№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Таццяна Заміроўская

Скрадзеныя галасы (Украденные голоса)

Пераклад з рускай Алена Карп

Артур і Ніна Дура надумаліся пайсці ў амбасаду падчас навагодняй вандроўкі за мяжу, каб таксама ўзяць удзел у выбарах, якія акурат адбываліся на іх радзіме. Грамадзянскі абавязак вязкі, яго трэба доўга, за свет несці на худых плячах, за тысячу і дзве кіламетраў наперад, каб ані зыбкія пяскі Арызоны, ані з водарам мідый і віна пляжы Барселоны не маглі стрэсці з плячэй гэты непарушны пясочны гадзіннік, што кожную секунду сваімі калючымі крупінкамі драпае скуру, нагадвае, што квіток на самалёт — толькі партал у мройны свет, па другі бок якога стаяць панылыя вартаўнікі і чакаюць твайго ўзважанага, сур’ёзнага выбару. Сур’ёзны выбар — частка сапраўднага свету, мулкага, як ложак у гэтым досыць недарэчным, як выявілася, гатэлі — гэты выбар, дакладней, яго неабходнасць і значнасць, прамяністым белаватым каменем катаўся ў горле ўвесь гэты час хісткага прывіднага свята, карнавальных чужых вуліц, кволых, нібы інсекты, Дзедаў Марозаў, якія выпырхвалі з завуголляў воблакам молі, як толькі спрабавалі расхінуць поглядам прастору, нібы тугія дзверы антрэсоляў. Усё наўкол — чароўны карнавал ценяў, а выбар якраз і ёсць камень, па-над якім танчаць гэтыя цені. Артур нават прамовіў гэта ўголас, калі Ніна Дура задуменна ўзважвала на далоні вулічныя артышокі са стыхійнага кірмашу (мінакі раптам замітусіліся, разам, нібы хорам, прыселі, выцягнулі з кішэняў белыя чыстыя ручнікі і пачалі раскладаць на іх хурму, арэхі, спецыі, навагоднія бутэлечкі з лікёрам, вяночкі з ядлоўцу і маленькіх цукровых конікаў), і ён спярша падумаў, халера, якая ж дурніца, а пасля згадаў, ну так, Ніна Дура, мы так яшчэ ў школе яе звалі, пятнаццаць чалавек хлопчыкаў было, а застаўся ўрэшце толькі адзін, дык няхай дурніца, няхай артышокі, але ж слухаць трэба? Слухаць жа мяне зрэдку можна, праўда?

Паўтарыў яшчэ раз, патрос за плячо. Ніна кінула на яго абсалютна пусты, белы, паўночны, як у сабакі лайкі, позірк.

— Чуеш, давай сходзім у амбасаду прагаласуем! — ён узяў з яе рукі зялёны, пругкі, з закручанай у нейкую руну сцяблінкай, артышок і намаляваў ім у паветры галачку, нібы перад ім у паветры матляецца нябачны бюлетэнь, прычым, відаць, ужо даўно, прычым, здаецца, насамрэч. Вось жа як забрала чалавека.

Ніна Дура таксама адчула, што чалавека забрала, адважна кіўнула, зажмурылася і амаль без ніякіх высілкаў зрабіла вочы густымі і шакаладнымі, грэбліва кінула лічы ўжо выкарыстаны артышок нейкім напаўголым дзецям, што прабягалі міма, і ўпэўнена, амаль без слоў набыла пругкую аранжавую хурму ў бабулькі ў сінім швэдры.

Гэта была хурма згоды, хурма любові і разумення, хурма звонкага ранішняга цягніка, у якім, акрамя іх, ехалі, бадай, толькі дзеці ў заапарк (там была станцыя “Заапарк” на шляху) — поўны вагон дзяцей — і кітайцы на працу ў Парк Кітайскіх Забаў (і такая станцыя была) — і вось яны таксама едуць гэтым марозным калядным ранкам у амбасаду галасаваць.

— А чаму мы не прагаласавалі датэрмінова? — спытала, пазяхаючы, Ніна Дура. — Ты ж ведаў, мы абое ведалі, што на Каляды з’едзем, дык прагаласавалі б і не трэба было б мерзнуць у гэтым вагончыку.

— Калі б мы прагаласавалі датэрмінова, нашыя галасы скралі б! — аўтарытэтна заявіў Артур, ён перад вандроўкай перачытаў навінаў і таму быў у стане своеасаблівай крыпта-параноі. — Да таго ж, у нас і так усё крадуць.

Ніна інстынктыўна прыхінула да грудзей торбачку з пашпартам і гаманцом. Сапраўды, у іх заўсёды што-небудзь кралі. У мінулую паездку скралі плэер з навушнікамі “Філіпс”, плэер выцягнулі проста з кішэні, а навушнікі — проста з вуха, прычым музыка там працягвала гучаць яшчэ хвіліны дзве, заўважыла толькі пасля, калі гэтыя майстры выскачылі з вагона. У пазамінулую скралі пашпарт — толькі адзін, але ўсё адно, калі б скралі два, клопату было б столькі ж, таму нават ніякай розніцы, другі можна было адразу ў сметніцу, усё адно паездка была сапсаваная канчаткова. У пазапазамінулы раз Ніна ездзіла за мяжу без Артура, яны тады яшчэ не пазнаёміліся, але ў яе ў той вандроўцы скралі заплечнік наогул з усімі рэчамі, а ў Артура, які тады яшчэ не быў з Нінай, тады ж была камандзіроўка ў Маскву, дык у яго там з партманэ выцягнулі ўсе крэдыткі, а грошы пакінулі — такі вось своеасаблівы філігранны спрыт.

Таму нядзіўна, што далей усё адбылося так, як адбылося. Ніна і Артур досыць удала разабраліся з мапай, знайшлі патрэбны дом і вуліцу, падняліся на дваццаць трэці паверх у вялізным, пазалочаным ліфце, ішлі роўна 50 метраў правільным, адзіна слушным, усё вузейшым і ўрачыста-каньячным, нібы вясельны торт знутры, калідорам да патрэбнай шыльдачкі, а там, унутры, яны раптам недапушчальна разняволіліся, і вось вынік: іх галасы скралі! Усё здарылася менавіта так, як яны і баяліся!

— Вазьміце цукерку! — усміхнуліся супрацоўнікі амбасады, падаючы ім каробку цукерак “Вавёрачка мая”, і як тут не ўзяць цукерачку ў добрых, гасцінных землякоў? Ніна, між іншым, хоць і дурная, адразу адчула, што нешта не так: цукерка “Вавёрачка мая” была нейкая не зусім свая; не зусім мая гэтая вавёрачка, падумала Ніна амаль уголас, і не вашая гэта вавёрачка, вочы ў яе чорныя, нядобрыя, і кіпцюры на лапах не вельмі чыстыя, нібы яна яшчэ ўчора рвала кагосьці гэтымі кіпцюрамі, і наогул не бывае цукерак у выглядзе таго, у выглядзе чаго нам прапануюць гэтую цукерку, але хіба можна сказаць супрацоўніку амбасады — усмешліваму і вельмі прыемнаму маладому чалавеку ў акулярах — што ты яму не давяраеш і што ён упіхвае табе чорт ведае што замест вавёрачкі? Тут Ніна, вядома, выключна прадэманстравала, што яна дурніца. Прамаўчала і замоўкла назаўжды, як толькі адкусіла вавёрчыну галаву — незадаволеную, зморшчаную галоўку адвеку злой да ўсіх істоты, якой Ніна магла б стаць, але цяпер, паралізаваная чорным вірусам жывёльнай нематы, не стане, бо маўчанне ператварае чалавека ў пустую, пазбаўленую будучыні клетку для звера, які будзе заходзіць у яе і выходзіць з яе, з гэтай клеткі, пад настрой, і клетка заўжды будзе думаць, што яна і ёсць гэты звер, але, на жаль, яна будзе так думаць толькі тады, калі звер унутры, а гэта будзе здарацца вельмі рэдка.

Зрэшты, гэта будучыня, будучыню мы не чапаем, а што з днём сённяшнім? З днём сённяшнім выйшла вось што: Артур таксама апынуўся дурніцай, бо ягоны голас быў скрадзены яшчэ больш паказальна. Не надаўшы ўвагі таму, што пасля перадвыбарчай цукеркі Ніна Дура, мякка кажучы, змянілася тварам, ён сямімільнымі крокамі прайшоў у кабіну для галасавання, схапіў бюлетэнь — далібог, нібыта дзеля менавіта вось гэтай радасці далучэння праз адлегласць да лёсу краіны ён набываў гэтыя страшэнна дарагія квіткі на самалёт — вывеў на ім тлустую галачку і неабдумана прагудзеў: “Воооооось”, — мяккім-мяккім, як снег, голасам, і гэты мяккі снежны голас у тую ж секунду быў скрадзены цераз адмысловыя збіральнікі шуму ўнутры урны, іх адразу і не разгледзіш, яны здаваліся няўклюднымі футранымі нарасцямі з інсектападобнымі лапкамі, здалёк выглядала, нібы дзеці жывёлак наклеілі, таксама ў пэўнай ступені вавёрачка-мутант.

— Дзякуй, вы вельмі адказныя грамадзяне — наогул, па шчырасці, не кожны вось так ахвяруе некалькі гадзін свайго звышкаштоўнага адпачынку, каб сюды да нас прыехаць і прагаласаваць! — заўсміхаліся супрацоўнікі амбасады. — Поспехаў вам у Новым годзе! Шчаслівых Калядаў! Жывіце, калі ласачка, доўга! Катайцеся на лыжах не менш як тры разы на месяц! Пратэіны — гэта не шкодна! Лёс кайманавага кракадзіла не настолькі трагічны, як гэта сцвярджае тэлеканал нацыянальная геаграфія! Зрабіце ласку, сыходзьце ўжо, бо мы не можам спыніцца, так нас распірае ад таго, што акрамя нашых уласных галасоў, у нас ёсць і чужыя, свіснутыя, прычым у нейкай неверагоднай колькасці, мы аж самі дзіву даемся з нашай беспакаранасці, гэй-го!

Гэта ўсё ўжо пачулася Артуру, калі ён націскаў кнопку каб выклікаць ліфт, катаючы ў галаве, нібы більярдны шар, развітальны гул галасоў, які чуўся з калідора ўвесь той час, што яны, узяўшыся за рукі, амаль на кукішках, выбіраліся з яго — здавалася, што калідор зацягвае іх назад нябачным ветрам.

— У мяне, здаецца, скралі голас, — амаль бязгучна сказала Ніна Дура, калі ліфт ехаў уніз. — Вось зірні, калі ласка, я кажу, мае галасавыя звязкі напружваюцца, але голас зусім не адчуваецца, нават вусны не варушацца.

— Халера, — ціха сказаў Артур. — Нібыта, у мяне таксама. Па мне наогул заўважна, што я нешта гавару?

Ніна пакруціла галавой — увесь гэты час Артур нічога не казаў, проста ўмольна глядзеў на яе, учапіўшыся белай-белай рукою за парэнчы.

— Капец, — прашаптаў Артур. — Што цяпер рабіць? Ехаць наверх? Прасіць, каб вярнулі? Пісаць скаргу? Ехаць дадому і пісаць скаргу ўжо там? Не ехаць дадому і прасіць палітычнага прытулку? Але як мы яго папросім, калі ў нас няма галасоў і мы не зможам ім нічога сказаць?

Ніна паціснула плячыма. Яна раптам зразумела, што больш не дурніца, таму што дурасць — катэгорыя, якая выяўляецца выключна ў маўленчым кантэксце, а цяпер ужо ўсё, ніякага маўлення.

— Мы вось што зараз зробім, — сказала яна, хоць, вядома, яна нічога не сказала, а проста стаяла ўнізе ў холе, насупраць ліфта і насупраць Артура, і вельмі ўважліва глядзела яму ў вочы, думала штосьці пра тое, што там шмат чырвоных прожылак, відаць, ён не выспаўся зусім, хваляваўся ўсю ноч, круціўся, нібы нешта прадчуваў. — Мы пойдзем у паліцыю і напішам там заяву. Калі пішаш, голас ёсць — ён слізгае па паперы, расплываецца, але не знікае, як гэтыя мае словы, — проста на вачах. Напішам, сядзем там і будзем чакаць. На нашу заяву ніхто не зверне ўвагі, бо свет вакол сапраўды вельмі жорсткі. Усім начхаць на злачынствы, якія адбываюцца на другім баку зямнога шара. Усім начхаць на ўсіх. Але затое, калі мы атрымаем якія-небудзь паперы пра тое, што мы ахвяры злачынцаў, што ў нас нешта скралі, мы, напэўна, зможам папрасіць палітычнага прытулку. І жыць тут ля мора-акіяна, працаваць, будаваць дом з камення, нараджаць дзяцей.

— І размаўляць з імі азбукай Брайля? — спытаў Артур, хоць ён хацеў спытаць нешта іншае, да чаго тут азбука Брайля, хіба яны сляпыя!

Ніна пакруціла галавой. Гэта яна прамовіла яшчэ адну даволі доўгую і бессэнсоўную фразу. Артур уздыхнуў. Гэта быў маналог, які мы не будзем тут прыводзіць, бо агучаныя сказы не мелі пад сабой ніякай рэальнай асновы.

Яны выйшлі на вуліцу, моўчкі дайшлі да станцыі, селі ў цягнік — насупраць адно аднаго, каб можна было глядзець у вочы.

Сітуацыя ў цэлым была дурной і вартай жалю — два няшчасныя, абкрадзеныя чалавекі, у чужой краіне, сярод чужых людзей, едуць у цягніку немаведама куды з пакункам хурмы і двума пашпартамі, і абое думаюць: лепш бы ў нас скралі пашпарты, чым галасы.

Артур падумаў, што яму, магчыма, нават не давядзецца мяняць працу — ён быў праграмістам. Ніна, якая ўжо не была дурніцай, раптам зразумела, што Артуру давядзецца змяніць працу — бо калі яны ўсё-такі вырашаць звярнуцца наконт крадзяжу галасоў, а звярнуцца, несумненна, трэба — не маўчаць жа маўчуну па прымусе! — ні пра якую нармальную працу не можа быць і гаворкі. Але нічога, ёсць безліч спосабаў не памерці з голаду, і найлепшы з іх — памерці з голаду адразу ж. Каб у гэтым пераканацца, Ніна непрыкметна выкінула пакунак з хурмой у сметніцу, на якой быў намаляваны значок “пластык”: ёй падалося, што фрукты, увабраўшы яе гора і разгубленасць, ператварыліся ў пластык, яны проста не маглі паводзіцца іначай, фрукты, у адрозненне ад людзей, не здольныя здраджваць. Што тычыцца людзей, вось, да прыкладу, Артур — ці ўласціва яму здрадніцтва? Ніна ўзіралася ў жаўтаватыя вочы Артура, і яны здаваліся ёй трошкі пластыкавымі. Калі мы абое — ахвяры гэтай бесчалавечнай машыны, падумала яна, гэта яшчэ не значыць, што хтосьці з нас не ёсць яе шрубком, яе шасцярэнькай, яе этыкетачкай. Ці падобны Артур да гэтай этыкетачкі?

Артур, пакуль яны ішлі па замеценай снегам вуліцы, паспрабаваў яе абняць, бо скеміў, што Ніна пачала думаць пра яго невядома што, але ў кантэксце іх узаемнай трагічнай нематы гэты жэст раптам выявіўся перанасычаным схаванымі сэнсамі, нявыказанымі маналогамі і старонкамі мярзотнага нечытэльнага тэксту, горкага і рэзкага, як палын, таму Ніна адхіснулася, амаль рэфлекторна, як адхіснулася б, каб нечакана ёй у галаву шпурнулі чыгунную друкарку, напрыклад. Нічога дзіўнага. Страта голасу не выклікае страты цвярозага розуму, хутчэй, наадварот. Безгалосы Артур раптам вырас, стаў больш тонкім, празрыстым, як нотны стан. Безгалосая Ніна стала ніжэйшай, але раптам паразумнела, пастарэла, на твары яе з’явіліся мімічныя зморшчынкі, вакол вачэй — напятая сетачка, падобная да вераб’іных слядоў — нібы ў яе пад вачыма ляжала смачная булачка, а потым прыляцелі птушачкі і пачалі там скакаць, спрабуючы гэтую булачку падзяліць.

Артур зусім не быў баязліўцам і здраднікам — ён зразумеў, што пасля, калі вернецца дадому, у кожным разе не пойдзе з гэтай праблемай да лекара, а адразу паспрабуе неяк паведаміць пра тое, што адбылося, на міжнародным узроўні, і гары яно ўсё гарам: яго будучыня, яго мінулае, яго сёння. Так, магчыма, іх будуць шантажаваць, але чым? Дзяцей у іх няма, галасоў у іх таксама няма, фактычна, у іх наогул цяпер нічога няма, таму ім няма чаго баяцца.

Ніна ўсё глядзела на Артура з недаверам. Верагодна, так і было б ад пачатку, калі б яна ад пачатку не была дурніцай. А цяпер яна зразумела пра свет нешта новае, нешта трывожнае і халоднае, як гэтая свежанькая, новенькая брыла ільду пад сэрцам, якая, мабыць, будзе цяпер таяць там вечна, але ўжо ніколі не адтае дарэшты, не хопіць цеплыні сэрца растапіць гэты лёд, падумала Ніна, але адразу ж спахапілася, зразумела, што толькі прыкідваецца, што думае нейкімі пампезнымі кардыяметафарамі — насамрэч жа разам з голасам у яе зніклі і словы, дакладней, яны сталі нейкімі бескарыснымі, пустымі, як яечная шкарлупінка ў адсутнасць самога яйка — прычым у адсутнасць ад пачатку і назаўжды.

Ужо ўначы, у гатэлі, пасля самых жахлівых у жыцці кожнага з іх любошчаў (як выявілася, чалавек без голасу ў ложку ператвараецца нават не ў жывёлу і не ў клетку, а хутчэй у клямку, якой гэтую клетку зачыняюць, калі саджаюць у яе жывёлу перад тым як усыпіць, забіць і расчляніць), Артур здагадаўся ўключыць ноўтбук, каб паглядзець навіны і даведацца вынікі выбараў.

І вось тут, уласна, наступае сапраўдны шок.

У навінах сказалі, што ў выбарах перамог Шыдлоўскі — за яго прагаласавалі дзевяноста чатыры адсоткі.

Артур галасаваў за Шыдлоўскага. Ніна таксама галасавала за Шыдлоўскага.

Значыць, іх галасы не скралі. Значыць, свет справядлівы і шчыры — адбыліся сумленныя адкрытыя выбары, самы годны чалавек перамог, а самыя смелыя аддалі яму свае галасы і не памыліліся.

Ён, як высветлілася, таму і перамог, што столькі людзей аддалі яму свае галасы — гэтыя галасы дапамаглі яму здзейсніць нейкую ўнікальную маўклівую рэвалюцыю, выключную і эфірную, на ўзроўні тэктанічных пластоў і нябачных зрухаў агульначалавечага планетарнага духу: ні кроплі крыві не пралілося, нічога не здрыганулася, не варухнулася, ніякіх натоўпаў, ніякай незадаволенасці і народных пратэстаў у цэнтры горада, паўсюль цішыня і дабрыня, наогул ніводнай больш-менш заўважнай падзеі не адбылося (нават у газетах потым не ведалі пра што пісаць), проста ў нейкую апраметную, звонкую, залатую і пранізлівую секунду раптам здарылася абсалютная, непадуладная розуму, змена ўсяго, дапусцім, рэвалюцыя, назавем яе гэтак, і раптам само сабою сталася так, што за Шыдлоўскага прагаласавала дзевяноста чатыры адсоткі, і ён перамог, а ўсе гэтыя людзі, якія так за яго хваляваліся і аддалі за яго свае галасы, раптам знямелі — вось такой цаной часам абыходзіцца нам перамога.

Ніхто ні ў каго нічога не краў, такая цана перамогі, паўтарыў Артур, весела, нічога не скажаш.

Паўтарыў абсалютна моўчкі, гэтыя словы звінелі ў яго галаве, як набат.

Як ні дзіўна, вяртацца дадому ні яму, ні Ніне ўсё адно не хацелася, выходзіць, калі ў цябе няма голасу, то і перамога табе непатрэбная. З другога боку, усё ж такі прыемна, калі высвятляецца, што ў цябе нічога не скралі, насамрэч, ты сам жа ўсё аддаў у імя надыходу глабальнай справядлівасці і праўды — і, па сутнасці, гэта і атрымаў у вечнае карыстанне — такі сабе падаруначак на Каляды. Шкада, але з трэцяга, няіснага, боку было відавочна, ясна і зразумела: здаецца, сёння яны здзейснілі найвялікшую ў сваім жыцці памылку, і той факт, што такую ж памылку здзейснілі яшчэ некалькі мільёнаў чалавек, зусім не азначае, што ім будзе прасцей з усім гэтым жыць — у гэтай краіне, не ў гэтай, ужо не істотна, ужо ўсё, кабздзец, прыплылі.

 

© Таццяна Заміроўская, 2012

Пераклад з рускай – Алена Карп © 2012

Чытайце таксама

Вольга Такарчук

Вольга Такарчук

Польская пісьменніца, эсэістка, сцэнарыстка, паэтка

Януш Корчак

Януш Корчак

Польскі педагог, пісьменнік, доктар і грамадскі дзеяч

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Нямецкі паэт. Адзін з выразнікаў ідэй “Буры і націску”.

Бранка Чопіч

Бранка Чопіч

Адзін з самых вядомых югаслаўскіх празаікаў пасляваеннага пакалення

760