяброў” 1 верасня 1922 году а 9-й гадзіне вечара ў Мінску ў Губернатарскім садзе [1] на беразе Свіслачы насупраць летняга тэатра “Рэнесанс”.


Апраўданнем адсутнасці могуць служыць толькі смерць, цяжкая хвароба ці зняволенне. Іншыя прычыны будуць лічыцца выхадам з “Саюза чатырох сяброў”.


Канстанцін Соліч

Чэслаў Галін

Аляксандр Залоўскі

Раман Забава


Назаўтра Забава развітаўся з імі на віленскім вакзале. Потым доўга чакаў ад іх ліста, але так і не дачакаўся. Замест ліста праз два месяцы атрымаў навіну, што трох яго таварышаў расстралялі ў Мінску, куды яны прыйшлі, самі здаўшыся ў рукі ўладаў… Расстралялі іх як “контррэвалюцыянераў”, якія прыйшлі на тэрыторыю РСФСР з мэтай арганізацыі “белагвардзейскіх банд”.


“Ага, нейкія падлюгі зрабілі на іх крыві службовую кар’еру”, — падумаў Раман, прыгадваючы словы знаёмага беларуса, які, паведаміўшы пра расстрэл таварышаў, дадаў: “Дзе правіць маскаль, там чалавечая кроў таннейшая за ваду”.



Вечар быў цёмны. Вецер гнаў вуліцамі, ірваў дахі, аканіцы, ламаў платы, кружыў у паветры і кідаў мінакам у твар мокрае, халоднае лісце.


Забава пералез у сад сям’і Солічаў праз паркан, бо брамка ў двор была замкнутая. Стаў насупраць асветленых вокнаў кухні. Рэшта дому патанала ў прыцемках. “Можа, нехта выйдзе”, — думаў Раман. Ён не хацеў знянацку ўваходзіць усярэдзіну, бо не ведаў, хто там цяпер жыве.


Яму было тужліва. Колькі ж разоў у гэтай хаце яшчэ пры жыцці Канстанціна ладзілася вясёлых гульняў, на якія збіралася шмат моладзі… А цяпер… Цяпер ён не мог адгадаць, што робіцца за гэтымі сценамі. Толькі прадчуванне гаварыла яму, што нічога добрага.


Хтосьці ўвайшоў на кухню і наблізіўся да акна. “Гэта Мікалай”, — пазнаў Раман старэйшага брата Канстанціна. Падбег да акна, стаў на дыбачкі і ціха пагрукаў у шыбу. Мікалай, напужаны, паглядзеў праз шкло. Наблізіў твар да шыбы.


— Хто там? — пачуў Раман.


— Выйдзі на хвіліну.


Мікалай паглядзеў углыб пакоя і адчыніў акно.


— Хто гэта? — паўтарыў ён трывожна.


— Я… я… Раман…


— Рама-ан?


Сполах адбіўся на цалкам збялелым твары Мікалая.


— Зараз выйду… зараз…


Праз момант ён быў на дварэ. Забава адчуў, што Мікалай дрыжыць — не ад холаду, ад хвалявання.


— Адкуль вы? Нашто вы прыйшлі?


— Я прыйшоў з Польшчы. Прынёс вам дзве фатаграфіі Косці. Думаў, вас гэта ўсцешыць.


— Ідзіце адсюль! Згінеце самі і нас загубіце! Нічога не трэба… ніякіх фатаграфій… Матка як звар’яцела… Пятрок захварэў на эпілепсію… Страшныя няшчасці. Не трэба вярэдзіць раны…


— Няўжо нельга было яго ўратаваць?


— Мы рабілі ўсё, што ў чалавечых сілах. Але іх так аблыталі, што нічога нельга было зрабіць.


— А што ў вас дома? Што ўвогуле чуваць?


— Магіла… магіла… Лепей ідзіце адсюль… Пачакайце… Дайце ягоную фатаграфію… я для сябе захаваю…


Забава паціснуў халодную руку Мікалая.


— Да пабачэння.


— Бывайце.



Без чвэрці дзевяць.


У Губернатарскім садзе рэдка развешаныя вялікія цьмяныя ліхтары рассейваюць па алеях дрыготкія, бледныя палосы святла. Агромністыя ліпы ціха, задуменна ўзвышаюцца над берагам ракі. Пуста і глуха. Толькі вецер гоніць алеямі, бавячыся сарваным з галля дрэваў лісцем.


Раман увайшоў у парк з вуліцы Падгорнай [2] і скіраваў улева ў першую ад берага Свіслачы алею… Ішоў павольна, углядаючыся ў глыбіню алеі — у глыбіню саду, у чорную плынь ракі, якая блішчэла сталлю пад водбліскамі ліхтара.

Прамінуў алеі і стаў насупраць моста. Паглядзеў на гадзіннік: без пяці дзевяць. Пайшоў паволі назад. Пасярод алеі сеў на лаўку і ўтаропіўся перад сабой… Халодныя хвалі тужліва плёскалі аб берагі…


…Дзевяць…


Пуста…


Раптам ён заўважыў тры мужчынскія постаці, якія выходзілі з глыбіні алеі. Яго сэрца здрыганулася. “Няўжо гэта магчыма?”


Постаці наблізіліся да яго. Ён разгледзеў аднаго вайскоўца ў плашчы і “будзёнаўцы” з вялікай чырвонай зоркай. На поясе ў яго быў наган у чахле. На рукаве — тры чырвоныя квадраты.


“Важная птушка”, — падумаў Раман.


З вайскоўцам ішлі двое цывільных. У аднаго з іх пад пахай быў тоўста напханы партфель. Яны гучна размаўлялі.

Забава панура пазіраў у іх бок. Правую руку ён трымаў у кішэні, моцна сціскаючы шурпатую ручку пісталета. Зняў яго з засцерагальніка, з прыемнасцю пачуўшы лёгкі характэрны пстрык.


“Хай толькі зачэпяць!” — думаў Забава, адчуваючы, як расце ў ім хваля злосці.


Ён правакацыйна мружыў вочы і, выпінаючы ніжнюю губу, глядзеў ім у твары.


Яны прайшлі. Азірнуліся. Вайсковец спыніўся. Відаць, хацеў нешта сказаць.


— Хадзем, Вася, табе не ўсё адно? — сказаў адзін з цывільных.


Пайшлі далей. Зніклі ў галоўнай алеі.


Было ўжо больш за дзевяць. Забава падняўся. Хвіліну прастаяў не варушачыся, потым павольна пайшоў у бок моста. Спыніўся ля ракі і доўга глядзеў углыб алеі з цяжкім смуткам і задуменнем…


— Трое адсутных… — прамовіў ціха. А праз хвілю дадаў: — Адсутнасць апраўданая…


У галінах ліп енчыў і плакаў вецер. Трывожна шапацела лісце. Панура і ціха шумела Свіслач.



Дарога была жудасная. Ступні гразлі ў ліпучай гліністай дрыгве, якая хціва засмоктвала і брала ў палон. Кожны крок даваўся з цяжкасцю. Лягчэй было ісці па размоклай раллі, чым па дарозе.


Было позна. Але Забаву важна было перайсці мяжу да світання, таму ён ішоў вельмі хутка. Часта спатыкаўся ў цемры аб каменне, валіўся ў канавы і ямы, паслізгаўся на гліністых пагорках і мокрай траве.


Вакол не было ні душы… Ані голасу, ані святла… Тут панаваў толькі вецер, што вольна лётаў па голай раўніне…


У левай руцэ Забава трымаў электрычны ліхтарык, у правай — пісталет. У любую хвіліну ён быў гатовы асляпіць ворага бліскам ліхтарыка, засыпаць кулямі з пісталета.


Калі чалавек доўга ідзе наперад у поўнай цемры, яго пачынае агортваць cнулае бяздзеянне мозгу, і даводзіцца штуршкамі волі будзіць сваю ўвагу. Ідучы доўга ў цемры, можна пабачыць шмат цікавых рэчаў, прыдумаць шмат арыгінальных думак, паразмаўляць з вымысленымі асобамі і страціць адчуванне часу. Рытмічна, манатонна закалыханы мозг мімаволі мроіць сам, па-за нашым кантролем, а цела падсвядома кіруе рухамі.


Забава доўга спускаўся пакацістай дарогай да лагчыны паміж гарамі. Ён ведаў, што ўнізе ёсць студня. Знайшоў яе ў цемры. Выцягнуў “жураўлём” вядро вады і, хаця не меў смагі, доўга піў… пра запас, бо ведаў, што далей — аж да памежжа — добрай вады не знойдзе.


Пайшоў пад гару. З напругай, крок за крокам караскаўся па слізкім схіле. Зрабілася крыху святлей. Дзе-нідзе пасярод хмар вызіралі цікаўныя зоры. Зблізку ўжо можна было адрозніць светлыя абрысы.


Злева ля дарогі выступіў з цемры доўгі драўляны будынак. Раман спыніўся. Ён стаяў на вяршыні гары. Наблізіўся да будынка. Адно акно было завешанае фіранкай не вельмі шчытна, і праз вузкія шчыліны прабіваліся палосы святла. Унутры будынка чуліся чалавечыя галасы. Забаву гэта зацікавіла. Ён ціха наблізіўся да акна, каб зазірнуць праз шчыліну. Адчуў каленам мокрую, слізкую лаўку. Паставіў на яе ступню — і ў гэты момант адчуў чыюсьці прысутнасць. Замёр на месцы… Павярнуў галаву ўправа. У гэты самы момант яму ў вочы балюча ўдарыў сноп яркага прамення кішаньковага ліхтарыка. У цемры пачуўся голас:


— Стой! Рукі ўверх!


Забава амаль у той жа момант стрэліў тры разы запар перад сабой, туды, адкуль свяціў ліхтарык, і адскочыў у бок. Ліхтарык упаў на зямлю і, патанаючы ў гразі, асвяціў рэфлектарам невялікае колца чорнага бруду. Бліснуў ліхтарык Рамана і тут жа згас. Яго бліск вырваў з цемры постаць чырвонаармейца, які кленчыў на зямлі з вінтоўкай у руках. Руля была скіраваная на Забаву. Раман адскочыў улева і прысеў — прагучаў стрэл вінтоўкі. Палоска агню лізнула змрок. Забава стрэліў у тым кірунку яшчэ два разы… Пачуў енк. Ціха зрабіў некалькі крокаў на сярэдзіну дарогі, каб адысці ад будынка. У гэты момант нябачныя ў цемры дзверы з трэскам адчыніліся, і шырокая паласа святла абрынулася ў змрок, перацінаючы начную цемру і дарогу. У іх з’явіліся ўзброеныя людзі. Забава, з садысцкім задавальненнем сціскаючы зубы, стрэліў у іх чатыры разы. Засунуў у пісталет новы магазін, перазарадзіў і ціха пайшоў краем дарогі далей. Праз некалькі секунд ззаду пачуліся стрэлы, крыкі, а трохі пазней — тупат коней…


Раман пайшоў полем, усё больш аддаляючыся ад дарогі. Ішоў напрасткі па жахлівым бездарожжы. Час ад часу паглядаў на бусоль, каб не згубіць кірунку — на захад.


Убачыўшы, што да світання засталося не больш за дзве гадзіны, ён скіраваўся на поўнач, каб знайсці шашу, з якой раней сышоў. Цераз гадзіну цяжкой дарогі знайшоў тую шашу. Пачало віднець. Да мяжы было яшчэ пяць кіламетраў. Ён вырашыў пайсці да суседняга лесу і там чакаць змяркання, каб пад покрывам ночы перайсці ў Польшчу.


Дзень правёў у лесе, на поўнач ад шашы. Вельмі хацелася спаць, але не ведаючы ваколіц, ён баяўся, каб яго днём не заўважылі заснулага. Ён дапускаў, што мяжу і памежжа на гэтым участку могуць пільна сцерагчы і патруляваць пасля падзей учорашняй ночы. Бадзяўся па лясах. Вывучаў дарогі і сцежкі. Зрабіў на мапе ўчастка некалькі паправак. Еў арэхі. Збіраў прыпозненыя маліны.


Толькі пад вечар ён выйшаў на шашу. У лесе было ўжо цёмна, а на дарозе і ў полі толькі пачынала цямнець. Калі ён паволі наблізіўся да “другой лініі”, то сышоў уніз па шырокім, стромым, парослым маладымі елкамі схіле… Паслухаў, агледзеў дакуль сягала вока вольныя лугі і, карыстаючыся любым прыкрыццём гэтых мясцінаў, выйшаў на бераг хуткай рачулкі. Доўга шукаў броду. Прыкмеціў у пэўным месцы зламаную старую вярбу, перакінутую цераз ваду. Доўга прыслухоўваўся, каб пераканацца, што паблізу нікога няма, пасля перайшоў на другі бок і хутка зноў заглыбіўся ў лес.


Паволі прасоўваўся наперад, хапаючы вухам любы шолах. Перайшоў некалькі добра вытаптаных сцежак паміж мяжой і “другой лініяй”. Гэта сведчыла, што мяжу на тылах таксама добра сцерагуць. Ён уважліва вывучаў усё наўкола. За любым кустом магла быць пастка, на любым кроку падсцерагала небяспека, у любы момант маглі напаткаць стрэлы.


Амаль гадзіну заняў праход няпоўнай вярсты паміж “другой лініяй” і самой мяжой, якая ў гэтым месцы ўяўляла сабой вялізную лагчыну і шырокую прасеку. Доўга сядзеў пад старой ялінай на ўскрайку лагчыны, слухаючы плёскат вады ўнізе, дзе вычварнымі паваротамі мкнула рачулка. Паўсюль было ціха. Ён пачаў павольна спускацца па пакручастым схіле. Некалькі разоў затрымліваўся і прыслухоўваўся… як раптам зрушыў нагой камень, які пакаціўся ўніз… Раман прыпыніўся… Праз некалькі секунд пачуўся гучны плёск вады, і амаль у той жа момант прагучаў стрэл, а за ім другі. Пачуліся крыкі: “Стой! Хто ідзе? Стой! Стой!”


Раман, карыстаючыся шумам, спрытна ўскараскаўся назад па пакручастым схіле лагчыны. Прайшоў па краі трыста крокаў далей… бліжэй да шашы. Амаль не асцерагаючыся, споўз у гэтым месцы ўніз. Перайшоў рачулку і выбраўся на супрацьлеглы бераг лагчыны.


Перад ім была шырокая адкрытая прастора, памежная прасека, а за ёй віднелася чорная сцяна лесу… на польскім баку.


Ён прыслухаўся. Агледзеў — наколькі сягала вока — мясцовасць і выйшаў з лагчыны. На адным дыханні перабег, напаўсагнуўшыся, гэтую прастору і апынуўся на мяжы. Ззаду, з цемры, чуліся крыкі і стрэлы чырвонаармейцаў, якія палявалі там на няісных кантрабандыстаў.


Раман наблізіўся да памежных слупоў, якія стаялі на невысокіх узгорках, з дзяржаўнымі гербамі і нумарамі на арліных грудзях. Стаялі панура, як барцы, якія засяроджана вымяраюць сілы перад пачаткам бою. Раман стаў паміж імі і паглядзеў у бок чорнай сцяны лесу на ўсходзе. Учорашняя ноч і сённяшні дзень навучылі яго глядзець іншымі вачыма на мяжу, дарогу да яе і ўсё, што было з імі звязана. Ён зразумеў, што наперадзе яшчэ многа таямніц, што яму яшчэ доўга давядзецца вучыцца, перш чым ён здолее вольна чытаць у таямнічай кнізе мяжы і памежжа. Бо пакуль ён пачаў вывучаць толькі алфавіт. Ён адчуваў сябе акружаным невядомымі, хітра схаванымі ворагамі…


З-за лесу, як злодзей з-за плота, вызірнуў адным вокам месяц… Сеў на макаўку сасны. Агледзеўся вакол… Раптам позірк яго ўпаў на мяжу: убачыў, мабыць, нешта, што напалохала. Хацеў схавацца, але было ўжо позна. Таму адштурхнуўся ў адчаі ад верхавіны сасны і, ныраючы ў халодныя аблокі, паплыў угару… А там схаваўся за вялікую хмару…



Дзённік шпега


Воўкаўшчына, 17 верасня 1922


Не пісаў з канца жніўня, хаця было пра што пісаць. Не буду цяпер да гэтага вяртацца.


За мяжой быў толькі тры разы, але пабачыў шмат цікавых людзей і рэчаў. Пры магчымасці раскажу пра іх. У Гомелі ўдзельнічаў у “п’янцы”, якую аплачваў сам, зразумела, з самагонкай. Святкавалі мы народзіны вельмі ўплывовага афіцэра Чырвонай Арміі, майго… паведамляльніка. Было там некалькі вайскоўцаў, двое цывільных і тры кабеты, чыноўніцы нейкай савецкай установы. Пілі гарэлку і жартавалі, не саступаючы мужчынам. Але паводзілі сябе нахабней за звычайных прастытутак. Там я пачуў новыя “куплеты”, якія досыць добра спяваў адзін з вайскоўцаў:


                                        Троцкі добры генерал,
                                        А яшчэ палітык,
                                        Троцкі добры літаратар,
                                        Троцкі добры крытык.
                                        Троцкі можа ўсё зрабіць,
                                        Майстар на ўсе рукі,
                                        Бо ва ўсіх па галаве,
                                        А ў яго дзве штукі.*

Пакуль што мая праца зусім нецікавая. Ні табе надзвычайных прыгодаў, ні цікавых здарэнняў. Не ведаю, што будзе далей.


У мяне шмат знаёмых за мяжой. Многа іх з’явілася і ў Польшчы. Пазнаёміўся з некаторымі нашымі агентамі, насуперак правілам канспірацыі.


Заканчваю, бо мушу ехаць на мяжу, адкуль сёння ж ноччу пайду на працу.



 

[1] Губернатарскі сад — цяпер Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага.


[2] Падгорная — цяпер вуліца К. Маркса.


* Пераклад прыпеўкі — Ганны Янкута.


Пераклад з польскай – Наста Гвоздзева © 2011

Чытайце таксама

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

1439