№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Таццяна Заміроўская

Благое прадчуванне: госці (Дурное предчувствие: гости)

Пераклад з рускай Алена Карп


Адна жанчына, яе звалі Сафіко, хоць у яе радаводзе не было грузінаў, сядзела неяк дома і чакала мужа з палявання. І вельмі, вельмі нервавалася: было з чаго нервавацца, у роце ўсё было зялёным і горкім, як пасля жмені кастрычніцкага, мерзлага агрэсту, на далонях яшчэ зранку з’явіліся мяккія, сонныя і зусім не балючыя пухіры, яны нагадвалі перліны, але нейкія незавершаныя, нібыта гэтыя перліны прысніліся і не цалкам выйшлі з сну, а толькі сваёю абалонкай. Не балючай, але непрыемнай, вельмі непрыемнай — бярэш у руку імбрык і адчуваеш, як ён патанае ў гэтай соннай мякаці жэмчугу, а костачкі пальцаў ломіць праз адсутнасць звыклага парцалянавага дотыку. Муж пайшоў на паляванне яшчэ а пятай раніцы, а з шасці Сафіко пачала бачыць сны, у якіх яна бэсціць чужыя магілы і залівае атрыманыя з тлустай зямлі ямы свежым малаком, якое вось тут, на могілках, і доіць за грошы ў нейкай каровы ў чырвонай сукенцы, дзесяць капеек за літр, вельмі танна, мармыча карова, задзіраючы прыпол, і Сафіко цешыцца, літаральна за нейкую драбязу ямкі з верхам, усім будзе цёпла, добра — яна супакойваецца толькі тады, калі ўсе могілкі замест вытыркнутых з-пад зямлі каменных манументаў ператвараюцца ў роўныя шэрагі бліскучых і пажыўных лужын. Зноў жа, каты могуць прыходзіць, разумее яна ў сне, малако вось свежае, дзякуй (карова апускае прыпол і кажа: цяпер я магу ісці, вы ж усё ўжо зрабілі, так?). Потым яна — у сне, зразумела, — пачуваецца ніякавата і ідзе да псіхолага, каб той патлумачыў ёй сон, і ён таксама ў сне прызначае ёй нейкія пігулкі, што называюцца “Вера”, гэта ці то імя, ці то сэнс жыцця, але гэта наўрад ці сэнс, бо ад таблетак Сафіко пачало ванітаваць, і яна прачнулася тварам у падушку, і ўся падушка ў гэтых напаўперастрававаных таблетках.

Якая ўжо тут вера, падумала яна. Хоць не паверыць было складана: некаторыя пігулкі былі амаль цалюткія. Відаць, яна праглынула куды болей, чым трэба было, вось і прачнулася.

Акрамя сноў, былі яшчэ нейкія нядобрыя прыкметы. Дачка Сафіко спусцілася з другога паверха і сказала, што ў яе нейкія вельмі дзіўныя праблемы з нервамі — калі яна глядзіцца ў люстэрка, не бачыць і не пазнае свайго твару, бачыць толькі вялікі скураны кавалак чагосьці аднароднага — ні табе вачэй, ні носа, ні рота.

— Нармальна ты выглядаеш, супакойся, — сказала Сафіко, але падумала: а дзе павінная быць дачка? Хіба яна не з’ехала пяць гадоў таму? З’ехала. Няма ніякай дачкі.

— Няма цябе, — сказала яна. — Вось і не бачыш нічога.

Дачка паціснула плячыма і пайшла наверх. А то ж, ёй цяпер будзе пра што падумаць там, наверсе.

Сафіко пайшла на кухню, кранула далонню печку: маўчыць. У сне печка гаварыла, прычым вельмі нядобрыя рэчы.

Тут у дзверы пагрукаліся, але не муж — Сафіко ўжо ведала, што з мужам на паляванні здарылася трагедыя, пра гэта ёй падказала стужка для мух, што звесілася са столі, мухі прыліплі да яе, утварыўшы слова “трагедыя”, неяк ухітрыліся. На ганку стаяла маленькая дзяўчынка з ранай ад кулі ў дзіцячым сэрцы. Сэрца гэтае, дзіцячае, не білася, кроў не хадзіла ўнутры дзяўчынкі туды-сюды, таму колер у дзяўчынкі быў нядобры, кастрычніцкі, ну і хай сабе, кастрычнік жа, падумала Сафіко.

— Дайце вадзічкі, — папрасіла дзяўчынка. — Піць хочацца страшэнна. І зайсці няма куды — тут толькі адна хата ў ваколіцы.

Сафіко зачэрпнула кубкам вады з вядра, аддала кубак дзяўчынцы, адзначыўшы: памаранчавы кубак з зайцам, потым больш з яго не піць, бо дзяўчынка ўжо, напэўна, пошасная, пакуль хадзіла такой па лесе, мікраарганізмы ў ёй якія-небудзь, сто адсоткаў.

Дзяўчынка напілася, выцерла рукавом сінія вусны і сказала: ну вось, а цяпер я баюся ізноў туды ісці, я тут у вас на кухні пасяджу, і села за стол, і сядзіць.

Ну, калі задумацца і не зважаць, дзяўчынка як дзяўчынка.

Сафіко сядзела за сталом насупраць дзяўчынкі, намагалася не глядзець на яе і паліла. У дзверы зноўку нехта пагрукаўся, і зноўку не муж — ужо з прыходу дзяўчынкі было відавочна, што з мужам бяда (Сафіко сказала сабе: веснік, яна веснік, як толькі прыйдзе сама вестка, яна знікне разам з усёй гэтай выпітай вадой, і кубак можа забіраць, усё адно іначай я яго выкіну). На ганку стаяў дзядуля-пчаляр з змерзлым асеннім вуллём замест галавы.

— Галава прастрэленая, дашчэнту, прычым, — растлумачыў ён. — То бок, наогул усё разнеслі. Таму я ў масцы, у нейкай ступені. У вас цыгарэты не будзе?

Дзядулю-пчаляру было страшэнна няёмка, таму Сафіко запрасіла яго ў хату. Дзядуля быў чысты і акуратны, з яго не цякло, не крапала. Сафіко нават аддала яму сваю цыгарэту, але дзядуля яе не паліў — проста трымаў у пальцах, змахваў попел на падлогу. Было відаць, што яму гэта падабаецца. Ён сеў за стол побач з дзяўчынкай, дзяўчынка яго не спужалася, угу, падумала Сафіко, добра, што ў дзядулі вочы вуллём прыкрытыя ці іх наогул няма, іначай бы ён прытомнасць страціў ад выгляду гэтай дзяўчынкі, вясёленькія справы.

— Будзеце гарбату? — прапанавала яна гасцям. Госці маўчалі. Сафіко лінула з вядра вады ў імбрык, паставіла яго на печку — будзе госць, будзе й гарбата.

У дзверы зноў пагрукаліся. Сафіко бездапаможна паглядзела на дзядулю-пчаляра. Ён нібы нешта адчуў — падняўся, сам адчыніў дзверы. На ганку стаяў мядзведзь у вайсковым строі, з ордэнамі, абсалютна мёртвы, з акуратнай дзірачкай паміж вачыма.

— Маю гонар, — павітаўся мядзведзь. — Зазірнуў на агеньчык. Бачу, людзі сядзяць добрыя. Чаму ж не зайсці. Заблукаў стары. Агні бачу нейкія — а дзе горад? Горада няма. Служыў 30 гадоў, ужо на пенсію час, але не магу, як гэта так, на пенсію? Вось, выправілі — я ішоў, ішоў, практычна правільна, компас, мапа, але куды трапіў у выніку? Што гэта за населены пункт, напрыклад? Лепш бы на мяжу паслалі, далібог. Дапамажыце, калі ласка. У дадзеным выпадку неабходныя дробныя прадметы са шкла, бітая парцаляна таксама падыдзе.

Сафіко ўзяла з рук дзяўчынкі кубак (“Дапіла?” — ціха спытала яна, беручы яго з рук, дзяўчынка кіўнула: дапіла, вядома) і кінула яго ў паліваны рондаль. Кубак разбіўся. Сафіко падала рондаль мядзведзю.

— Дзякую, гаспадынька, — заківаў мядзведзь, акуратна кладучы сабе ў пашчу аскепкі. — Бітая парцаляна, шкло — усё нармальна, усё гадзіцца. Проста галава баліць вельмі.

Ён паказаў на дзірачку ў ілбе.

— Баліць галава і баліць. Ужо зусім сіл няма, трэба неяк пазбыцца. Ты не бойся, гаспадынька, калі пачне ўжо дзейнічаць, я выйду, туды выйду, у лес, да прыкладу.

Закіпела вада, Сафіко запарыла гарбату, разліла яе па гранёных шклянках, паставіла перад гасцямі. Яе прадчуванні пачалі здзяйсняцца: дзяўчынка ўзлезла мёртваму мядзведзю на калені (хоць дзе ў мядзведзя мусяць быць калені, гэта пытанне) і пачала засынаць, дзядуля-пчаляр мачаў пальцы ў гарбату і хіхікаў. Практычна ідылія.

Раптам зноў нехта пагрукаўся.

Сафіко акуратна прыадчыніла дзверы, а там яе муж, Юры Васілевіч Галаўлін, жывы і здаровы, усё ў яго добра — ружовашчокі, з нагрэтай, калянай стрэльбай за спінай, ухмыляецца, разводзіць рукамі: прабач, красуня, дурнога — затрымаўся на паляванні! Ну, і не гэткае бывае. Дзе толькі людзі не затрымліваюцца.

Муж зайшоў у хату, пабачыў гасцей і кажа:

— Гэта ты, Сафіко, добра і правільна зрабіла, я на сваім паляванні гэтым разам вельмі важных гасцей застрэліў і спужаўся, што праз іх у мяне праблемы будуць. Мне нават сказалі: усё, дадому цяпер не адпусцяць. Я ўжо і не верыў, што вярнуся. Але, бачыш, ты гэтых гасцей у хату пусціла, усе іх просьбы выканала, гарбатай напаіла — мне пра гэта сказалі, падзякавалі дый адпусцілі: ідзі, маўляў, мы на цябе больш не злуемся.

Дый госці ўжо не злуюцца — усё-ткі сур’ёзныя людзі, не глупства нейкае, не качка, не слонка, нармальныя прыстойныя асобы, праўда?

Дзяўчынка, стары-пчаляр і мядзведзь разам заківалі.

— А што было б, каб я не пусціла гасцей? — спытала Сафіко, яна ўжо пра нешта здагадвалася.

— Тады б я сам стаў такім жа госцем, — патлумачыў муж. — Хадзіў бы так па чужых хатах, дзе муж на паляванні напракудзіў. Сядзеў бы за гарбаткай. Але да цябе б не заходзіў: нельга. Так бы і пакутаваў вечна.

— Не вечна! — сказаў мядзведзь. — Калі бітага шкла нажэрціся, дык і нядоўга зусім. Ну, я пайшоў. Бывайце здаровыя.

Паляпаў мужа па спіне і выйшаў.

Дзяўчынка і дзядуля-пчаляр таксама сабраліся ісці — падзякавалі Сафіко за гарбату, таксама паляпалі мужа па спіне — маўляў, мы не крыўдуем, усякае здараецца, любы чалавек мае права на памылку, бо за яго спінай заўжды стаіць іншы, блізкі і родны яму чалавек, які права на памылку не мае.

У Сафіко такога права не было, таму яна ўсё зрабіла правільна: калі нехта просіць пра дапамогу, яго трэба пусціць у хату і дапамагчы. Хоць яна чамусьці заўжды лічыла, што справа не ў этыцы і не ў міласэрнасці — проста трэба заўжды прыслухоўвацца да самых чорных, самых негатыўных і жудасных сваіх прадчуванняў. “Усе прыкметы здзейсніліся. Таму я зрабіла так, а не іначай”, — казала яна сабе.

І гэта была чысцюткая хлусня. Але хлусня ў некаторых сітуацыях, як бачым, прабачаецца — што тут такога, ну хлусня і хлусня, неістотна, карацей.

© Таццяна Заміроўская, 2012

Пераклад з рускай – Алена Карп © 2012

Чытайце таксама

Ян Бжэхва

Ян Бжэхва

Польскі паэт габрэйскага паходжання, аўтар вершаў і казак для дзяцей, перакладчык.

Эльзэ Ласкер-Шулер

Эльзэ Ласкер-Шулер

Нямецкая паэтка і празаік габрэйскага паходжання, адна з прадстаўніцаў нямецкага экспрэсіянізму.

Джозэф Конрад

Джозэф Конрад

Ангельскі пісьменнік польскага паходжання, майстар празаічнай стылізацыі

Віторыё Альф'еры

Віторыё Альф'еры

Віторыё Альф'еры вядомы найперш як драматург. Ён аўтар таксама палітычных трактатаў, вершаў, мемуараў

1056